«Мiрнае» зачараванне
Барыс ПРАКОПЧЫК
Жамчужыны Айчыны У адным з найпрыгажэйшых пасёлкаў Беларусi iмкнуцца дастойна выкарыстаць свой унiкальны турыстычны патэнцыялIмя гарадскога пасёлка Мiр, чый узрост налiчвае больш як шэсць стагоддзяў, вядома далёка за межамi нашай краiны дзякуючы яго галоўнай славутасцi — замкава-паркаваму комплексу, якi ўключаны ў Спiс сусветнай культурна-гiстарычный спадчыны ЮНЕСКО. А пасля правядзення рэгенерацыi цэнтральнай часткi Мiра напярэдаднi Дня беларускага пiсьменства ў вераснi 2002 года i сам пасёлак стаў, без перабольшання, сапраўднай жамчужынай. Улады Карэлiцкага раёна i пасялкавага Савета пры падтрымцы вобласцi i рэспублiкi iмкнуцца надаць Мiру каларыт мiнуўшчыны, вярнуць пабудовам спрадвечны выгляд. Штогод у гэтым на свае вочы пераконваюцца каля 70 тысяч турыстаў. А для каго «мiрнае» зачараванне сапраўды як бальзам на душу, дык гэта, канешне, для тутэйшых ураджэнцаў, якiя цяпер пражываюць у блiзкiм i далёкiм замежжы. Пабываўшы на сваёй малой Радзiме пасля доўгага перапынку, яны не хаваюць захаплення: гэта ж трэба! На сённяшнi дзень, расказвае карэспандэнту «Звязды» старшыня пасялковага Савета Iна Папова, у Мiры пражывае больш як 2600 чалавек, з якiх паўтары тысячы — працаздольнага ўзросту. На тэрыторыi пасёлка размешчаны птушкафабрыка, спiртзавод, хлебапякарня, ляснiцтва, праўленне сельгаскааператыва «Мiрскi». Рабочыя месцы таксама прадастаўляюць мiранам 7 гандлёвых кропак сiстэмы райспажыўтаварыства i 6 iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, кулiнарыя, кафэ, гасцiнiца, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязi, фiлiялы двух банкаў. Дастойна выглядае i сацыяльна-культурная сфера: сярэдняя школа, дзiцячы сад, мастацкае прафесiйна-тэхнiчнае вучылiшча, бальнiца, палiклiнiка, Дом культуры, 2 бiблiятэкi, фiлiял Беларускага мастацкага музея. — Праблемы беспрацоўя ў пасёлку няма, — кажа Iна Уладзiмiраўна. — Той, хто не бадзяецца, а хоча працаваць i ўтрымлiваць сям’ю, зрабiць гэта можа. Тым больш, што жыць у Мiры становiцца ўсё камфортней. Толькi за апошнi год пракладзена 9,7 тысячы метраў газавых сетак, i, такiм чынам, «блакiтным палiвам» карыстаюцца цяпер амаль у кожнай другой кватэры. Самым сучасным патрабаванням адпавядае энергасiстэма пасёлка, пракладзена 10,5 кiламетра лiнiй сувязi, пашыраецца водаправодная сетка. Зразумела, што пасялковаму Савету такiя расходы i блiзка не па кiшэнi. — Было ў мяне два мiльёны рублёў у астатку, — прыгадвае Iна Папова. — Дай, думаю, паспрабую зрабiць ямачны рамонт на адной з вулiц. I што вы думаеце? Аказалася, што патрэбна на гэта не два, а дваццаць мiльёнаў. Карэлiцкi раён датацыйны, i нашага бюджэту хапае хiба што на асвятленне вулiц. Яшчэ можам дазволiць сабе невялiкiя пакупкi ў клуб, пакой рэгiстрацыi шлюбу. ...Са старшынёй пассавета мы сустрэлiся на фестывалi мастацтваў «Мiрскi замак-2005», якi з лёгкай рукi народнага артыста Беларусi Мiхаiла Фiнберга i мясцовых уладаў стаў ужо традыцыйным. Да свята ў Мiры разбiлi газоны i высадзiлi шмат цюльпанаў. Iна Уладзiмiраўна кажа, што вельмi хвалявалася: а цi не здарыцца так, як некалi са скрынкамi для смецця? Не, кветкi не знiклi. Мабыць, намаганнi ўлады па добраўпарадкаванню жыхары пасёлка паступова пачынаюць разумець не як нейкiя дзяжурныя мерапрыемствы да свята i сустрэчы гасцей, а як норму перш за ўсё для сябе. Каб заўсёды было чыста, утульна i прыгожа. — Закончыцца свята, i людзi яшчэ доўга будуць за яго ўдзячныя. Яны ж бачаць, як старалiся арганiзатары, — адзначае Iна Папова. Хоць атрымлiваецца, канешне, яшчэ далёка не ўсё. Дакладней сказаць, усё яшчэ толькi пачынаецца. Шмат намаганняў трэба прыкласцi ў Мiры, шмат iдэй распрацаваць i здзейснiць, каб выкарыстаць свой патэнцыял i стаць сапраўднай турыстычнай Мекай. Куды больш шырокай i разнастайнай павiнна быць (не толькi да святаў, а штодзень) iнфраструктура сферы паслуг. Пэўна, не хапае стымулаў для развiцця агратурызму — каб госцi не абмяжоўвалiся аднадзённай экскурсiяй, а з задавальненнем пакiдалi свае грошы за адпачынак у навакольных сялянскiх сядзiбах. I тады, размясцiўшы на аўтатрасах здалёку бачныя шчыты-паказальнiкi з запрашэннем наведаць Мiр, можна будзе не хвалявацца за ўтульнае размяшчэнне i высакаякаснае абслугоўванне турыстаў. — Усе прыглядаюцца, усе нас любяць, але, мабыць, чакаюць, калi завершацца рэстаўрацыйныя работы ў замкава-паркавым комплексе, i ў Мiры будзе спыняцца больш турыстаў, — мяркуе Iна Папова. — Я нават звярнула ўвагу пры падрыхтоўцы да гэтага фестывалю, што вельмi асцярожна аднеслiся да нашых запрашэнняў мiнскiя прадпрымальнiкi. Ды i розных узгадненняў, валакiты шмат: адзiн прадпрымальнiк яшчэ з 2002 года хоча пабудаваць у пасёлку цэлы блок магазiнаў, але дакументацыя пакуль не гатова. Зрэшты, ёсць ужо i канкрэтныя крокi ў турыстычным накiрунку. Адзiн з iх зроблены ў Мiры мясцовай уладай сумесна з «Белiнтурыстам» — стварылi турыстычнае бюро. I адразу ж, зазначае старшыня пассавета, зацiкавiлiся студэнты: шмат званкоў наконт праходжання ў Мiры стажыроўкi. Экскурсаводаў рыхтуюць i ў самiм пасёлку — вучэбна-вытворчы камбiнат i школа. Iх выхаванцы ўжо сёння на даволi высокiм узроўнi праводзяць экскурсii для дзяцей, якiя прыязджаюць у Мiр аўтобусамi з самых розных рэгiёнаў. Вiдавочна, што пэўныя фiнансавыя дывiдэнды павiнен мець ад турыстычнага бiзнэсу i бюджэт пасялковага Савета. I не толькi ад яго. — Улада моцная граматнымi кадрамi i фiнансамi, — лiчыць Iна Папова. — Добрыя кадры ў нас ёсць, а з фiнансамi — праблема, заўсёды даводзiцца прасiць грошы. Я мару, каб настаў такi момант, калi мы самi пачнём зарабляць. I не толькi ад работы нашага рынку (гэта каля паўмiльёна рублёў у месяц) а, канешне, найперш на турызме. Будзем працаваць у цесным кантакце з турбюро, можа, прапаноўваць маршруты па нашай тэрыторыii i мець ад гэтага нейкiя фiнансавыя адлiчэннi. Гэтак жа як i ад арэнды зямлi ў межах замкавай зоны. Альбо такое пытанне. З тэрыторыi нашага пассавета Навагрудскiм лясгасам вывозiцца драўнiна, нам псуюць землi, дарогi i нават, здараецца, я не магу даехаць на сваiх «Жыгулях» да аддаленага населенага пункта. Хiба ж не лагiчна, што нейкiя падат-кi трэба плацiць i пасялковаму Савету? Што датычыцца рэстаўрацыi замкавага комплексу, то дзяржава разумее яго каштоўнасць i выдзяляе вельмi значныя сродкi: толькi ў мiнулым годзе было асвоена больш за 4 мiльярды рублёў. А ў блiжэйшай перспектыве, пасля таго як увесь замак будзе забяспечаны ацяпленнем, з’явiцца магчымасць арганiзаваць там рытмiчную работу не толькi ў летнi час, а на ўвесь год i, адпаведна, задзейнiчаць яшчэ больш значныя грашовыя сумы. Асноўны аб’ём работ, па прагнозах спецыялiстаў, можа быць выкананы гады праз тры-чатыры. Але ўжо цяпер мясцовыя ўлады запрашаюць у Мiр усiх, хто неабыякавы да нашай айчыннай i сусветнай спадчыны. У блiжэйшай перспектыве — стварэнне свабоднай эканамiчнай зоны «Культурна-турысцкая зона «Нясвiж—Мiр» з дзяржаўнымi прэферэнцыямi для адпаведных праектаў. ...Мiр з надзеяй глядзiць у сваю будучыню. Але зачароўвае ён ужо сёння. Прыязджайце i пераканайцеся ў гэтым. Карэлiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адным з найпрыгажэйшых пасёлкаў Беларусi iмкнуцца дастойна выкарыстаць свой унiкальны турыстычны патэнцыял |
|