Мiкалай Дамашкевiч: «Развiццё коннага спорту павiнна выйсцi на якасна новы ўзровень»
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Зацверджана маштабная праграма развiцця коннага спорту ў Беларусi. Яе выканаўцамi вызначаны мiнiстэрствы спорту i турызму, адукацыi, Федэрацыя прафсаюзаў, грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя коннага спорту» (БФКС) i аблвыканкамы.
Як паведамiла на пазачарговай канферэнцыi БФКС дзяржаўны трэнер па коннаму спорту Мiнспорту Наталля Юранава, раней конны спорт не адносiўся да разраду прыярытэтных, адпаведнымi былi i ўкладаннi. Зацверджаная праграма па развiццю коннага спорту больш напружаная, чым меркавалася спачатку. Так, калi раней быў запланаваны толькi ўдзел нацыянальнай каманды ў Алiмпiядзе-2008 (яна адбудзецца ў Пекiне), то зараз перад спартсменамi ставiцца задача заваяваць медаль. Паводле слоў Наталлi Юранавай, «гэта, канешне, больш напружаная мэта, якой магчыма дасягнуць толькi пры ўмове належнага выканання ўсiх адпаведных мерапрыемстваў». Плануецца, што для ўдзелу ў выступленнях у кожным з вiдаў спаборнiцтваў па коннаму спорту (па выездцы i трохбор’i) будзе разгледжана не менш чым па 10 кандыдатур спартсменаў. Аднак узнiкае iншае пытанне. Як адзначыла Наталля Юранава, зараз ёсць толькi 2 канi, якiя ў адпаведнасцi са спецыяльнымi патрабаваннямi могуць разглядацца як кандыдаты на ўдзел у Пекiнскай алiмпiядзе. Iх трэба тэрмiнова набываць. Паводле iнфармацыi мiнiстра спорту i турызму Аляксандра Грыгарава, на гэтыя мэты ўжо выдзелена каля 0,5 мiльёна еўра. Палову сумы складаюць пазабюджэтныя сродкi. Як сказаў Аляксандр Грыгараў, падчас падрыхтоўкi да Алiмпiяды неабходна правесцi стажыроўку трэнераў за мяжой. Мiнiстр лiчыць, што запрашаць легiянераў немэтазгодна, больш прадуктыўны шлях — рыхтаваць айчынных спецыялiстаў. Таксама плануецца правесцi трэнiроўкi нашых спартсменаў-коннiкаў у лепшых замежных клубах. Дарэчы, i айчынная база коннага спорту ў блiжэйшы час будзе значна ўзмоцнена. На яе развiццё налета плануецца выдзелiць дзесьцi 4 мiльярды рублёў. Як адзначыў Аляксандр Грыгараў, трэба адраджаць былыя традыцыi коннага спорту. Паводле слоў старшынi Мiнскага аблвыканкама Мiкалая Дамашкевiча (ён зараз узначальвае Беларускую федэрацыю коннага спорту), неабходна, каб спартсмены як мага больш удзельнiчалi ў спаборнiцтвах, такiм чынам можна будзе правесцi больш дакладны адбор кандыдатур для ўдзелу ў Алiмпiядзе. Мiнскi аблвыканкам прыняў рашэнне, што за алiмпiйскi медаль трэнер i спартсмен атрымаюць па катэджу ў Мiнскiм раёне (дарэчы, кошт такой сядзiбы складае 40—70 тысяч долараў). — Развiццё коннага спорту павiнна выйсцi на якасна новы ўзровень, — лiчыць Мiкалай Дамашкевiч. — Належныя ўмовы для гэтага будуць створаны. Вялiкую ўвагу (акрамя ўласна спартыўных пытанняў) плануем удзялiць развiццю айчыннай конегадоўлi. Праз 4 гады мы павiнны прадаваць за мяжу сваiх коней i зарабляць прыстойныя грошы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зацверджана маштабная праграма развiцця коннага спорту ў Беларусi. Яе выканаўцамi вызначаны мiнiстэрствы спорту i турызму, адукацыi, Федэрацыя прафсаю
|
|