Жыццёвая арыфметыка вакол домiка ў вёсцы
Сяргей КУРКАЧ
«Прамая лiнiя» «Звязды» На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па зямельных рэсурсах, геадэзii i картаграфii пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Георгiй Кузняцоў i вядучы юрыст ведамства Кацярына Буда(Працяг. Пачатак у нумарах за 10, 11 i 12 лiстапада.) Спачатку некалькi слоў аб «прамой лiнii» i метадах работы кiраўнiцтва Камзема. Падчас «прамой лiнii» нашымi чытачамi было зададзена 17 пытанняў, на якiя былi атрыманы адказы. У чатырох выпадках са старшынёй ведамства размаўлялi даволi сталыя людзi, якiм самастойна ажыццявiць афармленне нерухомай маёмасцi было б i сапраўды цяжка. Ужо пасля «прамой лiнii» было прынята рашэнне дапамагчы гэтым людзям. Днямi Георгiй Iванавiч паведамiў рэдакцыi, што па ўсiх чатырох адрасах выехалi спецыялiсты землеўпарадкавальнай службы, каб на месцы дапамагчы старым напiсаць адпаведныя заявы i растлумачыць пенсiянерам усе тонкасцi рэгiстрацыйнай справы. Дарэчы, за некалькi дзён да «прамой лiнii» рэдакцыя прымала папярэднiя пытаннi па тэлефоне i ў лiстах. Усяго было зафiксавана 21 пытанне. Сёння мы пачынаем адказваць i на такiя запытаннi. — Чаму я свой ужо перааформлены на сваё імя дом, які атрымаў у спадчыну, павінен зноў афармляць у БТІ? Навошта мне зямлю выкупляць? Пётр ЧОРНЫ, Пухавiцкi раён. — Зямлю выкупляць не трэба. Аформiць — гэта магчыма. — Аднак калi я павёў пакупнiка свайго дома ў мясцовы сельсавет, то там мне параiлi абмераць зямельны ўчастак пад домам. А навошта мне афармляць зямлю, калi я дом прадаю? — Нерухомай маёмасцi без зямлi не бывае. — Але пакуль я ўсё гэта з зямлёй зраблю, то мой клiент можа i не дачакацца. Кажуць, што гэта вельмi працяглы па часе працэс. — Не, не вельмi. Але я вам тады параю так. Звярнiцеся ў Пухавiчах да кiраўнiка раённай службы землеўпарадчыкаў i папрасiце яго ад майго iмя, спасылаючыся на «прамую лiнiю», зрабiць дзяржаўны акт на зямлю i рэгiстрацыю ўсёй нерухомасцi крыху хутчэй, бо ў вас ужо ёсць рэальны пакупнiк. — Вельмi вам удзячны. — Цi магу я часова ўзяць у суседа некалькi сотак зямлi, каб пасадзiць на iх бульбу? З суседам я разлiчуся. Васiль ПАПЕНКА, в. Жукавiчы, Карэлiцкi раён. — Не, гэтага рабiць нельга, бо такiя дзеяннi не адпавядаюць патрабаванням Кодэкса Рэспублiкi Беларусь «Аб зямлi». Самавольны абмен зямельнымi ўчасткамi без адпаведнага рашэння мясцовых органаў улады класiфiкуецца як здзелка з зямельным участкам i з’яўляецца несапраўдным. Узнятае вамi пытанне павiнна вырашацца як адвод праз канфiскацыю адпаведнага ўчастка ў суседа (пры яго згодзе) i перадача гэтага зямельнага ўчастка непасрэдна на ваша iмя для вядзення асабiстай падсобнай гаспадаркi. Акрамя таго, згодна з арт. 83 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь «Аб зямлi», грамадзянам, у якiх памеры зямельнага ўчастка для вядзення асабiстай падсобнай гаспадаркi меншыя за памеры, вызначаныя кодэксам, па рашэнню мясцовых органаў улады могуць выдзяляцца зямельныя ўчасткi ў часовае карыстанне для агароднiцтва. Калi ў суседа зямельны ўчастак зарэгiстраваны як прыватная ўласнасць, то ён, згодна з арт. 47 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь «Аб зямлi», можа частку гэтага зямельнага ўчастка перадаць у арэнду пры ўмове захавання яго мэтавага прызначэння. — Пасля смерцi бацькi атрымала ў спадчыну невялiкi домiк у горадзе Асiповiчы i непрыватызаваны ўчастак зямлi памерам 6 сотак. Цi магу я прадаць гэты дом або