Высокае напружанне... абыякавасцi да людзей?
Сяргей РАСОЛЬКА
Падрабязнасцi Увечары 27 лiстапада вядомы беларускi паэт Андрэй Скарынкiн вяртаўся з дачкой i яе сяброўкай з катка ля сталiчнага Палаца спорту. Каб скарацiць шлях дадому, было вырашана iсцi па пуцеправоду на вулiцы Цiмiразева. Тут i здарылася трагедыя, пра якую ўжо ведаюць многiя. Андрэй Скарынкiн атрымаў удар токам высокага напружання i з апёкамi 1-й, 2-й i 3-й ступенi (у яго было пашкоджана 30 працэнтаў паверхнi цела) быў шпiталiзаваны. Адзiнаццаць дзён ён правёў у рэанiмацыi апёкавага аддзялення 2-й Мiнскай гарадской бальнiцы... Мы звязалiся з роднымi Андрэя Уладзiмiравiча, каб даведацца аб яго здароўi.— Кожны дзень Андрэя наведвае нехта з родных. Мацi ўвогуле начуе ў бальнiцы кожны дзень, вось толькi зараз тэлефанавала, што паехала на працу, — паведамiла нам сястра Таццяна Уладзiмiраўна, якая на момант гутаркi якраз гатавала ежу для брата. — Яму, канешне, ужо лепей, аднак, паводле слоў урачоў, пры трэцяй ступенi апёкаў патрэбна перасадка скуры. Мацi Андрэя Валянцiна Пятроўна Скарынкiна некалi працавала ў «Чырвонай змене», таму мы адразу перадалi ёй словы падтрымкi ад колiшнiх калег, якiя яе цудоўна ведаюць i памятаюць. — Сёння сыну зробяць пятую аперацыю. Гэта перавязкi, але вельмi цяжкiя, падчас якiх раны апрацоўваюць, чысцяць... Днямi рабiла яму масаж: не адчувае нагу. У сына пацярпелi верхнiя дыхальныя пуцi, таму ён зараз выконвае дыхальныя практыкаваннi, напрыклад, надзiмае паветраныя шарыкi. Паводле слоў галоўнага ўрача, сапраўды можа спатрэбiцца перасадка скуры — найперш на правым баку грудной клеткi, дзе вельмi моцны апёк. Я хацела прапанаваць сваю скуру, аднак медыкi гавораць, што прыжываецца толькi скура, узятая ў самога хворага... Колькi будзе знаходзiцца ў бальнiцы Андрэй Скарынкiн — сказаць пакуль цяжка. У любым выпадку ў далейшым яму патрэбны будзе рэабiлiтацыйны перыяд. Пакуль жа Валянцiна Пятроўна бясконца прыгадвае той «мост-забойцу», на якiм усё i здарылася. «Ён не павiнен несцi небяспеку для людзей, прахожыя павiнны быць абаронены ад сеткi, ад правадоў». Яна прыгадала, што няшчасцi на гэтым месцы здаралiся i раней. «15 гадоў таму тут моцна пацярпеў сын нашых сяброў, у красавiку гэтага года дзецi скакалi на сетцы як на батуце...». Мы жадаем сям’i Валянцiны Пятроўны толькi аднаго: каб усё скончылася добра i хутка забылася. Аднак узнятыя ёй пытаннi патрабуюць адказу ўжо ад гарадскiх уладаў. P.S. Як стала вядома карэспандэнту «Звязды», у Мiнтрансе створана рабочая група па расследаванню прычын паражэння электрычным токам студэнткi Дар’i Голуб, якая атрымала смяротную электратраўму 25 лiстапада, калi спрабавала сесцi ў тралейбус. Мяркуецца, што пасля нарады спецыялiсты зробяць канчатковыя высновы не толькi па гэтаму канкрэтнаму выпадку, але i па iншых. Як ужо паведамлялi сродкi масавай iнфармацыi, у сталiцы за адносна невялiкi прамежак часу ад удараў токам, нанесеных тралейбусамi, пацярпелi некалькi чалавек. I многiя мiнчане зараз задаюць пытанне: цi бяспечна карыстацца гэтым вiдам транспарту, што робiцца для таго, каб пасажыры былi ўпэўненыя, што iх здароўю не будзе нанесены нейкi ўрон сапсаваным тралейбусам...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Увечары 27 лiстапада вядомы беларускi паэт Андрэй Скарынкiн вяртаўся з дачкой i яе сяброўкай з катка ля сталiчнага Палаца спорту. Каб скарацiць шлях д |
|