21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Уладзiмiр САСНОЎСКI: «Перспектыва нашага завода — у яго персанале»

25.08.2009 21:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ПРАДСТАЎЛЯЕМ СУРАЗМОЎЦУ




Уладзiмiр Вiктаравiч САСНОЎСКI — ураджэнец Жыткавiцкага раёна. У 1977 годзе закончыў Гомельскi дзяржаўны унiверсiтэт па спецыяльнасцi матэматыка i ў 1994-м — Акадэмiю кiравання пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Сваю працоўную дзейнасць пачынаў радавым iнжынерам Гомельскага канструктарскага бюро сiстэмнага праграмавання, адкуль быў прызваны ў армiю. Праз два гады службы ў ёй прыйшоў на Гомельскi станкабудаўнiчы завод iмя Кiрава, стаўшы iнжынерам-матэматыкам вылiчальнага цэнтра прадпрыемства, а праз пяць гадоў, нягледзячы на свой малады ўзрост, быў прызначаны кiраўнiком гэтага структурнага падраздзялення.

Самастойнасць, iнiцыятыўнасць дазволiлi яму паспяхова падымацца па службовай лесвiцы. З 1995 года працаваў намеснiкам генеральнага дырэктара па эканомiцы i аналiзу, а сёлета быў прызначаны генеральным дырэктарам прадпрыемства.

— Уладзiмiр Вiктаравiч, вашаму заводу споўнiлася сто дваццаць гадоў. Вялiкi шлях прайшоў ён, i таму будзе правiльна, калi мы найперш зазiрнём у яго гiсторыю.

— Яна пачалася ў 1885 годзе, калi на ўскраiне горада з’явiлася невялiкае чыгуналiцейнае прадпрыемства. Да Кастрычнiцкай рэвалюцыi яго рабочыя былi актыўнымi ўдзельнiкамi рэвалюцыйнага руху Беларусi, а ў час грамадзянскай вайны завод вырабляў боепрыпасы, рамантаваў судны Верхня-Дняпроўскай флатылii, выконваў iншыя адказныя заказы. Пасля была арганiзавана арматурная i кацельная вытворчасць, а з 1930 года прадпрыемства, пачаўшы выпуск паравых помпаў, паступова пераходзiць да станкабудавання.

Першая прадукцыя яго ў гэтым напрамку — абдзiрачны станок для абдзiркi пруткоў пракату двума разцамi i станок для наступнай абкаткi-калiброўкi iх, якiмi былi аснашчаны створаныя ў першай пяцiгодцы буйнейшыя прадпрыемствы СССР аўтамабiльнай, падшыпнiкавай i шэрагу iншых галiн прамысловасцi.

— Пэўна, далейшаму асваенню новай прадукцыi перашкодзiла вайна?

— Безумоўна. Завод ужо ў жнiўнi 1941 года на Урале, куды быў эвакуiраваны, прыступiў да выпуску прадукцыi для фронту, дзе ваявалi i яго прадстаўнiкi. У Гомелi ж завод быў цалкам разбураны, i яго давялося аднаўляць. Ужо ў лiстападзе 1945 года быў выпушчаны першы пасляваенны папярочна-стругальны станок 736. Не буду падрабязна спыняцца на тым, як iшло далейшае развiццё прадпрыемства, якiя вiды станкоў яго калектыў асвоiў, аднак скажу, што на пачатку 70-х гадоў завод экспартуе сваю прадукцыю ў 58 краiн свету, у тым лiку i ў такiя высокаразвiтыя, як ЗША, Англiю, Францыю, Iталiю, ФРГ, а за распрацоўку i ўкараненне комплексна-механiзаванай вытворчасцi папярочна-стругальных станкоў вышэйшай катэгорыi якасцi група работнiкаў прадпрыемства стала лаўрэатамi Дзяржаўнай прэмii БССР.

Ва Усесаюзным сацыялiстычным спаборнiцтве заводу 14 разоў уручаўся пераходны Чырвоны сцяг Савета Мiнiстраў СССР i ВЦСПС, ён атрымаў ганаровае права быць удзельнiкам Выстаўкi дасягненняў народнай гаспадаркi СССР у павiльёне «Машынабудаванне», а дзесяткi перадавiкоў вытворчасцi былi ўзнагароджаны ордэнамi i медалямi.

— Сапраўдны трыумф, нiчога не скажаш.

— Хачу ўпамянуць яшчэ адзiн момант. За пасляваенны перыяд да свайго стагоддзя (1985 год) завод асвоiў вытворчасць больш чым 40 мадэляў серыйных i больш чым 100 мадэляў спецыяльных станкоў, у тым лiку станкоў з сiстэмай ЛПК (лiчбавага праграмнага кiравання). Сёння дзесяткi тысяч станкоў нашай вытворчасцi працуюць як у Рэспублiцы Беларусь, так i ў 65 краiнах свету.

— Адным словам, Уладзiмiр Вiктаравiч, калектыву ёсць чым ганарыцца, бо вашы поспехi, як i поспехi вашых папярэднiкаў, вiдавочныя. Аднак скажыце, якой цаной яны дасягалiся?

— Вытворчасць — гэта заўсёды цяжкасцi, а калi раз-пораз даводзiцца наладжваць выпуск новай прадукцыi, дык гэта двайныя i нават трайныя цяжкасцi. Але ў кiраўцаў заўсёды быў баявы дух, яны заўсёды былi наперадзе, i нездарма Мiнiстэрства станкабудаўнiчай i iнструментальнай прамысловасцi Савецкага Саюза даручыла свайму флагману — Гомельскаму станкабудаўнiчаму заводу — асвоiць выпуск станкоў з лiчбавым праграмным кiраваннем. У той час асноўнай нашай прадукцыяй былi папярочна-стругальныя i даўбёжныя станкi. Яны — унiверсальныя i прызначаны для спецыялiзаваных аперацый. А станкi з АПК — гэта па сутнасцi апрацоўчыя цэнтры, навука- ёмiстая прадукцыя. Яны выконваюць многiя аперацыi, i прычым у аўтаматычным рэжыме, аснашчаны магазiнам iнструментаў, у якiм спачатку iх было 30, а потым (гэта значыць сёння) iх колькасць была даведзена да 60. Дык вось, гэты станок аснашчаецца праграмай, устанаўлiваецца загатоўка, i ён сам падае яе ў апрацоўку, сам выбiрае iнструмент, сам робiць яго замену i г.д. Цi трэба казаць, што гэта малалюдная тэхналогiя, пры якой прадукцыйнасць працы ў тры-чатыры разы вышэй, чым на унiверсальных станках?

— Як бачна, прадукцыя архiскладаная, i, напэўна, былi ў завадчан нейкiя апасеннi наконт магчымасцi яе асвоiць?

— Скажу шчыра: былi. Таму што на прадпрыемстве тады адсутнiчалi такiя спецыялiсты, як электронiкi, матэматыкi, не хапала канструктараў. Дырэктарам у той час на заво-дзе быў таленавiты чалавек, добры арганiзатар вытворчасцi Рыгор Мiхайлавiч Казакоў, якi сказаў: мужыкi, наперад! Было вырашана стварыць у сябе спецыяльнае канструктарскае бюро менавiта для апрацоўчых цэнтраў, былi падрыхтаваны цi запрошаны неабходныя кадры, праведзена тэхнiчнае пераўзбраенне вытворчасцi, мадэрнiзаваны свой станочны парк. Адным словам, была прароблена вялiкая падрыхтоўчая работа, якая закончылася тым, што за месяц мы пачалi вырабляць па два-тры станкi з ЛПК i на працягу 5—6 гадоў павялiчылi вытворчыя магутнасцi да 20 адзiнак.

— Тут, Уладзiмiр Вiктаравiч, узнiкае такое пытанне: калi вы пашырылi выпуск апрацоўчых цэнтраў, дык, напэўна, скарацiлi выраб iншых станкоў. Цi не так?

— Папярочна-стругальныя знялi з вытворчасцi, даўбёжныя перадалi Баку, абразiўна-адразныя — у Мукачава. У нас засталiся толькi станкi з ЛПК, якiх нам трэба было вырабляць да сарака кожны месяц, для чаго ў iншым месцы горада быў створаны фiлiял i пашыраны вытворчыя магутнасцi. У 1990 годзе 95 працэнтаў нашых станкоў адпраўлялiся ў абаронны комплекс краiны...

— Якому потым у сувязi з распадам Савецкага Саюза было ўжо не да вашых станкоў?

— Абсалютна правiльна. Канверсiя — i наша прадукцыя аказалася незапатрабаванай. А жыць трэба было. Трэба было захаваць завод, для чаго неабходна было прыняць нейкiя кардынальныя меры. Аддадзiм належнае кiраўнiкам прадпрыемства: яны ў той цяжкi час знайшлi адзiна правiльнае рашэнне — пераарыентаваць вытворчасць на выпуск тавараў народнага спажывання, тэхнiчна складанай прадукцыi: малагабарытных пральных машын, якiя ў той час былi ў вялiкiм дэфiцыце, бытавыя цэнтрыфугi для адцiскання бялiзны, парасонаў, мiкрахвалевых печак i г.д. I на ўсю гэту прадукцыю попыт спачатку перавышаў прапанаванне. Выпуск тавараў народнага спажывання мы павялiчылi тады да 42 працэнтаў, а ў архiве пакiнулi ўсю дакументацыю на станкi, якiя раней выпускалi.

Адначасова з Азербайджана i Украiны вярнулi свае даўбёжныя i абразiўна-адразныя станкi, бо яны там, як кажуць, не пайшлi, i пад рынак пачалi рабiць станкi для вытворчасцi тары, успучанага полiстыролу, прыстасаванняў для здрабнення сiнтэтычных валокнаў i нават станкi для дрэваапрацоўкi. Адным словам, мы пайшлi не па шляху выжывання ў гэтыя цяжкiя часы, а па дарозе жыцця, бо сталi працаваць на рынак, трымаць там цэны i нiчога не прадаваць па дэмпiнгу.

— А што ж з апрацоўчымi цэнтрамi?

— Аб гэтым крыху нiжэй. Забягаючы наперад, зазначу, што рынак iмклiва запаўняўся таварамi, i трэба было працаваць на апярэджанне, бо гонка была жорсткая. Спознiшся — убачыш, як гаворыцца, хвост цягнiка. Дарэчы, вярнуцца на рынак з абразiўна-адразнымi станкамi нам не ўдалося, а па даўбёжных патрабавалiся малыя кампактныя станкi з механiчным прывадам. СКБ iх спраектавала, i мы пачалi стабiльна пастаўляць iх на расiйскi рынак. З iншага ж боку атрымалася так, што рынак пачаў насычацца таварамi народнага спажывання, канкурыраваць на iм стала вельмi цяжка. I мы дакладна зразумелi, што, калi не мадыфiкуем станкi пад яго, выжыць будзе праблематычна.

— Значыць, вы ведалi, што трэба рабiць у той сiтуацыi?

— Не толькi ведалi, што выпускаць, але i як, якiмi сiламi. Не было толькi аднаго для гэтага — фiнансавых сродкаў. У 1995 годзе генеральным дырэктарам прадпрыемства стаў Аляксандр Аляксандравiч Шаўко, якi да гэтага працаваў галоўным iнжынерам завода. На ўсiх кiруючых ключавых пасадах з’явiлiся маладыя, але высокаквалiфiкаваныя кадры, якiя сталi генератарамi добрых iдэй. Аднак, паўтараю, усё стрымлiвала адсутнасць грошай. Узяць iх пад вялiзныя працэнты ў банку было вельмi i вельмi рызыкоўна, а ў дзяржавы рэальных грошай не было.

I тады Аляксандр Аляксандравiч паехаў у Германiю дамаўляцца з дырэктарам завода, якi ў сувязi з аб’яднаннем ГДР i ФРГ закрываўся, каб той перадаў вытворчасць кансольна-фрэзерных станкоў з усёй дакументацыяй, тэхналогiяй, лiццём i iнш. Гомельскаму станкабудаўнiчаму. Перамовы прайшлi паспяхова. Быў заключаны дагавор аб тым, што кiраўцы павiнны за ўсё гэта разлiчыцца з немцамi сваёй прадукцыяй. На працягу трох гадоў мы асвойвалi ўказаныя станкi i паставiлi iх у Германiю колькасцю 35 адзiнак, не адпраўляючы iх найперш на свой унутраны рынак. А потым перайшлi на расiйскi рынак, дзе, дарэчы, аналагiчныя станкi вырабляў Нiжнi Ноўгарад, вядома ж, горшай, чым у нас, якасцi.

Разам з перадачай нам з ГДР кансольна-фрэзерных станкоў да нас перайшлi i ўсе спажыўцы iх. Такiм чынам, пачалася праца пад клiента. Мы з Шаўко вылецелi ў Канаду, правялi перамовы i заключылi кантракт на пастаўку 50 станкоў. I праз год, калi яны з’явiлiся на амерыканскiм рынку, у ЗША i Мексiку было адпраўлена больш за сотню станкоў.

— Як кажуць, працэс пайшоў...

— Хай будзе так. Каб цвёрда стаць на ногi, мы нiколi не плацiлi вялiкую зарплату, а што зараблялi, iмкнулiся расходаваць разумна. Такi быў наш прынцып, нацэлены на тое, каб рабiць тое, што ўмеем i што дасць найбольшы прыбытак. А гэта станкi з лiчбавым праграмным кiраваннем, попыт на якiя, мы ў гэтым былi ўпэўненыя, будзе. I такi час нарэшце настаў. Але вось што дрэнна: у той перыяд нестабiльнасцi завод пакiнула шмат здольных канструктараў i тэхнолагаў, а таксама рабочых. Але касцяк усё ж застаўся, засталiся тыя, хто аддаў прадпрыемству 20—30 гадоў жыцця. I вельмi важна, што ў той перыяд кiраўнiкi завода не адгарадзiлiся ад людзей, iшлi да iх у цэхi, гаварылi аб сiтуацыi на рынку, аб цяжкасцях, тлумачылi многiя пытаннi, падтрымлiвалi i маральна, i матэрыяльна тых, хто стараўся працаваць, прасiлi пацярпець i г.д.

Павысiлi ролю майстра, правялi iншыя арганiзацыйна-тэхнiчныя мерапрыемствы, у вынiку чаго павысiлася i дысцыплiна вытворчасцi, i самадысцыплiна выканаўцаў. Усё пачало наладжвацца.

— Вiдаць, дзякуючы i таму, што адчулi нарэшце i дзяржаўную падтрымку?

— Правiльна. Мы атрымалi яе ў выглядзе ўказа прэзiдэнта краiны па частковых iльготах на пяць гадоў, што вылiлася ў 4 мiльярды рублёў. Мы выплачваем iх зараз, аднак у той час гэта былi рэальныя грошы ў выглядзе, калi можна так сказаць, своеасаблiвага крэдыту, якi не можа iсцi нi ў якае параўнанне з банкаўскiм крэдытам. Атрымалi мы падтрымку i ад мiнiстэрства, якое пачало фармiраваць iнавацыйныя фонды. I вось у такiх умовах завод пачаў укладваць фiнансавыя сродкi ў стварэнне апрацоўчых цэнтраў, аснашчаючы iх электронiкай, а унiверсальныя кансольна-фрэзерныя станкi — спецыяльнымi ўстройствамi, што наблiзiла iх да станкоў з ЛПК. У вынiку гэтай i iншай работы расiйскiм станкабудаўнiкам на iх жа рынку стала вельмi цяжка канкурыраваць з намi. Шляхам мадэрнiзацыi мы пашырылi тэхналагiчныя магчымасцi расточнага станка, i гэта таксама ўплывала на канчатковыя вынiкi нашай работы.

А яны такiя. Пяць гадоў назад мы выпускалi 6 працэнтаў станкоў з ЛПК у агульным аб’ёме вытворчасцi, а зараз — 20. Iмi мы аснасцiлi МАЗ, МТЗ, Мiнскi маторны завод, «Гомсельмаш», iншыя прадпрыемствы. I сёння на iх заказаў столькi, што мы iх не ў стане выканаць.

— I што, на гэтым можна супакоiцца?

— Нiчога падобнага. Сiстэма маркетынгу вучыць, што на рынку выжывае той, хто мае самую шырокую наменклатуру вырабаў або такiя ж шырокiя магчымасцi для выпуску тэхнiкi. Гэта значыць, каб у дзеяннi была шматвектарная вытворчасць. Як у вядомай фiрмы «Сiменс». Гэта i тэлефоны, i кававаркi, i гадзiннiкi. Мы сёння бяромся за ўсё. Для ВАЗа, напрыклад, вырабiлi 8 спецыяльных станкоў, якiя нiхто не ўзяўся рабiць нi ў Расii, нi ў Беларусi. Мы робiм капiтальны рамонт станкоў з ЛПК, якiя вырабляюцца не на нашым заво- дзе, а ў нейкiх iншых краiнах. Гарантыя на iх — 7 гадоў. Адным словам, мы можам усё, калi бяромся за справу. Зараз у нас ёсць афiцыйны прадстаўнiк нават у Iране, куды мы пастаўляем у квартал 4 станкi, ушчыльную працуем з расiйскiмi чыгункамi, якiя на працягу вось ужо 5 гадоў закупляюць толькi нашы станкi, з Германiяй i г.д.

— Вядома ж, якасныя вырабы, якасная прадукцыя заўсёды высока цанiлiся i будуць цанiцца...

— Гэта сапраўды так. Каб гандляваць з Еўропай, мы тры гады атэстоўвалi сваю сiстэму работы i атрымалi сертыфiкат адпаведнасцi патрабаванням мiжнароднага стандарту ИСО-9001. Але сёння спажыўцы на сусветным рынку пайшлi яшчэ далей, патрабуючы, каб прадукцыя вытворцаў была бяспечная да такой ступенi, што той жа спажывец, нават пры ўсiм сваiм жаданнi, не мог атрымаць траўму на вытворчасцi пры рабоце, скажам, станка. Iншымi словамi, прадукцыя павiнна мець вельмi высокую сiстэму абароны ад нейкiх выпадковасцяў, а яе вытворца павiнен несцi адказнасць, калi нешта здарыцца, ажно да таго, што пацярпеўшы можа звярнуцца ў мiжнародныя органы стандартызацыi, каб закрылi тую вытворчасць. Гэта сiстэма называецца СЕ, i мы дабiлiся таго, што гэтымi лiтарамi бяспекi маркiруюцца нашы кансольна-фрэзерныя станкi, якiя адпраўляюцца на экспарт.

— I што вам дае такое новаўвядзенне?

— Павышэнне iмiджа прадпрыемства, яго аўтарытэту, пашырэнне рынку збыту. Прывяду толькi адзiн прыклад. Можна, скажам, пастаўляць названыя станкi ў Турцыю без знака СЕ, аднак у гэтым выпадку прадукцыя абкладаецца 20-працэнтным падаткам. Так што маркiроўка знакам СЕ — вялiкая справа.

— У завода 120-гадовы юбiлей. Якая яго перспектыва?

— Ён быў, ёсць i будзе. А перспектыва — у яго персанале. Пакуль у нас ёсць высокаквалiфiкаваныя, добрасумленныя, iнiцыятыўныя канструктары, рабочыя, iнжынерна-тэхнiчныя работнiкi, адданыя сваёй справе, прадпрыемства будзе жыць, iсцi наперад, заваёўваць новыя рубяжы. Кожны з 1400 работнiкаў завода дастойны вялiкай павагi. Я ўдзячны iм за тое, што яны працуюць кожны па сваiх здольнасцях i шчыра вiншую iх з юбiлеем.

— А наш рэдакцыйны калектыў — i вас, i ўсiх кiраўцаў. З пажаданнямi моцнага здароўя i далейшых поспехаў у рабоце.

— Дзякую.

Матэрыял падрыхтаваў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уладзiмiр Вiктаравiч САСНОЎСКI — ураджэнец Жыткавiцкага раёна. У 1977 годзе закончыў Гомельскi дзяржаўны унiверсiтэт па спецыяльнасцi матэматыка i ў 1
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика