Лiмон
Да нас звярнулася Л. П. Маргелава з Капыльскага раёна з просьбай расказаць аб тым, як вырошчваць лiмон. Мяркуем, гэта iнфармацыя будзе цiкавая многiм нашым чытачам.
Лiмон — шматгадовая раслiна. У цёплых краiнах ён цвiце i пладаносiць у адкрытым грунце круглы год, яго вышыня 5—8 м. Ва ўмовах нашай краiны лiмон вырошчваюць як пакаёвую раслiну. У залежнасцi ад узросту лiмона асобныя сарты, пры патрэбным доглядзе, даюць каля 20 пладоў. Вельмi важна правiльна выбраць сорт раслiны. Найбольш прывабны з сартоў гэтага вiду цытрусавых, якiя вырошчваюць у пакоях, — паўлоўскi. У яго пладоў вельмi тонкая лупiна, мала насення, павялiчаная колькасць вiтамiну С, моцны водар. Размнажаюцца раслiны насеннем, чаранкамi, адводкамi i прышчэпкамi. Калi вы спрабуеце вырасцiць лiмон з насення, ён пачне даваць плады толькi праз 10—12 гадоў, а можа i наогул не даць нiводнага плода. Таму лепш вырасцiць яго з чаранка. Адразаюць частку парастка з 2-3 лiсткамi i саджаюць у скрыню з прамытым горным цi рачным пяском. Зверху чаранок накрываюць шкляным слоiкам. Кожны дзень слоiк на 2 гадзiны здымаюць, каб праветрыць. Скрынку з чаранкамi трымаюць у цянi. Глеба мае вельмi важнае значэнне ў вырошчваннi лiмона. Неабходна, каб яна была багатая арганiкай, мела камякаватую структуру i добрую вода- i паветрапранiкальнасць. Лепшы посуд — глiняныя вазоны. З наступленнем веснавых цёплых дзён, з павышэннем тэмпературы паветра да 7—9°С раслiны неабходна выносiць на двор цi на адкрыты балкон. Лепш за ўсё iх укапаць разам з посудам у глебу, каб узровень зямлi супаў з паверхняй саду. У летнi перыяд, каб пазбегнуць вялiкай страты вiльгацi, глебу ў вазонах пакрываюць мохам, торфам цi сухiмi раслiннымi рэшткамi слоем у 2-3 см. Вынас робiцца паступова. Цытрусавыя, якiя выстаўлялi на двор, уносяць у памяшканне да наступнага пахаладання. Раслiнам цяжка нармальна расцi i развiвацца ў пакоях, дзе не хапае святла, а цеплынi шмат. Таму з лiстапада па люты ўключна цытрусавыя трымаюць па магчымасцi ў сухiх памяшканнях з панiжанай тэмпературай (8—10°С). Працэсы жыццядзейнасцi ў гэты час значна запавольваюцца, раслiны пераходзяць у стадыю зiмовага спакою. А ў сакавiку, у сувязi з веснавым павелiчэннем асвятляльнасцi, з’яўляецца заўважны прырост лiсця. Каб не справакаваць прырост раней, у зiмовы перыяд нiякiя ўгнаеннi ўносiць не трэба i палiваць вельмi рэдка. Калi ж халоднага памяшкання няма, раслiны ў гэты перыяд трымаюць у пакоях са звычайнай тэмпературай. Для нармальнага развiцця толькi апырскваюць вадой пакаёвай тэмпературы, асаблiва гэта неабходна ў кватэрах з цэнтральным ацяпленнем, дзе паветра вельмi сухое. Вельмi важны момант — фармiраванне кроны. Пачынаюць яе фармiраванне з 1-га года жыцця цытрусавых, ствараючы нiзкiя раслiны з 3-4 правiльна размешчанымi каркаснымi галiнкамi ў кроне. Вельмi важна таксама выдаляць частку завязi. Ад гэтага плады павялiчваюцца ў памеры i ў цэлым павялiчваецца ўраджай. Каранёвая сiстэма раслiн з узростам вельмi разрастаецца. Ёй не хапае месца ў вазоне, i раслiна пачынае хварэць, скiдваць лiсце з-за недахвату пажыўных рэчываў. Таму неабходна раз у 2-3 гады перасаджваць раслiны. З-за недахвату аб’ёму посуду запас пажыўных рэчываў невялiкi. Яго не хапае раслiнам, таму штогод iх падкормлiваюць арганiчнымi i мiнеральнымi ўгнаеннямi. Лiчыцца, што лiмон больш «любiць» арганiчныя падкормкi. Спадзяёмся, што дзякуючы нашым парадам у хуткiм часе вы атрымаеце прыгожыя, духмяныя, карысныя плады.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да нас звярнулася Л. П. Маргелава з Капыльскага раёна з просьбай расказаць аб тым, як вырошчваць лiмон. Мяркуем, гэта iнфармацыя будзе цiкавая многiм |
|