Калi рыбныя рэсурсы не выкарыстоўваюцца цывiлiзавана, гэтую нiшу займаюць браканьеры
Сяргей РАСОЛЬКА
Не сакрэт, што колькасць зафiксаваных выпадкаў браканьерства на вадаёмах краiны ўжо каторы год застаецца стабiльна вялiкай. Многiя парушальнiкi заканадаўства, як паказвае практыка, мiж тым, нярэдка нясуць за свае дзеяннi сiмвалiчнае пакаранне. Спецыялiсты-прыродаахоўнiкi хутка ўвогуле будуць бiць ва ўсе званы: насельнiцтву не хапае сiстэматычнага экалагiчнага выхавання. У той жа час на фоне ўкаранення новых узаемаадносiнаў памiж зацiкаўленымi бакамi ў гэтай галiне — арганiзацыi платнай аматарскай рыбнай лоўлi, арэндзе вадаёмаў — нiяк не завершыцца рэарганiзацыя органаў рыбааховы... Кожны, хто любiць беларускiя рэкi i азёры, напэўна, хаця б аднойчы задумваўся над тым, цi правiльна мы выкарыстоўваем багаццi нашай сiнявокай i што атрымаюць у спадчыну нашы нашчадкi.
На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказваюць супрацоўнiкi Дэпартамента аховы рыбных рэсурсаў i паляўнiчых вiдаў жывёл Мiнпрыроды — начальнiк аддзела па папярэджанню i выкараненню браканьерства Георгiй КАРПIЕНЯ i начальнiк аддзела рэгулявання рыбалоўства i аднаўлення рыбных запасаў Тамара БОРСУК. — З пачатку жнiўня ўступiла ў сiлу пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, згодна з якой у краiне быў забаронены свабодны продаж рыбалоўных сетак i сеткаматэрыялаў. Залiшне казаць — пацвердзiць любы аматар лоўлi — наколькi гэта патрэбная мера. Але цi будзе ад яе карысць? Карпiеня: — Цяпер набыць сеткi i сеткаматэрыялы змогуць толькi суб’екты гаспадарання, якiя маюць права на прамысловую лоўлю рыбы, прычым толькi пасля прад’яўлення адпаведнай лiцэнзii. Пералiк юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя будуць мець права рэалiзацыi сетак, зацвярджаецца аблвыканкамамi i Мiнгарвыканкамам. Пры продажы ў спецыяльны журнал уносяцца звесткi: хто пакупнiк, нумар лiцэнзii, колькасць i метраж сетак. Рэалiзацыя сетак i сеткаматэрыялаў без дазволаў аўтаматычна цягне за сабой парушэнне правiлаў гандлю, што павiнна зацiкавiць найперш праваахоўныя органы. Ранейшыя адгаворкi гандляроў, маўляў, гэта дэкаратыўныя сеткi, цi яны прызначаны для абароны хатняй птушкi ад драпежнiкаў з паветра, ужо адназначна не пройдуць. — Цi не могуць афiцыйна рэалiзаваныя сеткi потым трапiць да браканьераў? Карпiеня: — Пасля набыцця ва ўстаноўлены тэрмiн у мясцовых iнспекцыях рыбааховы на сеткi паставяць бiркi. На жаль, вельмi распаўсюджаная з’ява — крадзеж сетак. Калi ўладальнiк не здолее захаваць iх i сеткi будуць канфiскаваны ў браканьераў, яму зноў трэба будзе плацiць грошы за новыя. — У працяг тэмы i наступнае пытанне. З боку Мiнпрыроды былi падрыхтаваны прапановы па ўзмацненню барацьбы з браканьерствам. У чым iх сутнасць i калi яны будуць прыняты? Карпiеня: — Падрыхтаваны мiнiстэрствам i накiраваны на ўзгадненне Дэкрэт Прэзiдэнта «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнаму рэгуляванню ў галiне аховы навакольнага асяроддзя» прадугледжвае больш жорсткiя меры адказнасцi грамадзян за розныя парушэннi прыродаахоўнага заканадаўства. У прыватнасцi, прапануецца за здабычу рыбы цi водных жывёл без належнага дазволу або ў забаронены час цi недазволенымi прынадамi, спосабамi накладваць штраф на фiзiчную асобу ў памеры ад 5 да 50 базавых велiчынь (зараз ад 1 да 5 базавых велiчынь). За неаднаразовае невыкананне службовай асобай цi арандатарам абавязкаў па ахове ўчасткаў паляўнiчых цi рыбалоўных угоддзяў, якiя арандуюцца, што пацягнула нанясенне ўрону, прапануецца спаганяць з такой асобы штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велiчынь. Незаконнае набыццё або збыт рыбы плануецца караць штрафам у памеры ад 5 да 30 базавых велiчынь, а незаконны выраб, набыццё, захоўванне або збыт прылад для здабычы рыбы i iншых водных жывёл з сеткаматэрыялаў цi прынадаў, прынцыпы працы якiх заснаваны на выкарыстаннi электрамагнiтнага поля, гуку, — штрафам у памеры ад 20 да 50 базавых велiчынь. Думаю, на працягу месяца гэты дакумент будзе прыняты. — Цяперашнiя нормы заканадаўства не дазваляюць паспяхова змагацца з браканьерамi? Карпiеня: — У Кодэкс аб адмiнiстрацыйных парушэннях Рэспублiкi Беларусь нядаўна былi ўнесены дапаўненнi, згодна з якiмi асобныя вiды правапарушэнняў цяпер разглядаюцца ў судовым парадку. Вось апошнiя звесткi, напрыклад, з Бабруйска. За незаконную здабычу рыбы электравудай адзiн чалавек пакараны штрафам у памеры 2 базавых велiчынь (22 тысячы рублёў), iншым за лоўлю сеткамi вынесены вусныя заўвагi — з-за «малой значнасцi здзейсненага». Як вы думаеце, пасля такога «пакарання» браканьераў стане менш?.. Мiж тым, з пачатку года iнспектарамi ўжо выяўлены 19453 выпадкi браканьерства, прычым 85 працэнтаў з iх — з выкарыстаннем такiх забароненых прынадаў i спосабаў лоўлi, як сеткi, невады, электравуды (56 штук), выбуховыя i атрутныя рэчывы. Затрыманы i прыцягнуты да адказнасцi 370 парушальнiкаў Правiлаў палявання, выяўлена 1518 выпадкаў забруджвання вадаёмаў. — Наколькi вядома, адна з праблем рыбааховы — невялiкая колькасць iнспектараў, што абслугоўваюць значную тэрыторыю. Цi плануецца павялiчыць колькасць такiх работнiкаў у перспектыве? Карпiеня: — Кантроль за захаваннем Правiлаў рыбалоўства на вадаёмах краiны ажыццяўляюць 174 чалавекi. Гэта 1,5 iнспектара на адзiн адмiнiстрацыйны раён. А на iх ускладзены яшчэ i кантроль за захаваннем Правiлаў палявання i нормаў экалагiчнай бяспекi — выяўленне выпадкаў забруджвання вадаёмаў. Плануем павялiчыць колькасць iнспектараў, канешне, але нязначна. У сувязi са складанай эканамiчнай сiтуацыяй кожную штатную адзiнку даводзiцца «прабiваць» ледзь не праз Савет Мiнiстраў. Не здзiўляйцеся, гэта сапраўды так. — Але ж рыбаахова працуе на перспектыву — захаванне рыбных багаццяў! Не кажучы ўжо пра матэрыяльную выгаду зараз ад прадухiлення браканьерства... Карпiеня: — Урон ад браканьераў можа быць ускосным, i яго нярэдка цяжка падлiчыць. А зарплата супрацоўнiкам, дарэчы, не вельмi вялiкая, — рэальная рэч, яе трэба плацiць штомесяц. А ўвогуле вы маеце рацыю: на сённяшнi дзень наша галоўная мэта — папярэджанне браканьерства — зводзiцца фактычна да карных мераў, канстатацыi парушэнняў па факту. Зараз разглядаюцца розныя варыянты рэарганiзацыi органаў рыбааховы, у тым лiку — i праз стварэнне Дзяржаўнай iнспекцыi па ахове жывёльнага i раслiннага свету. — Такая вось яшчэ праблема, знаёмая многiм рыбаловам: зараз у камуфляж апрануты цi не ўсе — ад дворнiка да спецназаўца. Падаецца, форменнае адзенне для iнспектараў было б зусiм не лiшнiм, цi не так? Даводзiлася чуць скаргi: цi гэта рыбаахова цi браканьеры... Карпiеня: — Параднае адзенне колеру марской хвалi iнспектары апранаюць пры наведваннi, скажам, прадпрыемстваў — калi выяўляюцца выпадкi забруджвання навакольнага асяроддзя. Палявое адзенне — камуфляж — са знакамi адрознення i кукардай прызначана для штодзённай працы. Так, ёсць тэрмiны нашэння адзення, якiя, магчыма, не заўсёды вытрымлiваюцца. У сувязi з шэрагам рэарганiзацый нашай структуры мы не паспявалi заказваць новыя знакi адрознення... — Пытанне адносна платнай аматарскай лоўлi. Канфлiктаў памiж арандатарамi i аматарамi няма? Борсук: — Па ўмовах лiцэнзii для арандатараў, плату за аматарскую рыбную лоўлю можна браць толькi ў тым выпадку, калi створаны адпаведныя ўмовы для рыбаловаў-аматараў, у першую чаргу — зарыбленне. Калi праз 3—4 гады арандатар яго не праводзiць, гэтая лiцэнзiя ў яго скасоўваецца. Карпiеня: — У Правiлах рыбалоўства запiсана, што калi ў арандатара вадаёма няма лiцэнзii на арганiзацыю платнай аматарскай лоўлi, любы жадаючы можа бясплатна лавiць рыбу на такiх вадаёмах, але не блiжэй за 200 метраў да ўчасткаў, дзе арандатар вядзе прамысловую лоўлю. — Калi можна, хто ён — сённяшнi арандатар вадаёма? Борсук: — Калi раней 60 працэнтаў арандатараў вадаёмаў для арганiзацыi прамысловай лоўлi складалi рыбгасы, дык сёння малюнак крыху iншы. У апошнiя гады арандатарамi становяцца многiя iншыя суб’екты гаспадарання. Зараз у Беларусi 248 арандатараў, з iх 43 — iндывiдуальныя прадпрымальнiкi i сялянскiя фермерскiя гаспадаркi, 15 — лясгасы, 34 — раённыя таварыствы паляўнiчых i рыбаловаў, 51 — калгасы i саўгасы i г.д. У гэтай ролi выступаюць такiя арганiзацыi, як аграпрамтэхнiка, заводы, упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркi, нават аддзелы народнай адукацыi. Раней iмкнулiся ўзяць у арэнду найперш вялiкiя вадаёмы, цяпер — меншыя, бо iх i зарыбляць лягчэй, i кантраляваць, як з мэтай аховы, так i для арганiзацыi платнай аматарскай лоўлi, таксама значна прасцей. Сярод абласцей найбольш папулярная Брэстчына. Больш-менш прыдатныя для здачы ў арэнду вадаёмы засталiся, бадай, толькi ў Вiцебскай вобласцi. У адрозненне ад больш «цёплай» Брэсцкай вобласцi, тут халодныя вадаёмы, i зарыбленне дае меншы эфект, меншая шчыльнасць насельнiцтва i суб’ектаў гаспадарання. — Да якiх суб’ектаў гаспадарання — арандатараў вадаёмаў — у спецыялiстаў рыбааховы часцей узнiкаюць пытаннi? Борсук: — Да тых, у каго арэнда — не асноўны вiд дзейнасцi. А па форме ўласнасцi гэта можа быць любы суб’ект. За апошнi час, у прыватнасцi, у нас рэзка ўзрасла патрабавальнасць да зарыблення вадаёмаў. Тых арандатараў, якiя некалькi гадоў запар не выконваюць абавязкi па забеспячэнню лоўлi i зарыбленню, мы пазбаўляем лiцэнзii. З зарыбленнем сапраўды ёсць пэўныя праблемы. Гэта i адсутнасць грошай у арандатараў, i немагчымасць часам набыць пасадачны матэрыял. Сёння рыбгасы прапануюць пераважна зарыбленне карпам i карасём, але мы не паўсюдна гэта дазваляем. Карпа цяжка «ўзяць» прамысловай лоўляй (хiба толькi рыбаловы-аматары вылавяць), таму яго i вырошчваюць у сажалках, якiя можна спускаць. Вадаёмы маюць патрэбу ў драпежнiках — судак, шчупак, а таксама сiгавыя рыбы, вугры. Вугроў наогул можна набыць толькi за мяжой... — А наколькi ўвогуле паспяховы такi вiд дзейнасцi, як прамысловая лоўля рыбы? Борсук: — Не вельмi прыбытковы. Рэальна ў цэлым па краiне штогод браць каля 2—2,5 тысячы тон рыбы. Вынiкi мiнулага года — усяго 970 тон. Гэта зусiм не азначае, што рыбы няма. Гаворка iдзе пра дрэнную арганiзацыю прамысловай лоўлi. Скажам, аналiзуем iнтэнсiўнасць лоўлi пэўнага арандатара: за год ён праводзiў яе ўсяго 20 дзён. Невадам можна ўзяць больш рыбы, а ў нас прыкладна на 80 працэнтах вадаёмаў арандатары выкарыстоўваюць сеткi. Гэта пры тым, што частка вадаёмаў увогуле не прыстасаваная, скажам, з-за рэльефу дна, да такога спосабу здабычы рыбы. Таму можна сказаць, што сёння рыбныя рэсурсы ў прынцыпе не выкарыстоўваюцца. А калi гэтым не карыстаецца сам арандатар, нiшу займаюць браканьеры. — Цi можна такую сiтуацыю нейкiм чынам змянiць? Борсук: — Згодна з Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» выкарыстанне рыбных рэсурсаў прадугледжана менавiта праз арэнду вадаёмаў. Выкажу сваё меркаванне, хаця iснуюць i iншыя погляды. Вопыт суседнiх краiн засведчыў станоўчы вынiк выкарыстання кватавання. Гэта калi адразу аплачваецца квота на ўлоў рыбы. Атрыманыя сродкi можна адразу накiроўваць на зарыбленне. А пры арэндзе, як мы ўжо гаварылi, вадаём, здаецца i выкарыстоўваецца, але рэальныя лiчбы ўлову адрознiваюцца ад тэарэтычных, г.зн. рэсурс фактычна не выкарыстоўваецца. Думаю, што да кватавання, прынамсi на вялiкiх вадаёмах, мы ў рэшце рэшт прыйдзем. — Напрыканцы размовы апошняе пытанне. Раскажыце, калi ласка, пра цяперашнi стан экалогii беларускiх вадаёмаў. Карпiеня: — Апошнiм часам, улiчваючы тыя акалiчнасцi, што асобныя прадпрыемствы працуюць не на поўную магутнасць, узровень забруджанасцi нашых вадаёмаў стабiлiзаваўся i нават скарацiўся. Тым не менш, з пачатку года выяўлена 1518 выпадкаў забруджвання i засмечвання вадаёмаў i прыбярэжных палос. Карыстаючыся выпадкам, хацелася б папярэдзiць грамадзян, аўтаўладальнiкаў аб недапушчэннi мыцця транспарту на берагах вадаёмаў, стварэння несанкцыянiраваных звалак смецця паблiзу iх. Гэта вядзе да пагаршэння якасцi вады, а ў канчатковым вынiку — да скарачэння рыбных рэсурсаў. — Дзякуй за iнтэрв’ю.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не сакрэт, што колькасць зафiксаваных выпадкаў браканьерства на вадаёмах краiны ўжо каторы год застаецца стабiльна вялiкай. Многiя парушальнiкi закана |
|