Перажыць праблемы i працаваць далей
Наталля УЛАДЗIМIРАВА
Было, ёсць, будзе Звычайна канец года — гэта час падвядзення вынiкаў. Але i без усякага «падвядзення» можна сказаць, што адыходзячы год для многiх старшынь сельскiх i пасялковых саветаў дэпутатаў выдаўся няпростым. Нагрузкi павялiчылiся, адказнасць узрасла, а народу ў «штаце» мясцовых выканкамаў не прыбавiлася. Аднак старшынi нашы — людзi бывалыя, i ў будучае, не зважаючы нi на што, глядзяць з аптымiзмам. У чым мы ў чарговы раз упэўнiлiся, задаўшы старшыням сельсаветаў некалькi пытанняў. А менавiта: 1. ЧЫМ ЗАПОМНIЎСЯ ВАМ АДЫХОДЗЯЧЫ ГОД? 2. ЯКIЯ ПРАБЛЕМЫ ЗАСТАЛIСЯ НЯВЫРАШАНЫМI? 3. ШТО Б ВЫ ХАЦЕЛI ПАЖАДАЦЬ СВАIМ КАЛЕГАМ У НОВЫМ ГОДЗЕ?Аркадзь СУЛАЎКА, старшыня Пархiмоўскага сельскага Савета дэпутатаў Бераставiцкага раёна Гродзенскай вобласцi: 1. Скажу шчыра: каб год запомнiўся чымсьцi добрым, неабходна больш сродкаў выдзяляць сельсаветам на добраўпарадкаванне. Нават у мiнулым годзе грошай з раённага бюджэту нам пераводзiлi больш. I тым не менш, завяршылi мы сёлета асвятленне амаль што ўсiх населеных пунктаў, лiтаральна некалькi хутароў — па 2-3 дамы — засталiся ў нас без святла. Часткова спiлавалi так званыя «пагражаючыя» дрэвы ля жылых дамоў у некалькiх вёсках. Устанавiлi (зноў жа не ўсiм) адзiнокiм людзям процiпажарныя апавяшчальнiкi. Затое палiвам на зiму забяспечылi людзей поўнасцю, нiякiх чэргаў на брыкет цi дровы няма. 2. Што датычыцца праблем, то iх шмат. Запатрабаваннi ў людзей растуць, звяртаюцца яны ў сельсавет па любому пытанню, нават дробязнаму. А нам трэба кожнаму дагадзiць. Стараемся, канешне. Але многiя просяць матэрыяльную дапамогу. Скажам, развозiлi на Дзень iнвалiда прадуктовыя пакеты — усяго 20 пакетаў. У той час як «прэтэндэнтаў» на такую дапамогу ў нас было... 120. Натуральна, засталiся пакрыўджаныя. 3. Самае галоўнае багацце — гэта здароўе, чаго i хачу пажадаць сваiм калегам. Ну а сабе — умення своечасова папярэджваць i згладжваць вострыя сiтуацыi, канфлiкты. А яшчэ хацелася б дачакацца капiтальнага рамонту будынка сельсавета — у раёне паабяцалi з гэтым дапамагчы. Аляксандр КАЦЭНЯ, старшыня Свiслацкага пасялковага Савета дэпутатаў Пухавiцкага раёна Мiнскай вобласцi: 1. Год запоўнiўся перш за ўсё тым, што мы нарэшце стварылi жыллёва-будаўнiчы кааператыў на 180 кватэр, i людзi атрымалi надзею займець у наступным годзе сваё жыллё. 2. «Галаўнога болю» хапае, але нельга сказаць, што нейкая з праблем пераважае. Усе пытаннi важныя, i iх неабходна вырашаць штодзённа. 3. Калегам хачу пажадаць настойлiвасцi ў пераадоленнi цяжкасцяў i, зразумела, здароўя. Павелiчэння фiнансавых «улiванняў» жадаць не буду — усё роўна ад маiх пажаданняў нiчога не залежыць. Валянцiна ГАМАНЬКО, старшыня Асвейскага сельскага Савета дэпутатаў Верхнядзвiнскага раёна Вiцебскай вобласцi: 1. Скажу, што фiнансавая сiтуацыя сёлета была для нашага сельсавета больш стабiльнай. Правялi асвятленне ва ўсiх 23 населеных пунктах, выканаўшы, нарэшце, гэты паказчык. Iншыя пытаннi таксама пакрысе вырашаюцца. 2. А чаму ў сельсавета абавязкова павiнны быць нейкiя праблемы? У нас, напрыклад, практычна ўсе яны вырашаюцца або знаходзяцца ў стадыi вырашэння. Хацелася б толькi, каб сельскi савет вызвалiлi ад неўласцiвых для яго абавязкаў — напрыклад, здымаць тыя ж паказаннi з электралiчыльнiкаў, мяняць электралямпачкi. Няхай гэтым займаюцца спецыялiзаваныя арганiзацыi — тыя ж раённыя электрасеткi. Або адзiнку электрыка можна ўвесцi ў штат сельсавета. Гэта праблема не толькi наша, але i ўсёй рэспублiкi. Старшыням сельсаветаў даводзiцца працаваць яшчэ i... электрыкамi. 3. Калегам хачу шчыра пажадаць цярпення ў рабоце з людзьмi. Умейце дараваць крыўды. I, канешне, будзьце здаровыя! Васiль ШАЎЧУК, старшыня Лемяшэвiцкага сельскага Савета дэпутатаў Пiнскага раёна Брэсцкай вобласцi: 1. Сёлета мы ўсе свае намаганнi накiравалi ў асноўным на добраўпарадкаванне, даводзiлi да ладу цэнтральную сядзiбу Лемяшэвiчы: разбiлi скверыкi, заасфальтавалi вулiцы, паставiлi жалезабетонныя агароджы, прывялi ў нармальны выгляд помнiкi... Вынiк мне падабаецца. 2. Праблема — невялiкае фiнансаванне. Было б яно большым — адпаведна, i зрабiлi б больш. Але склаўшы рукi не сядзiм. Створаная ў 2000 годзе гасразлiковая механiзаваная брыгада прыносiць невялiкi, але прыбытак. Вырашылася праблема з той жа дастаўкай палiва насельнiцтву, ды i розную iншую дапамогу людзям па гаспадарцы аказваем. 3. Канешне, здароўя... Вiктар ПАЛТАРАН, старшыня Княжыцкага сельскага Савета дэпутатаў Магiлёўскага раёна: 1. Працаваць стала складаней — гэтым, напэўна, год i запоўнiўся. Узраслi патрабаваннi, узмацнiўся кантроль, непараўнальна больш стала працы — у першую чаргу ў сувязi з прынятай дзяржаўнай праграмай развiцця вёскi, будаўнiцтвам аграгарадкоў, пiльнай увагай да выканання мiнiмальных стандартаў. 2. На фоне вышэйсказанага нас пастаянна скарачаюць. У прыватнасцi, у мiнулым годзе забралi землеўпарадчыка, а сёлета пазбаўляюць бухгалтэрыi. Вось i мяркуйце — работы прыбаўляецца, а рабiць яе даводзiцца 2-3 чалавекам. I разам з тым ад нас патрабуюць не проста выдаваць даведкi цi адказваць на запыты арганiзацый i грамадзян, а ўнiкаць у кожную справу, падыходзiць да чалавека з душой... Як будзем паспяваць усё гэта рабiць? У сутках жа 24 гадзiны, а большую частку прыйдзецца трацiць на афармленне дакументацыi i перапiску. 3. Калегам жадаю, каб у iх на ўсё хапiла часу. А таксама знаходзiліся кантакт i ўзаемаразуменне з кiраўнiкамi гаспадарак, арганiзацый i структур, ад якiх залежыць дабрабыт сельсавета... А перад сабой стаўлю задачу: перажыць усе праблемы i працаваць далей.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звычайна канец года — гэта час падвядзення вынiкаў. Але i без усякага «падвядзення» можна сказаць, што адыходзячы год для многiх старшынь сельскiх
|
|