Новая стратэгiя развiцця экспарту
У Беларусi зацверджана Нацыянальная праграма развiцця экспарту на 2006—2010 гады. Яна распрацавана Мiнiстэрствам замежных спраў i Нацыянальнай акадэмiяй навук у цесным кантакце з асацыяцыямi дзелавога супрацоўнiцтва i прадпрыемствамi-экспарцёрамi. Асноўнымi мэтамi праграмы, як паведамiлi ў прэс-службе МЗС, з’яўляюцца далейшае развiццё экспарту i павышэнне яго эфектыўнасцi.
У адпаведнасцi з першым базавым прагнозам да 2010 года плануецца павялiчыць аб’ём экспарту тавараў i паслуг у 1,55 раза — з 18,4 млрд. долараў да 28,7 млрд. (у тым лiку экспарт тавараў узрасце з 16,2 млрд. долараў да 25,2 млрд.). Па другому, больш аптымiстычнаму варыянту, у 1,8 раза — да 33,2 млрд. (29,2 млрд.). У параметры другога варыянта закладзены больш аптымiстычныя чаканнi ў адносiнах да кан’юнктуры цэн на сусветных рынках, галоўным чынам на пачатку праграмнага перыяду. У праграме зроблены акцэнт на павышэнне долi ў экспарце навукаёмiстай i высокатэхналагiчнай прадукцыi. Плануецца, што ў структуры экспарту тавараў удзельная вага iнавацыйнага экспарту да 2010 года ўзрасце з 19 да 37%. Значная ўвага будзе таксама ўдзелена iнфармацыйнаму суправаджэнню знешнеэканамiчнай дзейнасцi. Праграма арыентавана на прыярытэтнае развiццё сферы паслуг. Па базаваму варыянту прагнозу экспарт паслуг у блiжэйшай пяцiгодцы ўзрасце на 1,3 млрд. долараў (у 1,6 раза), па больш аптымiстычнаму — не менш чым на 1,8 млрд. долараў (у 1,85 раза). Прадугледжана дасягненне ўстойлiвага станоўчага сальда знешняга гандлю таварамi i паслугамi. Праграма распрацавана з улiкам уступлення рэспублiкi ў СГА i абавязацельстваў, якiя ў сувязi з гэтым узнiкаюць, станоўчага эфекту ў галiне паляпшэння доступу да экспартных рынкаў тавараў i паслуг. Для рэалiзацыi праграмы будуць уключаны такiя механiзмы, як ажыццяўленне рэгiянальных i галiновых стратэгiй развiцця экспарту. Прадугледжваецца выхад на новы ўзровень стратэгiчнага планавання — стварэнне стройнай чатырохузроўневай сiстэмы стратэгii знешнеэканамiчнай экспансii Рэспублiкi Беларусь. Гэта найперш Нацыянальная праграма развiцця экспарту на 2006—2010 гг. Прадугледжваецца далейшае развiццё iнфраструктуры экспарту, у тым лiку тавараправоднай сеткi арганiзацый-экспарцёраў. Гэта забяспечыць у 2010 годзе пастаўкi на экспарт праз прамыя аб’екты тавараправоднай сеткi не менш чым 80% прадукцыi (пры 12,5% у 2005 годзе). Будзе створана комплексная сiстэма стымулявання экспарту шляхам фармiравання эфектыўнага механiзма страхавання i крэдытавання экспартных аперацый. Плануецца адкрыццё спецыялiзаванага экспартна-iмпартнага банка на базе ТАА «Белпрамбудбанк», развiццё сiстэмы страхавання знешнегандлёвых кантрактаў. Як вядома, павышэнне канкурэнтаздольнасцi новых экспартных тавараў напрамую залежыць ад укаранення ў вытворчасць мiжнародных стандартаў, рэалiзацыi экспартаарыентаваных iнвестыцыйных праектаў. Гэтаму накiрунку таксама будзе ўдзелена належная ўвага. Мiкалай ЗОРСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi зацверджана Нацыянальная праграма развiцця экспарту на 2006—2010 гады |
|