Не ўсё тое золата, што блiшчыць
Барыс ПРАКОПЧЫК
Купiць саджанцы пладовых дрэў у Гродне — не праблема. У мiнулыя выхадныя на Цэнтральным рынку можна было атаварыцца на любы густ i практычна ў любой колькасцi, ды i цана не надта «кусалася»: за аднагадовую яблыньку прасiлi ў сярэднiм 6-7 тысяч рублёў. Гандляры бойка рэкламавалi сваю прадукцыю, аднак, як кажуць, не ўсё тое золата, што блiшчыць.
Звярнуў увагу на жанчыну, якая ўсё прыглядалася да назваў саджанцаў, распытвала прадаўцоў, але нiяк не адважвалася зрабiць выбар. Аказалася, што гадоў пяць назад яна, таксама на рынку, купiла два дрэвы, ды толькi з розным вынiкам: адна яблыня цалкам апраўдала выдадзеныя ёй гандляром «авансы», а з другой — нiякага толку, выкiнутыя грошы i марныя клопаты. Што важна ведаць, каб не паўтарыць гэты горкi вопыт? Вось якiя парады дае Станiслаў Данiлевiч, дырэктар сумеснага прадпрыемства «Аграфутур», якое займаецца яблыкамi (больш як 100 тысяч дрэў) у Гродзенскiм раёне: — Па дрэву цяжка вызначыць сорт яблыкаў, а таму саджанцы трэба купляць не ў выпадковых людзей, а ў пiтомнiках, непасрэдна ў садах. Тады будзеце ўпэўненыя, што вас не падмануць. Прычым не раiў бы захапляцца замежнымi сартамi, паколькi ёсць вельмi добрыя беларускiя (i асеннiя, i зiмовыя), якiя лепш адаптаваныя да нашых умоў. Часта пытаюцца, якiм жа дрэвам аддаць перавагу: звычайным, «дзедаўскiм» альбо нiзкарослым, так званым «карлiкам». Адназначна не адкажаш. Апошнiя — гэта дрэвы iнтэнсiўнага садоўнiцтва. Што гэта значыць? Догляд, догляд i яшчэ раз догляд. Але ж многiя прывыклi: пасадзiў яблыню, увесну падышоў да яе, «павiтаўся» i — да сустрэчы восенню, калi будзе ўраджай. Акрамя таго, не кожны псiхалагiчна падрыхтаваны да таго, што дрэва можа выпрацаваць свой рэсурс, i пасля пятнаццацi гадоў максiмальнай ураджайнасцi яго трэба выкарчаваць, замянiўшы новым цiкавым сортам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Купiць саджанцы пладовых дрэў у Гродне — не праблема
|
|