21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Iдэя цэнтралiзаванага тэсцiравання настолькi прыцягальная, што самы час падумаць пра яе абарону...

25.08.2009 21:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гутарку вяла Надзея НIКАЛАЕВА

НАЎЗДАГОН

Спецыялiсты, якiя прадказвалi, што цэнтралiзаванае тэсцiраванне будзе няўхiльна набываць сярод беларускай моладзi ўсё большую папулярнасць, не памылiлiся: сёлета, у параўнаннi з папярэднiм годам, колькасць здадзеных тэстаў узрасла амаль удвая. Жаданне ўзяць удзел у тэсцiраваннi па матэматыцы выказалi 18.409 чалавек, тэсцiраванне па фiзiцы прыцягнула ўвагу 10.809 чалавек, хiмii — 2481 чалавек. 15.268 чалавек прайшлi тэсты па рускай i 12.386 чалавек — па беларускай мове. Усяго, з улiкам правядзення на базе Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта iнфарматыкi i радыёэлектронiкi тэсцiравання праз сетку Iнтэрнэт, у гэтым годзе было здадзена 60.379 тэстаў (у 2001 годзе iх было каля 32 тысяч).

— У Беларусi цэнтралiзаванае тэсцiраванне больш-менш масава праводзiцца пачынаючы з 1998 года. Росту яго папулярнасцi сярод моладзi спрыяюць, як мы лiчым, некалькi абставiнаў, — паведамiла карэспандэнту «Звязды» намеснiк дырэктара Рэспублiканскага iнстытута кантроля ведаў Валянцiна Дынiч. — Гэта i пашырэнне пералiку спецыяльнасцяў, пры паступленнi на якiя ўлiчваюцца вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання, i павелiчэнне колькасцi вучэбных дысцiплiн, па якiх праводзiцца тэсцiраванне, i дазвол залiчваць вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання ў якасцi выпускнога экзамена за курс сярэдняй школы. Спадзяёмся, што немалаважным фактарам з’яўляецца i рост даверу з боку моладзi да самой працэдуры тэсцiравання.

Нашу ўвагу, напрыклад, прыцягнула наступная тэндэнцыя: мы заўважылi, што многiя выпускнiкi сярэднiх школ не збiраюцца прад’яўляць вынiкi тэсцiравання ў прыёмныя камiсii ВНУ. Яны прыходзяць на тэсцiраванне, каб зламаць стэрэатып, якi склаўся ў школе ў адносiнах да iх i даказаць самому сабе i сваiм настаўнiкам, што iх веды вартыя больш высокай адзнакi. I нярэдка даказваюць. Магчыма, школьным педагогам неабходна задумацца над тым, дзе хаваюцца сiмптомы гэтай «хваробы» i чаму iх вучнi больш давяраюць незалежнаму тэсцiраванню, а не сваiм настаўнiкам, у якiх яны правучылiся 11 гадоў.

Мiж iншым, некаторыя выпускнiкi, наадварот, пераконваюцца на тэсцiраваннi ў тым, што, нягледзячы на цвёрдую «пяцёрку» ў школе, у iх ведах застаецца шмат прабелаў. Для таго, каб паступiць у ВНУ, iм прыйдзецца яшчэ нямала папрацаваць. I гэта таксама трывожны сiгнал для школы. Летась мы не праводзiлi збор iнфармацыi аб тым, колькi ўдзельнiкаў тэсцiравання скарысталiся сваiм правам i прад’явiлi ў школах вынiкi здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання, наколькi i як часта вынiкi тэсцiравання адрознiвалiся ад падагульняючай адзнакi вучняў за 11-ы клас. Але сёлета такi аналiз будзе намi праведзены.

Мы лiчым, што за тэсцiраваннем будучыня. У нашай краiне ўжо адбылася дыферэнцыяцыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыi: з’явiлiся профiльныя класы, школы з паглыбленым вывучэннем прадметаў, гiмназii, лiцэi. Да таго ж усе прызнаюць, што iснуе iстотная рознiца ў ведах сельскiх i гарадскiх абiтурыентаў. А агульнага крытэрыя, якi б можна было прымянiць для ацэнкi ўзроўню ведаў выпускнiкоў любой з навучальных устаноў, не iснуе. Тэсцiраванне, на наш погляд, найбольш прыдатны для гэтага спосаб, паколькi ён разлiчаны на масавасць i абсалютна пазбаўлены любой суб’ектыўнасцi. Тэставыя заданнi правярае не чалавек, а камп’ютар.

А паступленне ў ВНУ — гэта своеасаблiвая латарэя, дзе пра аб’ектыўнасць ацэнкi ведаў даволi цяжка гаварыць. Патлумачу, што я маю на ўвазе: напрыклад, бiлет на ўступных экзаменах змяшчае ўсяго некалькi заданняў. Да таго ж у кожнай ВНУ сваё бачанне таго, заданнi якога плана неабходна прапаноўваць сваiм абiтурыентам. А значыць, экзамен у ВНУ дае магчымасць праверыць падрыхтоўку абiтурыента толькi па асобных раздзелах школьнай праграмы.

Мы ж даём абiтурыентам больш шанцаў праявiць сябе: калi нават асобны раздзел школьнай праграмы па нейкай прычыне ў iх i «кульгае», у тэставым заданнi маецца яшчэ шмат заданняў па iншых тэмах.

— I якiя, цiкава, вынiкi прадэманстравалi сёлета ўдзельнiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання? Цi многiя з iх змогуць падаць у прыёмныя камiсii ВНУ свае сертыфiкаты?

— Пры правядзеннi тэсцiравання колькасць «нездавальняючых» i «выдатных» адзнак, як правiла, вагаецца заўсёды ў невялiкiх межах: колькасць «нездавальняючых» адзнак не перавышае 26—27 працэнтаў ад агульнай колькасцi здадзеных тэстаў, а колькасць «выдатных» — рэдка перавышае 4,5—5 працэнтаў. Такiя заканамернасцi тлумачацца асаблiвасцямi тэставых тэхналогiй. Сёлета, напрыклад, па беларускай мове адзнаку «выдатна» па пяцi- i шасцiбальнай шкале ацэнак атрымалi 575 чалавек (або 4,6 працэнта), а адзнаку «нездавальняюча» — 2913 чалавек (або 23,6 працэнта). 3570 чалавек (28,8 працэнта) атрымалi за тэст па беларускай мове адзнаку «добра» i 5328 чалавек (43 працэнта) — «здавальняюча». Такiм чынам, бачна, што прапорцыя «выдатных» i «нездавальняючых» адзнак працягвае захоўвацца.

— Як вядома, некаторыя ВНУ ўжо перайшлi на дзесяцiбальную шкалу ацэнкi ведаў абiтурыентаў. Цi зможа хтосьцi з удзельнiкаў тэсцiравання пахвалiцца атрыманай «дзесяткай»?

— Па iнструкцыях, зацверджаных Мiнiстэрствам адукацыi РБ, 10 балаў у нас можна атрымаць толькi па тэстах, якiя змяшчаюць творчыя заданнi. А такiя заданнi ўключаны толькi ў тэсты, распрацаваныя беларускiмi спецыялiстамi. Нагадаю, што ў гэтым годзе мы па-ранейшаму карысталiся расiйскiмi тэстамi па рускай мове, фiзiцы i матэматыцы. Да таго ж «дзесятка» выстаўляецца толькi пры ўмове атрымання падчас здачы тэста максiмальна магчымай колькасцi балаў — 100 балаў. А для гэтага патрэбна прадэманстраваць, нi больш, нi менш, «вышэйшы пiлатаж». Ведаў, ацэненых на «дзесятку», сёлета на тэсцiраваннi па беларускай мове не было прадэманстравана. Толькi аднаму ўдзельнiку ўдалося набраць на тэсцiраваннi 99 балаў. А вось на тэсцiраваннi па хiмii «дзесятку» атрымалi 5 чалавек.

Але дзеля справядлiвасцi заўважу, што «вышэйшы пiлатаж» неабходна прадэманстраваць i распрацоўшчыкам тэста: ад iх патрабуецца распрацаваць задачу «экстракласа» не выходзячы за аб’ём школьнай праграмы.

— Валянцiна Iванаўна, у нашу рэдакцыю паступiў калектыўны зварот ад бацькоў, дзецi якiх праходзiлi тэсцiраванне па матэматыцы на базе Брэсцкага тэхнiчнага унiверсiтэта. Яны, у прыватнасцi, цiкавiлiся, чаму ў мiнулым годзе тэст утрымлiваў 22 заданнi па матэматыцы, а сёлета iх колькасць павялiчылася да 27. Пры гэтым час для здачы тэста застаўся ранейшым?

— Для тэсцiравання па матэматыцы мы карыстаемся расiйскiм тэстам. Традыцыйна беларускiя вучнi дэманструюць на тэсцiраваннi па расiйскiх тэстах больш высокiя веды, чым выпускнiкi расiйскiх школ. Прапанаваны летась нашымi расiйскiмi калегамi тэст па матэматыцы аказаўся для беларусаў даволi лёгкiм. У вынiку ў Расii ад 71 да 100 балаў набралi на тэсцiраваннi толькi 13 працэнтаў ад агульнай колькасцi ўдзельнiкаў, а ў нас — 23 працэнты! Беларускiя навучэнцы лiтаральна «засыпалi» прыёмныя камiсii сваiмi цудоўнымi адзнакамi.

Мы не маглi прадбачыць, тэст якога ўзроўню складанасцi будзе прапанаваны нам сёлета, таму вырашылi падстрахавацца i дабавiць да яго яшчэ 5 беларускiх заданняў. Справа ў тым, што тэст заўсёды састаўляецца распрацоўшчыкамi з лiшкам для таго, каб у моцнага вучня не заставалася часу на дапамогу суседу, бо мы жадаем усё ж такi атрымаць аб’ектыўнаую карцiну ведаў людзей, якiя прыйшлi на тэсцiраванне.

Поўнасцю выканаць тэст могуць толькi адзiнкi. Але, на жаль, удзельнiкi тэсцiравання гэтага пакуль не разумеюць: калi iм не ўдаецца поўнасцю выканаць тэставыя заданнi, яны ўспрымаюць гэта як катастрофу.

— На мой погляд, тут арыфметыка простая: чым больш заданняў выканаеш, тым больш балаў i атрымаеш...

— Гэта вельмi распаўсюджаная памылка, звязаная з неразуменнем таго, як ацэньваюцца тэсты. Балы за кожнае заданне налiчваюцца зыходзячы з таго, колькi ўдзельнiкаў тэсцiравання змаглi выканаць гэта заданне (вызначаецца так званы каэфiцыент складанасцi). Калi заданне аказалася пад сiлу толькi 10 працэнтам удзельнiкаў, адпаведна яму надаецца больш высокi каэфiцыент складанасцi i за яго могуць налiчыць адразу 15 балаў. I столькi ж балаў у суме ты можаш атрымаць за iншыя пяць заданняў, таму што iх выканалi большасць удзельнiкаў тэсцiравання. Трэба не проста спяшацца, а спяшацца з розумам, рацыянальна размяркоўваць час для выканання тэста, паколькi колькасць атрыманых за тэст балаў не з’яўляецца прама прапарцыянальнай колькасцi рэшаных задач. 80 балаў, атрыманых за тэст, зусiм не азначаюць, што тэст выкананы на 80 працэнтаў.

Хачу заўважыць, што сiстэма пераводу балаў у адзнаку можа мяняцца штогод, паколькi прапанаваныя тэсты могуць аказацца больш складанымi цi, наадварот, больш лёгкiмi. Адпаведна могуць знiжацца цi, наадварот, павышацца iнтэрвалы тэставых балаў.

— У звароце ў рэдакцыю былi выкладзены таксама i заўвагi па афармленню бланкаў тэстаў. У прыватнасцi, дзецi не заўважылi, што на адваротным баку бланка змяшчаўся працяг заданняў. Цi ўбачылi, але ўжо позна, калi часу на iх выкананне практычна не засталося. Нiякiх звестак аб тым, што маецца працяг задання, на лiцавым бланку не было. Выкладчык, якi кантраляваў тэсцiраванне, аб гэтым таксама не папярэдзiў, бо сам iх не заўважыў...

— У адпаведнасцi з iнструктыўна-метадычнымi дакументамi па арганiзацыi i правядзенню цэнтралiзаванага тэсцiравання, якiя былi распрацаваныя нашым iнстытутам, у кожным пропуску, што выдаецца ўстановай адукацыi ўдзельнiку тэсцiравання, павiнна ўказвацца колькасць заданняў у тэсце па кожнаму прадмету. Але ў Брэсцкiм дзяржаўным тэхнiчным унiверсiтэце дадзенае патрабаванне не было своечасова выканана. Каб пазбегнуць неразумення навучэнцамi некаторых працэдурных пытанняў, звязаных з выкананнем тэста па матэматыцы, перад пачаткам тэсцiравання выкладчыкамi ВНУ ў большасцi аўдыторый было аб’яўлена аб колькасцi задач у тэсце i спосабах iх размяшчэння. У большасцi, але не ва ўсiх. Мы разглядалi ў iндывiдуальным парадку ўсе прэтэнзii. Дзецi прасiлi выключыць тыя заданнi, якiя яны прапусцiлi, з тэста. Але калi б мы на гэта пайшлi, то прыйшлося б выключаць гэтыя заданнi i з тэстаў усiх астатнiх удзельнiкаў тэсцiравання, а гэта амаль 18,5 тысячы чалавек. У гэтым выпадку пацярпелi б iнтарэсы большай часткi моладзi. Магу толькi паспачуваць вашым чытачам i параiць на будучыню быць больш пiльнымi на падобных iспытах. Мы не перакрылi гэтым дзецям дарогу ў ВНУ, яны могуць iсцi на ўступныя iспыты, але, напэўна, там яны ўжо больш падобных промахаў не дапусцяць.

Пры праходжаннi тэсцiравання мае значэнне нават акуратна запоўнены бланк. Любыя лiшнiя кропкi, галачкi, рысачкi камп’ютар, якi правярае здадзеныя тэставыя заданнi, можа няправiльна растлумачыць. Вымушаны канстатаваць, што многiя са школьнiкаў увогуле не маюць практыкi работы з тэстамi. Тэставыя метады ацэнкi ведаў пакуль не атрымалi ў школах шырокага распаўсюджання. Да таго ж там пакуль практычна не выкарыстоўваюцца граматна распрацаваныя тэставыя заданнi, складзеныя па ўсiх правiлах тэставых тэхналогiй, а, значыць, няма i вопыту работы з iмi. Да выканання тэставых заданняў трэба рыхтавацца загадзя. Мы публiкуем бланкi тэстаў на плакатах, вядзём растлумачальную работу, але, вiдаць, пакуль усяго гэтага недастаткова.

— Цi выказвалiся заўвагi да зместу тэставых заданняў?

— Мы прад’явiлi свае прэтэнзii расiйскiм распрацоўшчыкам тэста па фiзiцы. Там у двух варыянтах былi некарэктна сфармуляваны па адной задачы. У такiх выпадках усё вырашаецца на карысць удзельнiкаў тэсцiравання. Як i ў тых выпадках, калi па нашай вiне пры друкаваннi бланка тэста дапускаюцца нейкiя тэхнiчныя хiбы. Калi наша тэхнiчная памарка пацягнула за сабой няправiльнае выкананне задання, цi змест тэставага задання выйшаў за аб’ёмы школьнай праграмы, то мы абавязкова ўключаем кампенсацыйныя меры: залiчваем навучэнцу гэта заданне як правiльна выкананае незалежна ад яго адказу. Дарэчы, у наступным годзе мы збiраемся поўнасцю адмовiцца ад выкарыстання расiйскiх тэстаў.

— Валянцiна Iванаўна, у сценах некаторых ВНУ даводзiлася сутыкацца з вельмi асцярожнымi адносiнамi да вынiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання. Маўляў, мы давяраем толькi сваiм прыёмным камiсiям...

— Iдэя правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, вынiкi якога можна выкарыстоўваць i замест уступных iспытаў i замест выпускнога экзамена за курс сярэдняй школы настолькi прыцягальная, што пытанне аб магчымых злоўжываннях цалкам заканамернае. Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў жадаў бы ўзяць на сябе толькi функцыю распрацоўшчыкаў тэстаў i займацца метадычным забеспячэннем цэнтралiзаванага тэсцiравання. Выконваць жа функцыю кантралёраў мы проста фiзiчна не можам: у iнстытуце працуюць усяго 36 супрацоўнiкаў.

Патрабуецца сур’ёзная ўвага да гэтай працэдуры з боку ўсiх дзяржаўных структур, зацiкаўленых у вынiках тэсцiравання.

Павiнен быць створаны механiзм, якi папярэджваў бы любыя злоўжываннi на ўсiх стадыях: як на стадыi распрацоўкi тэставых заданняў, так i на стадыях атрымання тэстаў навучальнымi ўстановамi, на базе якiх праходзiць тэсцiраванне, правядзення тэсцiравання, праверкi тэстаў, выдачы сертыфiкатаў i г.д. Сiстэма павiнна зарэкамендаваць сябе як сапраўды надзейная, i калi сёння гэтага не зрабiць, то заўтра можна атрымаць адваротны эфект. Цудоўная iдэя будзе загубленая.

Вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА:

«5» — 575 чалавек (4,6 працэнта)

«4» — 3570 чалавек (28,8 працэнта)

«3» — 5328 чалавек (43 працэнта)

«2» — 2913 чалавек (23,6 працэнта)

МАТЭМАТЫКА:

«5» — 929 чалавек (4,95 працэнта)

«4» — 5682 чалавека (30,3 працэнта)

«3» — 7342 чалавека (39,1 працэнта)

«2» — 4810 чалавек (25,6 працэнта)

РУСКАЯ МОВА:

«5» — 778 чалавек (5 працэнтаў)

«4» — 4617 чалавек (29,6 працэнта)

«3» — 6441 чалавек (41,3 працэнта)

«2» — 3758 чалавек (24,1 працэнта)

ХIМIЯ:

«5» — 116 чалавек (4,8 працэнта)

«4» — 725 чалавек (29,2 працэнта)

«3» — 997 чалавек (40,1 працэнта)

«2» — 643 чалавека (25,9 працэнта)

ФIЗIКА:

«5» — 498 чалавек (4,5 працэнта)

«4» — 3315 чалавека (29,7 працэнта)

«3» — 4292 чалавека (38,5 працэнта)

«2» — 3050 чалавек (27,3 працэнта).


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыялiсты, якiя прадказвалi, што цэнтралiзаванае тэсцiраванне будзе няўхiльна набываць сярод беларускай моладзi ўсё большую папулярнасць, не памылi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика