Разняволенне нявольнiкаКаб маглi ўзляцець За дзесяць гадоў стыпендыю Спецыяльнага Фонду Прэзiдэнта РБ атрымалi некалькi дзесяткаў чалавек. А гэта, дарэчы, даволi не малыя па нашым часе грошы. Як iмi распарадзiцца? Звычайна ў такiм разе ля «штурвала» становяцца бацькi. А вось што рабiць, калi iх няма? А сярод стыпендыятаў дастаткова таленавiтых юнакоў i дзяўчат з няпоўных сем’яў цi ўвогуле сiрот. Сярод iх i былы навучэнец гiмназii-каледжа мастацтваў iмя Ахрэмчыка (а цяпер студэнт другога курса Беларускай акадэмii мастацтваў) Саша Навасёлаў. Так сталася, што пры жывых бацьках ён застаўся сiратою. Бабуля прывезла яго са Шчучына ў Мiнск. Такiм чынам, прапанова ад выкладчыкаў гiмназii-каледжа мастацтваў iмя Ахрэмчыка прыняць удзел у Рэспублiканскiм мастацкiм конкурсе, перамога на iм, а потым стыпендыя Спецыяльнага фонду Прэзiдэнта РБ па падтрымцы таленавiтай моладзi стала для Сашы проста падарункам лёсу. — У 16 гадоў я выканаў сваю першую работу, якая потым была прадстаўлена на конкурсе, i назваў яе «Нявольнiк». У аснове ляжалi дзве геаметрычныя фiгуры: пiрамiда i шар. Па рэкамендацыi выкладчыкаў я прымаў удзел у конкурсе, перамог у iм, потым стаў стыпендыятам. Прэмiя была разавая i складала пяцьсот тысяч рублёў. Першая палова пайшла на гаспадарчыя патрэбы: частку я аддаў бабулi, частку патрацiў на кнiгi. Я вельмi доўга думаў, што зрабiць з другой паловай, i вырашыў пакiнуць яе да таго часу, калi грошы будуць больш патрэбныя. Калi мне было 18 гадоў, я другi раз прымаў удзел у гэтым жа конкурсе з работай, выразанай з дрэва. Яна называлася «Вакханка, якая танцуе». Работа сама па сабе не несла вялiкай iдэi, аднак была прыгожая. На другую стыпендыю я купiў балгарку (спецыяльны iнструмент для апрацоўкi каменя) i разцы па дрэве. — Што для цябе значаць конкурсы? — Не стаўлю мэты спадабацца ўсiм, бо гэта не мае сэнсу. Калi, напрыклад, Мiкеланджэла i да Вiнчы спаборнiчалi за лепшую фрэску, то пераможца не быў вызначаны. Так i сярод творчых людзей на конкурсе. Лепшым быць проста немагчыма. Конкурсы патрэбны для таго, каб павысiць самаацэнку. Пасля iх чалавек ужо ведае, што можа зарабiць дзякуючы сваiм здольнасцям. У маiм жыццi — два рэспублiканскiя конкурсы, у якiх я прымаў удзел, адыгралi вельмi значную ролю. — Што з прозы жыцця можа стаць тваёй крынiцай натхнення? — Радэн знаходзiў натхненне ў прыгожых жанчынах, Мiкеланджэла — у прыгожых формах, Морыс — у канцы жыцця ў рэлiгii. Па сутнасцi, мае крынiцы такiя ж. Аднак для мяне вельмi важна, каб гэта крынiца знаходзiлася ў самiм мастаку. Адзiн выкладчык любiў нам паўтараць: «Ведаеце, для чаго вы малюеце з натуры? Для таго, каб прыйшоў такi час, калi натура вам ужо не спатрэбiцца». Паступова форменныя (бачныя) часткi мастацтва адыходзяць на другi план, застаецца толькi духоўны стрыжань. Вось тады крынiца натхнення ў самiм мастаку, а дакладней — яна месцiцца ў духоўнасцi, iншымi словамi, у вечнасцi. — Чаму для цябе скульптура ўяўляе большую цiкавасць, чым, напрыклад, жывапiс? — Скульптуру яшчэ можна пафарбаваць, а жывапiс акруглiць ужо нельга. Iнакш кажучы, скульптура для мяне больш змястоўная: гэта i архiтэктура, i малюнак адначасова. Яна створана для экстэр’еру, а жывапiс — для iнтэр’еру. Скульптура звязана з вялiкiмi плошчамi, з рухам. Апроч таго, жывапiс патрабуе добрага асвятлення, большых матэрыяльных затрат, вялiкай падрыхтоўкi. Аднак я вельмi люблю малюнак, i нават скульптуру правяраю малюнкавым метадам: паварочваю яе супраць святла i гляджу, цi правiльныя формы. — Значыць, скульптура для цябе — альфа i амега жыцця? — Не. Скульптура не займае ключавога месца ў маiм жыццi. Я маю на ўвазе яе бачную частку. Мне больш падабаецца мець зносiны з рознымi людзьмi. Калi ты застаешся ў майстэрнi адзiн, то пачынаеш дублiраваць сябе, а гэта не вельмi добра для мастацтва. Я таксама прытрымлiваюся прынцыпу: «Не мастак для мастацтва, а мастацтва для мастака». Я не служу сваёй Музе, а яна служыць мне. У скульптуры я знаходжу тыя рэчы, якiх мне не хапае ў рэальным жыццi. Потым гэтыя рэчы паступова становяцца рэальнымi. Такiм чынам, я як бы прадбачу сваё жыццё. Напрыклад, сямейная тэматыка ў скульптурных формах прыводзiць да таго, што ў маiм жыццi з’яўляюцца людзi, з якiмi я адчуваю сябе камфортна. — Хутчэй за ўсё, гэта тыя людзi, якiя аказалi ўплыў на станаўленне цябе як асобы. I хто гэта, акрамя бабулi, калi не сакрэт? — З 5 па 8 клас я вучыўся ў вядомага беларускага скульптара Леанiда Рыгоравiча Давiдзенкi. Менавiта ён прымусiў мяне адносiцца да творчасцi сур’ёзна, бо яна служыць не мне аднаму, а ўздзейнiчае на iншых. Апроч таго Леанiд Рыгоравiч яшчэ быў вельмi таленавiтым педагогам. Помню, як аднойчы ён прыйшоў да нас у майстэрню i спытаў: «Не прыбралi?». Мы стаялi моўчкi i толькi адмоўна пахiталi галовамi. Перад гэтым наша майстэрня якраз не прайшла санiтарную праверку. Тады ён узяў у рукi венiк i пачаў падмятаць. Нам стала вельмi сорамна, мы хацелi дапамагчы, аднак Леанiд Рыгоравiч сам усё зрабiў да канца. Больш такога не паўтарылася. Апроч таго, Леанiд Рыгоравiч вельмi любiў дзiцячыя работы i заўсёды трымаў iх у сваёй майстэрнi. Аднойчы, калi ў аднаго хлопца быў творчы крызiс, ён пайшоў у майстэрню, узяў работу, выкананую iм жа яшчэ ў 5 класе, i сказаў: «Глядзi, як трэба ляпiць!» — Iндывiдуальнасць педагога бачная, i таму ўздзейнiчае на выхаванцаў. Цi ўздзейнiчае асоба мастака на людзей? — На мой погляд, вельмi важна, калi на мастака глядзяць не праз яго работы, а глядзяць на работы праз яго iндывiдуальнасць. Так можна лепш зразумець творчасць мастака. На жаль, многiя прытрымлiваюцца моды на мастацтва, а не цiкавяцца ўнутраным светам аўтара, яго творчым ростам. У палацы Медзічы спачатку з’явiўся Мiкеланджэла, а ўжо потым — яго работы. I нiяк не наадварот. Вiкторыя ШМЯЛЁВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За дзесяць гадоў стыпендыю Спецыяльнага Фонду Прэзiдэнта РБ атрымалi некалькi дзесяткаў чалавек. А гэта, дарэчы, даволi не малыя па нашым часе грошы.
|
|