Хто колькi завiнавацiўся камунальнiкам?
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Жыхар Светлагорска Васiль Казлоў, прачытаўшы ў нашай газеце заметку аб высяленнi без прадастаўлення жылля па рашэнню суда адной сям’i, якая пражывала ў гэтым горадзе (а прычынамi з’яўлялiся пастаянныя неплацяжы за кватэру, зноў-такi пастаянныя скандалы, якiя яна ўчыняла з суседзямi, i г. д.), патэлефанаваў у карэспандэнцкi пункт «Звязды» па Гомельскай вобласцi (тэл. 53-13-92). Ён зацiкавiўся, цi маюць жыхары яго горада i наогул вобласцi запазычанасцi за камунальныя паслугi, i калi маюць, дык якiя. I яшчэ: цi прымаюць камунальныя службы нейкiя канкрэтныя меры, каб паскорыць выплату тых запазычанасцяў? Калi так, дык наколькi яны дзейсныя?
Як паведамiў нам начальнiк аддзела жыллёвай гаспадаркi УЖКГ Гомельскага аблвыканкама Васiль Васiлюк, справаздачы па ўказаных пытаннях робяцца штоквартальна. Дык вось, па стану на першае студзеня сёлетняга года па Светлагорску i раёну запазычанасць, прычым пратэрмiнаваную да трох месяцаў, мелi 1760 сем’яў цi адзiнокiх грамадзян; ад трох да шасцi месяцаў — 256; ад шасцi месяцаў да года — 297; ад года да трох гадоў — 86 i больш як тры гады — 4. Няцяжка падлiчыць агульную лiчбу асабовых рахункаў па пратэрмiнаванай запазычанасцi насельнiцтва горада i раёна за тэхнiчнае абслугоўванне i камунальныя паслугi — 2507. Гэты паказчык вышэйшы толькi ў КУП «Мазырскi камунальнiк» (5085) i ў КПУП «ГУЖКГ» г. Гомель (15.151). Што датычыць сум тых запазычанасцяў, дык светлагорцы займаюць другое месца (290,2 мiльёна рублёў), у мазыран — 225 мiльёнаў i ў гамяльчан — 1117,2 мiльёна рублёў. Калi ж засяродзiцца на гэтых пытаннях у абласным маштабе, дык малюнак тут наступны. Усяго камунальным службам завiнавацiлiся па стану на першае студзеня 2004 года 36.535 сем’яў i адзiнокiх 2.675,7 мiльёна рублёў. Каб вярнуць гэтыя даўгi, камунальныя службы вобласцi праводзяць шэраг мерапрыемстваў. Летась даўжнiкам было паслана 173.297 напамiнкаў, арганiзавана (у тым лiку i з участковымi мiлiцыянерамi) 169.831 наведванне iх на даму, выдадзена 66.657 папярэджанняў на адключэнне камунальных паслуг i адключана 6443 з iх. Аформлена 4590 так званых выканаўчых надпiсаў (гэта калi праз натарыяльныя канторы ў бясспрэчным парадку з неплацельшчыкаў спаганяюцца даўгi праз касы прадпрыемстваў, дзе яны працуюць, або праз органы сацыяльнай абароны насельнiцтва). У суды было пададзена 88 iскавых заяў на неплацельшчыкаў, 86 з якiх на той час яны задаволiлi. Калi б не ўказаныя вымушаныя меры, зазначыў Васiль Уладзiмiравiч, запазычанасць насельнiцтва вобласцi за камунальныя паслугi была б, пэўна, значна большая. Гэта па-першае. Па-другое, пры ўсiх матэрыяльных цяжкасцях людзi павiнны асэнсоўваць, што за камунальныя паслугi трэба плацiць так, як i ў магазiнах, дзе без грошай нiхто табе нiчога не дасць. Недахват жа фiнансавых сродкаў у камунальнiкаў з-за тых неплацяжоў цягне за сабой неналежную матэрыяльна-тэхнiчную iх аснашчанасць i знiжэнне якасцi аказваемых паслуг (рамонт дамоў, дахаў, водаправодных сетак i г. д. i да т. п.). Ланцуговая рэакцыя, адным словам...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхар Светлагорска Васiль Казлоў, прачытаўшы ў нашай газеце заметку аб высяленнi без прадастаўлення жылля па рашэнню суда адной сям’i, якая пражывала |
|