ЗАКЛЮЧЭННЕ Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Закону Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове здароўя» Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi, зацверджаных пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б. з удзелам прадстаўнiкоў: Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Лектарава В.М., старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi; Мяшковай Н.М., загадчыка аддзела дзяржаўнага права Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь; Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь — Раманенкава А.С., намеснiка Мiнiстра аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу «Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Закону Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове здароўя « Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi, зацверджаных пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378». У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел: Вышкевiч В.М. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Козырава Л.Р. — намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь, Калугiн В.Ю. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь. Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 8 снежня 2003 г. па прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкулаў 5 i 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь» i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда. Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь унесла прапанову аб праверцы Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi, зацверджаных пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2003 г., № 122, 5/13295), якiя прадугледжваюць парадак i ўмовы выдачы спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на ажыццяўленне адпаведна медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi. Палата прадстаўнiкоў указала, у прыватнасцi, што пункт 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi адной з абавязковых умоў для атрымання лiцэнзii юрыдычнай асобай прадугледжвае наяўнасць у кiраўнiка арганiзацыi або ў кiраўнiка структурнага падраздзялення, што будзе ажыццяўляць медыцынскую дзейнасць, першай або вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi i наяўнасць у штаце дадзенай арганiзацыi работнiкаў, якiя маюць таксама першую або вышэйшую катэгорыю. Аналагiчныя па сутнасцi патрабаваннi прад’яўляюцца i пунктам 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi да фармацэўтычных работнiкаў. Па меркаванню Палаты прадстаўнiкоў, устаноўленыя ва ўказаных палажэннях дадатковыя (у параўнаннi з Законам «Аб ахове здароўя») патрабаваннi да ўзроўню падрыхтоўкi медыцынскага персаналу пацягнуць за сабой закрыццё многiх арганiзацый аховы здароўя, асаблiва пярвiчнага звяна, дзе працуе невялiкая колькасць медыцынскiх работнiкаў з адпаведнымi катэгорыямi. Палата прадстаўнiкоў лiчыць, што гэта ў поўнай меры адносiцца i да аптэчных арганiзацый. У адпаведнасцi з артыкулам 11 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь» межы вырашэння пытанняў, пастаўленых на разгляд Канстытуцыйнага Суда, вызначае Суд. Таму, зыходзячы з сутнасцi ўнесеных Палатай прадстаўнiкоў прапаноў, Канстытуцыйным Судом ажыццёўлена праверка на прадмет канстытуцыйнасцi норм, якiя змяшчаюцца ў пункце 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi, пунктах 9 i 10 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi. Заслухаўшы паведамленне суддзi-дакладчыка Падгрушы В.В., прадстаўнiкоў бакоў, прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, Закона Рэспублiкi Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 г. «Аб ахове здароўя» (у рэдакцыi Закона ад 11 студзеня 2002 г.), Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiпеня 2003 г. № 17 «Аб лiцэнзаваннi асобных вiдаў дзейнасцi» (далей — Дэкрэт № 17), нормы палажэнняў аб лiцэнзаваннi адпаведна медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi, iншых нарматыўных прававых актаў, якiя маюць адносiны да пытання, што разглядаецца, даследаваўшы iншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае. Згодна з артыкулам 2 Канстытуцыi чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсiх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (артыкул 45 Асноўнага Закона). У сiлу патрабаванняў артыкула 13 Канстытуцыi дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамiчнай дзейнасцi ў iнтарэсах чалавека i грамадства, забяспечвае накiраванне i каардынацыю дзяржаўнай i прыватнай эканамiчнай дзейнасцi ў сацыяльных мэтах. Дзяржава прадастаўляе ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, гарантуе роўную абарону i роўныя ўмовы для развiцця ўсiх форм уласнасцi. Згодна з артыкулам 9 Закона «Аб ахове здароўя» сiстэму аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь складаюць дзяржаўная ахова здароўя i прыватная ахова здароўя. Пры гэтым, як указана ў Законе, асновай сiстэмы аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца дзяржаўная ахова здароўя. Артыкулам 12 Закона «Аб ахове здароўя» прадугледжана, што медыцынская i фармацэўтычная дзейнасць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца фiзiчнымi i юрыдычнымi асобамi толькi пры наяўнасцi спецыяльнага дазволу (лiцэнзii). Лiцэнзiя ўяўляе сабой спецыяльны дазвол на ажыццяўленне вiду дзейнасцi пры абавязковым выкананнi лiцэнзiйных патрабаванняў i ўмоў, якi выдадзены лiцэнзуючым органам суiскальнiку лiцэнзii або лiцэнзiяту i якi пацвярджае, што суб’ект гаспадарання прымае на сябе абавязацельствы па забеспячэнню належнага ажыццяўлення лiцэнзуемага вiду дзейнасцi. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, нарматворчыя органы, прымаючы акты ў межах сваёй кампетэнцыi, у тым лiку рэгулюючы медыцынскую i фармацэўтычную дзейнасць, маюць права вызначаць парадак i ўмовы яе ажыццяўлення, устанаўлiваць абмежаваннi, якiя павiнны адпавядаць крытэрыям, замацаваным у Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, а iменна: асноўвацца на законе i прымацца толькi ў iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб. Дзяржаўнае рэгуляванне ў галiне ажыццяўлення медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi абумоўлена неабходнасцю забяспечыць ахову жыцця i здароўя грамадзян. У гэтых мэтах нарматыўнымi прававымi актамi ўстанаўлiваюцца павышаныя патрабаваннi да суб’ектаў, якiя ажыццяўляюць такую дзейнасць, у тым лiку замацоўваецца абавязковасць лiцэнзавання ўказанай дзейнасцi. Дэкрэтам № 17 прадугледжана, што права на ажыццяўленне юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi асобных вiдаў дзейнасцi, уключаючы медыцынскую i фармацэўтычную, можа быць рэалiзавана пасля атрымання ва ўстаноўленым парадку спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй). Згодна з падпунктам 3.9 пункта 3 Дэкрэта № 17 у выпадку разыходжання норм дадзенага Дэкрэта з iншымi заканадаўчымi актамi, якiя рэгулююць ажыццяўленне асобных вiдаў дзейнасцi на падставе спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй), прымяняюцца нормы гэтага Дэкрэта. У адпаведнасцi з пунктам 2 Палажэння аб лiцэнзаваннi асобных вiдаў дзейнасцi, зацверджанага Дэкрэтам № 17, лiцэнзiйныя патрабаваннi i ўмовы — гэта сукупнасць устаноўленых заканадаўствам патрабаванняў i ўмоў, што прад’яўляюцца да суiскальнiка лiцэнзii пры яе выдачы i да лiцэнзiята пры ажыццяўленнi iм дзейнасцi, на якую патрабуецца лiцэнзiя. Пунктам 5 указанага Палажэння аб лiцэнзаваннi асобных вiдаў дзейнасцi прадугледжана, што Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у межах сваёй кампетэнцыi зацвярджае палажэннi аб лiцэнзаваннi вiдаў дзейнасцi, якiя разам з iншымi ўмовамi i патрабаваннямi павiнны ўключаць пералiк лiцэнзiйных патрабаванняў i ўмоў, што прад’яўляюцца да юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, а таксама асаблiвасцi выдачы лiцэнзiй на асобны вiд дзейнасцi. Дэкрэт № 17 разглядаўся Палатай прадстаўнiкоў i Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь адпаведна 9 i 17 кастрычнiка 2003 г. i прыняты да ведама без заўваг. У мэтах выканання Дэкрэта № 17 Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь пастановай ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378 зацверджаны Палажэнне аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Палажэнне аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi. Пунктам 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi прадугледжана, што абавязковымi ўмовамi для суiскальнiка лiцэнзii i лiцэнзiята пры ажыццяўленнi медыцынскай дзейнасцi (акрамя работ i паслуг, звязаных з вытворчасцю i абаротам медыцынскай тэхнiкi i вырабаў медыцынскага прызначэння) з’яўляюцца: для юрыдычнай асобы: наяўнасць у кiраўнiка арганiзацыi або ў кiраўнiка структурнага падраздзялення арганiзацыi, якое непасрэдна будзе ажыццяўляць медыцынскую дзейнасць, вышэйшай медыцынскай адукацыi, спецыяльнай падрыхтоўкi, што адпавядаюць патрабаванням i характару выконваемых работ i прадастаўляемых паслуг, i першай або вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi; наяўнасць у штаце дадзенай арганiзацыi работнiкаў, якiя маюць вышэйшую i (або) сярэднюю медыцынскую адукацыю, спецыяльную падрыхтоўку, што адпавядаюць патрабаванням i характару выконваемых работ i прадастаўляемых паслуг, i першую або вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю (для сярэдняга медыцынскага персаналу наяўнасць квалiфiкацыйнай катэгорыi) (падпункт 9.1 пункта 9); для iндывiдуальнага прадпрымальнiка i прыцягнутых iм ва ўстаноўленым парадку медыцынскiх работнiкаў — вышэйшая або сярэдняя медыцынская адукацыя, спецыяльная падрыхтоўка, якiя адпавядаюць патрабаванням i характару выконваемых работ i прадастаўляемых паслуг, i першая або вышэйшая квалiфiкацыйная катэгорыя (для сярэдняга медыцынскага персаналу наяўнасць квалiфiкацыйнай катэгорыi) (падпункт 9.2 пункта 9); праходжанне тэматычнага ўдасканальвання ў аб’ёме, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь для кiраўнiка ў сферы медыцынскай дзейнасцi i медыцынскiх работнiкаў юрыдычнай асобы, а таксама для iндывiдуальнага прадпрымальнiка i прыцягнутых iм медыцынскiх работнiкаў (падпункт 9.3 пункта 9). Пунктам 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi прадугледжана ў якасцi абавязковай умовы для атрымання лiцэнзii на фармацэўтычную дзейнасць (за выключэннем работ i паслуг, звязаных з прамысловай вытворчасцю лекавых сродкаў) наяўнасць у кiраўнiка юрыдычнай асобы (кiраўнiка структурнага падраздялення, якое займаецца фармацэўтычнай дзейнасцю) або iндывiдуальнага прадпрымальнiка вышэйшай фармацэўтычнай адукацыi, вышэйшай або першай квалiфiкацыйнай катэгорыi i ўдасканальвання па спецыяльнасцi ў адпаведнасцi з заканадаўствам. Згодна з пунктам 10 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi суiскальнiк лiцэнзii павiнен заключыць працоўныя дагаворы (кантракты) або грамадзянска-прававыя дагаворы з работнiкамi (не менш двух чалавек акрамя кiраўнiка структурнага падраздзялення), якiя маюць спецыяльную фармацэўтычную адукацыю (вышэйшую або сярэднюю), квалiфiкацыйную катэгорыю i прайшлi ўдасканальванне па спецыяльнасцi ў адпаведнасцi з заканадаўствам. Часткай першай артыкула 15 Закона «Аб ахове здароўя» прадугледжана, што права на заняцце медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцю маюць асобы, якiя атрымалi спецыяльную адукацыю i пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь. Пры допуску да медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi ў якасцi ўрача або правiзара акрамя спецыяльнай адукацыi неабходны стажыроўка i наяўнасць сертыфiкату (пасведчання) па адпаведнай спецыяльнасцi, а ў прыватнай ахове здароўя — таксама стаж работы па вiду дзейнасцi, якi лiцэнзуецца, не менш чым тры гады. Канстытуцыйны Суд лiчыць, што нормы, якiя змяшчаюцца ў частцы першай артыкула 15 Закона «Аб ахове здароўя», не датычацца пытанняў лiцэнзавання медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi як тых, што адносяцца да спецыяльнага рэгулявання, а вызначаюць умовы i патрабаваннi забеспячэння права асоб на заняцце медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцю ў якасцi ўрача або правiзара, але не ў якасцi кiраўнiкоў юрыдычных асоб (кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў) i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя арганiзуюць ажыццяўленне лiцэнзуемых вiдаў дзейнасцi i нясуць усю паўнату адказнасцi за належнае медыцынскае або фармацэўтычнае абслугоўванне. Такi вывад вынiкае са зместу часткi другой артыкула 12 Закона «Аб ахове здароўя», згодна з якой парадак i ўмовы выдачы спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на ажыццяўленне медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi рэгулююцца актамi заканадаўства, пункта 5 Палажэння аб лiцэнзаваннi асобных вiдаў дзейнасцi, зацверджанага Дэкрэтам № 17, i прынятых на яго аснове Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь палажэнняў аб лiцэнзаваннi адпаведна медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi. Урачы i правiзары, згодна з артыкулам 41 Канстытуцыi, рэалiзуюць сваё права на працу, гэта значыць права на выбар роду заняткаў i работы ў адпаведнасцi з прызваннем, здольнасцямi, адукацыяй, прафесiйнай падрыхтоўкай i з улiкам грамадскiх патрэбнасцей, шляхам заключэння працоўных або грамадзянска-прававых дагавораў з адпаведнымi суб’ектамi гаспадарання як дзяржаўнай, так i прыватнай формы ўласнасцi, якiя павiнны арганiзаваць ажыццяўленне медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi ў адпаведнасцi з iснуючымi ў дзяржаве патрабаваннямi i стандартамi. Суiскальнiкам лiцэнзii на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасцi можа быць юрыдычная асоба або iндывiдуальны прадпрымальнiк (пункт 3 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi, пункт 5 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi). Да суiскальнiка лiцэнзii i прад’яўляюцца ў адпаведнасцi з указанымi палажэннямi лiцэнзiйныя патрабаваннi i ўмовы. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстаноўленыя ў палажэннях аб лiцэнзаваннi адпаведна медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi патрабаваннi да прафесiйнага ўзроўню кiраўнiкоў арганiзацый аховы здароўя (кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў арганiзацый), iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, не супярэчаць артыкулу 15 Закона «Аб ахове здароўя». Канстытуцыйны Суд зыходзiць пры гэтым з таго, што ўказанымi актамi рэгулююцца розныя вiды адносiн: палажэннямi аб лiцэнзаваннi — адносiны, звязаныя з магчымасцю ажыццяўлення суб’ектамi гаспадарання лiцэнзуемых вiдаў медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi, Законам «Аб ахове здароўя» — адносiны, якiя датычацца рэалiзацыi грамадзянамi права на заняцце медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцю ў якасцi ўрача або правiзара. Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на розныя падыходы, што змяшчаюцца ў пункце 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi, у частцы патрабаванняў да прафесiйнага ўзроўню медыцынскiх работнiкаў, якiя прыцягваюцца суб’ектамi гаспадарання. Калi па сэнсу абзаца трэцяга падпункта 9.1 пункта 9, што патрабуе наяўнасцi ў штаце арганiзацыi работнiкаў, якiя маюць першую або вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю, колькасць такiх работнiкаў не агаворваецца (у судовым пасяджэннi прадстаўнiком Савета Мiнiстраў было выказана меркаванне, што дастаткова аднаго спецыялiста, якi мае патрабуемую катэгорыю па лiцэнзуемаму вiду дзейнасцi), то ў прымяненнi да iндывiдуальнага прадпрымальнiка (падпункт 9.2 пункта 9) усе прыцягнутыя iм работнiкi павiнны мець першую або вышэйшую катэгорыю (для сярэдняга медперсаналу — квалiфiкацыйную катэгорыю), нават калi ён будзе займацца ажыццяўленнем аднаго вiду дзейнасцi. Адзначанае сведчыць аб неабходнасцi ўдакладнення зместу палажэнняў аб лiцэнзаваннi адпаведна медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi ў мэтах забеспячэння iх адназначнага разумення i прымянення на практыцы. Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з замацаванага ў Канстытуцыi прынцыпу стварэння роўных умоў для развiцця ўсiх форм уласнасцi, мяркуе неабходным перагледзець норму часткi першай артыкула 15 Закона «Аб ахове здароўя», якой устаноўлена абмежаванне на працу ў прыватнай ахове здароўя для ўрачоў i правiзараў, якiя маюць стаж работы па лiцэнзуемаму вiду дзейнасцi менш чым тры гады. Канстытуцыйны Суд знаходзiць заслугоўваючымi ўвагi довады Палаты прадстаўнiкоў аб тым, што ўстанаўленне дадатковых патрабаванняў да ўзроўню прафесiйнай падрыхтоўкi кiраўнiкоў арганiзацый (кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў) як дзяржаўнай, так i прыватнай формы ўласнасцi, а таксама iндывiдуальных прадпрымальнiкаў пацягне за сабой для многiх з iх спыненне (прыпыненне) дзейнасцi з-за адсутнасцi квалiфiкацыйных катэгорый, якiя патрабуюцца. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў дзяржаўнай ахове здароўя па стану на 1 студзеня 2004 г. не маюць першай або вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi 23,2 працэнта кiраўнiкоў арганiзацый i 38,7 працэнта кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў, 42,1 працэнта правiзараў — кiраўнiкоў арганiзацый (кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў). Па даных прадстаўнiка Палаты прадстаўнiкоў Лектарава В.М., толькi па Вiцебскай вобласцi па стану на 13 лiстапада 2003 г. не мелi першай або вышэйшай катэгорыi галоўныя ўрачы 40 участковых бальнiц, 13 гарадскiх i раённых бальнiц, пяцi раённых тэрытарыяльных медыцынскiх аб’яднанняў. Пры гэтым тры ўчастковыя бальнiцы маюць статус юрыдычнай асобы. Што датычыцца недзяржаўных арганiзацый аховы здароўя, то, па прадстаўленых звестках, на цяперашнi час медыцынскую дзейнасць ажыццяўляюць 1228 юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, у якiх працуе 3060 урачоў, з iх з вышэйшай катэгорыяй — 352 урачы, з першай — 659, што складае каля 33 працэнтаў. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што абсалютная большасць спецыялiстаў, якiя працуюць у прыватнай ахове здароўя, маюць працяглы стаж работы: агульны ўрачэбны стаж 9 гадоў i больш маюць 2407 урачоў, ад 6 да 8 гадоў — 427. Фармацэўтычную дзейнасць ажыццяўляюць 1052 спецыялiсты з вышэйшай фармацэўтычнай адукацыяй, якiя працуюць у складзе 416 юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. З iх iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, кiраўнiкоў юрыдычных асоб i структурных падраздзяленняў са стажам ад 6 да 8 гадоў — 114 чалавек, са стажам 9 гадоў i больш — 570. Канстытуцыйны Суд адзначае, што да ўвядзення новых патрабаванняў, што прад’яўляюцца да суiскальнiкаў лiцэнзiй i лiцэнзiятаў для ажыццяўлення медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасцi, дзейнiчала Палажэнне аб парадку выдачы суб’ектам гаспадарання (юрыдычным асобам i прадпрымальнiкам без утварэння юрыдычнай асобы) спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на ажыццяўленне вiдаў дзейнасцi, якiя знаходзяцца ў вядзеннi Мiнiстэрства аховы здароўя, зацверджанае загадам Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь ад 15 студзеня 1998 г. № 15, згодна з якiм выдача лiцэнзiй на медыцынскую практыку, аптовую i рознiчную рэалiзацыю лекавых сродкаў i лекавых раслiн (падпункты 2.3.2 i 2.5 пункта 2) ажыццяўлялася пры меншым аб’ёме патрабаванняў i ўмоў, што прад’яўляюцца да суiскальнiкаў (лiцэнзiятаў). У адпаведнасцi з заканадаўствам, якое дзейнiчала раней, атрыманне суб’ектам гаспадарання лiцэнзii на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасцi не залежала ад наяўнасцi або адсутнасцi ў кiраўнiка арганiзацыi (кiраўнiка структурнага падраздзялення), iндывiдуальнага прадпрымальнiка, а роўна прыцягнутых iмi работнiкаў першай або вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi. Больш за тое, згодна з пунктам 5 Палажэння аб парадку прысваення квалiфiкацыйных катэгорый медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам, зацверджанага пастановай Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь ад 1 лiпеня 2002 г. № 45, прысваенне квалiфiкацыйнай катэгорыi праводзiлася па iнiцыятыве i жаданню асобы, якая працуе ў сiстэме аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, i з’яўлялася адной з умоў павышэння аплаты працы работнiкаў, якiя маюць квалiфiкацыйныя катэгорыi. Пунктам 36 указанага Палажэння прадугледжана таксама, што для прысваення другой квалiфiкацыйнай катэгорыi патрабуецца стаж работы па спецыяльнасцi тры гады, першай i вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi шэсць i дзевяць гадоў адпаведна. У сувязi з выкладзеным, прызнаючы права Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з часткай пятай артыкула 13 Канстытуцыi ўстанаўлiваць патрабаваннi да прафесiйнай падрыхтоўкi медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў пры атрыманнi iмi лiцэнзiй дзеля дасягнення галоўнай мэты — павышэння якасцi медыцынскай дапамогi i фармацэўтычных паслуг насельнiцтву, якiя аказваюцца як у дзяржаўнай, так i ў прыватнай ахове здароўя, Канстытуцыйны Суд у той жа час лiчыць, што пры абмежаваннi ўжо набытых правоў асаблiва неабходна ўлiчваць прынцыпы справядлiвасцi, суразмернасцi, максiмальнага ўлiку прыватных i публiчных iнтарэсаў. Такi падыход садзейнiчае фармiраванню давер’я грамадзян да дзяржавы. Важнейшым прынцыпам прававога рэгулявання адносiн у прававой дзяржаве, якой абвешчана Рэспублiка Беларусь, павiнны быць прадказальнасць i разумная стабiльнасць нарматыўнага рэгулявання, што базiруецца на спалучэннi iнтарэсаў дзяржавы i грамадзян, а таксама суб’ектаў гаспадарання. Таму Канстытуцыйны Суд лiчыць правамерным прад’яўленне дадатковых патрабаванняў да новых асоб, якiя жадаюць атрымаць лiцэнзii на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасцi праз утварэнне юрыдычнай асобы або работу ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка. Што датычыцца суб’ектаў гаспадарання дзяржаўнай i прыватнай форм уласнасцi, якiя атрымалi лiцэнзii на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасцi на падставе раней дзеючага заканадаўства, то Канстытуцыйны Суд лiчыць, што для выключэння лiквiдацыi (прыпынення дзейнасцi) суб’ектаў гаспадарання па прычынах, якiя яны не маглi прадбачыць у момант iх стварэння, кiраўнiкам гэтых арганiзацый аховы здароўя, iншым асобам, указаным у пункце 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i пунктах 9, 10 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi, павiнна быць прадастаўлена магчымасць прыняць удзел у атэстацыi для атрымання адпаведнай катэгорыi з улiкам стажу iх работы i iншых акалiчнасцей, што заслугоўваюць увагi, у тэрмiн, дастатковы пасля прыняцця дадзенага Заключэння для вырашэння гэтых пытанняў. На падставе выкладзенага i кiруючыся часткамi першай, чацвёртай i сёмай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 9, 34, 38, 40 i 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь», Канстытуцыйны Суд ВЫРАШЫЎ: 1. Прызнаць адпавядаючымi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Закону Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове здароўя» нормы пункта 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi, пунктаў 9 i 10 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi, зацверджаных пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378. 2. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь i Мiнiстэрству аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь з мэтай выключэння лiквiдацыi (прыпынення дзейнасцi) суб’ектаў гаспадарання, якiя займалiся ажыццяўленнем медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасцi на аснове лiцэнзiй, выдадзеных у адпаведнасцi з раней дзеючым заканадаўствам, забяспечыць кiраўнiкам гэтых арганiзацый аховы здароўя (кiраўнiкам структурных падраздзяленняў), iндывiдуальным прадпрымальнiкам, прыцягнутым iмi медыцынскiм работнiкам праходжанне атэстацыi для атрымання iмi адпаведных квалiфiкацыйных катэгорый з улiкам стажу iх работы i iншых акалiчнасцей, што заслугоўваюць увагi, у тэрмiн, дастатковы пасля прыняцця дадзенага Заключэння для вырашэння гэтых пытанняў. Для ўказаных асоб упаўнаважаныя дзяржаўныя органы маюць права змякчыць патрабаваннi, прадугледжаныя Палажэннем аб парадку прысваення квалiфiкацыйных катэгорый медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам, зацверджаным пастановай Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь ад 1 лiпеня 2002 г. № 45, у частцы прысваення квалiфiкацыйных катэгорый па-за ўстаноўленай паслядоўнасцю, з улiкам стажу работы, узроўню прафесiйнай падрыхтоўкi i iншых акалiчнасцей, уключаючы i факт стварэння iмi суб’ектаў гаспадарання, якiя ажыццяўлялi медыцынскую або фармацэўтычную дзейнасць на падставе выдадзеных раней дзяржаўнымi органамi лiцэнзiй. 3. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў тэрмiн, устаноўлены заканадаўствам, у газетах «Звязда» i «Народная газета», а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь i «Веснiку Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь». 4. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае. Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Р.А. ВАСIЛЕВIЧ 20 лютага 2004 г., г. Мiнск № З-170/2004
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Закону Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове здароўя» Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Пала |
|