падарыць сваякам без папярэдняй прыватызацыi зямельнага ўчастка? Валянцiна ФЕАКЦIСТАВА, Магiлёўская вобласць. — Прыватызаваць зямельны ўчастак не абавязкова. Аднак прадаць дом без афармлення дакументаў, якiя сведчаць аб правах на зямельны ўчастак, на якiм стаiць будынак, немагчыма. Справа ў тым, што, згодна з Законам Рэспублiкi Беларусь ад 22 лiпеня 2002 года «Аб дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю», дзяржаўная рэгiстрацыя пераходу правоў на жылы дом не можа ажыццяўляцца раней за дзяржаўную рэгiстрацыю пераходу права на зямельны ўчастак, на якiм гэты дом стаiць. — Жыву ў трохпакаёвай прыватызаванай кватэры. Дом пабудаваны ў 1975 годзе. Зараз збiраюся прадаць гэтую кватэру. З чаго мне трэба пачынаць? Антанiна БУБIНА, вёска Пацэвiчы, Мастоўскi раён. — Выкарыстоўваць (прадаць, падарыць, абмяняць, закласцi i г.д.) нерухомую маёмасць, у тым лiку кватэру, якая з’яўляецца прыватнай уласнасцю, можа толькi ўласнiк, у якога ў адпаведным парадку ў арганiзацыi па дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю зарэгiстраваны правы на вызначаны вiд нерухомай маёмасцi. Толькi пасля гэтага дзяржава можа гарантаваць абарону правоў i iнтарэсаў грамадзян i юрыдычных асоб. Такiм чынам, калi права ўласнасцi на вашу кватэру зарэгiстравана, то для ажыццяўлення здзелкi куплi-продажу неабходна ў арганiзацыi па дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю атрымаць выпiску з рэгiстрацыйнай кнiгi, якая выдаецца для натарыяльнага засведчання здзелкi. У тым разе, калi права ўласнасцi на кватэру ў адпаведным парадку не зарэгiстравана, вам перад ажыццяўленнем здзелкi неабходна абавязкова аформiць свае правы на адчужаемую маёмасць. — Сёлета напрыканцы мая я звярнуўся з заявай на атрыманне дзяржаўнага акта на зямельны ўчастак у агенцтва нерухомасцi. Аддаў тады ўсе дакументы i заплацiў грошы за тэхнiчны пашпарт i за дзяржакт. Пакет дакументаў мне абяцалi зрабiць 20 лiпеня 2005 года. Тады я дамовiўся на гэты час з пакупнiком аб продажы дома. Але дакументы зрабiлi толькi 30 верасня. У вынiку будучы пакупнiк адмовiўся ад здзелкi. Я страцiў пакупнiка i добрую рэпутацыю сур’ёзнага чалавека. Чаму гэта здарылася i хто кампенсуе мне маральную шкоду? Мiкалай ГАРБАЧОЎ, Сеннецкi раён, Вiцебская вобласць. — У адпаведнасцi з арт. 30 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлi права на зямельны ўчастак ўзнiкае з моманту атрымання дакументаў, якiя зацвярджаюць на гэта права. Аднак грамадзяне нашай краiны працяглы час валодалi i карысталiся зямельнымi ўчасткамi i не рабiлi нiякiх захадаў па афармленнi дакументаў на зямельныя ўчасткi. Пасля ўступлення ў сiлу Закона Рэспублiкi Беларусь ад 22 лiпеня 2002 года «Аб дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю», а таксама згодна з арт. 525 Грамадзянскага кодэкса, грамадзяне былi вымушаны ажыццяўляць здзелкi з нерухомай маёмасцю толькi пры наяўнасцi адпаведных дакументаў. Менавiта сёлета гэты факт выклiкаў моцны ажыятаж сярод прадаўцоў i ўвогуле гаспадароў нерухомай маёмасцi, што паспрыяла стварэнню вялiкiх чэргаў у землеўпарадкавальных арганiзацыях i, адпаведна, павелiчэнню тэрмiнаў выканання работ. Калi б вы, спадар Гарбачоў, аформiлi дакументы на зямлю своечасова, то не трапiлi б у складаную сiтуацыю, не было б праблем i не шукалi б вiнаватых. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па зямельных рэсурсах, геадэзii i картаграфii пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Георгiй
|
|