21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Ззянне шкла ў Касцюкоўцы

25.08.2009 21:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вiктар ХУРСIК

Многiя стэрэатыпы фармiруюцца ў дзяцiнстве. Аконнае шкло (калi з’яўлялася такая неабходнасць) мы з бацькам хадзiлi купляць у невялiкую сельпоўскую крамку. У цёмнай прыбудове яно стаяла, перасыпанае драўлянымi стружкамi, побач з металiчнай бочкаю з газай, гэтакай жа бочкай з алеем i мноствам патрэбных у паўсядзённым жыццi металiчных рэчаў. Думалася тады, што калi такая «павага» да шкла, то i вырабляецца яно неяк саматужна, у такой жа цеснаце i брудзе. Мо некалi так i было. Захацеў пераканацца, што сёння iнакш. Аднак, колькi нi званiў у Касцюкоўку, кожны раз дырэктар шклозавода Юрый Леанiдавiч Iльёў адмаўляў: маўляў, што паказваць свету — працуем, сцiпла робiм сваю справу, як i раней, ды i ўсё. Мiж тым весткi пра Гомельскi шклозавод множылiся. Адзiны ў краiне вытворца палiраванага шкла выйшаў на сусветны рынак, дэманструе выдатныя вытворчыя паказчыкi. Урэшце згода была атрымана.

Па дарозе ад Гомеля Касцюкоўка бачыцца як складзеная з дзвюх частак: злева — пасёлак, справа — шклозавод. Ён прыкметны высокiмi трубамi. Праўда, на здымках 1933 года (калi адбыўся пуск завода) трубы знаходзiлiся на iншых месцах. Але тады i тэхналогii былi iншыя. Скажам, газ, неабходны для расплаву зыходнай масы (шыхты) атрымлiвалi з торфу. I не спальваннем яго, а апрацоўкай пад высокiм цiскам. Газ такiм чынам здабывалi. Але — разам са спадарожным фенолам (небяспечным для навакольнага асяроддзя ядам). Яго проста адводзiлi ў недалёкае азярцо. Вiдаць, тады не хапала ведаў, каб забяспечыць чыстае асяроддзе. Ды i краiне была патрэбна не экалогiя, а шкло.

Два нiзкапавярховыя будынкi — заводакiраўнiцтва. Падумалася: на лепшыя, вiдаць, грошай у завода не хапае. Праз колькi хвiлiн у кабiнеце ад Юрыя Леанiдавiча пачуў: будынкi — мясцовы рарытэт. Яны пабудаваныя палоннымi немцамi ў 1944—1945 гг. i з’яўляюцца своеасаблiвым сiмвалам адраджэння завода, рушыць iх не падымаецца рука. Што ж датычыцца ўзроўню кiравання, якi панаваў у гэтых сценах, то я неўзабаве пераканаўся: ён сучасны, з даўнiной нiяк не звязаны, сюды можна ехаць за вопытам.

У аснове гаспадарання гомельскiх шклавараў ляжыць не толькi матэрыяльная зацiкаўленасць, але i маральная адказнасць за вынiкi працы перад сваiмi роднымi, блiзкiмi i проста сваякамi, якiя жывуць у Касцюкоўцы. Дзесяцiтысячны пасёлак i завод — адно цэлае. У адным звязе тыя, хто адпрацаваў, тыя, хто працуе, i тыя, хто рыхтуецца прыйсцi на прадпрыемства. Тут усе жывуць «печкай». Менавiта гэты галоўны i пачатковы элемент вытворчага працэсу — печ для расплаву шкла — яднае жыхароў Касцюкоўкi. Яе здаровае «дыханне» — аснова дабрабыту, а «хвароба» — бяда для ўсiх. Кажуць, неяк спатрэбiўся кармiцельцы невялiкi тэрмiновы рамонт. То з усяго пасёлка iшлi на завод ветэраны-спецыялiсты, каб прапанаваць сваю бескарыслiвую дапамогу. Большасць з iх нiколi не чулi нi пра менеджмент, нi пра кансалтынг, але ведалi: выжыць можна толькi, калi разам, калi баранiцца ад бяды калектыўна, з даверам да кiраўнiцтва.

Фармiруецца карпаратыўны дух не адразу. Ён уласцiвы толькi перадавым вытворчасцям, там дзе памiж калектывам i кiраўнiцтвам узаемаразуменне i поўны давер. Стварыць такую атмасферу на любым прадпрыемстве ў сучасных умовах — складаная задача. Вельмi ўжо шмат жадаючых паставiць пад сумненне ўзровень кiравання i гаспадарання. Тое ж ААТ «Гомельшкло» ў гэтым годзе прыняло аж 57 розных праверак! Пры гэтым, зразумела, кожны ж нешта ў паперах «знаходзiў», накладваў спагнаннi. I гэта не дзiва, бо, шукаюць не ў вынiках працы, а ў паперах. Хоць бухгалтарскi ўлiк сёння такi заблытаны, што аднаму чалавеку быць дасведчаным у iм немагчыма. Прадпрыемства вымушана была арганiзаваць спецыяльную групу з трох чалавек, якая б сачыла за зменамi ў заканадаўстве i своечасова на iх рэагавала. Парадокс! З аднаго боку (на словах) улiк i кантроль быццам бы ўдасканальваюцца (г. зн. становяцца больш простымi, даступнымi, зразумелымi для гаспадарнiкаў), з другога — парушэнняў не менее, рознага роду штрафы патокам iдуць у казну. Вiдавочны разрыў ланцужка мiжведамаснай, дзяржаўнай зацiкаўленасцi ў прадастаўленнi суб’ектам гаспадарання спакойных умоў для працы.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельшкло» фармальна недзяржаўнае, хоць доля дзяржавы ў акцыях складае 92,5 працэнта. Сярод акцыянераў — Мiн-эканомiкi, Гомельскi аблвыканкам, Белпрамбудбанк. Доля камерцыйных арганiзацый — 0,024 працэнта, фiзiчных асоб (4887 чалавек) — 7,486, усяго — 7,51 працэнта. Ветэран прадпрыемства, старшыня назiральнага савета ААТ «Гомельшкло» (практычна з першага дня яго iснавання) Пётр Мiхайлавiч Лосеў лiчыць, што на тых акцыянерных таварыствах, дзе доля дзяржавы перавышае 75 працэнтаў, магчыма спрасцiць адносiны памiж дзяржавай i акцыянерным таварыствам. Для гэтага на гадавых сходах усе паўнамоцтвы акцыянернага сходу належыць перадаваць Назiральнаму савету цi асобе, якая ажыццяўляе, уладальнiцкi нагляд. Гэта дало б магчымасць скарацiць час прыняцця рашэнняў i зэканомiла б грошы акцыянераў на правядзеннi сходаў. Пры гэтым Пётр Мiхайлавiч не супраць iншых формаў уласнасцi. Больш таго, ён адзначыў, што калi б у 1994 годзе завод не быў акцыянiраваны, ён не меў бы сённяшняга росквiту. На пачатку дзевяностых павiнна была адбыцца карэнная рэканструкцыя прадпрыемства (запланаваная яшчэ да развалу Саюза). Грандыёзны праект валодаў думкамi вытворцаў, але грошай на яго рэалiзацыю не было, завод тануў. Адгукнуўся нафтаправод «Дружба», але ён быў згодны прадаставiць грошы толькi пад недзяржаўную форму ўласнасцi. Прадпрыемства акцыянiравалi, грошы былi атрыманы, i, у вынiку, на месцы старых вытворчасцяў паўстаў цэх-прыгажун. Паўстаў не без дапамогi дзяржавы. Схема разлiкаў за атрыманы ад «Дружбы» крэдыт дазволiла без цяжкасцяў запусцiць вытворчасць i выйсцi на праектную магутнасць. З таго часу прайшло больш за 10 гадоў, а завод у заводзе (iнакш новую вытворчасць не назавеш) i зараз працуе як новенькi.

Мы iдзём з дырэктарам па вытворчай пляцоўцы.

— I ўсё ж,— задаю пытанне Пятру Мiхайлавiчу, — Няўжо не хочацца калектыву зарабляць больш, валодаць большай доляй акцый?

— На рост тарыфнай стаўкi i на звязаны з ёй рост заробку ёсць абмежаваннi, — кажа ён. — Кiраўнiцтва не мае права перавысiць яе памер звыш устаноўленага. Даводзiцца для павелiчэння заработнай платы знаходзiць iншыя рэзервы i спосабы, дазволеныя нарматыўнымi дакументамi, — за кошт росту аб’ёмаў, павышэння якасцi, выкарыстання прыбытку прадпрыемства. Што датычыцца акцый, то ажыятажу ў iх набыццi на сённяшнi дзень няма. Дывiдэнды на iх не вельмi вялiкiя, бо таварыства ўтрымлiвае вялiкi сацыяльны комплекс — Палац культуры, спартыўна-аздараўленчы комплекс, праводзiць рэканструкцыю прадпрыемства, дапамагае ўтрымлiваць пасёлак Касцюкоўку i гэтак далей.

Мы iшлi i я не пераставаў здзiўляцца чысцiнi заводскай тэрыторыi, адсутнасцi звыклай для вытворчага прадпрыемства мiтуснi. «Не верыцца, што на прадпрыемстве тры з паловай тысячы працуючых. «Дзе яны?» — пытаюся ў Юрыя Леанiдавiча. «Працуюць», — адказаў i патлумачыў, што вытворчасць шкла мае бесперапынны цыкл, людзi працуюць у чатыры змены, на кожную з iх прыпадае каля тысячы працуючых. Многiх работнiкаў дырэктар ведае асабiста. Напярэдаднi прафесiйнага свята павiншаваў з працоўнымi дасягненнямi i прэмiраваў больш за 70 чалавек. Майстар выт-ворчага навучання Нiна Iванаўна Войценка, драбiльшчык-размольшчык Людмiла Максiмаўна Новiкава, электрагазазваршчык Мiкалай Iванавiч Магонаў i яшчэ 23 работнiкi былi заахвочаны занясеннем прозвiшчаў у Кнiгу i на Дошку гонару, атрымалi прэмii.

Дырэктар расказаў пра працоўныя дынастыi, пра незвычайныя лёсы сваiх работнiкаў. Адзначыў, што, каб уладкавацца на прадпрыемства, людзi становяцца ў чаргу, аднак перавага аддаецца тым, хто ўжо праз сваяцкiя сувязi быў звязаны з заводам — дзецям i родным тых, хто iдзе на заслужаны адпачынак цi пакiнуў вытворчасць па iншых важкiх прычынах. Дарэчы, калектыўным дагаворам работнiку дазваляецца папрацаваць на прадпрыемстве ўсяго толькi адзiн год пасля дасягнення пенсiйнага ўзросту. Гэта датычыцца i самога дырэктара. Закон ёсць закон, i Юрый Леанiдавiч не iмкнецца яго мяняць.

Да таго ж (i гэта было сказана дырэктарам без ценю гонару) прадпрыемства атэставана на прэстыжныя мiжнародныя стандарты, а яны дыктуюць жорсткi парадак i дысцыплiну ва ўсiм. «Атэставана нездарма»,— падумалася, калi мы апынулiся ў самiм цэху. Ён доўжыўся як кiнуць вокам, больш чым на паўкiламетра. Займаў прастору станцыi метро, не меней.

Пачатак шкла — у той самай печцы, аб якой так дбаюць касцюкоўцы. Праўда, на вясковую печ яна мала падобная, ды i парадку ля яе — не кожная гаспадыня можа такiм пахвалiцца. Не верыцца, што ў гэтую замкнёную, абкладзеную знутры спецыяльнай вогнетрывалай цэглай прамавугольную махiну вышынёй метраў 15 i даўжынёй не менш чым 90 зверху, аднекуль з-пад столi пастаянна сыплецца сумесь пяску, соды i iншых сыпучых складовых. На падлозе — нi пылiнкi. Мы з Юрыем Леанiдавiчам крочым уздоўж яе. Цягне жарам. Я дзiўлюся прагрэсу (увесь цыкл вырабу шкла поўнасцю аўтаматызаваны) i той адказнасцi, якая ляжыць на плячах дырэктара — адказнасцi за тэхнiку, людзей, эканомiку прадпрыемства, за своечасовую выплату тых жа падаткаў. Праца такая пад сiлу толькi звышсумленнаму, таму, хто сам ад вытворчасцi, любiць яе ўсёй душой. Юрый Леанiдавiч менавiта такi чалавек. Каля чвэрцi стагоддзя таму прыйшоў на «Гомельшкло», ведае i яго гiсторыю, робiць згадкi пра будучыню. Падалося: давяраюць яму людзi, цэняць, любяць кiраўнiка. I не толькi таму, што ў гэты дзень, з нагоды пяцiгоддзя дырэктарства, сябры яго шчыра павiншавалi ружамi. Я бачыў, як без «прагiнання» з iм размаўлялi аператары печы. Памiж дырэктарам i простымi работнiкамi не iснавала бар’еру, узнiкшае вытворчае пытанне было вырашана тут жа на месцы. Адышоўшы ад iх, Юрый Леанiдавiч заўважыў: «Люблю сваiх «кухараў». Гэта яны вараць шкло, ад iх працы залежыць далейшы поспех», — i задаволiў маю цiкаўнасць у тонкасцях працэсу. Аказваецца, печка даволi пражорлiвая. Штодзень яна праглынае каля 12 вагонаў з зыходнымi матэрыяламi для плаўкi i выдае каля 800 тон гатовага шкла. Пастаянна ў ёй знаходзiцца каля 2,5 тоны расплаўленай шкляной масы. Яна запаўняе сабой прастору-ванну нiзу печы. У адным канцы гэтай ванны (назавём яе так) iдзе бесперапынная загрузка зыходных матэрыялаў для плаўкi. Паступова пад уздзеяннем магутных газавых гарэлак (у якiх за суткi згарае больш як 130 тыс. куб. м газу) яны плавяцца, плывуць уздоўж печы, пакуль гатовая расплаўленая маса не дасягне другога канца i не паплыве «цераз край». Роўным слоем стужкi яна рухаецца далей, на палiроўку. Так называецца працэс знаходжання шкломасы на расплаве вадкага волава. Метал таксама ў вадкiм стане, у велiзарнай ёмiстасцi яго 250 тон. Верхняя мяжа спакойнага вадкага волава — люстэрка. «Паўзучы» па гэтым люстэрку, паўвадкае шкло набывае iдэальна роўную паверхню i славутую назву палiраванага. Далей па ланцужку — яго тэрмаапрацоўка i рэзка. Тэрмапрацэсы адбываюцца ў замкнёнай прасторы, рэзка — аўтаматычная. Работнiкi ўдзельнiчаюць толькi ў кантролi якасцi, упакоўцы i пагрузцы гатовага шкла. Штодня на ўпакоўку трацiцца каля 100 кубаметраў лесу, i (як адзначалася) спажыўцам адпраўляюцца 10—12 вагонаў палiраванага шкла. А яшчэ ж грузяць i ў аўтатранспарт. Гомельскае шкло выкарыстоўваецца практычна на ўсiх новабудоўлях Беларусi. На карце экспарту — краiны СНД, Еўропы i нават Афрыкi.

Трэба адзначыць, што палiраванае (аконнае) шкло — гэта не толькi гатовы тавар, але i аснова для iншых вырабаў. «Гомельшкло» нарошчвае яго прамысловую перапрацоўку. Сучасныя станкi дазваляюць кроiць з лiста вокны для кабiн, палiчкi, шматлiкiя iншыя рэчы. Прычым вокны кабiн вырабляюцца з трохслойнага шкла — трыплексу. Не горш за замежныя ўзоры i спецыяльнае, вогнетрывалае шкло, якое вырабляецца на прадпрыемстве. Яно можа вытрымлiваць адкрыты агонь на працягу 90 хвiлiн. Вытворцы адзначаными, што айчынныя праектанты, вiдаць, не ведаюць аб гэтым i ў свае праекты па-ранейшаму закладваюць замежныя аналагi спецшкла. Мiж тым толькі на новым будынку Нацыянальнай бiблiятэкi iм ужо аздоблена плошча ў 130 кв. метраў. Увогуле, што датычыцца выкарыстання навiнак у будаўнiцтве, то, вiдаць, нiхто перад архiтэктарамi i распрацоўшчыкамi дакументацыi не ставiць пытанне выкарыстоўваць толькi айчыннае (як гэта зроблена, скажам, у адносiнах да спажыўцоў сельгастэхнiкi). Прадпрыемства далёка не першы год вырабляе пенашкло. Матэрыял унiкальны — лёгкi, порысты, шчыльны, водаўстойлiвы. Раней яго выкарыстоўвала выключна абаронка, а таксама будаўнiкi тэлецэнтра ў Астанкiна, стадыёна Лужнiкi, крамлёўскага Палаца з’ездаў. Толькi бельгiйцы выраблялi нешта падобнае. Калi сакрэтнасць спала, пенашкло знайшло больш шырокi ўжытак. Iм аблiцавалi шматлiкiя грамадскiя i вытворчыя будынкi Гомеля, з задавальненнем пачалi яго набываць iндывiдуальныя забудоўшчыкi. Асаблiва незаменнае пенашкло пры ўцяпленнi лазняў. Гэта ж экалагiчна чысты, трывалы, пажарабяспечны i вогнетрывалы будматэрыял. Па сваёй экалагiчнай чысцiнi i тэрмаiзаляцыi ў аблiцоўцы будынкаў пенашкло перамагае мiнеральную вату, пенаполiстырол, пенаполiўрэтан i iншыя матэрыялы. Блок пенашкла таўшчынёй 120 мм — гэта тое ж самае, што цагляная кладка таўшчынёй 950 мiлiметраў! Дзiўна: гомельскае пенашкло выкарыстоўваецца ў краiнах Балтыi, расiйскiм паўночным Нарыльску i на далёкiм Сахалiне, але, як i спецшкло, не мае шырокага ўжытку на Беларусi. Мiж тым пенашкло карыснае не толькi для будаўнiкоў, але i для эколагаў. Для яго вырабу выкарыстоўваецца любы шкляны бой без якога б там не было сартавання. А калi ўлiчыць, што на захадзе i цэлая шкляная тара выкарыстоўваецца адзiн раз (а потым iдзе на перапрацоўку), то задзейнiчанне магутнасцяў ААТ «Гомельшкло» для гэтых мэтаў садзейнiчала б i ўмацаванню здароўя нацыi.

На жаль, гэта не адзiная праблема, якая сёння хвалюе шклавараў. Балюча ўспрынялi яны крытыку адносна высокага кошту будаўнiцтва. Мiж тым, цэны ўнутранага рынку на шкло вытворцы апошнi раз падымалi ў чэрвенi 2004 года. Асноўную вагу ў цане сыравiны складае сода (80 працэнтаў). Яна завозiцца з-за межаў рэспублiкi i пастаянна даражэе (за год падскочыла са 120 да 190 долараў за тону). Меншую частку цаны складаюць усе вiды энергарэсурсаў (17 працэнтаў), зарплата i г.д.

Аб’ёмы спажывання соды ў Rасцюкоўцы ўнушальныя — 3800 тон у месяц (на што трацiцца паўтара мiльярда рублёў). А ў рэспублiцы ж ёсць яшчэ шклозаводы. Мiж тым сода — не золата, яе з поспехам можна было б вырабляць i ў рэспублiцы. Для гэтага ёсць практычна неабмежаваная сыравiнная база — салiгорская соль. У прадпрыемства па яе перапрацоўцы будуць патрабавацца iнвестыцыi, але яны, безумоўна,акупяцца, i вельмi хутка. Асаблiва калi ўлiчыць, што сода патрэбна не толькi беларускiм шклаварам, але i цэламу шэрагу iншых вытворцаў. Да таго ж сучасны галоўны вытворца соды — Расiя будуе i аднаўляе свае шклозаводы. Не выключана, што ў хуткiм часе шклавары братнiх краiн стануць канкурэнтамi. Пераможа той, у каго будзе меншая цана. Будуць адпускаць соду беларускiм вытворцам па цэнах расiйскага рынку — будзе iснаваць i беларускае шкло, будуць завышаць цану — пачнецца заняпад яго вытворчасцi. I тады размовы пра высокi кошт будаўнiцтва ўжо нiкога не здзiвяць. Праўда, пакуль ААТ «Гомельшкло» падтрымлiвае цёплыя адносiны з калегамi, а сам дырэктар нават удастоены звання «Ганаровы работнiк шклопрамысловасцi Расii». Юрый Леанiдавiч з павагай прыняў гэту ўзнагароду, але лiчыць, што яна не павiнна заспакойваць. На рынку шкла павiнны дамiнаваць беларусы, а для гэтага зноў i зноў патрэбны i новыя iдэi, i новыя вырабы. У гэтым месяцы «Гомельшкло» запускае лiнiю па вырабу шклопакетаў. Добра вядомы выраб ад папярэднiкаў будзе адрознiваць адсутнасць у канструкцыi дэфiцытнага металу. Заходняе абсталяванне для вырабу такiх шклопакетаў абыдзецца ў 800 тысяч еўра. Роўна на такую суму прадпрыемства спачатку пабяднее, але потым спадзяеецца разбагацець, бо выраб шклопакетаў такой якасцi асвоiлi толькi 2 прадпрыемствы ў СНД. Уважлiва назiраюць на прадпрыемстве i за архiтэктурнай модай, за навiнкамi, якiя ўсё больш уваходзяць ва ўжытак. Праз некалькi гадоў гомельскiя шклавары на новай лiнii тэрмiчнага фармавання плануюць пачаць выраб бясколернага i танiраванага ў масе (а не напыленнем, як гэта робiцца зараз) лiставога палiраванага шкла. Яны мяркуюць забяспечыць танiраваным шклом розных адценняў i таўшчынi трактара- i аўтамабiлебудаўнiкоў, будаўнiчую галiну, мэблевую вытворчасць. Плануецца шырокая пастаўка такога шкла ў гандлёвую сетку i на экспарт. Агульны кошт гэтага праекта даволi значны — больш за 50 мiльёнаў долараў.

Акрамя асабiстых узнагарод дырэктара (Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыяй Юрый Леанiдавiч прызнаны лепшым кiраўнiком 2003 года) у самога прадпрыемства ўзнагарод таксама шмат. Самага рознага кшталту. Iх пералiк заняў бы шмат месца, таму сярод iншых я палiчыў неабходным звярнуць увагу толькi на адну. Гэта даволi сцiплы ў афармленнi, але вельмi прэстыжны ў свеце сертыфiкат германскага Аб’яднання тэхнагляду TUV (Technischer Uberwachungs-verien) на сiстэму менеджменту якасцi праектавання, распрацоўкi i вытворчасцi лiставога палiраванага шкла i шклавырабаў, выдадзены ААТ «Гомельшкло». Гэты дакумент сведчыць не толькi аб тым, што беларускае прадпрыемства мае сучасую вытворчую базу, але i выкарыстоўвае сучасныя метады кiравання, здольнае пастаўляць на мiжнародны рынак высакаякасны тавар. Падкрэслiм: перш чым выдаць такi сертыфiкат, замежныя спецыялiсты вывучаюць стан работы з кадрамi, iх квалiфiкацыю, метады яе павышэння. Iх цiкавiць нават тое, з якiм настроем работнiкi прыступаюць да працы, г.зн. як арганiзаваны iх быт, вольны час, здаровы лад жыцця. I тут «Гомельшкло» аказалася на вышынi. У Палацы культуры працуюць больш як 20 клубаў i кружкоў мастацкай самадзейнасцi: харавых спеваў, вакалу, духавых iнструментаў i г.д. Усяго ў iх займаюцца больш як паўтысячы дзяцей i каля сотнi дарослых. Спартыўна-аздараўленчы комплекс мае басейн для плавання, стадыён з футбольным полем, спартыўныя залы, дзiцяча-юнацкую спартыўную школу, у якой падрыхтаваны дзесяткi майстроў спорту па барацьбе, лёгкай атлетыцы, валейболу, сотнi спартсменаў масавых разрадаў. У пачатку месяца заводская каманда па грэка-рымскай барацьбе сярод кадэтаў перамагла на мiжнародных спаборнiцтвах у Латвii, стала чэмпiёнам Беларусi сярод юнацкiх спартыўных школ. Гэтыя навiны былi ўспрыняты ў калектыве як чарговая перамога ўсiх работнiкаў.

I ў працы, i ў вольны час ААТ «Гомельшкло» не прывыкла аддаваць перамогi iншым. А гэта значыць, што яшчэ доўгi час мы будзем глядзець на свет праз сваё беларускае празрыстае шкло.


 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Многiя стэрэатыпы фармiруюцца ў дзяцiнстве. Аконнае шкло (калi з’яўлялася такая неабходнасць) мы з бацькам хадзiлi купляць у невялiкую сельпоўскую к
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика