21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Рабiць з узгадкай аб мiнулым

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ, Яўген ПЯСЕЦКI.




Напэўна, як i ў абсалютнай большацi раёнаў Беларусi, на Капыльшчыне няма прадпрыемстваў-гiгантаў цi ўвогуле якой-небудзь буйной прамысловасцi. Затое можна з упэўненасцю сцвярджаць: рэгiён мае свой i па-сапраўднаму адметны твар. Заможныя гаспадаркi, маляўнiчая прырода, уласныя запасы торфу, развiтая сацыяльная iнфраструктура. Аднак цi не галоўнай адметнасцю гэтай зямлi варта назваць яе багатае мiнулае. Толькi па пiсьмовых звестках Капылю ўжо больш чым сем стагоддзяў. I цi не кожнае з iх увабрала ў сябе шмат яскравых, а часам нават драматычных падзей. Таму нядзiўна, што сёння раён мае ўсе падставы ганарыцца сваiмi помнiкамi археалогii, архiтэктуры i мастацтва, вялiкай колькасцю навукоўцаў, пiсьменнiкаў i паэтаў, нарэшце — народнымi калектывамi i майстрамi. Усё гэта — спадчына Капыльскага краю. I адначасова — падмурак, каб будаваць яго заўтра.

МЕНШЫЯ, ЧЫМ ГОРАД. БОЛЬШЫЯ, ЧЫМ ВЁСКА

Крыху на поўдзень ад Капыля — i за вокнамi легкавiка замест пакручастых узгоркаў прасцiраецца амаль iдэальная роўнядзь пакрытых снегам палёў. Шлях ад райцэнтра да вёскi Цiмкавiчы займае ўсяго дзесятак хвiлiн. Хоць невялiкая адлегласць да горада — адметнасць зусiм не галоўная. Сама вёска заўсёды лiчылася вялiкай. I, перакананыя на Капыльшчыне, застанецца такой надалей.

«Жыў некалi волат па iменi Цiмка, i трэба было здарыцца такому, што закахаўся ён у дзяўчыну-гультайку. Дзяўчына не рабiла нiчога, затое патрабавала ад Цiмкi без пярэчанняў выконваць любое сваё жаданне. I вось аднойчы яна загадала вывернуць з карэннем векавы дуб. Аслеплены каханнем хлопец пагадзiўся, але справа аказалася не па сiлах нават яму. Пасля доўгага змагання дуб Цiмка ўсё ж вывернуў. Аднак разам з тым сам урос у зямлю i застаўся ў ёй назаўсёды. А неўзабаве на месцы, дзе стаяла дрэва, стала будавацца вёска. I, як напамiнак аб незвычайнай гiсторыi, назвалi яе Цiмкавiчы»...

Верыць гэтаму паданню цi не — справа, вядома, асабiстая. Адно праўда: нiбыта легендарны герой Цiмка, людзi «ўраслi» ў гэтую зямлю трывала. Мiнулае вёскi налiчвае ўжо 506 гадоў, i на працягу ўсiх гэтых стагоддзяў яна вылучалася сярод iншых. Валасная ўправа, паштовая станцыя, адразу дзве царквы i дзве яўрэйскiя школы, 6 заезных дамоў i некалькi дзесяткаў дробных крамаў, а таксама старажытны драўляны касцёл — вось далёка не поўны каларыт Цiмкавiчаў канца пазамiнулага стагоддзя. Вядома, да нашых дзён захавалася далёка не ўсё. I найбольш адчувальнай стратай лiчыцца касцёл святога Мiхаiла Архангела, якi згарэў у 1985 годзе. Затое i дагэтуль у вёсцы засталася мураваная каплiца са званiцай. Iх, дарэчы, тут збудавалi яшчэ ў памяць аб адмене прыгоннага права.

— Цяперашнiя Цiмкавiчы — гэта каля 1300 жыхароў i 11 вулiц агульнай працягласцю 12 кiламетраў, — адзначае старшыня сельвыканкама Алена Мячыславаўна Острыкава. — Прычым цiкава, што апошнiя дзесяцiгоддзi колькасць насельнiцтва не змяншалася. I найперш — дзякуючы чыгунцы. У вёсцы яна з’явiлася ў 1930-х гадах, а ўжо паваенным часам «пры чыгунцы» сталi стварацца самыя розныя прадпрыемствы i арганiзацыi. Сёння мы маем «свае» аўтапарк i аптова-гандлёвую базу, пункт нарыхтоўкi цукровых буракоў i базу райсельгастэхнiкi, лесапiтомнiк i завод жалезабетонных вырабаў. Такiм чынам, праца ў Цiмкавiчах ёсць. А дзе ёсць праца — там i людзi.

Аднак сцвярджаць, што Цiмкавiчы пакрысе ператварылiся ў рабочы пасёлак, было б не зусiм правiльна. Значная частка мясцовых працуе ў сельскай гаспадарцы. Хоць гэта — тэма асобная. Усяго некалькi гадоў таму сельгасвытворчасць лiчылася заняткам «непрэстыжным». Па вельмi простай прычыне: саўгас, а потым СВК «Цiмкавiчы» быў стратным. Адсюль i ўсе праблемы. Зрэшты, сiтуацыя стала паляпшацца сёлета. У красавiку «Цiмкавiчы» далучылiся да больш моцнага суседа — ЗАТ «Капыльскае». Не сказаць, што значны рост вытворчых паказчыкаў адбыўся адразу ж, хоць сярэдняя ўраджайнасць збожжа (53 цэнтнеры з гектара) факт сам па сабе красамоўны. Важна iншае: у гаспадарцы стала больш строгай дысцыплiна. А таксама знiкла «ўраўнiлаўка» ў заробках. Той, хто па-сапраўднаму працуе, можа атрымаць не менш за гараджанiна. I нездарма, што паступова стала змяняцца сама псiхалогiя вяскоўцаў. Прыкладам, тут зменшылася колькасць... «прыватных» кароў. Бо, перакананыя цiмкаўцы, працаваць трэба на рабоце. Тады як дома — лепш адпачываць.

Дзеля справядлiвасцi нельга не заўважыць, што тых жа парсючкоў цi птушку трымае амаль кожны. Як, дарэчы, i ўласны агарод. Хоць якраз тут давялося сутыкнуцца i з цi не самай цяжкай праблемай. Як i належыць, новая гаспадарка не адмовiлася апрацоўваць прысядзiбныя ўчасткi сваiм работнiкам, работнiкам сацыяльных устаноў i пенсiянерам. А вось з тымi, хто працуе ў астатнiх арганiзацыях, узнiкла пытанне. Таму падумалi i ў рэшце рэшт вырашылi — трэба ствараць спецыяльную механiзаваную брыгаду. I потым за прымальную плату прапаноўваць яе паслугi людзям. За год па дапамогу брыгады звярнулася каля 80 вяскоўцаў. Прычым можна не сумнявацца, што надалей зваротаў стане больш. Бо брыгада будзе не толькi працаваць на «сотках». У яе планах — збiраць смецце i пiлаваць дровы. А попыт на гэта будзе.

— У Цiмкавiчы едуць практычна з усёй Беларусi, штогод у вёсцы вызваляецца па 10—12 дамоў, i ўсе яны адразу ж купляюцца маладымi сем’ямi, — заўважае Алена Острыкава. — Але прыцягвае сюды не толькi праца. Не менш важкi аргумент — умовы жыцця. Па сутнасцi зараз вёсцы не хапае толькi лазнi, аднак ужо знайшоўся прадпрымальнiк, якi абяцае налета адчынiць яе ў будынку былога хлебазавода, i пры гэтым зрабiць усё на высокiм узроўнi — з саунай, басейнам i банкетнай залай. Што ж да астатняга, то яно ў нас ёсць. Гэта некалькi крамаў, бальнiца i аптэка, аддзяленне сувязi, вясковы дом культуры, бiблiятэка, нарэшце, дзiцячы садок i сярэдняя школа. Прычым такой школы, як наша, пэўна, не сустрэнеш больш нiдзе.

З гэтым варта пагадзiцца. Увогуле, першае народнае вучылiшча ў Цiмкавiчах з’явiлася ў 1864 годзе, i з таго часу традыцыi школьнiцтва не перапынялiся ўжо нiколi. А захаванне традыцый сёння — справа гонару. Школа носiць iмя свайго колiшняга вучня, а потым i настаўнiка Кузьмы Чорнага, школа мае этнаграфiчны куток i, насуперак «модзе», не адмовiлася ад беларускамоўнага навучання. Урэшце, яна захавала музей 17-га пагранатрада, якi размяшчаўся тут у час падзелу Беларусi на ўсходнюю i заходнюю часткi ў 1920—1930 гадах. I ўсё гэта не проста фармальны абавязак. Iнакш чым можна патлумачыць той амаль малаверагодны для звычайнай вясковай школы факт, што адсюль выйшла... адразу шэсць дзесяткаў кандыдатаў i дактароў навук. Прыклад заўсёды лепш за правiла. Вось i атрымлiваецца, што дрэнна вучыцца цiмкавiцкiм дзецям — як быццам i не зусiм да твару. Таму, вiдаць, няма нiчога дзiўнага ў тым, што ёсць намер з цягам часу ператварыць Цiмкавiцкую школу ў гiмназiю. Каб было лягчэй паступаць у ВНУ. I каб лепшыя вучнi не з’язджалi ў Капыль — пакуль гiмназiя ёсць толькi ў райцэнтры.

Мiж тым, калi весцi гаворку аб школе, немагчыма не ўзгадаць пра яе колiшняга кiраўнiка — Зiнаiду Iосiфаўну Раманенка. Iмя гэтага чалавека ўвойдзе ў гiсторыю вёскi назаўсёды ўжо таму, што дзякуючы ёй тут з’явiлася шмат новых культурных праектаў. Але цi не найбольш адметнай iнiцыятывай стала адраджэнне Цiмкавiцкага тэатра. Краязнаўцы сцвярджаюць, што яго гiсторыя бярэ пачатак аж з 1918 года. Прычым з паваеннага часу тэатр працаваў амаль без перапынку. А ў 1967 годзе нават атрымаў званне народнага. I захаваў яго дагэтуль.

Хоць мiнулае тэатра — не толькi светлыя старонкi. Быў нават час, калi ён амаль спынiў сваё iснаванне. А здарылася гэта напрыканцы 1980-х гадоў.

Цiмкавiцкi Дом культуры знаходзiцца амаль у самым цэнтры вёскi. Само яго з’яўленне тут сталася вынiкам пошуку «кампрамiсных» варыянтаў. З цягам часу былы клуб прыйшоў у заняпад. I ў той жа час вызвалiўся будынак гаспадарчай крамы. Карацей, адбыўся «пераезд». Але сёння аб iм не шкадуе нiхто. Магчыма, новы Дом культуры i не такi вялiкi. Затое ўтульны i, што галоўнае, запатрабаваны. Шматлiкiя клубы па iнтарэсах, вечарыны, дыскатэкi i...тэатр, якi працуе з 2002 года. Менавiта тады ў Цiмкавiчах адзначалi адразу дзве значныя падзеi: 90-годдзе з дня нараджэння Зiнаiды Раманенка i 35-годдзе з часу, як сам тэатр быў прызнаны народным.

— Вядома, абыходзiцца без кансультантаў цяжка, — зазначае дырэктар Цiмкавiцкага вясковага Дома культуры Святлана Лазоўская. — Але ўсё ж галоўная стаўка — на свае сiлы. Мы самi робiм пастаноўкi, дэкарацыi i касцюмы. А перакладаць п’есы дапамагае... старшыня сельвыканкама. Бо наш тэатр — беларускамоўны. Справа не ў тым, што мы жывём у вёсцы, i нават не ў тым, што размаўляць па-руску чыста, без акцэнту нашым па сутнасцi непрафесiянальным акцёрам складана. Са сцэны Цiмкавiцкага тэатра заўсёды прамаўлялi на роднай мове. I забывацца на гэта мы не маем права.

Пакуль у рэпертуары Цiмкавiцкага народнага тэатра дзве п’есы, месцамi ж пастановак звычайна становяцца родная i навакольныя вёскi, а таксама Капыль. Аднак гэта — далёка не кропка. У хуткiм часе тут плануюць распрацаваць новыя п’есы, i спецыяльна — для дзяцей. Тэлевiзар, вiдэамагнiтафон i камп’ютар — заняткi, безумоўна, вартыя. I разам з тым усе ўпэўненыя: не трэба губляць цiкавасцi да сваiх каранёў. Тэатр i вёска — адно i тое ж для многiх пакаленняў. Прычым падтрымаць гэту сувязь ёсць каму. Зусiм нядаўна ў Цiмкавiчах адкрылася свая, цалкам самастойная школа мастацтваў. А пры мясцовым музеi Кузьмы Чорнага ўжо колькi гадоў працуе студыя аматараў тэатра «Iскрынка» i гурток фланелiяграфii, дзе спрабуюць рабiць пастаноўкi па творах свайго знакамiтага земляка.

Тым часам музей — адметнасць не менш значная. Цяжка паверыць, але ён стаў зноў-такi вынiкам намаганняў выключна самiх вяскоўцаў. У пачатку 1960-х цiмкаўцы ўласнымi сiламi ўзводзiлi будынак, збiралi матэрыял i рабiлi афармленне залаў. Вядомасць прыйшла ўжо потым. Вясковы музей сталi наведваць па некалькi тысяч чалавек у год з розных краiн свету. А ў 1993 годзе ўстанове быў нададзены статус фiлiяла Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры. I з гэтым у вёсцы звязваюць пэўныя спадзяваннi. Рана цi позна, сцвярджаюць многiя, Цiмкавiчы павiнны стаць часткай турыстычных маршрутаў Салiгорск—Нясвiж—Мiр i Бабруйск—Нясвiж—Мiр. Такiя маршруты праходзяць тут i сёння. Што ж да «дадатковага» прыпынку, то ён будзе нялiшнiм. Асаблiва з наступнага года, калi Цiмкавiчы павiнны ператварыцца ў аграгарадок. У поўным сэнсе гэтага слова. Адрамантаваць школу, бiблiятэку, крамы i кафэ-сталовую, прывесцi да ладу дарогi i асвятленне, пабудаваць жыллё, падвесцi да большасцi дамоў газ — планаў сапраўды шмат. А яшчэ цiмкаўцы маюць намер стварыць сапраўдны гарадскi парк з дарожкамi, клумбамi, крытай танцпляцоўкай. I паставiць побач са старой каплiцай новую царкву. Усё, мяркуюць у вёсцы, павiнна быць так, як трэба. Бо iнакш проста не варта пачынаць.


СУЗОР’Е СМАКУ

Добрая гаспадарка i «вялiкае» малако. Здаецца, гэта было адметнасцю Капыльшчыны заўсёды. Некалi масла i сыр тут рабiлi цi не ў кожным панскiм маёнтку. Затым, ужо за савецкiм часам, у раёне пабудавалi дзве невялiкiя сыраварнi, а яшчэ пазней — парамеханiзаваны маслазавод. Аднак буйная вытворчасць з’явiлася толькi пасля вайны. Афiцыйнай датай нараджэння Капыльскага масласырзавода стаў 1951 год. I ўжо неўзабаве прадпрыемства стала лiчыцца адным з найбольш моцных у малочнай прамысловасцi Беларусi. Праўда, яшчэ не так даўно так казалi хiба што ў прошлым часе. А сам завод меў даволi няпэўныя перспектывы.

Своеасаблiвай «вiзiтоўкай» Капыльскага масласырзавода традыцыйна лiчылася масла. I, як быццам, нiякiх праблем тут проста не было. Гаспадаркi раёна цалкам забяспечвалi патрэбу прадпрыемства ў малацэ, а татальны дэфiцыт на палiцах крамаў у час iснавання колiшняга Саюза гарантаваў стабiльны попыт. Прычым сiтуацыя не змянiлася i ў першыя гады iснавання суверэннай Беларусi — капыльскае масла «пайшло» ў Расiю. Аднак перыяд стабiльнасцi аказаўся непрацяглым. Атрымалася так, што змяненне кан’юнктуры цэн на знешнiм рынку зрабiла вытворчасць масла стратнай. А значыць, стратнай i работу прадпрыемства.

— У той час мы зрабiлi дэталёвы аналiз як унутранага, так i знешняга рынку i прыйшлi да высновы, што прадпрыемства зможа ўтрымацца толькi тады, калi зменiць саму структуру перапрацоўкi, — узгадвае дырэктар ААТ «Капыльскi масласырзавод» Ганна Хама. — Iншымi словамi, выпадае пакрысе адыходзiць ад вытворчасцi масла i рабiць галоўную стаўку на сыр.

Зараз на прадпрыемстве не хаваюць: пачынаць было няпроста. У нечым давялося нават змяняць саму псiхалогiю работнiкаў. Тым не менш нiякiх iншых варыянтаў не заставалася. Крок за крокам завод абнаўляў абсталяванне i ўводзiў новыя тэхналогii. Так, капыльцы сталi вырабляць ёгурт, салодкiя тваражкi, кефiр, ражанку, смятану. Прычым на любы густ, у сучаснай упакоўцы i з належнай якасцю. Лепшым пацвярджэннем таму, дарэчы, стала атрыманне мiжнароднага сертыфiката IСО-9000. А таксама — папулярнасць прадукцыi ў пакупнiкоў.

Але асноўнай прадукцыяй стаў менавiта сыр. Ён дае някепскую рэнтабельнасць. I, што самае цiкавае, мае трывалыя рынкi збыту.

— Па вялiкаму рахунку, мы можам вырабляць сыру больш, прынамсi, аб гэтым просяць тыя ж расiяне, — працягвае дырэктар. — Але бяда ў тым, што пакуль павялiчваць аб’ёмы не дазваляюць вытворчыя магутнасцi прадпрыемства. Таму наша галоўная задача зараз — адназначная i тэрмiновая мадэрнiзацыя. Па сутнасцi, без яе эканомiка завода проста не пралiчваецца на перспектыву.

Зманцiраваць новую механiзавана-аўтаматызаваную лiнiю тут плануюць ужо налета. Яна дазволiць цалкам адмовiцца ад выкарыстання ручной працы, палепшыць якасць i знiзiць сабекошт прадукцыi. Плюс да ўсяго на заводзе з’явiцца магчымасць вырабляць усе без выключэння вiды беларускiх сыроў i ў вынiку — пашырыць iх экспарт. «Дадатковае» малако, перакананыя ў раёне, для гэтага будзе. А значыць, мясцовы бюджэт павiнен атрымаць i дадатковыя грошы. У рэшце рэшт, масласырзавод на Капыльшчыне — прадпрыемства буйнейшае. I не ў апошнюю чаргу ад яго залежыць эканомiка рэгiёна ў цэлым.


КАБ ДАВЕДАЎСЯ ЎВЕСЬ СВЕТ, ДАПАМОЖА... IНТЭРНЭТ

Цiшка Гартны i Кузьма Чорны, Алесь Гурло i Алесь Адамовiч, польска-беларуская пiсьменнiца Зоф’я Тшашчкоўская i пачынальнiк новай яўрэйскай лiтаратуры Мэндэле Мойхер-Сфорым... Гэты спiс можна працягваць. Увогуле капыльская зямля падаравала беларускай i сусветнай лiтаратуры больш за чатыры дзясяткi вядомых i па-сапраўднаму яскравых iмёнаў. Таму да друкаванага слова тут — павага асаблiвая. I так было ва ўсе часы.

Кажуць, што першыя бiблiятэкi ў краi з’явiлiся яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Праўда, тады гэта былi выключна прыватныя ўстановы, якiя наведвала вельмi нязначная колькасць чытачоў. Але цiкава, што ўжо ў першыя гады савецкай улады паўсюль у навакольных вёсках сталi адчыняцца хаты-чытальнi. А ў самiм Капылi пад бiблiятэку адвялi двухпавярховы будынак з калонамi — адзiн з найбольш вялiкiх i заўважных у тагачасным мястэчку.

— I сёння, нягледзячы нi на што, друкаванае слова не страцiла сваёй папулярнасцi, — адзначае дырэктар Цэнтральнай раённай бiблiятэкi Таццяна Серая. — Па кнiгу прыходзiць больш чым палова жыхароў Капыльшчыны, а колькасць чытачоў увесь час расце як у горадзе, так i на вёсцы. I да таго ж — усiх узростаў. Дарэчы, адно назiранне: нядаўна многiя з пенсiянераў, асаблiва ў сельскай мясцовасцi, прасiлi прыносiць пэўнае выданне амаль што ўпотай. Зараз жа просяць адкрыта. I зусiм не саромеюцца свайго iнтарэсу.

Хоць цiкава не толькi гэта. Як i ва ўсе часы, асноўныя наведвальнiкi бiблiятэк — школьнiкi i студэнты. А найбольшы попыт — на дапаможную лiтаратуру, скажам, на падручнiкi па эканомiцы, педагогiцы, псiхалогii, эстэтыцы. Аднак сваё, i даволi значнае, кола прыхiльнiкаў мае духоўная лiтаратура. А таксама — беларускамоўная кнiга, даследаваннi па гiсторыi i краязнаўству. Таму гэты напрамак для работнiкаў бiблiятэкi стаў адным з асноўных. Прычым да справы вырашылi падысцi нестандартна. I, напэўна, няма нiчога выпадковага ў тым, што ўжо некалькi гадоў запар капыляне аказваюцца ў лiку пераможцаў i прызёраў рэспублiканскага конкурсу «Бiблiятэка — асяродак нацыянальнай культуры».

Апошнiм часам, з улiкам цiкавацi чытачоў, бiблiятэкi займаюца вывучэннем архiўных дакументаў, вядуць перапiску са сведкамi тых цi iншых падзей, i ў вынiку атрымлiваюцца цэлыя зборнiкi даследаванняў па самых розных тэмах — знакамiтыя людзi, лiтаратурная спадчына, гiсторыя праваслаўя, мiнулае вёсак раёна. Пазнаёмiцца з такiмi зборнiкамi можа лiтаральна кожны. Прычым некаторыя з матэрыялаў ужо надрукаваныя асобнымi кнiжкамi, тут робяць краязнаўчыя календары i нават стварылi ўласны слайд-фiльм па гiсторыi краю. Але гэта можна назваць пачаткам. Надалей жа ёсць задума распрацаваць уласны сайт. I размясцiць на iм усе матэрыялы. Аб Капыльшчыне, кажа Таццяна Серая, павiнен ведаць увесь свет. Прынамсi, яна таго вартая.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, як i ў абсалютнай большацi раёнаў Беларусi, на Капыльшчыне няма прадпрыемстваў-гiгантаў цi ўвогуле якой-небудзь буйной прамысловасцi. Затое
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика