Дэпутаты Беларусi i Расii заклапочаныя ходам саюзнага будаўнiцтва
Уладзiмiр АНДРЫЕВIЧ
СУПРАЦОЎНІЦТВА Учора ў Магiлёве прадоўжыла работу ХХIII сесiя Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii.Адкрываючы пленарнае пасяджэнне сесii, Старшыня Парламенцкага Сходу Генадзь Селязнёў падкрэслiў, што працэс iнтэграцыi двух брацкiх народаў развiваецца няпроста. Усё гэта адбываецца на фоне далейшага абвастрэння мiжнароднай абстаноўкi, iстотных змен на постсавецкай прасторы i ў свеце. Таму для Беларусi i Расii ўсё большую актуальнасць сёння набывае хутчэйшае станаўленне Саюзнай дзяржавы. Аднак, на думку Селязнёва, на самай справе неабходных практычных высноў i дзеянняў не робiцца. Як прыклад гэтага ён адзначыў, што тэма саюзнага будаўнiцтва адсутнiчала ў штогадовым пасланнi прэзiдэнта Расii Федэральнаму сходу Расiйскай Федэрацыi. Не было яе i сярод мiжнародных i рэгiянальных прыярытэтаў у праграме сацыяльна-эканамiчнага развiцця Расii на сярэднетэрмiновую перспектыву (2003—2005 гады), якую ў жнiўнi прыняў расiйскi ўрад. У гэтым бачыцца не проста суб’ектывiзм, але i чыноўнiцкае раўнадушша да iдэi яднання двух народаў, а таксама неапраўданыя з гiстарычнага пункту гледжання закулiсныя гульнi. Пацвярджэннем таму i правакацыйная iстэрыя вакол злабадзённых праблем Саюзнай дзяржавы, якую, «як па камандзе», пачалi шэраг цэнтральных расiйскiх электронных СМI. Мэта дадзенай, па сутнасцi, правакацыi зразумелая. I самае прыкрае ў тым, што, на думку Генадзя Селязнёва, за гэтымi непрыстойнымi гульнямi з трывогай назiраюць простыя грамадзяне Беларусi i Расii. У iх усё больш расчаравання i незадаволенасцi выклiкае сённяшняя палiтыка ўладаў у сферы саюзнага будаўнiцтва. Сёння не вырашаны асноўныя стратэгiчныя задачы ў гэтым накiрунку: «няма рашэння па праекту Канстытуцыйнага Акта i, як вынiк, — няма яснасцi ў пытаннi правядзення выбараў у парламент Саюзнай дзяржавы, а таксама няма валютнага саюза». Паспяховае рашэнне менавiта гэтых задач, па перакананню Старшынi Парламенцкага Сходу, магло б надаць другое дыханне саюзнаму будаўнiцтву. Гаворачы аб праекце Канстытуцыйнага Акта, Генадзь Селязнёў адзначыў, што ён гатовы для разгляду ў Вышэйшым Дзяржаўным Савеце Саюзнай дзяржавы. Але працэдура яго праходжання няпростая. Па прапанове членаў Вышэйшага Дзяржсавета ён павiнен быць накiраваны ў Парламенцкi Сход для адабрэння. Наступны этап — накiраванне прэзiдэнтамi нашых краiн дакумента ў нацыянальныя парламенты, i толькi пасля гэтага можна будзе гаварыць аб вынясеннi Канстытуцыйнага Акта на рэферэндумы ў Беларусi i Расii. Улiчваючы цяжкасцi, якiя ўзнiклi апошнiм часам у працэсе будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы, дэпутаты прынялi заяву Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii аб бягучым моманце ў саюзным будаўнiцтве. З пераканаўчай просьбай яны звяртаюцца да прэзiдэнтаў Беларусi i Расii не дапусцiць адходу ад асноватворных прынцыпаў беларуска-расiйскiх адносiнаў, забяспечыць працяг канструктыўнага супрацоўнiцтва па актуальных праблемах саюзнага будаўнiцтва, дабiцца iстотных зрухаў у станаўленнi Саюзнай дзяржавы. Дэпутаты перакананыя, што народы Беларусi i Расii, грамадскасць нашых краiн рашуча падтрымаюць любыя меры па актывiзацыi працэсу беларуска-расiйскага яднання. Упершыню на сесii Парламенцкага Сходу Беларусi i Расii была заслухана справаздача аб выкананнi бюджэту Саюзнай дзяржавы, з якой выступiў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзiн. Магiлёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў Магiлёве прадоўжыла работу ХХIII сесiя Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii |
|