Беларусь i iдэi ўстойлiвага развiцця
Iван БАРАНОЎСКI
26 жнiўня ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублiцы, у Йаганесбургу, пачаў сваю работу Сусветны самiт па ўстойлiваму развiццю. Напярэдаднi гэтай даты ў Навукова-даследчым эканамiчным iнстытуце Мiнiстэрства эканомiкi адбылася прэзентацыя Нацыянальнай справаздачы аб прагрэсе ў галiне ўстойлiвага развiцця Рэспублiкi Беларусь. Падчас прэзентацыi выступiў рэзiдэнт-каардынатар ААН/ПРААН у нашай краiне Нiл Буне, якi пры гэтым даў добрую ацэнку прадстаўленай Нацыянальнай справаздачы, а таксама коратка спынiўся на асобных праблемных момантах, што маюць адносiны да iдэй i прынцыпаў устойлiвага развiцця.
Аднак што сабой уяўляюць гэтыя iдэi i прынцыпы, увогуле — што трэба разумець пад сусветным рухам «устойлiвае развiццё»? На пытаннi «Звязды» адказвае кансультант праекта па забеспячэнню распрацоўкi нацыянальнай стратэгii ўстойлiвага развiцця краiны Пётр ДАЎГАВЕЧНЫ. — Пад устойлiвым развiццём любой краiны трэба разумець такое яе развiццё, якое задавальняе патрэбнасцi цяперашняга пакалення, цяперашняга часу, але пры гэтым не ставiць пад пагрозу здольнасцi будучых пакаленняў задавальняць ужо iх уласныя патрэбнасцi. Паняцце «ўстойлiвае развiццё» ахоплiвае сабой комплекс пытанняў, якiя датычаць чалавечага iснавання. Гэта пытаннi эканамiчнага развiцця, пытаннi сацыяльнага плана (у прыватнасцi, пытаннi нараджальнасцi, аховы здароўя, беднасцi i г.д.), пытаннi ашчадных адносiнаў да ўсiх прыродных рэсурсаў, увогуле пытаннi экалогii i iншыя. Падкрэслю: iдэi i стратэгiя ўстойлiвага развiцця прадугледжваюць менавiта комплекснае вырашэнне ўсiх гэтых пытанняў у iнтарэсах чалавека, без адрыву iх адзiн ад аднаго. — I як у гэтым плане выглядае наша краiна, у прыватнасцi, згодна з той жа справаздачай? Увогуле, мы адпавядаем прынцыпам устойлiвага развiцця? — Так. Нават нягледзячы на тое, што краiна знаходзiцца ў стадыi пераходнай эканомiкi. Дарэчы, Беларусь першай з краiн СНД распрацавала нацыянальную стратэгiю ўстойлiвага развiцця. Iншая справа, што не ўсё атрымалася з выкананнем гэтай стратэгii. Аднак ёсць безумоўныя дасягненнi. Так, у нас няблага вырашаюцца пытаннi экалогii. Пры гэтым наша краiна з’яўляецца донарам усёй Еўропы па кiслароду — у першую чаргу дзякуючы сваiм балотам, iх вялiкай ачышчальнай здольнасцi. Мы апошнiм часам пачалi больш беражлiва ставiцца да балот, менавiта якiя больш за ўсё i «пастаўляюць» усiм нам лёгкае, чыстае, добрае паветра... — Пётр Iванавiч, гэта, вядома, добра, што мы маем такое паветра i адпаведным чынам клапоцiмся пра яго чысцiню, але для ўсiх нас, думаецца, гэтага яўна недастаткова. Усё ж, вiдаць, на першае месца трэба ставiць пытаннi сацыяльна-эканамiчнага развiцця, а ў гэтым плане ў нас нямала праблем... — Перш за ўсё яшчэ раз зазначу: што датычыць iдэй устойлiвага развiцця, усе пытаннi, што называлiся вышэй, трэба разглядаць толькi ў комплексе. Ёсць такое паняцце, як «iндэкс чалавечага развiцця». Дык вось, згодна з гэтым iндэксам мы выглядаем у свеце вельмi няблага, у прыватнасцi, знаходзiмся на 66-м месцы сярод iншых краiн, пры гэтым, па сутнасцi, апярэдзiлi ўсе краiны СНД. Што гэтаму садзейнiчала? У першую чаргу iнтэлектуальны ўзровень насельнiцтва нашай краiны, высокi ўзровень адукацыi. Разам з тым, сапраўды, калi браць пытаннi сацыяльна-эканамiчнага плана, у нас тут нямала праблем, якiя, дарэчы, названы i ў Нацыянальнай справаздачы. I перш за ўсё трэба назваць тут праблему беднасцi: каля 40 працэнтаў насельнiцтва краiны знаходзiцца менавiта на ўзроўнi беднага iснавання, або з узроўнем даходаў, якi нiжэйшы за мiнiмум пражытачнага бюджэту. У сувязi з гэтым як нам трэба развiвацца? Вядома ж, ва ўмовах належнай эканамiчнай свабоды — з тым, каб у кожнага грамадзянiна краiны было значна болей магчымасцяў для самавыяўлення, з тым каб кожны змог знайсцi сродкi i спосабы для самаабагачэння, не закранаючы пры гэтым будучых iнтарэсаў сваiх сыноў i ўнукаў. Такiм чынам, задача ў гэтым плане перад намi наступная: забяспечыць эканамiчную свабоду, свабоду прадпрымальнiцтва, свабоду самавыяўлення ў чалавечых адносiнах з тым, каб кожны жыў годна, i не зрабiць пры гэтым памылкi спажывальнiцтва, якая датычыць перарасходу прыродных рэсурсаў. Лозунг тут можа быць такi: ва ўсiм рацыянальнасць i ўмеранасць, здаровы сэнс. Належныя ўмовы для развiцця прадпрымальнiцтва i прыватнай iнiцыятывы, вядома, павiнна забяспечыць нам дзяржава — гэта з аднаго боку, а з другога — кожны, хто займаецца тым жа прадпрымальнiцтвам, павiнен добра разумець сваю меру адказнасцi перад цяперашнiм i будучымi пакаленнямi за эксплуатацыю прыродных рэсурсаў. Усё тут павiнна быць добра збалансавана. Гэта павiнен быць баланс эканомiкi i экалогii, баланс сённяшнiх патрэбнасцяў i будучых магчымасцяў... Так выглядаюць iдэi i прынцыпы ўстойлiвага развiцця. А цяпер вернемся да прэзентацыi адпаведнай Нацыянальнай справаздачы — з тым каб перадаць асобныя думкi, якiя на ёй прагучалi, i, у прыватнасцi, думкi адносна развiцця эканомiкi. Як адзначалася, эканомiцы нашай краiны не стае iнтэграцыi ў сусветную эканомiку. Пры гэтым арыентацыя толькi на ўласныя рэсурсы вялiкага прагрэсу краiне не прынясе, увогуле — для больш устойлiвага развiцця трэба ў поўнай меры ўлiчваць станоўчыя бакi цяперашняй глабалiзацыi эканомiкi. На прэзентацыi справаздачы таксама падкрэслiвалася: эканомiка краiны поўнасцю вычарпала экстэнсiўны шлях развiцця, i трэба пераходзiць да iнтэнсiўных шляхоў. Адной з галоўных праблем у гэтым плане з’яўляецца недахват iнвестыцыйных рэсурсаў, якiя, тым не менш, краiне трэба знайсцi. Падчас прэзентацыi Нацыянальнай справаздачы аб прагрэсе ў галiне ўстойлiвага развiцця закраналiся таксама пытаннi постчарнобыльскай тэматыкi (яны закранаюцца i ў самой справаздачы) i iншыя. З асобнымi раздзеламi гэтай справаздачы наша газета пазнаёмiць чытачоў у наступных публiкацыях. Для даведкi. Дзесяць гадоў таму ў Рыо-дэ-Жанейра адбылася Канферэнцыя ААН па навакольнаму асяроддзю i развiццю. На ёй на аснове агульнай згоды, дасягнутай урадамi 179 краiн свету, быў прыняты «Парадак дня на ХХI стагоддзе», або праграма сусветнага супрацоўнiцтва, накiраваная на дасягненне ўзаемазвязаных мэтаў — забеспячэнне дабрабыту людзей, высокай якасцi навакольнага асяроддзя i збалансаванага развiцця эканомiкi. Гэта Канферэнцыя i садзейнiчала распаўсюджванню iдэй устойлiвага развiцця ва ўсiх краiнах свету. Цяперашнi самiт, якi праходзiць у гэтыя днi ў Йаганесбургу, мае на ўвазе актывiзаваць усю адпаведную работу, пашырыць мiжнароднае супрацоўнiцтва па ўсiх аспектах «Парадку дня на ХХI стагоддзе», кансалiдаваць намаганнi па забеспячэнню мэтаў устойлiвага развiцця.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
26 жнiўня ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублiцы, у Йаганесбургу, пачаў сваю работу Сусветны самiт па ўстойлiваму развiццю
|
|