Пустазелле на абочыне цi кветкi жыцця?
Iрына ЛЕМЯШОНАК
На пасяджэнне камiсii па справах непаўналетнiх аднаго з раёнаў сталiцы выклiкалi цыганку па iменi Лола, дзiця якой не хадзiла ў школу, бегала па вулiцы абарваным, «страляючы» вечна галоднымi вачыма. Пазбаўленне бацькоўскiх правоў маму не вельмi напалохала.
Але калi ёй сказалi, што пра яе недастойныя паводзiны паведамяць мясцоваму цыганскаму «барону», на жанчыну гэта зрабiла, скажам прама, магiчнае ўздзеянне. Яна папрасiла не турбаваць такога паважанага чалавека. I сапраўды выправiлася. Цыганя пачало наведваць школу, i выгляд у яго стаў даволi акуратны. Супрацоўнiкам iнспекцыi заставалася толькi шкадаваць, што няма такога аўтарытэтнага «барона» для астатнiх бесталковых бацькоў. Толькi за першы квартал гэтага года супрацоўнiкамi iнспекцыi па справах непаўналетнiх, якiя, дарэчы, 31 мая адсвяткуюць 67-ы дзень нараджэння сваёй службы, падрыхтавана i накiравана ў суды больш як паўтары тысячы матэрыялаў у адносiнах да бацькоў, якiя ўхiляюцца ад выхавання i навучання дзяцей. Многiя з iх пазбаўлены бацькоўскiх правоў, больш за тысячу падлеткаў аформлены ў дзiцячыя ўстановы. Колькасць такiх выпадкаў iмклiва расце. Зразумела, мiлiцыяй праводзiцца адпаведная работа. Нярэдка паспяхова. Часам i самой перспектывы страцiць дзiця ўжо бывае дастаткова. На жаль... У большасцi выпадкаў лiшэнцы нават не спрабуюць вярнуць дзiця. Дзяржава кормiць i клапоцiцца пра iх нашчадкаў. Таму i лiчыць большасць iнспектараў па справах непаўналетнiх, што неабходна ўзмацнiць адказнасць такiх бацькоў. Пра добрага хлопчыка i... вiртуознага злодзея ...Пасля смерцi мацi Саша ўзвалiў на свае дзiцячыя плечы клопаты пра бацьку, якi беспрабудна п’янстваваў. Ранiца без бутэлькi пiва цi чаго-небудзь мацнейшага проста пазбаўляла будучы дзень усякага сэнсу, успамiнае начальнiк IСН Партызанскага раёна сталiцы Валянцiна Пустаход. Дзесяцiгадовы хлопчык блiзка да сэрца прымаў пакуты бацькi, таму кожны вечар iшоў на вулiцу ў пошуках пустых бутэлек. На выручаныя грошы дзiця купляла не цукеркi, а «стымулюючае» для таты. Зразумела, што гэтая сям’я трапiла ў поле зроку мясцовай iнспекцыi: бацьку пазбавiлi бацькоўскiх правоў, а Сашу змясцiлi ў iнтэрнат, у якi, дарэчы, бацька нi разу не заглянуў, сумна ўздыхае яна. А Саша, знаходзячыся пры жывым бацьку ў дзетдоме, марыць зарабiць многа грошай, каб потым утрымлiваць гэтага гора-бацьку. А вось другая гiсторыя. Некалькi гадоў таму Лёшка быў легендай Заводскага раёна. Трапiў на ўлiк у дзесяцiгадовым узросце, калi з такiм жа суседскiм шукальнiкам прыгод у чарговы раз уцёк з дому. У пошуках ежы ўцекачы не доўга думаючы, узламалi кiёск, спадзеючыся паласавацца шакаладам. Тут i адбылося iх першае сур’ёзнае знаёмства з вартавымi парадку. Затым наш герой стаў частым госцем у мясцовай iнспекцыi, таму што атрымаўся з яго вiртуозны махляр i кватэрны злодзей. Кампанейскi хлопчык вельмi лёгка ўваходзiў у давер да школьных таварышаў, якiя ахвотна дзялiлiся iнфармацыяй аб дабрабыце сваiх бацькоў, запрашалi ў госцi. Пасля чаго з кватэр нязменна знiкалi залатыя рэчы. Добра засвоiўшы сваю недасягальнасць для крымiнальнага закона да трынаццацi гадоў, юны злодзей такiм чынаў абакраў каля дзесятка кватэр i ў рэшце рэшт аказаўся ў Магiлёўскай спецшколе. Вярнуўся пасталелым, больш сур’ёзным, быццам бы з цвёрдым намерам пачаць сумленнае жыццё. Але ўжо праз тыдзень папаўся на разбойным нападзе. На гэты раз пакаранне было па ўсёй строгасцi закона — восем гадоў пазбаўлення волi. Сям’я, дарэчы, даволi ўдалая. Вось толькi па словах самога Лёшкi, бацькам нiколi не было да яго справы, у iх — сваё жыццё, у яго атрымалася сваё — крымiнальнае. Паводле статыстычных даных, колькасць удзельнiкаў злачынстваў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў складае ў гэтым годзе амаль трэцюю частку ад агульнай колькасцi. I гэта не можа не хваляваць кожнага з нас Хто дапаможа «падсеўшым» На думку начальнiка Упраўлення МУС Аляксандра Найдзенкi, праблемы арганiзацыi работы па прафiлактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетнiх звязаны з многiмi фактарамi. Гэта i недастатковы ўзровень узаемадзеяння з установамi аховы здароўя, адукацыi, рознымi грамадскiмi аб’яднаннямi, i сямейна-бытавое бязладдзе, i многае iншае. Немалаважнае значэнне мае недахват квалiфiкаваных спецыялiстаў у iнспекцыях па справах непаўналетнiх, якiя маюць не толькi юрыдычную, але i псiхолага-педагагiчную адукацыю. Як вiдаць, праблема вельмi шматгранная, каб ускладваць вiну за ўзнiкшую сiтуацыю на чыюсьцi канкрэтную галаву. Ад супрацоўнiкаў мiлiцыi часта можна пачуць нараканнi ў адрас органаў аховы здароўя, якiя яўна недапрацоўваюць. Не ва ўсiх раёнах i гарадах рэспублiкi, напрыклад, ёсць наркалагiчныя цэнтры i ўрачы-спецыялiсты для работы з падлеткамi, вельмi «падсеўшымi» на шклянку цi iголку, няма спецыяльных лячэбна-выхаваўчых устаноў для дзяцей з адхiленнямi ў псiхiчным развiццi. Не трэба забываць, што сёння кожны чацвёрты падлетак учынiў тыя цi iншыя процiпраўныя дзеяннi, мякка кажучы, у нецвярозым стане. Зараз пад назiраннем наркалагiчнай службы ў рэспублiцы каля 10 тысяч непаўналетнiх, з iх больш чым 60 хворыя на хранiчны алкагалiзм. Для нашай рэспублiкi гэтыя лiчбы немалыя. Бiзун — як апошнi аргумент Той факт, што дзейнасць органаў унутраных спраў па прафiлактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетнiх да гэтага часу ажыццяўляецца па нарматыўна-прававых актах 80-х гадоў, сведчыць сам за сябе. Вiдавочна, што метады дваццацiгадовай даўнасцi нельга прымянiць да сучаснай сiтуацыi, цяперашнiх тынэйджэраў. Асаблiва ахвотна падлеткi ўдзельнiчаюць у розных спартыўных спаборнiцтвах, дзе iх сапернiкамi выступаюць iнспектары IСН. Пасля такiх мерапрыемстваў зусiм iншая размова, iншыя адносiны складваюцца ў людзей у пагонах са сваiмi падапечнымi. Хоць нiчым не заменiш нармальныя адносiны ў сям’i, дзе закладваюцца асноўныя якасцi, погляды, прывычкi i навыкi. Калi гаварыць больш катэгарычна, то менавiта ў сям’i i вызначаецца, цi стануць нашы дзецi сапраўды кветкамi жыцця, альбо вырастуць пустазеллем на абочыне. Вiдавочна таксама, што аднымi толькi намаганнямi супрацоўнiкаў мiлiцыi кардынальна сiтуацыю не выправiць. Новыя крымiнальны i крымiнальна-працэсуальны кодэксы прадугледжваюць больш шырокi спектр вiдаў пакарання, не звязаных з пазбаўленнем волi падлеткаў. Гэта абмежаванне вольнага часу, грамадскiя, папраўчыя работы. Аднак не заўсёды i не ўсюды ёсць матэрыяльная база i магчымасцi для прымянення гэтых вiдаў уздзеяння. I ўсё ж «бiзун» павiнен быць апошнiм аргументам. Нядаўна на базе Партызанскага раёна сталiцы прайшоў рэспублiканскi семiнар на тэму «Узаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, устаноў адукацыi i ўсiх зацiкаўленых у арганiзацыi работы па прафiлактыцы злачынстваў i правапарушэнняў сярод непаўналетнiх». Размова iшла прафесiйная, прадметная. Застаецца спадзявацца, што пытаннi i праблемы, узнятыя яго ўдзельнiкамi, не «павiснуць у паветры», а знойдуць практычнае прымяненне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пасяджэнне камiсii па справах непаўналетнiх аднаго з раёнаў сталiцы выклiкалi цыганку па iменi Лола, дзiця якой не хадзiла ў школу, бегала па вул
|
|