Ходзяць чуткi, што...
Надзея НIКАЛАЕВА
...за выклiк урача прыйдзецца плацiць
Спектр платных паслуг у медыцынскiх установах сталiцы працягвае пашырацца. Ва ўсiх гарадскiх палiклiнiках можна азнаёмiцца з прэйскурантам цэн на аказваемыя медыцынскiя паслугi. I мы ўжо пачалi да гэтага прывыкаць. Тым больш што нейкi мiнiмум бясплатнай медыцынскай дапамогi нам дзяржава ўсё ж такi гарантуе. У гэты мiнiмум раней уваходзiў i выклiк урача на дом. I раптам навiна: у 10-й дзiцячай палiклiнiцы за выклiк педыятра да дзiцяцi пры адсутнасцi дастатковых падстаў для вiзiту ўрача цяпер трэба плацiць. Чуткi аб увядзеннi ва ўсiх сталiчных палiклiнiках новай платнай паслугi хутка ахапiлi ўвесь горад. Людзi састарэлага ўзросту хвалююцца, што не змогуць цяпер выклiкаць урача, паколькi iм гэта будзе не па кiшэнi. Маладыя мамы хвалююцца за тое, што з хворым дзiцем iм прыйдзецца праводзiць у чэргах да ўрача не адну гадзiну. Да таго ж наперадзе ўсiх нас чакае эпiдэмiя грыпу, а значыць, многiм прыйдзецца звяртацца па дапамогу да медыкаў. З просьбай пацвердзiць або абвергнуць чуткi наконт увядзення платы за выклiк урача наша газета звярнулася да начальнiка ўпраўлення лячэбна-прафiлактычнай дапамогi Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама Наталлi Прадко. Наталля Мiхайлаўна ў гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» падкрэслiла, што выклiк урача да хворага пацыента фактычна прыраўноўваецца да аказання неадкладнай дапамогi, а неадкладная медыцынская дапамога прадастаўляецца i будзе прадастаўляцца насельнiцтву бясплатна. Мiж iншым, урача на дом сёння даволi часта выклiкаюць беспадстаўна. Напрыклад, стан пацыента дазваляе яму прыйсцi на прыём да ўрача, але ён лянуецца iсцi ў палiклiнiку па прычыне, скажам, дрэннага надвор’я. Цi не жадае стаяць у чарзе, цi пакутуе ад пахмелля i г.д. Прасцей легчы ў ложак i чакаць. Адным словам, вiзiт урача на дом многiя мiнчане ўспрымаюць як належнае. Вось гэтай катэгорыi пацыентаў, магчыма, у будучынi прыйдзецца плаціць за беспадстаўны выклiк медыцынскага работнiка з уласнай кiшэнi. Ва ўсякiм разе, як прызналася Наталля Прадко, гэта пытанне ў Камiтэце па ахове здароўя абмяркоўвалася... Дарэчы, ў Мiнiстэрстве аховы здароўя нам давялося пачуць больш катэгарычны адказ: — Наша пазiцыя адназначная — выклiк урача да пацыента не можа стаць платнай паслугай. Даказаць, што ў пацыента не мелася дастатковых падстаў для выклiку ўрача вельмi праблематычна. Не выключана, што спрэчкi памiж урачом i пацыентам могуць давесцi да судовых разбораў, а гэта нам зусiм непатрэбна, — запэўнiў «Звязду» начальнiк Галоўнага ўпраўлення лячэбна-прафiлактычнай дапамогi Мiнiстэрства аховы РБ Аляксандр Цыбiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...за выклiк урача прыйдзецца плацiць
|
|