21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аляксандр ВАЙТОВIЧ: «ПАРЛАМЕНТАРЫЯМ НЕАБХОДНА ПРАЦАВАЦЬ БОЛЬШ АКТЫЎНА I ТВОРЧА»

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

НАПЯРЭДАДНI СЕСII

Лета не стала ў Беларусi парой палiтычнага зацiшша. Менавiта на гэты час прыпалi даволi гучныя заявы прэзiдэнтаў Расii i Беларусi адносна будучынi iнтэграцыi i саюзнага будаўнiцтва. Палiтычная элiта, такiм чынам, атрымала гарачую тэму для каментарыяў. Не засталiся ў баку ад гэтага працэсу i парламентарыi. А мяркуючы па тым, што нават на нядаўнiм пасяджэннi Савета Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii гэтая тэма была ў цэнтры ўвагi, яе актуальнасць толькi павялiчваецца. Прычым зараз размова ўжо iдзе аб тым, як пераадолець крызiснае становiшча. З гэтай тэмы я пачаў гутарку i падчас сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi Аляксандрам ВАЙТОВIЧАМ.

— Аляксандр Паўлавiч, у сувязi з тым, што ў Мiнску iшла размова пра ролю парламенцкага аб’яднання ў вырашэннi ключавых праблем iнтэграцыi, хацелася б ведаць вашу ацэнку ўзнiкшых непаразуменняў i ваша бачанне ролi парламентарыяў у iх вырашэннi.

— Калi пра беларуска-расiйскiя адносiны меркаваць па публiкацыях у СМI i па надзвычай эмацыянальных выказваннях некаторых палiтыкаў, то сапраўды можа па-дацца, што беларуска-расiйскiя адносiны сапсавалiся. Але эмоцыi — не лепшы дарадца ў сённяшняй сiтуацыi. Мне здаецца, трэба менш звяртаць на iх увагi, менш засяроджвацца на нейкiх уяўных супярэчнасцях, а працягваць пачатую справу. Так, прэзiдэнт Расii сказаў пра тры магчымыя варыянты пабудовы Саюзнай дзяржавы. (Дарэчы, я даўно прытрымлiваюся думкi, што тэрмiн «Саюзная дзяржава» ў свой час быў выбраны няўдала i не адпавядае сутнасцi беларуска-расiйскага саюза.) Уладзiмiр Пуцiн гэта зрабiў, напэўна, па той прычыне, што дакладнай схемы пабудовы Саюзнай дзяржавы не было, паколькi ў дзеючым дагаворы некаторыя моманты дакладна не прапiсаныя. Таму заяву расiйскага прэзiдэнта трэба разглядаць спакойна. Мы ў Беларусi лiчым, што iнтэграцыя павiнна будавацца толькi на аснове захавання дзяржаўнага суверэнiтэту краiны, хаця i ўсведамляем, што нейкую частку паўнамоцтваў падчас гэтага працэсу нашы дзяржаўныя органы, магчыма, аддадуць наднацыянальным. Непазбежнасць гэтага мы можам бачыць на прыкладзе таго ж Еўрасаюза. А ўвогуле галоўным у Саюзнай дзяржаве, на мой погляд, з’яўляецца не палiтычная абалонка, а стварэнне роўных эканамiчных умоў. Гэта якраз тое, што дазволiць вырашыць галоўную задачу, дзеля якой задумвалася iнтэграцыя, — павысiць дабрабыт грамадзян Беларусi i Расii. Калi мы ствараем адзiныя чыгуначныя тарыфы, аднолькавыя мытныя правiлы, зблiжаем падатковыя сiстэмы, то рэальна крочым да дасягнення гэтай мэты. А верхам мяркуемай адзiнай эканамiчнай прасторы павiнна стаць адзiная грашовая адзiнка...

— Дарэчы, погляды беларускiх i расiйскiх экспертаў менавiта па гэтаму пытанню iстотна адрознiваюцца. Сёння некаторыя палiтыкi нават сцвярджаюць, што Беларусь не здолее пагадзiцца на невыканальныя ўмовы Расii i адмовiцца ад iдэi з адзiнай валютай. Вы дапускаеце разгортванне падзей у такiм накiрунку?

— Безумоўна, пытанне з грашовай адзiнкай трэба вырашаць так, каб гэта задавальняла абодва бакi. Калi гэтага не будзе, то i пагаднення аб адзiнай валюце нам не бачыць. А наколькi доўга працягнецца перамоўны працэс — зараз цяжка сказаць. Еўрасаюз вырашаў гэтую задачу вельмi доўга. Зараз там створаны адзiны эмiсiйны цэнтр — Еўрапейскi цэнтральны банк, якiм кiруе Савет кiраўнiкоў, дзе прадстаўлены ўсе краiны. Але справа ў тым, што ў склад ЕС уваходзяць паўтара дзесятка краiн — i адносна вялiкiх, i параўнальна малых. Там больш збалансавання сiстэма. У нас жа зблiжаюцца толькi дзве краiны, прычым вельмi розныя па памерах, па колькасцi насельнiцтва, па эканамiчнаму патэнцыялу. Таму шлях Еўрасаюза нам не зусiм падыходзiць. Мы вымушаны шукаць iншы, ствараць такую сiстэму, каб iнтарэсы абодвух партнёраў выконвалiся аднолькава i нi ў аднаго з iх не было падстаў для трывогi за суверэнiтэт.

— Нядаўна вы вярнулiся з Астаны, дзе ўдзельнiчалi ў пасяджэннi Мiждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, дзе таксама абмяркоўвалася пытанне адзiнай валюты. Калi грамадзяне Беларусi адчуюць рэальныя вынiкi функцыянавання ЕўрАзЭС?

— Так, у ЕўрАзЭС таксама ўжо ставiцца пытанне аб неабходнасцi стварэння адзiнай грашовай адзiнкi. У прыватнасцi, зроблена прапанова аб пераходзе на адзiную валюту пры разлiках у гандлi памiж краiнамi, якiя ўваходзяць у склад ЕўрАзЭС. Зразумела, што наступным крокам, пэўна, будзе размова пра паўнавартасную грашовую адзiнку, бо агульная эканамiчная прастора не можа лiчыцца завершанай без гэтага атрыбута. I ў мяне зараз узнiкаюць думкi пра тое, хто хутчэй дойдзе да гэтай грашовай адзiнкi: беларуска-расiйская Саюзная дзяржава цi ЕўрАзЭС? У супольнасцi ўдзельнiчаюць пяць дзяржаў, i гэтая структура з’яўляецца больш ураўнаважанай, у ёй больш гарантый для захавання iнтарэсаў кожнай з краiн. Хаця трэба прызнаць, што для Беларусi ўсё роўна не Таджыкiстан, не Кыргызстан i не Казахстан, а па-ранейшаму Расiя адыгрывае больш важную ролю, паколькi аб’ём гандлю з ёй непараўнальна большы. I гэты дысбаланс у нашым гандлi з рознымi партнёрамi па ЕўрАзЭС рэальна iснуе i вызначае нашы прыярытэты. Вось калi б да ЕўрАзЭС далучылiся Украiна i Малдова, якiя зараз маюць статус назiральнiкаў, то эфект быў бы яшчэ больш адчувальным для гандлю, эканомiкi i нашых грамадзян. Мiж тым, стварэнне адзiнай мытнай прасторы, увядзенне адзiнага падатковага пасведчання, зблiжэнне тарыфаў, адзiны стандарт абазначэння тавараў, каардынацыя дзеянняў пры далучэннi да СГА i iншыя крокi ЕўрАзЭС аказваюць станоўчы ўплыў у цэлым на эканомiку пяцi краiн.

— Вядома, што наступная сустрэча ў межах Мiжпарламенцкай асамблеi ЕўрАзЭС пройдзе ў пачатку лiстапада ў Душанбе. Якiя спадзяваннi Вы на яе ўскладаеце?

— Як вы ведаеце, ЕўрАзЭС быў створаны на аснове Мытнага саюза. Адпаведна, i Мiжпарламенцкая асамблея стала пераемнiцай Мiжпарламенцкага камiтэта. Зараз МПА да канца яшчэ не сфармiраваная, i сустрэча ў Душанбе будзе па сутнасцi першым паўнацэнным пасяджэннем абноўленай мiжпарламенцкай структуры. Вызначаны дэпутацкiя квоты: Расiя будзе мець 28 дэпутатаў, Беларусь i Казахстан — па 14, Кыргызстан i Таджыкiстан — па 7. А парадак дня прадугледжвае пераважна вырашэнне кадравых пытанняў i выбранне кiруючых органаў. Праўда, на сесii будуць засядаць i пастаянныя камiсii, якiя будуць разглядаць мадэльныя законы.

— Наколькi я ведаю, зараз вы з’яўляецеся кiраўнiком асамблеi?

— Так, пакуль я. Але Беларусь ужо чатыры гады старшынствуе ў гэтай структуры, хаця ў палажэннi пра Мiжпарламенцкую асамблею напiсана, што краiна ўзначальвае яе адзiн год. Такiм чынам, Беларусь павiнна вызвалiць крэсла кiраўнiка.

— Праз некалькi дзён пачне работу шостая сесiя Савета Рэспублiкi. Раскажыце, калi ласка, пра яе асаблiвасцi.

— Адным з галоўных пытанняў будучай сесii, безумоўна, стане закон аб бюджэце на наступны год. На жаль, яго прадстаўленне ў парламент зацягваецца. Прычым такая карцiна назiраецца штогод, хаця ў законе аб бюджэтнай сiстэме запiсана, што парламент павiнен атрымлiваць законапраект, як правiла, да 1 кастрычнiка. Летась у Палаце прадстаўнiкоў законапраект атрымалi толькi ў лiстападзе, а нам ён паступiў ажно 18 снежня. Зразумела, на ўсебаковы i дэталёвы аналiз дакумента Савет Рэспублiкi часу ўжо не меў. Таксама мяркуецца разгледзець на сесii цэлы пакет законаў, якiя датычацца эканамiчнай галiны: «Аб гандлёва-прамысловай палаце», «Аб манаполiях», «Аб процiдзеяннi манапалiстычнай дзейнасцi i садзейнiчаннi развiццю канкурэнцыi», «Аб валютным рэгуляваннi i валютным кантролi», «Аб лiцэнзаваннi».

— Прабачце, але апошняга законапраекта яшчэ няма ў парламенце...

— Так, яго пакуль няма ў нас. Аднак пра неабходнасць прыняцця гэтага закона мы гаворым ужо больш за год. Нават прэзiдэнт аб’явiў у сваёй перадвыбарнай праграме, што неабходна зменшыць колькасць лiцэнзуемых вiдаў дзейнасцi. Мне здаецца, што сённяшняе прамаруджванне адбываецца з-за моцнага процiдзеяння чыноўнiкаў. Iм не хочацца выпускаць рычагi рэгулявання прадпрымальнiцкай дзейнасцi са сваiх рук: адна справа — выдаваць лiцэнзii на сотнi вiдаў дзейнасцi, другая — на некалькi дзесяткаў.

— Вядома, што некаторыя законапраекты былi адхiлены Саветам Рэспублiкi, у тым лiку Агульная частка Падатковага кодэкса. Якi лёс чакае гэты дакумент?

— На будучай сесii мы павiнны вярнуцца да яго разгляду. Аднак гэта адбудзецца толькi пасля таго, як пагаджальная камiсiя дасягне згоды. Сёння спрэчнымi застаюцца тры пытаннi з дванаццацi, адносна якiх Савет выказаў свае заўвагi. У прыватнасцi, не вырашана пытанне адносна права падатковых органаў на арышт маёмасцi юрыдычных асоб. Мы настойваем на тым, каб гэта рабiлася праз суд.

