Знічкі
Яны сталеюць не па гадах. А па днях і гадзінах, адмераных лёсам...
Сюды хочацца прыходзiць. Проста таму, што тут утульна, спакойна, радасна. Супрацоўнiкi хоспiса часта жартуюць, смяюцца, ў дзённым цэнтры хлопцы i дзяўчаты абмяркоўваюць розныя праблемы, гуляюць, не абыходзiцца i без свят. Спачатку я дзiвiлася, чаму Беларускi дзiцячы хоспiс — установа, якая працуе з безнадзейна хворымi дзецьмi, выклiкае столькi станоўчых эмоцый. А пасля зразумела, адчула, што тут людзi ўспрымаюць жыццё па-iншаму, памятаюць, што кожны пражыты дзень — вялiкая каштоўнасць. Можа таму супрацоўнiкi хоспiса любяць паўтараць, што хоспiс — хутчэй не ўстанова, а фiласофiя, спосаб жыцця. Фiласофiя перамогi жыцця над смерцю. Хоспiс створаны як грамадскае дабрачыннае аб’яднанне ў 1994 годзе па iнiцыятыве Рэспублiканскага дзiцячага анкагематалагiчнага цэнтра. За сям’ёй замацоўваецца «каманда клопату» (медсястра, урач, псiхолаг, сацыяльны работнiк). Распрацоўваецца пэўная медыкаментозная схема, каб пазбавiць дзяцей фiзiчнага i псiхалагiчнага болю. «Мы не арганiзацыя, якая хавае дзяцей, — сцвярджае дырэктар хоспiса Ганна Гарчакова. — Лёс ужо адмераў хлопчыкам i дзяўчынкам пэўны тэрмiн жыцця. Наша мэта — як мага болей напоўнiць прамежак часу памiж жыццём i смерцю радасцю i любоўю, пазбавiць болю i страху». Падапечныя хоспiса сталеюць не па гадах. 12-гадовы хлопчык на свой дзень нараджэння падзякаваў арганiзацыi: «Увесь гэты час да мяне прыходзiлi вы, i нiколi — мае аднакласнiкi. Але я на iх не крыўдую, я разумею, што iм страшна, яны яшчэ маленькiя». Можна дзiвiцца i аптымiзму, i сiле духу, i талентам гэтых дзяцей. Вольга Рамашка ў 5 гадоў вырабляла такiя рэчы з бiсеру, што хоць выставу рабi. I гэта пры тым, што дзяўчынка самастойна не можа зрабiць нiводнага руху нi нагамi, нi рукамi, — трэба, каб яе нехта падтрымлiваў. Вольга любiць пакамандаваць, знаходзiць занятак i малодшаму брацiку, i гасцям. Дзiмкаў «садзiк» Чатыры гады таму хоспiс узяў пад апеку хлопчыка з дыягназам «дзiцячы цэрэбральны паралiч». У Дзiмы пашкоджаны рукi i ногi, не захаваны iнтэлект; дзiця ўвесь час рухаецца, само сябе не абслугоўвае, нават ежу яму трэба даваць перацёртую. Канешне, Дзiмку патрэбен персанальны догляд. — Я спрабавала ўладкаваць яго ў дзiцячы садзiк, але нiдзе такiх дзяцей не бяруць, — дзелiцца мацi Iна Рыгораўна. — А ведаеце, як цяжка зусiм адной сядзець у чатырох сценах з хворым малым (Iна Рыгораўна даглядае Дзiмку адна, у Мiнску ў яе няма нiкога з родных). Добра, што ў нашым доме ўжо прывыклi, а раней, бывала, мы выйдзем на вулiцу, усе скоса пазiраюць, а ў мяне слёзы на вачах. I пакiнуць яго не было з кiм. Так, зачынiш у пакоi — i пабегла ў краму, а ўсю дарогу думаеш, як ён там. Няма ўстановы, дзе можна пакiнуць дзiця на суткi; калi, напрыклад, я захачу з’ездзiць да бацькоў, цi трэба легчы ў бальнiцу, куды дзець малога? Я i заплацiць гатова. I гэта не толькi ў мяне такая праблема. Калi з’явiўся хоспiс, Iна Рыгораўна нарэшце набыла магчымасць спакойна адлучацца па гаспадарчых справах, а з Дзiмкам сядзелi валанцёры. — Цудоўныя дзяўчаты, у iх вочы свецяцца, яны прыходзяць з добрым настроем, i я, калi пакiдаю хлопчыка з iмi, магу не хвалявацца. Вяртаюся, Дзiма можа мяне i не заўважыць — так яму з iмi добра, — расказвае жанчына. Хоспiс дапамагае з лекамi, якiх не знойдзеш нi ў адной сталiчнай аптэцы. Нават калi Дзiма прастуджаецца, супрацоўнiкi арганiзацыi прыходзяць на дапамогу. (Дарэчы, бацькi з любым пытаннем i ў любую хвiлiну могуць звярнуцца да супрацоўнiкаў хоспiса.) Зносiны важныя i для Дзiмы. Пасля таго, як супрацоўнiкi хоспiса сталi забiраць малога на дзень у свой дзённы цэнтр, у хлопчыка позiрк стаў больш сканцэнтраваны. Ён перастаў баяцца вулiцы. Мацi называе хоспiс садзiкам. «Там працуюць настолькi душэўныя людзi, — гаворыць Iна Рыгораўна. — Для мяне яны, як сям’я, як глыток паветра. Напэўна, гэта арганiзацыя — ад Бога, бо трэба столькi цярплiвасцi, моцы i любовi, каб бачыць гора, быць побач з такiмi дзецьмi.» Якасць жыцця Памяшканнi хоспiса (арганiзацыя размясцiлася ў будынку дзiцячага садка «Пеўнiк» па вулiцы Ракасоўскага, 63-2) абсталяваныя так, што нiшто не нагадвае пра боль i хваробы. У дзённым цэнтры, светлым i прасторным, нават столь пакрытая вясёлымi малюнкамi, тут шмат разнастайных цацак. На другiм паверсе ёсць маленькая малельня, сюды часта заходзяць памалiцца бацькi, якiя ўжо страцiлi дзетак. У малельнi — стэнд з фотаздымкамi тых, хто пакiнуў гэты свет, сюды спецыяльна падбiралiся лепшыя фотакарткi, на здымках — твары шчаслiвых дзяцей. Па панядзелках на малебне памiнаюцца тыя, хто пайшоў, благаслаўляюцца жывыя, супрацоўнiкi хоспiса настаўляюцца на цяжкую працу. Нельга не сказаць i пра маленькiя падарункi — няхiтрыя спосабы забяспечыць адпаведную якасць жыцця дзецям хоспiса. Было, што супрацоўнiкi арганiзацыi куплялi сабаку дзiцяцi, якому заставалася жыць днi тры. Многiя хлопчыкi i дзяўчынкi мараць пра камп’ютары, магнiтафоны. Ды што там! Часта падапечныя сем’i хоспiса — бедныя, дзiця выхоўвае адна мацi (некаторыя таты баяцца такiх сiтуацый, збягаюць). Тут дзецi мараць проста пра што-небудзь смачненькае. I нярэдка супрацоўнiкi хоспiса прыходзяць у сям’ю з пачастункамi, купленымi на ўласныя грошы. Для куплi многiх рэчаў, лекаў, зондаў, катэтараў прыходзiцца шукаць спонсараў. Беларускi дзiцячы хоспiс мае патрэбу ў падтрымцы. Вашы ахвяраваннi палегчаць жыццё яго пацыентаў. Разлiковы рахунак 3015003490017, замежны банк Масква—Мiнск, код 272. Загадзя ўдзячныя за нераўнадушнасць i падтрымку. Алена ДЗЯДЗЮЛЯ. Фота Мiкалая ЛЯВОНАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яны сталеюць не па гадах. А па днях і гадзінах, адмераных лёсам...
|
|