Варыянтаў — пяць. Гiмн — адзiн
Учора скончылася галасаванне за той цi iншы варыянт Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь, у якiм мог узяць удзел кожны грамадзянiн нашай краiны. Варыянты можна было пачуць на працягу чатырох дзён па рэспублiканскаму радыё i тэлебачанню, iх тэксты былi змешчаны ў рэспублiканскiх газетах. Яшчэ да афiцыйнага абвяшчэння вынiкаў гэтага галасавання «Звязда» пацiкавiлася ў некаторых сваiх чытачоў, якой кампазiцыi яны аддалi перавагу i цi бралi ўдзел у iнтэрактыўным выбары гiмна краiны.
Валерый Гедройц, намеснiк мiнiстра культуры: — У галасаваннi я не ўдзельнiчаў. А перавагу аддаю музыцы Несцера Сакалоўскага. Што ж датычыцца слоў — пакуль не вызначыўся памiж варыянтамi Iвана Карэнды i Мiхася Клiмковiча i Уладзiмiра Карызны. Яшчэ трэба ўдумлiва прачытаць i паслухаць. Часлава Акулевiч, загадчык Гальшанскага фiлiяла Нацыянальнага мастацкага музея (Ашмянскi раён): — Я не галасавала, але калi б галасавала, дык за музыку Васiля Раiнчыка. Музыка Уладзiмiра Алоўнiкава таксама падабаецца, але «Красуй, Беларусь!» — навейшая, больш сучасная мелодыя, што, лiчу, i патрэбна такой маладой дзяржаве, як наша. А словы... Словы шчырыя ўсюды, несумненна, але нейкiя трафарэтныя. Нiна Захарэвiч, пенсiянерка, Паставы: — Усе кампазiцыi спадабалiся, усе прыгожыя. Але мне даспадобы той варыянт, якi больш наблiжаны да старога гiмна, — словы Уладзiмiра Карызны i Мiхася Клiмковiча на музыку Несцера Сакалоўскага. Гэты гiмн вяртае мяне ў юнацтва. Памятаю, як у далёкiм 49-м мы, школьнiкi, разучвалi толькi што прыняты гiмн БССР, спяваючы на працы. Самая лепшая песня, здавалася. За гэты падобны на яго варыянт i я галасавала. Дазванiлася з трэцяга разу, але ўрэшце ўпэўнiлася, што мой голас быў пачуты. Уладзiмiр Сераштан, памочнiк мiнiстра абароны па маральна-псiхалагiчнаму забеспячэнню Узброеных Сiл: — Мне найбольш спадабаўся варыянт гiмна на музыку Н. Сакалоўскага, словы М. Клiмковiча i Ул. Карызны. У нядзелю i я, i мая жонка ўзялi ўдзел у галасаваннi. Нiякiх ваганняў наконт выбару музыкi не было — названы варыянт, лiчу, найбольш адпавядае гiмну. Уважлiва праслухаўшы словы, прыняў рашэнне галасаваць менавiта за гэтых аўтараў. Яшчэ вельмi спадабалася музыка Ул. Алоўнiкава — нечым нагадвае «Патрыятычную песню» Глiнкi. Аднак гэты варыянт, на маю думку, для гiмна не зусiм падыходзiць. Аляксандр Саладуха, спявак: — У газетах словы варыянтаў гiмна не чытаў. Краем вуха чуў па тэлебачанню... Ведаеце, вельмi шмат спраў, ды яшчэ i чэмпiянат свету па футболу. Асабiста я лiчу, што не варта зацыклiвацца на старым варыянце — усё павiнна iсцi наперад. Важна, каб пэўны варыянт гiмна прыняў народ. Галоўную песню дзяржавы павiнны выбраць людзi, таму вельмi добра, што яны маюць магчымасць выказаць сваю думку i паўплываць на канчатковае рашэнне. Рыгор Сакалоўскi, намеснiк старшынi Беларускага саюза журналiстаў, паэт: — Так сталася, што ў выхадныя я быў у ад’ездзе. Варыянты гiмну пачуў па радыё ў дарозе. Найбольш спадабаўся той, дзе словы М. Клiмковiча i Ул. Карызны пакладзены на музыку Н. Сакалоўскага. Ён мне вельмi падабаецца, i зусiм не таму, што аўтар — мой цёзка па прозвiшчу (смяецца). На жаль, прагаласаваць не паспеў. Аляксандр Азарчанкаў, старшыня Камiсii па аграрных пытаннях Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi: — Праслухаў усе варыянты. Найлепшым лiчу словы I. Карэнды на музыку Н. Сакалоўскага. У прынцыпе, спадабалiся i словы З. Марозава. Канчаткова не вызначыўся, таму ўдзелу ў галасаваннi не браў. Хачу выказаць адну заўвагу: вельмi цяжка разабраць словы, калi гiмн выконвае хор. Можа, трэба было нейкi бягучы радок пусцiць па экрану? Апытанне правялi Алена ЛЯЎКОВIЧ i Сяргей ПРОТАС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора скончылася галасаванне за той цi iншы варыянт Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь, у якiм мог узяць удзел кожны грамадзянiн нашай краiны
|
|