— Летам вы не паспелi разгледзець прыняты Палатай прадстаўнiкоў у тэрмiновым парадку праект закона «Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных аб’яднаннях». Аднак вакол яго i зараз вядзецца шмат дыскусiй. На ваш погляд, цi трэба спяшацца з прыняццем законапраекта, якi рызыкуе справакаваць рэлiгiйныя канфлiкты ў спакойнай i талерантнай Беларусi?

— Мы маем намер разгледзець гэты законапраект ужо ў першы дзень сесii — 2 кастрычнiка. Я згодзен з тым, што да яго сапраўды трэба падыходзiць вельмi асцярожна. На мой погляд, мы павiнны iмкнуцца, каб у законе былi захаваны правы не толькi рэлiгiйнай большасцi, але i меншасцi. (Я не кажу пра секты, якiя займаюцца дэструктыўнай дзейнасцю, — яны, зразумела, не павiнны мець права на iснаванне.) Так, я ведаю, што праваслаўных гэты закон задавальняе, католiкаў, нiбыта, таксама, iудзеяў i мусульман — задавальняе (ад iх мы нiчога не атрымлiвалi), а вось невялiкiя плынi пратэстантаў гэты закон не задавальняе. Яны супраць таго, каб мiнiмальная колькасць вернiкаў, якая неабходна для рэгiстрацыi абшчыны, павялiчвалася да 20 чалавек. Але ў некаторых краiнах гэтая колькасць яшчэ большая. Мiж тым, мне незразумела, чаму нiхто не пiша пра пункты, якiя датычацца забароны богаслужэнняў i абрадаў па-за межамi храмаў без адпаведнага дазволу мясцовых уладаў, у тых жа жылых дамах, на вулiцы. Уявiце, што людзi сабралiся каля нябожчыка i са святаром чытаюць малiтву, уявiце, што святар суправаджае пахавальную працэсiю або асвяшчае вясельнае шэсце... Няўжо без дазволу мясцовай улады гэта ўсё будзе лiчыцца парушэннямi закона? У Савеце Рэспублiкi сабраны цэлы стос лiстоў не толькi з Беларусi, але i з-за мяжы, у якiх выказваецца занепакоенасць грамадзян. Таму перад намi стаiць задача зрабiць так, каб у грамадстве не было напружання пасля прыняцця гэтага закона, каб i вялiкiя, i малыя канфесii мiрна суiснавалi i былi задаволеныя, каб нiхто не сказаў, што заканадаўцы абмежавалi чыесьцi правы. Дарэчы, 1 кастрычнiка будзе наладжаны «круглы стол», на якiм гэты законапраект у чарговы раз будзе абмяркоўвацца. Я маю намер узяць удзел у гэтай дыскусii.

— Як вы ацэньваеце той факт, што да гэтага часу не дайшла чарга да закона аб Нацыянальным сходзе?

— Зразумела, адмоўна стаўлюся да гэтага. Мяркую, што парламентарыям неабходна было даўно прыняць гэты закон, тым больш што ў Канстытуцыi правы i абавязкi парламента не прапiсаны так падрабязна, як гэта павiнна быць. Менавiта адсутнасць гэтага закона парадзiла дыскусiю аб правах парламента, аб неабходнасцi iх пашырэнння. Я думаю, што гэтыя пытаннi неабходна адлюстраваць у законе.

— Дык, можа, не чакаць, калi Савет Мiнiстраў распрацуе закон для дэпутатаў, а самiм парламентарыям, карыстаючыся сваiм правам заканадаўчай iнiцыятывы, зрабiць гэта?

— Вы ўзнiмаеце вельмi важнае пытанне. Мне хацелася б выказаць думку, якая можа падацца новай. Я папрасiў Сакратарыят Савета Рэспублiкi правесцi параўнальны аналiз заканадаўчай дзейнасцi нашай палаты i расiйскага Савета Федэрацыi за першае паўгоддзе. Аказалася, што расiяне прынялi дзесьцi 90 законаў, а з улiкам ратыфiкацыi мiжнародных пагадненняў — 110. Мы ж прынялi 27 законаў без ратыфiкацыi мiжнародных дагавораў. I хоць Расiя нашмат большая за Беларусь, тым не менш, у кожнай краiне мусiць быць прыкладна аднолькавая колькасць законаў. А гэтае параўнанне сведчыць, што ў Беларусi заканадаўчая база ствараецца вельмi марудна. Чаму? Вядома, мы можам казаць, што акрамя законаў у нас выдаюцца дэкрэты прэзiдэнта, якiя маюць сiлу закона. Але гэта добрае выйсце, калi трэба зрэагаваць хутка на нейкую з’яву. Да таго ж нярэдка здараецца, што, не атрымаўшы папярэдняга ўсебаковага абмеркавання, дэкрэты ў хуткiм часе прыходзiцца ўдакладняць i папраўляць. Такiх прыкладаў нямала. Калi ж дакумент прайшоў бы праз парламент, то рашэнне было б больш узважанае i дэталёва прааналiзаванае. Мне здаецца, парламентарыi нярэдка проста губляюць iнiцыятыву, яны вельмi павольна рухаюцца па шляху стварэння нармальнай заканадаўчай базы. Гэта адбываецца, на мой погляд, таму, што заканадаўчая дзейнасць у нашай краiне моцна зацэнтралiзаваная: усе праекты праходзяць праз Цэнтр законапраектнай дзейнасцi. Акрамя таго, у нашага парламента на заканатворчую дзейнасць нярэдка няма грошай. Нельга ўявiць, што члены Савета Рэспублiкi распрацуюць паўнацэнны законапраект, калi ў iх няма грошай для гэтых мэтаў. Прыкладна такое ж становiшча i ў Палаце прадстаўнiкоў, дзе дэпутаты таксама не маюць належных магчымасцяў для самастойнай распрацоўкi законапраектаў. Таму i гэта пытанне павiнна быць адлюстравана ў законе аб Нацыянальным сходзе. А час яго прымаць ужо даўно наспеў.

— Пытанне, якое я не магу не задаць. Адзiн з членаў Савета Рэспублiкi абвiнавачваецца ва ўчыненнi шэрагу злачынстваў. Справа Рахманько ўжо перададзена ў суд. Цi будзе палата неяк рэагаваць на гэта?

— У нас ёсць закон, дзе сказана: калi прад’яўляецца абвiнавачанне члену парламента i следства мае намер абмежаваць яго свабоду, то мы павiнны даваць дазвол на такiя дзеяннi. Але гэтая працэдура перастае дзейнiчаць у тым выпадку, калi абвiнавачанне прад’яўлена ва ўчыненнi цяжкага злачынства. У такiм разе згоды ад парламента ўжо не патрабуецца. У свой час пракуратура накiравала ў Савет Рэспублiкi лiст з прапановай даць згоду на абмежаванне свабоды Рахманько. Але не паспелi мы вынесцi гэтае пытанне на разгляд сесii, як лiст быў адклiканы, а з пракуратуры паведамiлi, што члену Савета Рэспублiкi прад’яўлена абвiнавачанне ва ўчыненнi цяжкага злачынства. Таму працягу гэтая гiсторыя ў сценах парламента не атрымала. Нейкiм чынам рэагаваць на сённяшнiм этапе было б няправiльна, паколькi гэта можа выглядаць як спроба ўздзеяння на суд. Зараз Рахманько лiчыцца членам Савета Рэспублiкi, мы дасылаем яму запрашэннi на пасяджэннi сесii i г. д. Паўнамоцтвы члена Савета ён страцiць тады, калi будзе асуджаны; калi ж не будзе, то застанецца членам Савета Рэспублiкi. Такiм чынам, зараз гэтае пытанне абмеркаванню ў Савеце Рэспублiкi не падлягае.

— Дзякуй за размову!

Гутарыў Юрась ЛЯШКЕВIЧ.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лета не стала ў Беларусi парой палiтычнага зацiшша. Менавiта на гэты час прыпалi даволi гучныя заявы прэзiдэнтаў Расii i Беларусi адносна будучынi iнт
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика