«Шануйце песнi свае...»
Ларыса ЦIМОШЫК
Ведай нашых! Гэтыя словы Максiма Багдановiча можна сёння пераасэнсоўваць па-рознаму. Песня — гэта i душа, i носьбiт пэўных пачуццяў, гэта ўвасабленне розуму i светаадчування многiх пакаленняў. Але сёння як нiколi словы Багдановiча хочацца ўспрымаць абсалютна лiтаральна. Песень шмат, але кранаюць нямногiя. Зразумейце правiльна: я хачу, каб песнi гучалi. Хачу каб яны забаўлялi i «заводзiлi», а часам хачу пад iх i паплакаць. Але дзе тая песня, якая на ўсе часы?..Магчыма, цяпер яе можна будзе пачуць у «Анталогii». Стварыць «Анталогiю беларускай паэзii ў песнi» задумаў Мiхаiл Фiнберг некалькi гадоў таму. I, калi ласка, вынiк: прэм’ера першай часткi вялiкай праграмы адбудзецца 23 снежня. Лепшыя творы беларускiх паэтаў i кампазiтараў ХVII—ХХI стагоддзяў выбраны ў «Анталогiю», якая будзе складацца з трох частак. — Я iшоў да гэтай «Анталогii» ўсё жыццё, — гаворыць Мiхаiл Фiнберг, народны артыст Беларусi. — Яна, на маю думку, аб’яднала шыкоўныя песнi: у iх прыгожая музыка са шчырымi словамi, дзе ёсць непадробленая любоў да Беларусi, да чалавека, дзе перадаюцца пачуццi чыстага кахання памiж мужчынам i жанчынай. Шмат песень былi спецыяльна напiсаны для таго, каб у «Анталогiю» ўвайшлi iмёны выдатных паэтаў, iх творчасць сучасным кампазiтарам прыйшлося адкрываць наноў. Калi мы рабiлi гэтую справу, то адчувалi сябе ў сваiм «фармаце», як зараз кажуць, — заставалiся вернымi беларускаму слову. Яно павiнна быць жывым i на сцэне. Што мы для гэтага можам зрабiць? Несцi яго без падману, гэта значыць спяваць жывымi галасамi. Я ўпэўнены, што, дзякуючы гэтай праграме, нашы салiсты будуць адчуваць сябе па-iншаму, ды i ўся Беларусь, магчыма, у нечым стане iншай. Таму што павага да сябе пачынаецца з павагi да сваёй культуры. У Беларусi новы ўздым беларускай песнi пачаўся разам з фестывалямi ў Маладзечне. Да яго спецыяльна стваралася праграма песень на вершы беларускага паэта. Менавiта Багдановiч i стаў той асобай, якая перакiнула масток ад песень мiнулых да песень сучасных. Якiм узрушэннем стаў цыкл песень «Максiм», якi стварыў Iгар Палiвода на вершы Багдановiча! Прыгожым словам дадала фарбаў такая ж прыгожая музыка. Потым аркестр прадстаўляў цыклы песень на вершы Аркадзя Куляшова, Янкi Купалы i Якуба Коласа, Адама Мiцкевiча... Кожная праграма вартая таго, каб жыць асобным жыццём. Але iмёны ўсiх гэтых выдатных паэтаў аб’ядналiся разам у «Анталогii». У першай частцы праграмы «Анталогiя беларускай паэзii ў песнi» прагучыць 31 твор. Некаторыя з iх выконвалiся па аднаму разу ў нейкiх канцэртах, iх успомнiлi. Спецыяльна некалькi песень напiсаў кампазiтар Эдуард Зарыцкi. Ён, дарэчы, меў вопыт падобнай работы. Аднойчы начытаўшыся вершаў Уладзiмiра Караткевiча, Зарыцкi стварыў песенны цыкл, якi быў прысвечаны памяцi класiка беларускай лiтаратуры. Калi трэба вызначыць сэнс з’яўлення «Анталогii», то лепш за ўсё для гэтага падыдуць словы Купалы: «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына...». Словы купалаўскага верша, якi стаў прыгожай песняй дзякуючы «Песнярам», можа i павiнен умець праспяваць кожны беларус. Разам з бессмяротнай «Спадчынай» у першую частку «Анталогii» ўвойдуць песнi на вершы паэтаў, якiя сталi класiкамi: Багушэвiча, Сыракомлi, Купалы, Багдановiча, Куляшова, Панчанкi, Броўкi, Лучыны, Чарота, Караткевiча... Далей у «Анталогiю» будуць упiсаны прозвiшчы сучасных паэтаў. «Да ўсiх творцаў, якiя ведаюць каштоўнасць слова, мы ставiмся з павагай, незалежна ад таго, у якi час яны жылi. З нашага боку ўсё будзе зроблена так, як належыць», — запэўнiвае прафесар Фiнберг, кiраўнiк аркестра, якому прысвоена ганаровае званне «нацыянальны». Самыя розныя праграмы, якiя рыхтуе гэты калектыў, знаёмяць менавiта з беларускай музыкай, пачынаючы ад яе гiсторыi, ад акадэмiчных узораў, да сённяшняга дня з яго любоўю да простай i зразумелай усiм песнi. Песнямi паэзiю здолелi зрабiць кампазiтары Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Уладзiмiр Мулявiн, Уладзiмiр Алоўнiкаў, Валерый Iваноў, Алег Елiсеенкаў i iншыя. Таму ў «Анталогii» ёсць i адваротны бок: яна прадстаўляе не толькi беларускую паэзiю, але i музыку беларускiх кампазiтараў. Прэм’ера першай часткi праграмы «Анталогiя беларускай паэзii ў песнi» адбудзецца ў Маладзечне. Здзiўляцца няма чаму — менавiта гэты горад некалi пачаў дыктаваць моду на беларускую песню. На шчасце, новая зала маладзечанскага палаца культуры падыходзiць для тэлебачання. Канцэрт ладзiцца Дзяржаўным канцэртным аркестрам сумесна з Беларускiм тэлебачаннем. Хто не пачуе, той убачыць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтыя словы Максiма Багдановiча можна сёння пераасэнсоўваць па-рознаму. Песня — гэта i душа, i носьбiт пэўных пачуццяў, гэта ўвасабленне розуму i свет
|
|