Дзень памяці і смутку. 21.by

Дзень памяці і смутку

27.07.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


23 ліпеня ля мемарыяльнага комплексу “Загінуўшых чакаюць вечна” ў вёсцы Доры прайшоў мітынг, прысвечаны 75-й гадавіне жорсткай трагедыі: менавіта ў гэты дзень у 1943 годзе ў мясцовай царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы былі спалены зажыва 146 мірных жыхароў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Дорскага сельвыканкама, педагагічны калектыў і школьнікі мясцовай адзінаццацігодкі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Малання Ігнацьеўна Мянцюк з Ласокіна, жыхары вёскі Доры і бліжэйшых населеных пунктаў, родныя і сваякі якіх загінулі ў той ракавы дзень, работнікі культуры раёна.

Звяртаючыся да прысутных, старшыня Дорскага сельвыканкама Рамуальда Браніславаўна Іваноўская адзначыла, што 23 ліпеня – адна з сумных дат у гісторыі сельсавета, калі фашысты па-зверску знішчылі 308 чалавек.

…На світанні эсэсаўскі атрад карнікаў уварваўся ў Доры, зганяючы мірных жыхароў у царкву. Ніхто не мог падумаць, што ў такім святым месцы яны прымуць пакутніцкую смерць. З жудаснага агню выратаваліся толькі некалькі чалавек, сярод якіх – Іван Рудовіч. З яго расказаў і стала вядома, што адбывалася ў той дзень. Немцы выганялі людзей з дамоў і прымушалі ісці ў храм: навошта – ніхто не ведаў. Некаторыя спрабавалі вырвацца, але не змаглі. У дзверы заганялі невялікімі групамі, у спешцы нехта падаў ля парога, іх білі нагамі, цягнулі за валасы. Пасля фашысты ўнеслі два бітоны бензіну, аблілі ім памяшканне, кулямётнай чаргой прайшліся па жывых мішэнях і падпалілі царкву. Дзікі крык, лямант і плач напоўнілі наваколле…

Такі ж лёс напаткаў і вёску Лапіцы, дзе людзей сагналі ў хлеў і жывымі спалілі: са 125 чалавек палова – дзеці. У вёсцы сярэдняе Сяло былі спалены 78 мірных аднавяскоўцаў. Усяго на тэрыторыі сельсавета ў агні згарэлі 346 мірных грамадзян, на франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі 73 змагары за Перамогу.

У памяць аб дорскай трагедыі на месцы, дзе калісьці стаяла царква, размешчаны мемарыяльны комплекс “Загінуўшых чакаюць вечна…”, які ўзвялі ўдзячныя землякі і нашчадкі. Яго аўтары – скульптар Мікалай Кандрацьеў, архітэктары Вольга Владыкіна і Станіслаў Федчанка – пастараліся, каб скульптуры і малыя архітэктурныя формы ўдала ўпісаліся ў рэльеф мясцовасці. Тварэнне розуму і рук чалавечых – гэта напамін пра тую страшную вайну, бязвінныя ахвяры, а таксама перасцярога будучым пакаленням, каб бераглі і захоўвалі мір.

У мітынгу прыняў удзел настаяцель прыхода храма Свята-Пакроўскай царквы айцец Павел Францішчык, які перад памінальнай паніхідай у сваёй пропаведзі асаблівую ўвагу звярнуў на цану чалавечага жыцця. Вельмі сумна, што трагедыя адбылася ў храме Божым – святым месцы, якое павінна аб’ядноўваць людзей, вучыць любіць адзін аднаго, прыносіць сябе ў ахвяру і жыць дзеля блізкага. У Бібліі напісана, што Бог стварыў чалавека дзеля вечнага жыцця. Напачатку стварэння зямлі на ёй не было ніякай несправядлівасці, Гасподзь адзначыў, што вельмі хораша ўсё атрымалася. І толькі з моманту здзяйснення чалавечай памылкі ў свет увайшлі беззаконнасць, пакуты, хваробы, і як вынік усіх грахоў – смерць, што спыняе фізічную дзейнасць. Сёння на нас ляжыць вялікая адказнасць: не дапусціць больш на зямлі кровапраліцця, бо сусвет быў створаны для жыцця, радасці і любові. Кожны наш крок, кожны ўчынак вызначае лёс сусвету, у якім мы жывём. Трэба помніць пра мінулае, каб такое больш ніколі не адбылося.

У старасты вёскі Макрычаўшчына Івана Іванавіча Грышчука, які прыйшоў ушанаваць памяць землякоў, падчас дорскай трагедыі згарэлі пяцёра сваякоў. Яго бацька служыў у польскай арміі, і калі пачуў стрэлы, адразу ж уцёк у лес. А многія вяскоўцы, па сваёй наіўнасці і прастаце, давяралі тамтэйшаму мясцоваму кіраўніцтву, якое сцвярджала, што немцаў не трэба баяцца: калі завітаюць у хату, сустрэць гасцінна – напячы яешні і запрасіць за стол. Тыя ж, калі бачылі ў хаце людзей, адразу забівалі ўваходныя дзверы і падпальвалі жытло. Уцячы ці вырвацца з пекла не ўдавалася нікому.

Не змагла стрымаць слёз і ўраджэнка вёскі Зарэчча Валянціна Лявонцьеўна Баркун, у дзявоцтве Марачэўская – у пекле загінулі бабуля, цётка, яе дачка з маленькім дзіцем. Аддаць даніну павагі сваім родным яна прыйшла разам з мужам і ўнукамі, якія ўсклалі на магілу продкаў жывыя кветкі. “Трэба, каб нашы ўнукі ведалі сваіх памерлых родных, наведвалі магілы, дзе яны пахаваны. Памяць – гэта галоўнае для тых, каго няма побач з намі”, – адзначыла жанчына.










У Дорскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе пры падтрымцы членаў Сеткі Міру нямецкага хрысціянскага саюза дарослых і маладых быў створаны музейны пакой.

У сваім звароце яны адзначаюць: “Мы актыўна змагаемся за мір і прымірэнне, цесна супрацоўнічаем у гэтым кірунку з арганізацыямі Валожынскага раёна. Да гэтага моманту, праз 70 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў, адноўлены падмурак спаленай немцамі царквы. На падмурку і каля яго ўзвышаюцца магілы забітых людзей. Помнік быў створаны ў 1991 годзе, так з’явіўся мемарыял “Загінуўшых чакаюць вечна…”. У 1995 годзе Патрыярх рускай праваслаўнай царквы Алексій заклаў першы камень новай царквы на адлегласці 200 метраў ад старой, спаленай у вайну. Дзякуючы ахвяраванням прыхаджан храма, спонсарскай дапамозе і непасрэднаму ўдзелу Сеткі Міру ХСДМ была пабудавана новая царква – Пакрова прасвятой Багародзіцы. У лістападзе 1997 года тут адбылося першае набажэнства. 8 мая 2015 года былі прадстаўлены 12 інфармацыйных стэндаў. Нам бы хацелася, каб асабліва маладыя людзі даведаліся пра тое, што адбылося ў вёсцы Доры, змаглі зрабіць патрэбныя вывады з гісторыі і больш усвядомлена адносіцца да будучыні. Як наступнае пакаленне, мы нясём адказнасць, каб тое, што адбылося, больш не паўтарылася. Такім чынам, вёска Доры і мемарыяльны комплекс могуць стаць месцам памяці”.

На 12-ці інфармацыйных стэндах на рускай і нямецкай мовах змешчаны ўспаміны мясцовых жыхароў, відавочцаў жудасных падзей: Юзэфы Кулік і Івана Рудовіча. Таксама расказваецца пра карніцкія атрады эсэсаўцаў і спецаперацыі, якія яны праводзілі.





Матэрыялы падрыхтавала Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
23 ліпеня ля мемарыяльнага комплексу “Загінуўшых чакаюць вечна” ў вёсцы Доры прайшоў мітынг, прысвечаны 75-й гадавіне жорсткай трагедыі: менавіта ў гэты дзень у 1943...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика