Трагічныя сёстры Хатыні. На тэрыторыі, якая сёння ўваходзіць у склад Калінкавіцкага раёна, фашысцкія нелюдзі спалілі 41 паселішча. 21.by

Трагічныя сёстры Хатыні. На тэрыторыі, якая сёння ўваходзіць у склад Калінкавіцкага раёна, фашысцкія нелюдзі спалілі 41 паселішча

24.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_7098

Помнік ахвярам нацызму ў в.Лозкі

Сёння ў мемарыял усіх спаленых вёсак «Хатынь» з’едуцца тысячы людзей, каб ушанаваць памяць ахвяраў фашысцкага нацызму. Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня Хатынскай трагедыі.

На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты спалілі і разбурылі 9200 пасёлкаў і вёсак. Больш паловы з іх была знішчана разам з усім або са значнай часткай насельніцтва.
Палітыка татальнага спусташэння захопленых тэрыторый і масавага знішчэння людзей праводзілася планамерна з самых першых дзён акупацыі. Свайго кульмінацыйнага пункту яна дасягнула ў час карных аперацый і адступлення германскіх войск з тэрыторыі Савецкага Саюза.
Крывавы тэрор, тактыка “выпаленай зямлі” з’яўляліся састаўной часткай палітыкі, якая непасрэдна вынікала з ідэалогіі фашызму, з варварскіх планаў нацысцкага генеральнага плана “Ост” (“Усход”), у адпаведнасці з якім 25 % беларусаў падлягала анямечванню, а 75 % павінна было быць выселена ў Сібір альбо знішчана.
На тэрыторыі, якая сёння ўваходзіць у склад Калінкавіцкага раёна, фашысцкія нелюдзі спалілі 41 паселішча.
Так, у чэрвені 1943 г. былі спалены ўсе 90 двароў і загублена 6 жыхароў з 315 у в. Абухаўшчына.
У студзені 1944 г. спалена 280 двароў з 357 у мястэчку Азарычы. З 1265 жыхароў мястэчка за гады вайны спалена і забіта 487.
За ліпень і снежань 1943 г. у в. Аляксандраўка з 187 двароў спалена 180. З 672 жыхароў знішчана 10.
У студзені 1943 г. у в. Боруск спалены ўсе 142 хаты, у полымі і ад куль загінула больш 40 жыхароў вёскі з 465.
У снежні 1943 г. у в. Вязавіца спалена 85 хат з 91. Забіта 6 мірных жыхароў з 373.
У кастрычніку 1943 г. у в. Вялікія Аўцюкі спалена 290 двароў з 490. Знішчана 32 жыхары з 1620.
У студзені 1944 г. у в. Вялікія Ліцвінавічы спалена 36 хат з 110 і забіта 25 жыхароў з 387.
У снежні 1943 г. у в. Града спалена 80 двароў з 90.
У чэрвені 1943 г. спалены ўсе 62 хаты ў в. Дзеравішча. Забіта 7 жыхароў з 270.
У маі 1943 г. у в. Дубнякі спалена 38 двароў з 57, знішчана 13 жыхароў.
У студзені 1944 г. у в. Забалацце спалены ўсе 27 хат і забіта 18 жыхароў.
З 1941 па 1943 г. у в. Замосце спалена 75 хат з 275, знішчана 20 мірных жыхароў.
У студзені 1943 г. у в. Замосце спалены ўсе 135 двароў, знішчана 20 мірных жыхароў.
У верасні 1943 г. у в. Карма спалены ўсе 68 хат.
У чэрвені 1943 г. у в. Лубнае знішчаны ўсе 49 двароў і 16 жыхароў са 170.
За ліпень і снежань 1943 г. у в. Малыя Аўцюкі спалена 450 хат з 476 і забіта 17 жыхароў.
У студзені 1944 г. у в. Малыя Ліцвінавічы спалена 10 хат з 22 і забіты 2 жыхары.
У 1944 г. былі спалены і ўсе 15 двароў у пасёлку Нікулінск, а таксама забіты 2 жыхары.
У красавіку 1943 г. у в. Міхайлаўскае спалены ўсе 150 хат і забіты 4 жыхары.
У чэрвені 1943 г. у в. Муціжар спалены ўсе 110 двароў і забіты 3 жыхары.
У верасні 1943 г. спалены 133 хаты са 160 і знішчаны 7 жыхароў у в. Насавічы.
За 1941-1943 гг. у в. Нахаў спалена 80 двароў са 180 і забіты 2 жыхары.
За гэты ж перыяд у пасёлку Нахаўскі спалена 10 двароў з 60 і знішчана 10 жыхароў.
У снежні 1943 г. у в. Перадзельнае спалена 30 хат з 48 і забіты 2 жыхары.
У маі 1943 г. у в. Ператок спалена 76 двароў з 78 і знішчана 37 жыхароў.
У сакавіку 1943 г. у в. Ператрутаўскі Варатын спалена 38 двароў з 42 і забіта 13 жыхароў.
У снежні 1943 г. у в. Рудніца спалены ўсе 45 дамоў, забіты 2 жыхары.
У лютым 1944 г. у в. Савічы спалены 253 двары з 276 і забіты 3 жыхары.
У маі 1943 г. у в. Садкі спалены ўсе 65 хат, забіты 2 жыхары.
У студзені 1944 г. у в. Сямёнавічы спалены 41 двор з 78 і знішчана 36 жыхароў.
У красавіку 1943 г. спалены ўсе 72 хаты ў в. Трамец, забіты 1 жыхар.
У студзені 1944 г. у в. Хамічы Ліпаўскага сельсавета спалена 8 хат і забіта 7 жыхароў.
У чэрвені 1943 г. у в. Хатыні спалены ўсе 138 двароў і забіта 6 жыхароў.
У чэрвені 1943 г. у в. Хобнае спалены ўсе 200 дамоў і забіта 39 жыхароў.
У студзені 1944 г. у в. Цідаў спалена 6 хат з 32 і забіта 6 жыхароў.
У чэрвені 1942 г. у в. Чорнаўшчына спалены ўсе 62 двары і забіта 11 жыхароў.
У кастрычніку 1943 г. у в. Шалыпы спалена 107 хат са 108 і знішчана 19 жыхароў.
У чэрвені 1943 г. у в. Шаўлоў спалены ўсе 30 двароў, забіты 2 жыхары.
У кастрычніку 1943 г. у в. Юшкі спалена 115 хат са 140 і забіта 7 жыхароў.
У чэрвені 1943 г. у в. Ужынец спалены ўсе 150 двароў і забіта 25 жыхароў з 642. (Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941 – 1944),Мн., БелНДЦДААС, 1995).
Асабліва трагічны лёс у Калінкавіцкім раёне спасціг в. Лозкі. Праўда, адбылося гэта значна раней, чым у Хатыні.
Нібыта ў адплату за падрыў партызанамі нямецкага цягніка на чыгуначным пераездзе Лозкі – Галявіца ў ліпені 1942 г. нацысты аддалі агню ўсе 125 дамоў і жыўцом спалілі 238 жыхароў Лозак. Усяго ж у той дзень нямецка-фашысцкія карнікі знішчылі 476 жыхароў да-дзенай вёскі.
Супраць бабуль, дзяцей, жанчын і ўсіх іншых няўзброеных, мірных людзей быў выкарыстаны бронецягнік. Лозкі расцягнуліся паўз самую чыгунку, і гэта было зручна для карнікаў.
У 1975 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура” у Мінску выйшла дакументальная аповесць Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі…”, у якой аўтары занатавалі і ўспаміны сведак лозкаўскай трагедыі:
“Расказвае Кацярына Крот, што была тады маладою дзяўчынай.
«…Ну, я той дзень… У мяне сястра была і бацька, маці не было. Мы жылі ўтраіх…
Не магу я расказваць… (Плача.)
Тады я з сястрой была на рабоце. Стрэл адкрыўся. Чуем — поезд ідзе, стрэл адкрыўся. Мы прышлі дадому…
От характар — гаварыць не магу…»
Калісьці, можна здагадвацца, валявая і энергічная, яна прыкусвае губу і змаўкае, каб не расплакацца зноў.
Гаспадыня хаты, у якой мы сядзім, Вольга Века, мала старэйшая за расказчыцу, сама перажыла той жахлівы «стрэл».
<…> Умудроная даўнім <…> горам жанчына, гаспадыня стаіць каля свае халоднай белай кахлянкі, залажыўшы за спіну рукі, якія цяпер не пагрэеш, і на плач сяброўкі, што госцей прыйшла з другое вёскі, дзе замужам, нягучна, але на ўсю глыбіню разумення, сур’ёзна кажа:
— Ты не плач. Пацярпі. Трэба цярпець.
<,,,> Сяброўка супакойваецца пакрысе і ўжо гаворыць зноў.
«Там гэты канец, дзе людзей білі, ужо гарэў поўнасцю. Ужо вёску палілі з поезда. Нас на вуліцу павыходзіла, можа, чалавек пяцьдзесят, і гаворым:
— Дзеўкі, уцякайма ў лес!
А сястра мая гаворыць, што не пойдзе. Бо гаварылі людзі раней, што і з самалёта будуць страляць, і ўсяляк страшылі, але — не стралялі…
I вось сабралі нас і вядуць проста ў той агонь. Мы просімся, а яны нас цераз вуліцу вядуць у двор, і ўжо там хлеў падпальваюць. I так мне хочацца, і так жа мне хочацца ўцячы!.. Адзін раз я паспрабавала. Жыта было пасеяна каля самай вуліцы, дык я хацела туды, а немец замеціў, крыкнуў і вінтоўку наставіў. I я пашла. Ідзём, ідзём, а там, дзе ўжо яны палілі, сільна многа немцаў відаць. Дайшлі мы да сярэдзіны, дзе ўжо мы жылі, сям’я наша, а тут стаяла хата незгарэўшая і абгароджаная, як і трэба. I падружка ішла са мною. Дык яна гаворыць:
— Давай сюды ўцякаць!
А на гэтую сторану вецер кланіў, дык усё пагарэла і садоў не засталося. А іду я, можа, метраў дзесяць наперад. А потым вось так азірнулася назад. Тая дзяўчына пабегла сюды, а я сюды. Тыя два немцы — яны мяне не замецілі, і трэці не замеціў. Я і пабегла ў двор, а там ужо ў картоплю, у жыта і — папаўзла.
А тых усіх павялі.
Я адпаўзла так метраў, можа, са сто ад вёскі і ляжу ў жыце, думаю: «Што ж яны там будуць з імі рабіць?» Праўда, я далекавата была ад іх, адтуль, дзе іх палілі,— метраў, можа, з чатырыста, а можа, і больш. Ляжу я і слухаю, а іх там з аўтаматаў: та-та-та-та — строчаць, строчаць з аўтаматаў, як завялі ўжо ў хату. Ляжу я, ляжу, а потым бачу — гараць ужо хаты і вёску ўсю асвяціла. Відна стала, бо ўжо цямнець збіралася.
А поезд так і хадзіў па пуці: сюды-туды, сюды-туды. Як ён біў па сялу! 3 кулямётаў ды з усяго. Аж тое жыта косіць!..
А я ў разоры ляжу. Бо я чула, што мужчыны гавораць, як на вайне — у ямку трэба. Ляжу я к пуці галавою, а поезд, здаецца, коціцца ў нагах. Так перапужалася, што не чуствую нічога. Ляжала, ляжала я, ужо цямнее. Чую: машыны пагулі на Васілевічы. I поезд пайшоў. Той, што страляў.
Я тады ў жыце ўстала, вярнулася на сваё селішча і пагукала, можа, дзе хто ёсць. Аніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць… Дзе ж дзецца? Куды ж ісці?.. Пайду я забяру тое барахло, што кінула, і пайду ў лес.
Падыходжу я туды — багацтва ўжо ляжыць, а людзей няма, і ўжо цямнее. Сустрэла дваюродную сястру, і яна сказала мне, што людзей папалілі…»
У 2014 годзе Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь у серыі «Архіў. Гісторыя. Памяць» былі выдадзены два зборнікі: «Хатынь. Трагедыя і памяць», прысвечаныя хатынскай трагедыі і гісторыі ўзвядзення мемарыяльнага комплекса, і «Хатынскі некропаль», які распавядае пра трагедыю спаленых і не адноўленых пасля вайны вёсак. Апошні зборнік серыі прысвечаны 433 беларускім вёскам, якія перажылі трагедыю Хатыні і былі адноўлены у пасляваенны перыяд.
У зборнік уключана 353 дакументы. Гэта данясенні, дзённікі баявых дзеянняў партызанскіх фарміраванняў, даведкі, акты, пратаколы допытаў выратаваных жыхароў спаленых вёсак, сведак, карнікаў і інш.
Вось, напрыклад, што расказалі жыхаркі в. Лозкі Ганна Фёдараўна Жэрало, 1932 г.н., і Надзея Аляксандраўна Малашчанка,, 1936 г.н., якім пашчасціла выратавацца, аб трагедыі ў роднай вёсцы.
— Спачатку Лозкі абстралялі з бронецягніка. Потым абвясцілі аб сходзе і сталі выганяць з хат усіх жыхароў разам з дзецьмі. Аддзялілі мужчын і падлеткаў – больш за 50 чалавек. Іх пазней вывезлі ва ўрочышча Рубанікі пад Васілевічамі і расстралялі, а астатніх жыхароў кудысьці пагналі.
Калі яны ішлі па вёсцы, сяброўкі паміж сабой вырашылі, што наўрад ці іх гоняць на сход (вельмі ўжо злыя немцы і паліцаі – усіх падганяюць прыкладамі), і дзяўчаты вырашылі збегчы.
Калі праходзілі блізка ля агародаў, яны кінуліся ў разоры паміж бульбай. Бульбяное бацвінне ў той час было ўжо вялікае, і яны схаваліся паміж кустамі. Іх уцёкаў ворагі не заўважылі.
Лепей замаскіраваўшыся, дзяўчаты са сваёй хованкі бачылі, як усіх жыхароў вёскі загналі ў дамы Сяргея Малашчанкі, Ермалая Малашчанкі і Рыгора Жэрало. Закалацілі дзверы, аблілі дамы бензінам і падпалілі.
Ад убачанага – бо ў дамах жыўцом гарэлі сем’і дзяўчат, ад дзікага крыку жанчын, дзяцей, старых, які зліўся ў жудасны вой, — яны думалі, што звар’яцеюць.
Яны бачылі, як, збіваючы агонь з адзення, з палаючага дома выскачыў і пабег Павел Іванавіч Малашчанка. Толькі падумалі «пашанцавала, будзе жыць», як паліцаі злавілі яго і, разгайдаўшы, трымаючы за рукі і ногі, зноў кінулі ў агонь. Згарэла і ўся яго сям’я: жонка і пяцёра дзяцей.
Бачылі дзяўчаты, як у свой падпалены дом літаральна ўляцела Кацярына Жэрало. Пакінуўшы дома траіх малалетніх дзяцей, яна са старэйшым сынам Іванам з раніцы працавала ў полі. Даведаўшыся, што ў вёсцы карнікі лютуюць, Кацярына панеслася дадому да сваіх малых. У наступную хвіліну абваліўся дах.
А ў асірацелай вёсцы ўжо ваўсю гаспадарылі акупанты. Яны рабавалі дамы. Першымі заходзілі немцы. Яны выносілі ўсё, што ім спадабалася (шапкі, хусткі, вышытыя ручнікі, посуд), і складалі ў машыну. За імі, што засталося ў дамах, падбіралі паліцаі. Апошнімі да кожнага дома падыходзілі факельшчыкі. Яны аблівалі дамы бензінам і падпальвалі.
22 ліпеня 1942 года вёска Лозкі загінула ў агні, знікшы з твару зямлі.
Выратаваліся тады ўсяго некалькі чалавек. У іх ліку Усціння Фёдараўна Малашчанка, 1928 г.н. і К.П.Малашчанка. Апошняя, напрыклад, у 1944 г., пасля выгнання немцаў з тэрыторыі Калінкавіцкага раёна дала следчым наступныя звесткі:
“Людзі сядзелі, схаваўшыся ў жыце, а забойцы бегалі, шукалі іх, і каскі звінелі аб каласы.
… Знішчылі вёску, і пусцілі чутку: памылкова, не тую хацелі, а зусім іншую. Знішчылі Лозкі і зноў: мы хацелі Галявіцы, бо каля іх партызаны цягнік падарвалі… А тут, у Лозках, памылачка выйшла…” (Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыры, ф.2790, спр.5,л.4,17,48).
Акрамя дзяўчат уцалеў і адзін хлапчук – Віктар Малашчанка. Яму ўдалося збегчы з той групы, якую вялі на расстрэл.
Пасля вызвалення Беларусі Віктар вярнуўся ў Лозкі і на месцы спаленага дома паставіў новы.
Гэтак жа паступілі і іншыя лозкаўцы, якія вярнуліся з фронту і эвакуацыі.
А на месцы хат, спаленых з людзьмі, ніхто больш не будаваўся.
Засталіся тры пагоркі, паміж якімі пазней і з’явіўся помнік – журботная жанчына ў чорнай хустцы.
Іван Гарыст.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў мемарыял усіх спаленых вёсак «Хатынь» з’едуцца тысячы людзей, каб ушанаваць памяць ахвяраў фашысцкага нацызму. Сёння спаўняецца 75 гадоў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика