Дзякуючы старастам глыбiнка прыгажэе
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
СВАЕ СЯРОД СВАIХ У пасёлку Ратмiраў Акцябрскага раёна жыве чалавек, якога глыбока паважаюць не толькi ў гэтым населеным пункце, але i ў iншых вёсках. Гэта Уладзiмiр Малаковiч, якому сёлета споўнiлася 76 гадоў. Былы трактарыст (а дакладней — механiзатар шырокага профiлю) большую частку свайго жыцця аддаў мясцовай гаспадарцы, у свой час хадзiў у перадавiках, аб чым сведчаць i медаль, i шматлiкiя ганаровыя граматы. Шэсць разоў людзi выбiралi Уладзiмiра Несцеравiча дэпутатам сельсавета, а апошнi раз «прызначылi» старастам пасёлка.Кажуць, Малаковiч для людзей нiбы тая «хуткая дапамога»: i наконт тэлефанiзацыi паклапоцiцца, i пра начное асвятленне вулiц узгадае, i пра работу ФАПа. Калi ж палiчыць, што ў нейкiх пытаннях яго намаганнi не дасягаюць мэты, звяртаецца па дапамогу ў сельсавет цi ў райсавет дэпутатаў, дзе да просьбаў i заўваг старасты абавязкова прыслухаюцца. На сваiм «жыгулёнку» Уладзiмiр Несцеравiч абкалясiў увесь сельсавет — дапамагае вяскоўцам дабiрацца да райцэнтра ў бальнiцу цi за нейкай даведкай, а таксама арганiзоўвае людзей на добраўпарадкаванне пасёлка. Увогуле, ролю дэпутатаў мясцовых Саветаў i органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакiравання (старастаў населеных пунктаў, членаў дамавых i вулiчных камiтэтаў гарадскога пасёлка i г.д.) у добраўпарадкаваннi адпаведных тэрыторый нельга недаацэньваць. Толькi ў райцэнтры сёлета адрамантавана больш за кiламетр агароджаў i ўстаноўлена каля кiламетра новых, пасаджана больш як 150 дрэў i 500 дэкаратыўных кустоў, знесена 30 аварыйных дрэў, зроблены касметычны рамонт брацкiх магiл, прыведзены ў парадак усе месцы пахаванняў мiрных жыхароў. У сельскай мясцовасцi, дзякуючы дэпутацкаму актыву i старастам, абследавана каля трох тысяч прыватных падворкаў, i амаль палове iх уладальнiкаў выдадзены прадпiсаннi — навесцi парадак. Iх (колькасцю 120) атрымалi таксама кiраўнiкi суб’ектаў гаспадарання, якiя знаходзяцца на падведамнай тэрыторыi. Стараста вёскi Заазер’е Iван Калiценя, чый падворак прызнаны тут лепшым, таксама наведаў кожнага домаўладальнiка i папярэдзiў аб неабходнасцi ўборкi прыдваровых тэрыторый, арганiзаваў работу па замене 300 метраў агароджы. А дэпутат гэтага ж, Ламавiцкага сельсавета, дырэктар Ламавiцкай сярэдняй школы Мая Есiповiч арганiзавала педкалектыў i вучняў на добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыi, вясковых вулiц. Нельга не сказаць i пра дэпутата Парэцкага сельскага Савета Людмiлу Куляшэўскую. Сама школа, дзе яна працуе дырэктарам, з’яўляецца своеасаблiвым эстэтычным цэнтрам вёскi. Сёлета на яе тэрыторыi з’явiлася мiнi-сажалка, высаджаны былi дэкаратыўныя кусты, разбiты клумбы i г.д. Дагледжанасцю вызначаецца i тэрыторыя сельскай бальнiцы, якую ўзначальвае дэпутат Парэцкага сельскага Савета Данута Астапава. Пераможцамi ж сярод вулiчных i дамавых камiтэтаў райцэнтра i старастаў сельскiх населеных пунктаў (а яны вызначаюцца штоквартальна) прызнаюцца тыя, чые тэрытарыяльныя акругi, вёскi i пасёлкi найбольш адпавядаюць патрабаванням санiтарных, жыллёва-камунальных i архiтэктурных службаў. Пераможцы спаборнiцтва атрымлiваюць грашовае ўзнагароджанне ў памеры базавай велiчынi. Яно выплачваецца з фонду раённага Савета дэпутатаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пасёлку Ратмiраў Акцябрскага раёна жыве чалавек, якога глыбока паважаюць не толькi ў гэтым населеным пункце, але i ў iншых вёсках |
|