Ваяваў на розных франтах. 21.by

Ваяваў на розных франтах

30.06.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аднойчы ў рэдакцыі раздаўся тэлефонны званок. На другім канцы провада ўсхваляваны жаночы голас прасіў напісаць у “Сельскай праўдзе” пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Якаўлевіча Стралецкага, якога ўжо даўно няма з намі, і заўважыў: яго памятае старэйшае пакаленне жабінкаўцаў і, канечне, захоўваюць успаміны родныя: дачка Святлана Іванаўна Чарнавец, унукі Уладзіслаў і Ірына, а таксама праўнук Арцём, які пра Івана Якаўлевіча ведае толькі з расказаў.

Напярэдадні Дня Незалежнасці папрасілі Святлану Іванаўну падзяліцца ўспамінамі, тым болей, што яе тата мае непасрэднае дачыненне да той урачыстасці, якая святкуецца 3 ліпеня. Ягоны ратны подзвіг адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
Расказваючы, Святлана Чарнавец са шкадаваннем зазначыла, што некаторыя факты прызабыліся, сцерліся з памяці, столькі гадоў прайшло, як бацька сышоў у іншы свет. Дый гаспадар сям’і быў сціплым чалавекам, не шматслоўным, а родныя, як водзіцца ў сем’ях, не спяшаюцца распытваць пра шляхі-дарогі ў старэйшага пакалення, адкладваючы на потым, не задумваюцца, што яно можа і не наступіць.
– Мой тата, Іван Якаўлевіч Стралецкі, нараджэнец Украіны. Аб прыходзе на белы свет сваім крыкам ён абвясціў напачатку мінулага стагоддзя – у 1907 годзе.
Месцам ягоных народзінаў быў пасёлак Краснаполле, дзе праходзіла і яго бесклапотнае дзяцінства. Ці было яно шчаслівым? Пакуль побач знаходзіліся тата і мама, канечне! Аднак лёс часам бывае жорсткім і суровым. Такім можна назваць і татаў. У няпоўныя 15 гадоў ён вымушаны быў шукаць працу, таму што не стала бацькоў. Быў вучнем сталяра, працаваў на чыгунцы, а ў 22 гады апрануў вайсковую форму, бо атрымаў позву ў Чырвоную Армію. Тэрміновую службу праходзіў на Чорным моры ў берагавой ахове. Тут прыкмецілі яго дапытлівасць, дысцыплінаванасць, уменне аб’ядноўваць вакол сябе людзей, пранікацца іх праблемамі і накіравалі на вучобу.
Час навучання ў Палтаўскай палітычнай школе праляцеў незаўважна. Яму тут усё было цікава, вучоба давалася лёгка, і ўвесь яго далейшы жыццёвы шлях звязаны са службай у арміі. Іван Якаўлевіч на ўсё жыццё застаўся кадравым афіцэрам, быў палітруком, як тады гаварылі.
У 30-я гады мінулага стагоддзя маладога афіцэра накіравалі на Далёкі Усход, дзе яго чакала палітработа. Дарэчы, тут было неспакойна, як пазней расказваў нам тата.
Вестка пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны даляцела і на Далёкі Усход, на гэты час у сям’і Стралецкіх было ўжо трое дзяцей. Тата нёс службу, а мама Надзея Васільеўна гадавала Вову, Юру і Уладзіка. Нягледзячы на тое, што й тут, на Далёкім Усходзе, было цяжка і складана, служыў ён на мяжы з Кітаем, усходняя частка якога знаходзілася пад японскай акупацыяй, але тата імкнуўся туды, дзе вяліся жорсткія баі з фашыстамі. Яго не адпускалі, служыў ён ужо на пасадзе намесніка начальніка палітычнага ўпраўлення Далёкаўсходняга фронту. Як толькі ён прайшоў у Маскве паўгадовыя курсы павышэння кваліфікацыі, яго накіравалі на фронт, на Захад, дзе змагаліся з фашызмам. На гэты час на яго грудзях зіхацеў ордэн Чырвонага Сцяга.
Трапіў тата, як вядома з дакументаў, на Першы Беларускі фронт. Затым былі Другі Украінскі, Першы Прыбалтыйскі і Другі Беларускі, удзельнічаў у вызваленні Кёнігсберга, іншых гарадоў і пасёлкаў, дайшоў да Берліна. У мірны час нам расказваў пра жорсткія баі, пра супраціўленне фашыстаў, хоць зыход вайны быў ужо вядомы.
З вайны вярнуўся з мноствам узнагарод: да першага далучыліся тры ордэны Айчыннай вайны розных ступеняў і Чырвонай Зоркі, баявыя медалі, было скразное раненне правай рукі.
Меў званне падпалкоўнік, а на службу трапіў у Беларускую ваенную акругу на пасаду намесніка камандзіра часці па палітычнай рабоце, месцам дыслакацыі якой была Бяроза-Картузская. Тата забраў сям’ю, якая пражыла тут да 1948 года, даслужыўся да палкоўніка.
Потым лёс закінуў у Жабінку, дзе месцілася перавалачная база 26-й паветранай арміі, тут і закончыў ён кар’еру кадравага афіцэра. Вайна забрала дваіх хлопчыкаў, а ў 1946 годзе нарадзілася я. Пазней мама і тата расказвалі, што адразу жылі ў зямлянках, потым атрымалі кватэру, а з цягам часу большую, у якой я са сваімі дзецьмі жыву да цяперашняга часу.
Паводле стану здароўя ў таты выявілі сухоты. Відаць, вайна, жыццё ў акопах і зямлянках адмоўна паўплывалі на самаадчуванне вайскоўца. У 1954 годзе яго адправілі ў адстаўку.
Што я памятаю з дзяцінства і юнацтва? Калектыў базы быў дружны, арганізоўваліся маёўкі, на высокім узроўні “грымела” базаўская мастацкая самадзейнасць, якой кіраваў Пуцілін, дырэктар клуба (імя не памятаю). Да таты, хоць ён і не працаваў часта, заходзілі паплечнікі па службе: Каваленка, Шэвелеў, Зайцаў, Волкаў і іншыя. Вось такое жыццё было ў майго таты, для якога сёлетні год юбілейны. Яму споўнілася б 110 гадоў.
Успаміны запісала Людміла КОСЦІНА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аднойчы ў рэдакцыі раздаўся тэлефонны званок. На другім канцы провада ўсхваляваны жаночы голас прасіў напісаць у “Сельскай праўдзе” пра ветэрана Вялікай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика