Мне шанцуе на добрых людзей. 21.by

Мне шанцуе на добрых людзей

20.07.2018 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_6143
Галіну Васільеўну Стралец добра ведаюць, любяць і паважаюць не толькі  ў р. п. Рэчыца, але і  суседніх населеных пунктах раёна. Яна – акушэр  Рэчыцкай урачэбнай амбулаторыі.  Толькі ў Рэчыцы жаночага насельніцтва налічваецца 2600 чалавек, а яшчэ прыпісныя ФАПы  аг.  Верхні Церабяжоў, вёсак  Варані, Капані, Бухлічы. 

Нарадзілася Галіна Васільеўна ў р. п. Рэчыца. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 паступіла ў Петразаводскае медыцынскае вучылішча. Па размеркаванні працавала ў Карэльскай АССР. Работа адразу  прыйшлася да душы, бо спраўдзілася даўняя мара  стаць фельчарам. Нельга сказаць, што прыходзілася лёгка, бо давялося працаваць на ФАПе на два пасёлкі. Галіна спраўлялася, працавала сумленна, шчыра. Людзі цягнуліся да яе, а малады спецыяліст імкнулася кожнаму дапамагчы і справай, і добрым словам. Даводзілася і роды прымаць, і бегчы ў любую пару і час да пацыентаў, і шукаць выйсце з самых складаных сітуацый, каб толькі дапамагчы хвораму.

Падабаліся Галіне і мясцовыя жыхары, вельмі добрыя, шчырыя, адкрытыя, і Карэлія сваім каларытам, хараством і незабыўнасцю. Ды так склаліся абставіны, што Галіна Васільеўна была вымушана вярнуцца  на Століншчыну, у бацькоўскі дом.

І тут жанчына не сядзела без работы. Тады ёй прапаноўвалі тры вакантныя места. Ды маці Галіны падказала, што прасцей будзе працаваць там, дзе ведаеш кожную сям’ю, таму лягчэй знайсці з пацыентамі агульную мову. Вось і працуе Галіна Васільеўна ў Рэчыцкай урачэбнай амбулаторыі ўжо на працягу 32 гадоў. Падабалася ёй работа і на хуткай дапамозе, калі даводзілася падмяняць калег.

Яе адказнасці і  адданасці ў адносінах да  пацыентаў можна пазайздросціць.  

Тут, на малой радзіме сустрэла сваю другую палавінку і ўдзячна лёсу за тое, што на яе жаночую долю выпала такое шчасце. Павел Паўлавіч Стралец – цудоўны муж, добры, працавіты і вельмі ўважлівы чалавек.  Галіна Васільеўна заўжды адчувала яго падтрымку, моцнае мужчынскае плячо, на якое магла спакойна паспадзявацца.

Не выдалася бязвоблачным жыццё жанчыны, але, яна ніколі не заставалася сам-насам з праблемамі. Праз любыя выпрабаванні шлі поруч з мужам, адчувала падтрымку родных, добрае слова калег, знаёмых.

Галіна Стралец – той чалавек, якому работа прыносіць выключна задавальненне. Яна ідзе кожны дзень у амбулаторыю, як на свята. Мабыць, там чакае цяжарная жанчына, пад сэрцам якой б’ецца маленькае сэрцайка,  ці дзяўчынка сарамліва спрабуе расказаць пра свае праблемы і  вымагае ўжо адным толькі поглядам, каб яе  зразумелі і падтрымалі… А колькі жанчын прыходзіць на прыём штодзённа? Не менш за дваццаць, а то і значна больш. Усім Галіна Васільеўна імкнецца параіць, падказаць, як быць, але ніколі нікога не падштурхнула на адчайны крок – зрабіць аборт і пазбавіцца ад маленькага чалавечка. Тут патрэбна быць яшчэ і добрым псіхолагам.  Яна  выслухвала і падтрымлівала жанчын, сцвярджала, што ў любым выпадку лішні кавалачак хлеба для дзіцяці знойдзецца, а ўсё астатняе – гэта дробязі.

З цягам часу  Галіна Васільеўна стала для многіх сямейным дарадцам. Часта пацыенты па розных прычынах тэлефануюць у пазарабочы час, але медык уважліва выслухае і  дасць параду. Інакш яна проста не ўмее. На вачах Галіны Стралец вырасла не адно пакаленне. Яна добра  ведае сваіх пацыентак,  ідзе насустрач кожнай, што б ні здарылася.

Значную ролю ў сваёй рабоце акушэр адводзіць прафілактычным гутаркам. Таму і ва ўстановах  адукацыі яна часты госць. Захапленнем жанчыны з’яўляецца вырошчванне кветак. Асабліва яе прывабліваюць ружы.

Павел Паўлавіч займаецца гаспадаркай, вырошчвае трусоў і птушку. Усё робіць па апошнім слове тэхнікі, што чэрпае на шырокіх прасторах інтэрнэту, а пасля майструе на прысядзібным участку. Добры з яго і кулінар, таму рады прыгатаваць смачную вячэру для жонкі, якая стомленая прыйшла з работы.

Жывуць Стральцы душа ў душу. Галіна Васільеўна сцвярджае, што,  пражыўшы ў шлюбе столькі гадоў, зразумела: муж у яе самы лепшы. Радасць ім прыносяць дзеці і любімыя ўнукі, якіх у Галіны Васільеўны і Паўла Паўлавіча трое.

Галіна Васільеўна задаволена і тым, што столькі гадоў давялося працаваць у вельмі дружным, згуртаваным калектыве, дзе ўсе адзін аднаго падтрымліваюць і дапамагаюць. А што больш трэба для сапраўднага шчасця – выдатная сям’я, цудоўныя дзеці і ўнукі, шчырыя людзі побач і работа, якая прыносіць карысць многім.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галіну Васільеўну Стралец добра ведаюць, любяць і паважаюць не толькі  ў р. п. Рэчыца, але і  суседніх населеных пунктах раёна.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика