«Падпiшуся на «Звязду» хоць за паўмiльёна...»Вось спытайце, што самае дарагое ў газеты? I мы з адказам разгубiмся. Бо тут i яе iмя, i гiсторыя, i традыцыi, i калектыў... I ўсё ж гэта (як нi крыўдна згаджацца)... нiшто без вас, без вялiкай сям’i падпiсчыкаў. «Хоць са спазненнем, вiншую ўсiх з 85-годдзем газеты. Чытаю. Паважаю. Аляксандр Кунцэвiч» (Круглянскi раён). «Мяне завуць Лук’яненка Таццяна Мiкалаеўна. Жыву ў Калiнкавiчах. Мне 13 гадоў. Я хачу прыняць удзел у вашым конкурсе, бо ён мне вельмi падабаецца». «Выпiсваю «Звязду» з 1964 года. I ўвесь час за свае грошы. Прымiце мае прапановы: раптам хоць адзiн раз падпiшуся за вашы? Жарт. Вiктар Яновiч» (Ваўкавыск). Зрэшты, чым-чым, а шматслоўем удзельнiкi конкурсу не стамляюць: ёсць здымак, ёсць прапановы. Па сутнасцi. Астатняе, як кажуць, за кадрам. Ну, то няхай там i будзе. А мы — слухаем пастаянных удзельнiкаў: «Беспрацоўя ў нас няма. Якасць? Гарантуем... Учора здалi мы аб’ект, Сёння — рамантуем» «У спякоту — не бядуй, Спосаб — самы танны: Налiвай сюды ваду I сядзi ў «ванне». Вiталiй Лапiцкi, Бабруйск. А мо i не ванна гэта? «Класцi ўмею, крыць i гнуць... Ад спраў — не ўцякаю; А як дзiрку трэ заткнуць, — Мною затыкаюць». Сцяпан Кухарчук, Iвацэвiчы. Паводле версii Уладзiмiра Томкавiча з Вiлейкi i Мiкалая Старых з Гомеля — гэта наогул... жытло: «Закончаць хлопцы гэны гмах, А потым мне накрыюць дах». «Грошай мае шмат Пахом: Ён будуе сабе дом. I не мае iх Яўген: Будзе жыць як Дыяген». Цэлую гiсторыю ўбачыў на здымку Б. Гусько з Асiповiч. «Ясь купiў старэнькi дом, Невялiкi... Танна... А з рамонтам — у трубу I... няма пытання». «Нагiнацца, спiну гнуць Не ў маiм характары. Цi ж я дурань працаваць? Хай працуюць трактары», — вырашыў за героя здымка В.М. Федарака (Скiдаль). Шмат версiй падказала чытачам надвор’е: «Сонца палiць, як на згубу, Без вады ржавеюць трубы... Я ў адной з iх пасяджу: Можа, Бог пашле дажджу?». А. Кудравец, Гродна. «Не з таго прыйшоў я свету I заўчасна не ўцяку. Пакуль спёка — адсядзецца б На будоўлi ў цяньку». А. Тарасiк, Мiнск. А вось гэтыя радкi дыктавала, вiдаць, само жыццё: «Цяжэйшых часiн мы не зналi (Не знаць бы, унук, i табе): Як хлопцы ў трубу выляталi I доўга сядзелi ў трубе». В. Яновiч, Ваўкавыск. Ад яго ж i радкi загалоўка: «Падпiшуся на «Звязду» Хоць за паўмiльёна. Можа, я ў трубе знайду Скарб Напалеона?». ...Вось у гэтым месцы, шчыра кажучы, i хацелася паставiць кропку. Бо аб падпiсцы чытачам напомнiлi, самi сябе (чужымi вуснамi) пахвалiлi (добрая ж газета, калi паўмiльёна не шкада?). Заставалася хiба што пажадаць вам знайсцi гэты самы скарб i... аб’явiць перапынак. Ну сапраўды ж: восень — работ восем, дзецi ў школу, бульба. Але на стол лёг здымак i думаць заклiкаў не толькi пра зямное, але i пра вечнае... Думайце. Пiшыце. Валянцiна ДОЎНАР. Фота Вiт. АМIНАВА. P.S. Пераможцам «трубадзельскага» конкурсу прызнаны падпiсчык з 1964 года Вiктар Яновiч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось спытайце, што самае дарагое ў газеты? I мы з адказам разгубiмся. Бо тут i яе iмя, i гiсторыя, i традыцыi, i калектыў... |
|