Грунт фермера Пухальскага
Сымон СВIСТУНОВIЧ
АДРАДЖЭННЕ ГАСПАДАРА Некалi каля вёскi Старая Мыш стаяў замак Яна Хадкевiча. Але падчас руска-польскай вайны 1654 года ён быў разбураны. Пасля другой сусветнай вайны знiк i фальварак пана Бардзянка, i ў Старой Мышы пра былую велiч напамiнаюць толькi Замкавая гара ды алея старых лiпаў. У вёсцы ўсяго пятнаццаць хат, палова з якiх пустыя. Здавалася, што Старая Мыш адыходзiць у нябыт, i на адраджэнне няма шанцу.У 1999 годзе Юрый Пухальскi вырашыў стаць фермерам. А дзе ўзяць зямлю, пытання не было. Баранавiцкi райвыканкам выдзелiў 33 гектары каля Старой Мышы — роднай вёскi Ю. Пухальскага. Затым фермер атрымаў яшчэ надзел, i сёння Старая Мыш акружана зямлёй фермера. У Пухальскага яшчэ год таму было 200 гектараў, але засталося толькi 112, бо ад астатнiх прыйшлося адмовiцца — камянiца. А што прымусiла саракагадовага iнжынера-механiка падацца ў фермеры? — Я адпрацаваў 18 гадоў у «Сельгастэхнiцы» i адтуль не пайшоў бы, калi б не ўбачыў, што ў сельскай гаспадарцы пачаўся заняпад i трэба было нешта рабiць — гэта з аднаго боку, а з другога — з маленства цягнула да зямлi. Бацька быў iнвалiдам i рана памёр, а ў Старой Мышы заставалася мацi. Вось i прыходзiлася ўвесь час праводзiць на вёсцы. Нават калi вучыўся ў iнстытуце, то да зямлi быў прывязаны — на плячах мамы ўсё трымалася, даводзiлася дапамагаць. Адным словам, мае каранi засталiся там, у Старой Мышы, — растлумачыў фермер. Алена Францаўна, мацi Пухальскага, асаблiва не ўзрадавалася iдэi сына ўзяць надзел зямлi, бо добра ведала, што такое сялянская праца. А вось жонка падтрымала Юрыя Антонавiча. Праз пяць гадоў, калi ўжо ёсць канкрэтныя вынiкi, мацi стала прыязна ставiцца да фермерства сына. Сёння гаспадарка мае два трактары «МТЗ-920», два «МТЗ-50», аўтамашыны, камбайн i ўсе навясныя прыстасаваннi, агрэгаты i г. д. У цэлым праблемы з тэхнiкай у Пухальскага няма, бо ён i сам можа яе адрамантаваць, а вось аграном у штаце ёсць. Зямля ў фермера сярэдняй бальнасцi, але ўраджаi даволi высокiя. Напрыклад, яравога рапсу сабрана па 23 ц/га, а ячменю — 42 цэнтнеры з гектара. А ў саўгасе «Iскра» на гэтай зямлi жалi па 30 ц/га. Праўда, саўгаса ўжо няма — яго далучылi да жывёлагадоўчага комплексу «Мiр». Пры сустрэчах з фермерамi, як правiла, даводзiцца выслухоўваць крыўды на розныя iнстанцыi. Аднаго пакрыўдзiла падатковая iнспекцыя, другога — раённая ўлада, а трэцяга — суседнi кааператыў, бо нiчым не дапамог, а вось Ю. Пухальскi нiякiх прэтэнзiй да ўлады не мае. — Кожны, хто вырашыў стаць фермерам, напэўна ж, ведаў, на што iшоў. Наш фермер пастаўлены ў канкрэтныя ўмовы i павiнен у iх працаваць, а не бедаваць. Калi ты сабраў ураджай, то няма чаго наракаць, што яго няма куды падзець, — сам вырашай, разбiрайся з гэтай праблемай. Я свой ячмень прадаў птушкафабрыцы «Дружба». Яны нават яго сваiм камбайнам зжалi, праўда, узялi за работу зернем, але ж гэта выгадна. Цi вось з арганiчнымi ўгнаеннямi ў мяне была б пэўная праблема, калi б не «Мiр». Там не хапае тэхнiкi, каб адвозiць з-пад жывёлы гной, i яны задаволеныя, што я сваiмi бочкамi i трактарамi дапамагаю комплексу справiцца з праблемай. У мяне бясплатнае ўгнаенне, а iм дапамога. Я не крыўдую, хоць i лiчу, што ўстанаўлiваць фiксаваную цану на гароднiну нельга. Тым фермерам, якiя атрымлiваюць ад дзяржавы датацыю, — калi ласка, няхай прытрымлiваюцца ўстаноўленых рамак, а астатнiм — поўная воля, — гаворыць Пухальскi. Насупраць роднай хаты шарэнгай стаiць тэхнiка. Фермер яшчэ не паспеў разгарнуцца, бо пяць гадоў — гэта не тэрмiн. Пухальскi на сёння мае свiнаферму на 60 галоў, але думае ў перспектыве паставiць на адкорм 40 бычкоў ды займець ферму дойных кароў. Гэта найперш для таго, каб збожжа i гароднiна iшлi ў абарот — на корм жывёле. У разгар работы да 30 чалавек працуе ў гаспадарцы па найму. Ёсць сувязь з цэнтрам занятасцi, адтуль прыязджаюць беспрацоўныя. Фермер плацiць iм больш, чым кааператывы, i да яго ахвотна едуць. Хоць Ю. Пухальскi i лiчыць, што кожны павiнен свае праблемы вырашаць сам, але з праблемай крадзяжу справiцца цяжка. Настае восень, i з горада едуць за гароднiнай. Загружаюць легкавушкi капустай, буракамi, бульбай... пры самай дарозе, i ўправы на людзей няма. Аднойчы да фермера зазiрнуў брат цешчы, якi прыехаў у госцi з Канады. — А што робяць тыя людзi? — спытаў ён. — Ды калгасны гарох крадуць, — адказаў фермер, i на канадца-беларуса гэта зрабiла моцнае ўражанне. — I як такое можа быць? I за гэта няма пакарання? — здзiўляўся ён. Старая Мыш прыйшла ў заняпад не сёння i не ўчора, а, напэўна, пасля таго, як быў знiшчаны фальварак, а можа, калi з вёсачкi пачалi з’язджаць маладыя i жыццё тут само па сабе пачало зацiхаць. Але ў Старой Мышы ёсць вялiкi шанц адрадзiцца, i адраджэнне гэта звязана з Ю. Пухальскiм. — Многiя фермеры называюць гаспадаркi сваiм прозвiшчам. Магчыма, гэтым самым хочуць праславiцца. А я назву i не выбiраў: побач на беразе Мышанкi замчышча, вось i назваў гаспадарку «Замкавая Гара». Тут такi грунт, такая аснова, што i прыдумваць нiчога не трэба — толькi працуй. Хацелася б пабудавацца, але мне, напэўна, не давядзецца гэта зрабiць. За адно пакаленне на зямлi багатым не станеш. Магчыма, ужо сын цi ўнук убачаць Старую Мыш зусiм iншай. А для мяне самае важнае — залажыць сёння моцны падмурак — вось i iдуць усе грошы на развiццё гаспадаркi. Неабходна як мага глыбей пусцiць тут каранi, каб не было магчымасцi павярнуць назад, — сказаў Юрый Пухальскi. Я думаю, што ў фермера ўсё атрымаецца, бо да справы падключаны ўвесь род. У «Замкавай Гары» працуе сын Сяргей, дачка Юля яшчэ вучыцца, пляменнiца Наташа — таксама тут, на пасадзе бухгалтара, пляменнiк Максiм вучыцца ў сельгаскаледжы i вернецца да дзядзькi: летам працуе на ферме. Прыязджае i пляменнiк ад сястры, якая жыве ў Мiнску. Хлопец вельмi любiць тэхнiку i пасля школы збiраецца ў Старую Мыш. Ды i Юрыю Антонавiчу ўсяго 45 гадоў — творчы ўзрост. Старая Мыш адродзiцца, але сумна, што ўсё прыходзiцца пачынаць з нуля. А гэта час — i праца, праца...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалi каля вёскi Старая Мыш стаяў замак Яна Хадкевiча. Але падчас руска-польскай вайны 1654 года ён быў разбураны. Пасля другой сусветнай вайны знiк |
|