На велатрэку ШКСК “Мінск-Арэна” прайшлі самыя прэстыжныя для юніёраў спаборніцтвы — Алімпійскія дні моладзі па веласіпедным спорце і першынство Рэспублікі Беларусь сярод спартсменаў 2001-2002 гадоў нараджэння. Выдатныя рэзультаты ў заездах паказалі былыя выхаванкі Кіраўскай СДЮШАР, якія прадстаўлялі зборную Магілёўскай вобласці. Аб гэтым паведаміў дырэктар Кіраўскай СДЮШАР Сяргей Клімовіч.
У першы дзень спаборніцтваў праходзілі камандныя гонкі праследвання. Магілёўскі дзявочы квартэт, які поўнасцю складаўся з кіраўчанак, выступіў бліскуча: Ганна Васількова, Вікторыя Рудакова, Ангеліна Шчарбакова і Марыя Зайцава не пакінулі шанцаў саперніцам і ўпэўнена перамаглі!
Адзначым таксама “бронзу” нашага земляка Максіма Лёгкага, які зараз займаецца ў Мазырскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і выступае за каманду Гомельскай вобласці.
У гэты ж дзень прайшоў камандны спрынт, дзе Аня Васількова і Віка Рудакова сталі бронзавымі прызёрамі.
Назаўтра кожны са спартсменаў праяўляў сябе індывідуальна — у омніуме (мнагаборстве). Па суме 4-х відаў упэўненую перамогу святкавала Ганна Васількова! Высокія 5-е і 6-е месцы адпаведна занялі Вікторыя Рудакова і Марыя Зайцава.
Гонка праследвання адкрыла трэці дзень першынства. Толькі секунду чэмпіёнцы саступіла Ганна Васількова і стала другой. У 10-ку лепшых увайшлі таксама ўсе астатнія нашы дзяўчаты.
Завяршыліся спаборніцтвы мэдысанам — алімпійскім парным відам. Наш тандэм — Васількова –Рудакова — зноў заваяваў “золата”!
Па суме ўсіх спаборніцтваў зборная каманда Магілёўшчыны з 249 баламі заняла 2-е месца, саступіўшы толькі Мінску. Адметна тое, што кіраўскія веласіпедныя “маланкі” ўчатырох у агульную скарбонку ўнеслі ажно 133 ачкі (усе астатнія члены каманды — 116)!..