21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Лацiнаамерыканскае танга для беларускай сям’i Суарэсаў

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ларыса ЦIМОШЫК

У той дзень у Нацыянальнай акадэмii навук па спецыяльнасцi «фiзiка» абаранялiся двое. Адзiн з iх — беларускi хлопец, атрымаўшы ступень кандыдата навук, адразу з’язджаў працаваць за мяжу. Другi заставаўся ў Беларусi. Вiтаючы яго, ганаровыя госцi падымалi келiхi з шампанскiм за маладога беларускага навукоўца-фiзiка Суарэса Гансалеса Хуана Гiльерма...

Здаецца, фiзiка такая сур’ёзная навука, што тыя, хто ёю займаюцца, бачаць свет падзеленым на кавалкi, iснаванне якiх даказваецца толькi доследным шляхам. Адну рэч калумбiец Хуан, якi тады вучыўся на фiзфаку БДУ, зразумеў адразу i не патрабуючы ад самога сябе доказаў: тут у паралельным свеце ёсць дзяўчына, дзеля якой яму хацелася б жыць i займацца фiзiкай, спасцiгаючы таямнiцы законаў прыроды.

Закон сусветнага прыцягнення

Хто б мог падумаць, што тая самая фiзiка можа стаць... нагаворным зеллем. Бо лiтаральна пры першай сустрэчы Хуан расказваў Вользе пра фiзiку. I што самае дзiўнае: яна, студэнтка кансерваторыi, усё зразумела. Усвядомiла, што такая мудрагелiстая i надзвычай важная навука вельмi многа значыць для Хуана. А калi ён сур’ёзна ставiцца да сваёй будучай справы — значыць, i сам надзвычай сур’ёзны i адказны чалавек.

Такiя думкi авалодалi Вольгай, калi Хуан праводзiў яе ўпершыню да iнтэрната пасля сяброўскай вячэры, дзе яны i пазнаёмiлiся. Вольга ў той вечар зайшла да сяброўкi, а тая якраз паклiкала шмат знаёмых студэнтаў з розных ВНУ i iнтэрнатаў. Студэнцкiя «тусоўкi» бываюць вельмi шумнымi i шматлiкiмi. А падчас гэтай Вользе ўпершыню давялося танчыць лацiнаамерыканскiя танцы. Магчыма, Хуан, якi таксама аказаўся запрошаным, адчуў, што тая «музычная» дзяўчына здолее адчуць рытм яго далёкай радзiмы. Тады яны сталi парай вечара.

Зрэшты, iх знаёмства магло б i скончыцца тады, як скончылiся заняткi фiзiкай Хуана ў Беларусi. Бо падчас першай сустрэчы ён быў на пятым курсе i праз лiчаныя месяцы збiраўся ад’язджаць у Калумбiю, атрымаўшы свой беларускi дыплом.

Так i здарылася.

Прайшло лета. Было яно пахмурным? Цi светлым i сонечным? Цi яно для яе пачалося толькi тады, калi Хуан аказаўся ля яе дзвярэй у новай якасцi — аспiранта БДУ?

Цяпер для сям’i Суарэсаў усе тыя перажываннi — момант шчаслiвых успамiнаў. I Хуан спакойна расказвае пра тое, як прыехаў дадому i сказаў мацi, што ў Мiнску ёсць адна дзяўчына, з якой ён напэўна ажэнiцца, калi паедзе працягваць вучобу. А Вольга спакойна дадае: «А я была ўпэўненая, што ён вернецца. Канешне, яму важна было з’ездзiць у Калумбiю, атрымаць там нешта накшталт благаслаўлення ад бацькоў».

Хуан i не сумняваўся, што родныя яго зразумеюць. Бацька-iнжынер мог ацанiць яго прагу вучыцца далей. А мацi, якая ўсё жыццё была хатняй гаспадыняй i выхавала дзесяцярых дзяцей, клапацiлася пра тое, каб iм было добра ў жыццi. «Рабi, як лiчыш патрэбным», — сказала яна.

Вольга стала паважаць сваю калумбiйскую свякроўку праз аповяды мужа. У Хуана унiкальная мацi. Яна не проста хатняя гаспадыня. Насамрэч яна ўтрымлiвае нешта накшталт сямейнага дзiцячага дома. I вывела ў свет, акрамя сваiх, многа пакiнутых дзяцей.

Прынялi за сваю i Вольгу. Яна кажа, як прыстасавалася размаўляць з Хуанавай мацi па тэлефоне: сама нi слова па-iспанску, а свякроўка, натуральна, гаворыць толькi па-свойму i не ведае Вользiнай мовы. Але выдатна паразумелiся.

Куды складаней было ў Беларусi сцвярджаць права на агульную сям’ю.

Вольга, студэнтка харавога адзялення кансерваторыi, хавала, што сустракаецца з iншаземцам. А ён разумеў чаму...

Магчыма таму знаёмiцца з Вользiнымi бацькамi Хуан вырашыў своеасаблiвым чынам. Вольга паступiла ў Мiнск з раённага горада Брэстчыны. Мацi яе — урач, на той момант вядомы ў горадзе чалавек. Як яе бацькi маглi б успрыняць iншаземца ў хаце? Вось чаму Хуан з’явiўся перад iмi як сябар Вользiнага брата. Надзiва, мацi яго ўпадабала, прыняўшы за якога малдаванiна — вельмi ж ужо падобны, i размаўляе з лёгкiм паўднёвым акцэнтам. А праз пэўны час сама параiла дачцэ звярнуць увагу на гэтага хлопца. Вольга паслухалася.

Сэрца падказвала, што страцiць гэтага чалавека яна не можа. Ды i хлусiць — таксама. Бо ўжо тады ведала, якая бывае расплата за такi грэх.

У той час многiя студэнты харавога аддзялення пачалi спяваць у цэрквах. Быў нейкi духоўны уздым, шмат якiя цэрквы паадчынялiся наноў, некаторыя пачалi будавацца, а спяваць яшчэ не было каму, запрашалi студэнтаў. Так Вольга адкрыла для сябе Царкву.

У iх было складанае пытанне. Яны ўжо вырашылi быць разам. Заставалася толькi засведчыць гэта афiцыйна. Але па закону Хуан павiнен быў прадставiць у ЗАГС паперу, што не мае жонкi ў Калумбii. Такая папера была — ад каталiцкага святара, якi звычайна фiксуе шлюбы ў iх на радзiме. Але хiба гэта афiцыйная папера для нашых дзяржаўных органаў? Новую паперу давялося б чакаць доўга.

Таму атрымалася, што саюз Хуана i Вольгi нарадзiўся сапраўды дзесьцi на нябёсах. Бо благаслаўленне на шлюб у царкве Вольга атрымала значна прасцей.

На шлюб з iншаземцам праваслаўную Вольгу благаславiў добра вядомы ў Мiнску айцец Андрэй Лемяшонак. Важна было, што Хуан хрышчоны. Саюзы памiж католiкамi i праваслаўнымi царква асвячае. I Вольга ўжо прадчувала дзень, калi яны з Хуанам змогуць абвянчацца i жыць разам.

Але тут уразiў Хуан: паведамiў, што гатовы перайсцi ў праваслаўе. Рашэнне яго абдуманае, прыйшло самым натуральным чынам. Глядзiце: ён католiк толькi таму, што нарадзiўся ў сям’i католiкаў i па традыцыi хадзiў па нядзелях у касцёл толькi таму, што так робяць усе. Нейкае незямное пачуццё ён адчуў тады, калi Вольга аднойчы запрасiла яго ў царкву, дзе сама спявала. Ён бачыў яе, успрымаў гукi, якiя вiравалi навокал, i разумеў, што праваслаўе для Вольгi значыць нашмат больш, чым для Хуана яго каталiцтва. I вырашыў, што для сям’i, дзе павiнны нараджацца дзецi, будзе лепей, калi ўсе стануць услаўляць Бога аднолькава.

Асаблiва ён адчувае яго пасля прычашчэння, рыхтуючыся да яго з усёй строгасцю праваслаўных патрабаванняў: пост, споведзь, малiтвы. А праз пэўны час сам стаў вадзiць дзетак да прычасця.

«Я не магла патрабаваць ад Хуана гэтага, — гаворыць Вольга, — але яго рашэнне канчаткова ўпэўнiла мяне ў тым, што з iм я буду жыць i ў радасцi, i ў горы...».

Радасць — вянчанне — адбылася ў iх на некалькi месяцаў раней, чым свецкi шлюб, нарэшце дазволены дзяржаваю. У царкве Пакрова Прасвятой Багародзiцы айцец Вiктар вянчаў у той дзень Вольгу i Iаана. Так яго ахрысцiлi ў адпаведнасцi з лацiнаамерыканскiм iмем. Свята атрымалася сямейным, цiхiм, сцiплым. Так звычайна гавораць пра простае беларускае шчасце.

Закон захавання энергii

Так пачалося перараджэнне калумбiйца Хуана ў звычайнага беларускага жыхара Iвана. I, як кожны беларус, ён зразумеў, што выжываць у гэтай краiне можна толькi дзякуючы працы.

Працу над дысертацыяй ён пачаў у Нацыянальным навукова-вучэбным цэнтры фiзiкi i высокiх энергiй Белдзяржунiверсiтэта. Пад кiраўнiцтвам прафесара Мiкалая Шумейкi напiсаў i абаранiў дысертацыю: «Электрамагнiтныя папраўкi да назiраемых велiчынь у рассеяннi двух тоесных палярызаваных фэрмiёнаў». Во як! Я, напрыклад, увогуле не разумею, як вывучаць фiзiку мог iншаземец, якi не вельмi добра ведае мову, на якой размаўляе выкладчык. «Ды яго сябар мне расказаў, як, — тлумачыць Вольга. — Хуан падыходзiў да выкладчыка i пытаўся, на якую тэму будзе заўтра лекцыя. А потым накiроўваўся ў бiблiятэку, чытаў на гэтую тэму лiтаратуру, каб на лекцыi ўжо разумець, пра што гаворка. Ён увогуле вельмi настойлiвы i працаздольны».

А ў Беларусi працаздольнасць якраз дарэчы. Бо да той працы, што на працы, дадаецца шмат iншых прац, якiя дапамагаюць забяспечваць дабрабыт. Вось як праца на дачы. З гэтай з’яваю беларускi калумбiец пазнаёмiўся, папрацаваўшы на ўчастку ў Вользiных бацькоў. Усвядомiўшы, што зямля i ўласныя рукi — найлепшыя кармiцелi. Што б тут было, каб на сталы да пераважнай большасцi жыхароў гэтай краiны не трапляла нешта з уласных агародаў цi хлявоў? Вось як сала. У сваёй Калумбii Хуан нават нiколi б не ведаў пра такi прадукт, бо там яго проста не вырабляюць. Але з цягам часу прызвычаiўся i да яго, ужывае як сапраўдны беларус.

Дарэчы, Iванам ён хацеў стаць i па пашпарту, каб было прасцей ды натуральней, толькi аказалася, што нельга. Бо ён жа застаецца грамадзянiнам iншай краiны. Напiсаны ў пашпарце два iменi — значыць, два iменi. Пазначана, што два прозвiшчы, значыць так таму i быць. Кропка.

Дзецi нарадзiлiся Суарэсамi. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь: старэйшы Серафiм Гiльермавiч i малодшы Давiд Гiльермавiч.

Серафiм — сур’ёзны хлопчык, вельмi ганарыцца сваiм iмем, якое бацькам адкрылася не выпадкова. Таямiнiцу гэтага iмя Вольга паабяцала раскрыць сыну, калi той вырасце. Яго нараджэнне Суарэсам далося няпроста, спачатку былi страты, i спатрэбiлася заступнiцтва нябёсаў, каб вымалiць, заслужыць, нарадзiць дзiця. З Давiдам усё iнакш. Яго чакалi дружна, утраiх. Але нават у раддоме Хуан пабаяўся кiнуць жонку адну, першым пабачыўшы другога сына.

А дома немаўля адразу трапiла пад увагу i абарону Серафiма. Клапатлiвы i пяшчотны, той быў добрым памочнiкам мацi, а малому — сябрам з першых дзён жыцця. I цяпер, улёгшыся спаць, Серафiм вядзе з братам даверлiвыя фiласофскiя размовы цi то проста расказвае казкi. А магчыма, дае волю сваiм фантазiям i малюе ў iх далёкую Калумбiю, дзе яны нiколi не былi, бабулю Бланку, якую нiколi не бачылi, але адчуваюць яе дабрыню праз падарункi.

Стаўшы нейкiм чынам беларускiм навукоўцам, Хуан Суарэс атрымлiвае цяпер за сваю працу звычайны для бюджэтнiкаў заробак у Нацыянальным навукова-вучэбным цэнтры фiзiкi i высокiх энергiй БДУ, дзе працуе. I, мiж iншым, разумее, чаму так лёгка перакупiць беларускага навукоўца за мяжу. Атрымлiваецца, што, умеючы выхоўваць добрых спецыялiстаў, уклаўшы пры гэтым немалыя грошы ў iх адукацыю, грамадства не надта ўсведамляе, якiм iнтэлектуальным скарбам валодае, калi не можа забяспечыць годнага iснавання iм у сваёй жа краiне. Вось i едуць яны шукаць лепшай долi ў тую ж Амерыку. Многiя знаёмыя Хуана з’ехалi. I беларусы, i iншаземцы, якiя разам з iм вучылiся ў БДУ. Сябар-балiвiец дасылае поўныя аптымiзму лiсты, сцвярджаючы: трэба ехаць...

Што ж, з’ездзiў Хуан у Амерыку. Гэта была камандзiроўка, падчас якой ён удзельнiчаў у распрацоўцы мiжнароднага праекта. Выдатна папрацаваў, бачыў, наколькi ў наш высокатэхналагiчны час там зацiкаўленыя ў прытоку распрацоўшчыкаў новых тэхналогiй. Адчуў, наколькi шпарка можа бегчы час, калi думкi ўсiх навокал падпарадкаваныя суцэльнаму прагматызму. А ў яго ж жыццё не бязмежнае, i вельмi шкада страцiць у iм хоць якiя, няхай i маленькiя, радасцi. «Мне там вельмi не спадабалася, — дзелiцца ён сваiмi ўражаннямi. — Мне падабаецца жыць у Беларусi. Размеранае жыццё, спакойна, цiха, навокал нармальныя людзi». I ён вярнуўся з думкамi пра тое, што iх сям’i лепей заставацца тут. Дзецям — хадзiць у садок, потым у школку, атрымлiваць адукацыю. Жонцы — адводзiць душу ў царкве Нараджэння Iаана Хрысцiцеля, дзе пасля заканчэння духоўнага вучылiшча яна атрымала благаславенне мiтрапалiта служыць рэгентам хору. Так што «гуд бай, Амерыка!»

Вольга ўздыхнула з палёгкай, бо ўсе размовы пра пераезд толькi душу вярэдзяць, адрываючы ад рэальнасцi. Тут яна ўжо прызвычаiлася размяркоўваць невялiкую Хуанаву зарплату так, каб хапiла на аплату сцiплай «хрушчоўкi», якую яны здымаюць, ды на ежу. Пра новую модную вопратку нiхто нават не думае. Самi — няхай, але ж малыя... А каб нiхто нiчога дзецям не мог сказаць у садку цi на вулiцы, iх навучылi здымаць усе пытаннi такiмi словамi: «Мая вопратка чыстая i яна мне падабаецца». Вось, каб знайсцi такую трапную фразу яшчэ на кожную з праблем...

Хуан часта думае, што навучыўся вырашаць складаныя навуковыя задачы, але пры гэтым не змог раскусiць пытання мiнскай прапiскi, не здолеў зрабiць так, каб iх сям’я перастала матляцца па кватэрах, не змог вырашыць чагосьцi, каб забяспечыць... Цi не ў такiя моманты ён успамiнае, што трэба ўсё-такi вучыць сыноў iспанскай мове, i з ранiцы пакiдае для iх над сталом паперкi з нейкiм новым словам?

Але вяртаецца з царквы мама. Потым у iх дома збiраюцца людзi самых розных прафесiй, якiя таксама знайшлi сваё месца ў царкве i цяпер вучацца правiльна спяваць разам розныя малiтвы. Пакой напаўняецца iншымi гукамi, iншым настроем. Да агульнага хору дадаюцца галасы Серафiма i Давiда, i ўсе невырашальныя для сям’i пытаннi патанаюць у надзеi...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У той дзень у Нацыянальнай акадэмii навук па спецыяльнасцi «фiзiка» абаранялiся двое. Адзiн з iх — беларускi хлопец, атрымаўшы ступень кандыдата навук
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика