Маё пчалярскае шкалярства. Свой мёд, горкiм не бывае
Маё пчалярскае шкалярства. Свой мёд, горкiм не бывае
Я і не ведаю, як уцягнуўся ў гэта пчалярства... Яшчэ гадоў колькі таму мой даўні знаёмы Яўген Мікітавіч Кабік з прырэчнай Стасеўкі, якому ўжо было за дзевяноста, аддаваў мне пчол дарма: “Памру, з кім яны застануцца?..” Я, відаць, не быў гатовы. А мінулай восенню перавозілі пчол з Акцябрскага раёна ад бацькі аднаго з бабруйчан. Назіраў, як самавіта ўпраўляўся каля іх гаспадар, як лёталі, гудзелі крылатыя працаўніцы, і ў мяне раптам прачнулася жаданне (сам жа родам з вёскі Бортнікі, а борціць – браць мёд) мець іх. Цяпер ужо купіў пару вуллёў: “Так болей цаніць буду!” 15 сакавіка. Прывёз на свой дачны ўчастак. Устанавіў вось так ля лазні, “тварам” да сонца. Ну і ўзяўся падкормку весці. Падрыхтаваў сіроп: дзве часткі цукру, адна – вады. І панёс да вуллёў. Хваляваўся, канешне, без вопыту, умення, сякой-такой літаратуры начытаўся. Самае дзіўнае, ніводная пчала не ўджаліла: “Ведалі б, які я няўмека, абавязкова б джыганулі!” 8 мая. Устаўляў у вуллі магазіны – гэткія прамавугольныя скрыні з сотамі ў сярэдзіне. Работа быццам бы не складаная, але ў мяне, пачаткоўца, заняла нямала часу. Тым больш я хацеў праверыць само гняздо, ці ёсць там матка, расплод, як увогуле пачувае сябе пчаліная сям’я. І прыслухоўваўся, і назіраў за лётам пчол – здаецца, і не адыходзіў бы, а ў мяне – работа, выкананне нялёгкіх абавязкаў. Праз тыдзень, не раней з’яўлюся. Праўда, іншым разам у буднія дні — так у яе па рабоце складваецца — выскоквае на дачу мая жонка. Прыедзе, не ўтрымаюся спытаць: “Як там мае пчолы?” – “Лётаюць, да іх не падступіцца!” Аднак жа і не выпадкова так цікаўлюся, бо хутка раенне і трэба быць напагатове. 2 чэрвеня. Толькі прыехаў на дачу – і адразу да вуллёў. У адным – гудзенне, рэактар, а ў другім ціха... З чаго б гэта? (Я і не ведаў, што рой рыхтаваўся да адлёту). Ну, заняўся нешта па хаце, ці не з гадзіну прабыў. Толькі ў двор, як бяжыць суседскі хлапчына Стас: “Дзядзька Мікола, у вас рой вылецеў!” – “Дзе ён?” – “У нас на яблыні сядзіць...” Я паглядзеў – і праўда, гэткім суслам звісае, трэба здымаць! А я ніколі гэтым не займаўся, нешта і разгубіўся, але хутка сабраўся: за сваё пчалярскае прычындалле – і да рою. Апырскаў яго вадой, а потым галіну як страсяну – ён у кораб, які падставіў. Накрыў прасціной і аднёс у лазню: хай ачомаецца, супакоіцца. А праз некаторы час і ссыпаў прама ў вулей, які загадзя падрыхтаваў. Здавалася б, жыві! Але, забягаючы наперад, скажу: па сваёй нявопытнасці не дагледзеў таго, што ў рою адсутнічала матка: можа, была ў адлёце, калі яго здымаў, ці недзе ў лазні згубілася... Пчолы мітусяцца, не так, як трэба, сябе паводзяць. Тады я ўзяў рамку з расплодам, як вычытаў у кніжцы па пчалярству, з іншага вулля і ў гэты. Пчолы самі вывелі сабе матку, выкарміўшы яе малачком, з лічынкі — сям’я запрацавала. 12 чэрвеня. Зазірнуў у адзін вулей, адкуль рой вылецеў, ён пусценькі, няма мёду. “Ды і адкуль яму быць, — падумаў з прыкрасцю, — сады ў нашых мясцінах не цвілі, вясна і лета дажджлівыя...” Як глядзь у другі, “гуллівы” — рамкі не ўзняць: ёсць мёд! Можа, яго выкачваць трэба? Пайшоў да больш вопытнага пчаляра Генадзя Крымені, які жыве непадалёк. Той паглядзеў: “Мёд запячатаны, будзем браць!” І медагонкай забяспечыў, на якую я яшчэ не разжыўся. Мы ўцягнулі яе ў хату, туды, дзе цяплей, і ўзяліся за справу: я нашу рамкі, а Генадзь “цісне” мёд. Амаль вядро набралася. Сваім вачам не веру: дачакаўся ўласнага мядку! Канешне, частаваў памочніка і сам ласаваўся. Будзем чакаць новага ўзятку! 24 чэрвеня. Гэты дзень мне запомніцца... Трэба паўторна выкачваць мёд. Узяўся мне дапамагаць Сашка, сусед. Я быў не супраць, бо ведаў, што ён у пчалярстве не навічок, разам з братам, у іх гэткае раздзяленне абавязкаў, трымае 20 пчоласямей. Да таго ж прадаставіў медагонку, якой у мяне па-ранейшаму не хапала. Сашка на гэты раз даставаў рамкі з вуллёў, а я адносіў іх у хату. Ну, корпаецца ён, як бачу, сарваўся з месца, нясецца: “Уцякайма!” Ды што такое... Я – да вуллёў, бо трэба ж нейкі парадак там навесці. А пчолы – на мяне, і такія злосныя, быў у джынсах, тканіна тоўстая, яе прабіваюць, кусаюць рукі, твар, прабраўшыся праз ахоўную сетку... Дасталося і суседзям. Сіме, якая нешта затрымалася ў градках, пеканулі ў галаву. “А мая ты суседачка, — імкнуся змякчыць я абстаноўку (і не толькі словамі — мёдам аддуваўся), — хай твой боль – мне!” Сашка тым часам зашыўся недзе ў лазні, дык пчолы і там яго знайшлі, мо дваццаць ці трыццаць “пацалункаў” атрымаў... Аднак ён мужна прызнаў сваю віну: “Незнарок вулей штурхануў, ну тут за мяне і ўзяліся...” Але, што цікава, назаўтра я пайшоў да пчол: яны мірна, ціха; усё, што трэба, каля іх зрабіў. З тае пары нікога да сваіх пчол не падпускаю – сам! 15 верасня. Я – у водпуску. Ну тут ужо і сагнаў ахвоту ля пчол: падкормліваў, ад кляшча апрацоўваў, іншыя работы выконваў. І... проста назіраў за імі – гэта ж так цікава! Вось крылатая з нектарам у паджывоцці ледзь дацягнула да лятка; яшчэ адна пчала ўселася верхам на трутня, які ўжо сваё адслужыў, і выцягвае з вулля; там дзве счапіліся ў смяротнай схватцы: гэта варта не дае пранікнуць чужынцам у сваё жытло... У пчалінай сям’і так усё размеркавана. Як кажуць, пры справе і дарослыя яе члены, і маладыя. У кожнага свае абавязкі: адзін носіць пылок, нектар, другі прымае, трэці перапрацоўвае ў мёд, той ахоўвае, гэты вулей чысціць – суладдзе, якому пазайздросціш!.. Аднак разам з тым і турбуешся: каб чым не нашкодзіць пчолам, выканаць усё тое, што патрабуецца. 23 кастрычніка. Рыхтаваў пчол да зімоўкі: уцяпляў вуллі, перабіраў рамкі, зазоры ў лятках рэгуляваў. Не пераставаў здзіўляцца: рабочая пчала жыве 30—40 дзён. Гэта ж колькі пакаленняў змянілася за сезон! У зімоўку ўвойдуць тыя, хто вывеўся ў жніўні—верасні. Тысячы асобін, дзесяткі тысяч! Як усіх захаваць? У былога гаспадара пчолы і зімой, і летам – на адкрытым паветры. А я задумаў іх у памяшканне ўнесці, бо рызыкоўна пакідаць на двары, тым больш нашы дачы не ахоўваюцца. Быццам бы ўсё прадугледзеў, але трывожуся, хаця ўсё атрымалася па майму плану. Ну а сам засяду за кніжкі, буду аналізаваць, супастаўляць, ці так усё рабіў. Проста набірацца вопыту, бо, адчуваю, яго мне не хапае, у пчалярстве я пакуль шкаляр. Што сказаць у заключэнне? Пчалярства — такая цікавая справа, незаўважна цябе ўцягне і не адпусціць. Можа, і не столькі таго мёду (хоць і гэта далёка не апошняе), колькі імкненняў спазнаць таямніцу пчоласям’і, загадку пчалінага рою... Я ніяк не магу зразумець, як можна з таго ж пылку здабываць мёд, цягучую вадкасць, такі каштоўны прадукт? Не дзіва, што цяпер пчалярствам захапляецца ўсё болей і болей людзей. Якія гэта цікавыя, апантаныя людзі! Перш за ўсё маю на ўвазе былога старшыню райвыканкома Юрыя Віславуса, вядомага ў горадзе прадпрымальніка Аляксандра Статкевіча, ваеннага камісара Аляксандра Марчанку і многіх іншых, з кім ужо давялося пазнаёміцца. Хто трымае пяць вуллёў, хто дваццаць пяць (нехта і з паўсотні). У каго якія магчымасці. Адно я зразумеў – гэта занятак для душы. Ля пчол людзі становяцца дабрэйшымі, мудрэйшымі, непазнавальна мяняюцца. Хоць, скажу, пчалярства – занятак не такі ўжо танны. Пацікаўцеся ў сталічным магазіне “Пчалярства”: вулей каштуе звыш 250 тысяч рублёў, медагонка – амаль 400 тысяч, воскатопка – 200 тысяч, ды і такія “дробязі”, як дымар, сетка ахоўная, вашчына і іншае, у немалой цане. Што казаць, часіны цяпер не тыя, за капейкі не купіш... Тым не менш хто надумаўся абзавесціся вулеем-другім, параю: бярыцеся, паступова ўсё набудзеце, нешта зробіце самі, у некага папросіце часова пакарыстацца – выйсце заўжды знойдзецца. Так што запрашаем у пчаляры-аматары — пабачыце, вам спадабаецца! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
|
|