21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Каляровы твар Еўропы

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Леанiд ЛАХМАНЕНКА

Быць у Парыжы i не пабачыць на свае вочы Эйфелеву вежу — недаравальная рэч. Але рамантычнае спатканне з гэтым сiмвалам французскай сталiцы было сапсавана нечаканай сустрэчай. Не паспеў наш аўтобус прыпаркавацца, як яго абступiла гаманлiвая група дрэнна i аднастайна апранутых маладых мулатаў: скураныя абшарпаныя чорныя курткi i далёка не першай свежасцi кашулi, скамечаныя брудныя джынсы з «пузырамi» на каленях. Але не знешнi выгляд гэтых новых парыжан непрыемна ўразiў нас (у Парыжы хто як хоча — так i апранаецца), а тая нахабнасць i празмерная бестактоўная настойлiвасць, з якой яны спрабавалi «ўперцi» нам сумнiўнай якасцi сувенiры на тэму Эйфелевай вежы. Мулаты забягалi наперад, совалi ў рукi свае цацкi i на моцна гартаннай французскай мове ўгаворвалi што-небудзь у iх набыць. Гэты эскорт працягваўся аж да самай вежы. Але i потым, пасля яе агляду, мулаты не давалi праходу перспектыўным, на iх погляд, турыстам. I нямала людзей куплялi маленькiя, з металу цi пластмасы, копii вежы хутчэй па прычыне дабрачыннасцi, чым жадання прывезцi дамоў такi парыжскi сувенiр. Вельмi ж галодныя вочы былi ў мулатаў. Здалося, што ўвесь рознiчны гандаль з латкоў у Парыжы манапалiзаваны прышэльцамi. Каля сабора Парыжскай Божай Мацi — туркi цi алжырцы. Каля Луўра на турыстаў палявалi выхадцы з арабскага Усходу.

Апошнiх у Францыi ўжо жыве столькi, што яны сталi важным фактарам палiтычнага жыцця. Радыкальныя дзеячы зарабляюць сабе капiтал на нездаволенасцi даволi значнай часткi карэннага насельнiцтва каляровым папаўненнем. Не, пераважная большасць французаў нiчога не мае супраць таго, што брудную, непрэстыжную i малааплатную работу ў краiне выконваюць iншаземцы, нават калi сярод iх нямала нелегалаў. Не ад добрага жыцця яны прыехалi сюды за тысячы кiламетраў.

Але гэты спагадлiвы настрой хутка знiкае з пагаршэннем эканамiчнай сiтуацыi, ростам дарагоўлi i беспрацоўя. Адразу знаходзяцца тыя, хто тыркне пальцам у бок цёмнаскурых работнiкаў i скажа: «Гэта яны займаюць вашы працоўныя месцы, з-за iх вашы сем’i пачалi жыць горш».

Неразуменне радавымi французамi сапраўдных эканамiчных прычын высокага ўзроўню беспрацоўя выклiкае падазронасць да iншаземцаў, асаблiва з нябелым колерам скуры, да iх рэлiгiйных i культурных адрозненняў, звычак i нават нацыянальнага адзення. У гэтым сэнсе паказальнай стала вельмi працяглая па часе грамадска-палiтычная дыскусiя (яна працягваецца i зараз) нацыянальнага маштабу аб тым, цi маюць права юныя мусульманкi насiць у школах Францыi хiджабы — галаўныя хусткi. Працiўнiкi горача пераконвалi публiку ў друку, на тэлеканалах у тым, што гэта — сведчанне прыгнёту жанчын мусульманамi. Хiджаб на ўроках, у студэнцкiх аўдыторыях — дыскрымiнацыя мусульманак, гэта супярэчыць прынцыпам свецкай дзяржавы.

Паступова ў дыскусiю была ўцягнута вышэйшая ўлада краiны, па яе iнiцыятыве была створана незалежная камiсiя, якая ў рэшце рэшт прапанавала забаранiць насiць у школах яўныя рэлiгiйныя сiмвалы, у тым лiку i галаўныя хусткi. Але прыняцце адпаведнага закона не прыпынiла гарачыя спрэчкi вакол мусульман, не прымiрыла iх шматвекавыя традыцыi з агульнаеўрапейскiмi каштоўнасцямi.

Больш таго, непрыязнасць французаў да iншаземцаў пашырылася нават на прадстаўнiкоў 10 краiн, якiя летась у маi далучылiся да Еўрасаюза. У Францыi баяцца iх нашэсця i новага ўсплёску росту беспрацоўя. I як вынiк чакання гэтай схаванай пагрозы ўзнiкла рэальная верагоднасць таго, што 29 мая на рэферэндуме французы не адобраць прыняцце Канстытуцыi ЕС, што вельмi негатыўна адаб’ецца на ўсiм працэсе еўрапейскай iнтэграцыi.

Па iронii лёсу, беспрацоўе найбольш хутка расце ў краiнах, якiя з’яўляюцца эканамiчнымi лiдарамi ЕС: Германii, Францыi, Iспанii. I якраз туды ў пошуках лепшай долi iмкнуцца ўсiмi праўдамi i няпраўдамi трапiць «каляровыя» нелегалы. Але як бы нi абражалi мясцовыя нацыяналiсты ў развiтых краiнах Еўропы iншаземных рабочых, iх уклад у бурны рост эканомiкi, напрыклад, туркаў у Германii, бясспрэчны. Яе эканамiчны «цуд» наўрад цi з’явiўся б у поўнай меры без упартай працы соцень тысяч выхадцаў з Турцыi.

Дзеля справядлiвасцi трэба адзначыць, што i самi туркi, мараканцы, арабы, выхадцы з Афрыкi i iншыя, нярэдка даюць падставу для нацягнутых адносiнаў з еўрапейцамi. Яны не могуць зразумець, чаму тыя, хто быццам бы прыехаў у iх краiну назаўсёды, упарта не хочуць асiмiлявацца ў новае асяроддзе, жывуць адасоблена, нярэдка вялiкiмi калонiямi. Iх кварталы рэзка адрознiваюцца ад месца жыхарства прадстаўнiкоў тытульнай нацыi.

Аднойчы ў Бруселi майскiм надвячоркам я заблудзiўся. Здарылася гэта амаль што наўмысна. Ведаеце, ёсць свая асалода ў бязмэтнай шматгадзiннай пешай прагулцы па незнаёмым горадзе: iсцi куды вочы глядзяць i назiраць за паўсядзённым жыццём яго жыхароў, а потым з iх дапамогай i не вельмi дасканалай англiйскай мовай знайсцi дарогу ў сваю гасцiнiцу.

Здавалася, не прайшло i пяцi хвiлiн, як збочыў з ажыўленага праспекта на маляўнiчую крывую вулачку з двух-, трохпавярховымi дамамi старой забудовы абапал, а ўражанне, што трапiў у iншы горад iншай краiны. Замест звыклага еўрапейскага люду ўсё часцей пачалi сустракацца смуглявыя хлопцы i мужчыны з цэпкiм позiркам чорных вачэй, жанчыны ў хустках-хiджабах i доўгiх, да пят, аднастайных плашчах i халатах. Адусюль даносiлiся вострыя пахi ўсходняй кухнi, з адчыненых вокнаў — характэрныя мелодыi арабскай музыкi.

Я звярнуў на суседнюю вулiцу, потым яшчэ на адну, але малюнак той жа. Толькi назвы вулiц i шыльды на крамах i рэдкiя аб’явы гаварылi аб тым, што ты не на Блiзкiм Усходзе. Паступова ад уважлiвых позiркаў прахожых нееўрапейскага выгляду (а траплялiся выключна яны) стала нiякавата i трывожна на душы. Мне нiхто не пагражаў нi дзеяннямi, нi словамi, нi злым агрэсiўным поглядам, але ўсё роўна было не па сабе. I зразумела чаму — я тут быў чужынцам. Тут жывуць па сваiх традыцыях, правiлах i звычках i ў свой асяродак звонку нiкога не пускаюць. Тут нават не сваiх прахожых не ўспрымаюць. Тут тэрыторыя не для чужынцаў. Прызнаюся, пакiнуў яе даволi хутка. Потым мне расказалi, што не заўсёды бяспечна, асаблiва познiм вечарам i ноччу, заходзiць туды, маўляў, рознае можа здарыцца.

Дарэчы, падобныя кварталы ёсць у многiх сталiцах Заходняй Еўропы. У сваё кола выхадцы з мусульманскiх краiн, як правiла, нiкога не пускаюць i не любяць, калi еўрапейцы ўмешваюцца з парадамi, навучаннямi наконт выканання правоў чалавека, асаблiва жанчын. Выхаваным на еўрапейскiх каштоўнасцях шведам, французам цi галандцам цяжка зразумець, чаму лепшая палавiна арабскага папаўнення ў ХХI стагоддзi знаходзiцца ў прыгнечаным стане, вымушана падпарадкоўвацца сiвым i далёка не бясспрэчным традыцыям, не карыстаецца нароўнi з еўрапейскiмi жанчынамi шматлiкiмi матэрыяльнымi i духоўнымi выгодамi цывiлiзацыi развiтых краiн, не робiць кар’еру, а слепа выконвае волю мужа, якой бы яна нi была.

Гэта з’ява настолькi кiдалася ў вочы, што галандскi рэжысёр Тэа Ван Гог (нашчадак славутага мастака) зняў фiльм «Пакорлiвасць» — пра гаротны лёс жанчын у асобных мусульманскiх сем’ях. Кiнастужка мела поспех у Нiдэрландах i iншых краiнах. Упершыню кiнадакументалiсту ўдалося зазiрнуць за шчыльна зачыненыя дзверы паўсядзённага побыту арабскай жанчыны. Але фiльм выклiкаў i хвалю злосці i праклёнаў у адрас яго аўтараў з боку iсламскiх фундаменталiстаў. Тэа Ван Гогу нават пагражалi смерцю. Тады самому рэжысёру i яго калегам здавалася, што напал страсцей паступова спадзе i ўсё абыдзецца. Не абышлося. Неўзабаве Тэа Ван Гог быў забiты iмiгрантам з Марока.

Iмiгрантамi першай хвалi ў Бельгii былi еўрапейцы: бедныя iспанцы, грэкi, iтальянцы. Па арганiзаванаму набору ехалi працаваць на вугальныя шахты. З часам яны закрылiся як нерэнтабельныя. Патрэба ў iншаземных рабочых адпала, але тыя працягвалi прыязджаць. Цяпер гэта былi ў асноўным непiсьменныя туркi i мараканцы. Яны з ахвотай бралiся за самую брудную работу, чаплялiся за любую магчымасць легалiзавацца, атрымаць грамадзянства. За аселымi iншаземцамi цягнулiся iх блiзкiя i далёкiя сваякi з этнiчнай радзiмы. Да пачатку ХХI стагоддзя насельнiцтва Бруселя, паводле звестак дэмографаў аднаго з тамтэйшых унiверсiтэтаў, на 38 працэнтаў было небельгiйскага паходжання.

У Бруселi, у адрозненне ад iншых еўрапейскiх сталiц, новыя насельнiкi жывуць кампактна, нярэдка займаюць цэлыя раёны ў цэнтры горада, адкуль больш-менш заможныя брусельцы пераехалi ў камфартабельныя прыгарады. Паказальны прыклад раёна Андэрлехт, назву якога носiць вядомы футбольны клуб. Некалi тут жыў славуты мыслiцель Эразм Ратэрдамскi, захаваўся яго дом-музей. Да другой сусветнай вайны ў Андэрлехце была вялiкая яўрэйская абшчына, але ў час акупацыi нямецкiя нацысты яе поўнасцю знiшчылi. Пасля вайны вызваленую жылплошчу занялi iмiгранты, пераважна з Марока. Расказваюць, што па суботах i нядзелях на месцы былога базару жывёлы разгортваецца велiзарны арабскi кiрмаш.

Час ад часу адтуль (г.зн. з раёнаў, дзе жывуць пераважна iмiгранты) прыходзяць жудасныя навiны накшталт гэтай: 50-гадовы раўнiвы турак забiў палюбоўнiка жонкi i пяцёра сваiх дзяцей, траiх хлопчыкаў i дзвюх дзяўчынак. Самая малодшая, чатырохгадовая дзяўчынка, памерла ў рэанiмацыi бальнiцы. Трагедыя адбылася ў Гансхорэне, прыгарадзе Бруселя. Турак быў вельмi раз’юшаны нявернасцю сваёй палавiны i набраў у галаву, што дзецi не ад яго, а ад палюбоўнiка. Таму пазбавiў жыцця яго i дзяцей, а жонка нейкiм чынам пазбегла жорсткай кары. Але можна ўявiць, якiм цяжкiм будзе далейшае жыццё няшчаснай жанчыны.

Забойцу арыштавалi ў той жа дзень у суседняй з iх домам пiўной. Ён адразу прызнаўся ў злачынстве. А грамадскасць Бруселя яшчэ доўга абмяркоўвала гэты дзiкунскi выпадак.

Тым часам iмiгранты пераймаюць далёка не лепшыя традыцыi еўрапейцаў. Калi адносна нядаўна турэцкая зборная па футболу выйграла ў бельгiйскай каманды, то мясцовыя брусельскiя туркi-фанаты не здолелi стрымаць эмоцыi i выйшлi на вулiцы. Яны напалi на пiўны бар, дзе звычайна збiраюцца англiйскiя футбольныя фанаты. На iх шчасце, у той дзень яны не прыйшлi сюды. Але гарачыя турэцкiя хлопцы тым не менш кiдалi каменне ў вокны, ламалi мэблю i крыўдзiлi наведвальнiкаў.

Прыроджаныя i набытыя дрэнныя звычкi iмiгрантаў з Усходу, iх узрастаючая колькасць заўсёды хвалявалi карэнных жыхароў краiн Еўрапейскага саюза. Занепакоенасць у iх выклiкала нядаўняе рашэнне аб пачатку перамоў з Турцыяй на прадмет далучэння да ЕС. Сур’ёзна навiна была сустрэта немцамi, дзе самая вялiкая (некалькi мiльёнаў) турэцкая дыяспара. Адносiны яе прадстаўнiкоў з немцамi не заўсёды складвалiся роўна. Былi i пагромы, i падпалы турэцкiх дамоў, i забойствы iх жыхароў ультрарадыкальнымi неанацысцкiмi арганiзацыямi. Сёння негатыўнае стаўленне пэўнай часткi немцаў да iншаземных рабочых грунтуецца на вельмi высокiм узроўнi беспрацоўя, асаблiва на тэрыторыi былой ГДР.

Лозунгi радыкалаў аб захопе iншаземцамi працоўных месцаў знаходзяць водгук у яе жыхароў. Невыпадкова на апошнiх выбарах у некаторыя ландтагi (мясцовыя парламенты) у новых землях прайшлi прадстаўнiкi ультраправых партый, дзе беспрацоўе ў два разы вышэй, чым у Заходняй Германii.

Няцяжка ўявiць, што з уступленнем шматмiльённай Турцыi ў ЕС рух працоўнай сiлы з гэтай краiны ў Германiю значна ўзрасце. Праўда, пакуль невядома, калi гэта будзе. Але хваляванне ў Еўропе з гэтай нагоды назiраецца ўжо зараз. Думаецца, нездарма канцлер ФРГ напярэдаднi свайго нядаўняга вiзiту ў Турцыю ў iнтэрв’ю для прэсы запатрабаваў ад яе жыхароў заняцца змяненнем свайго менталiтэту. Прычым яго перамены павiнны быць прыняты ўсiмi, паводле слоў канцлера, i адбыцца на ўзроўнi паўсядзённага жыцця.

На мой погляд, гэта пажаданне з галiны фантастыкi. Менталiтэт нацый фармiруецца стагоддзямi i так хутка не мяняецца. Хоць у час глабалiзацыi... хто ведае. Як тут не ўспомнiць крылаты выраз слыннага еўрапейца Рэдзьярда Кiплiнга: «Усход ёсць Усход, Захад ёсць Захад, i iм нiколi не сысцiся». Некалi гэтае прадказанне Кiплiнга лiчылася бясспрэчным. Цяпер яно такiм ужо не здаецца. Паводле звестак Камiтэта занятасцi ЕС, да 2030 года пры цяперашнiх тэмпах старэння насельнiцтва колькасць працаздольных людзей у багатых краiнах Еўрасаюза скароцiцца на 20 мiльёнаў. Хто iх заменiць? Вядома, iншаземцы, якiя з ахвотай бяруцца за работу, на якую не згаджаюцца еўрапейцы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Быць у Парыжы i не пабачыць на свае вочы Эйфелеву вежу — недаравальная рэч. Але рамантычнае спатканне з гэтым сiмвалам французскай сталiцы было сапсав
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика