«У якi дзень парышся, у той дзень не старышся»
Лазня ва ўсе часы i ва ўсiх народаў здаўна лiчыцца адным з папулярных i карысных сродкаў аздараўлення арганiзма. Яна служыць для прафiлактыкi прастудных, сардэчна-сасудзiстых хвароб, хвароб апорна-рухальнага апарата. У Японii, напрыклад, шырока выкарыстоўваецца дамашняя лазня «афура» — басейн i бочка з гарачай вадой (тэмпература 40—42°С i вышэй), якую японцы прымаюць штодзённа памiж 18 i 19 гадзiнамi. Турэцкiя лазнi «хамаш» маюць сваю спецыфiку. У iх наведвальнiкi саграваюцца i распарваюцца на лежаку з гарачага мармуру, пакрытага ручнiком, затым iм робяць iнтэнсiўны масаж, мыюць мыльнай пенай пры дапамозе шорсткай валасяной рукавiцы i потым аблiваюць халоднай вадой. У фiнскай лазнi, цi сауне, тэмпература паветра дасягае 130—150°С пры нiзкай вiльготнасцi — да 10—15 працэнтаў. Працэс сагравання ў сауне паўтараецца 2-3 разы па 5—20 хвiлiн, суправаджаецца моцным потавыдзяленнем, пасля чаго прымаецца халодны душ. У рускай лазнi палiцца печ з камянямi, на распаленыя камянi вылiваецца вада, дзякуючы чаму дасягаецца высокая вiльготнасць. Працэс парання працягваецца 10—15 хвiлiн. Першыя 5—7 хвiлiн цела саграваецца i адбываецца нязначнае выдзяленне поту. Да 10—12-й хвiлiны, асаблiва пры бiццi цела гарачым мокрым венiкам, потавыдзяленне павялiчваецца. Пасля двухразовага паўтарэння працэдуры абавязкова трэба аблiцца халоднай вадой.
У народнай медыцыне асаблiвая ўвага ўдзяляецца венiкам, з якiмi парацца ў лазнi. Бярозавы, напрыклад, супакойвае нервовую сiстэму, знiмае боль, паскарае зажыўленне ран i сiнякоў. Такiя венiкi нарыхтоўваюць з маладых бярозак. Галiнкi зразаюць з некалькiх дрэў, робяць гэта ў першай палове лета, калi лiст дастаткова добра трымаецца, у добрае надвор’е. Аматары лазнi, якiя хочуць добра прагрэцца, нагнятаючы на цела моцны жар, аддаюць перавагу дубовым венiкам. Вучоныя даказалi, што лiсце дуба выдзяляе лекавыя рэчывы, якiя здольны панiжаць цiск у гiпертонiкаў. Дубовы венiк добра ўздзейнiчае на тлустую скуру, робячы яе пругкай. Венiкi з пiжмы i рабiны могуць павышаць артэрыяльны цiск, таму прымяняюцца людзьмi, у якiх назiраецца гiпатанiя. Можна выкарыстоўваць змешаныя венiкi: да бярозавых галiнак дабаўляць дубовыя, лiпавыя, эўкалiптавыя, парэчкавыя, а таксама палын i мацярдушку. Рэкамендуюцца венiкi з крапiвы, бо ў ёй утрымлiваецца многа жалеза, вiтамiнаў i iншых карысных рэчываў. Запараныя ў цёплай (не ў гарачай) вадзе маладыя галiнкi крапiвы выклiкаюць лёгкае паколванне, цела ружавее, але пухiроў не бывае. Такiя венiкi добрыя пры болях у паяснiцы, мышцах, суставах. Шкада, што венiкi з крапiвы ў запас не нарыхтоўваюцца, таму iмi можна карыстацца ў асноўным вясной, дакладней — у час цвiцення крапiвы. Калi вы сабралiся ў лазню ўсё роўна з якiм венiкам, лёгкай вам пары!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лазня ва ўсе часы i ва ўсiх народаў здаўна лiчыцца адным з папулярных i карысных сродкаў аздараўлення арганiзма
|
|