21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Хто ты, фугу?

25.08.2009 21:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тайны прыроды

Невялiкая рыбка — магутная сiла ў руках ведзьмароў вуду

«Какая гадость эта ваша заливная рыба...»

Гэта рыбка падыме мёртвага i звядзе ў магiлу жывога. Акрамя самураяў, камiкадзе i харакiры, Японiя славiцца экзатычнай рыбай фугу. Яе асаблiвасць заключаецца галоўным чынам у тым, што фугу можа стаць апошняй стравай у вашым жыццi — настолькi яна ядавiтая. Сакрэтам яе прыгатавання валодаюць лепшыя японскiя повары. Нядзiўна, што каварная рыбка акружана арэолам домыслаў i легенд. У той жа час мала хто ведае, што яна сабой уяўляе.

Палец у рот не кладзi

Iмем «фугу» называюць каля 100 вiдаў рыб атрада зросласкiвiчных з сямейства скалазубаў, якiя жывуць у Цiхiм i Iндыйскiм акiянах, а таксама ў некаторых рэках (iншыя назвы сямейства — чатырохзубыя, тэтраадоны, iглабрухi, рыбы-сабакi). Фугу цяжка не пазнаць: яркая афарбоўка, адсутнасць лускi, шаравата-сiнiя стужкi зверху, белае бруха з невялiкiмi шыпамi, якiя на дотык нагадваюць наждак, ноздры, невялiкi рот з амаль чалавечымi зубамi — шырокiмi касцянымi пласцiнамi. Iмi фугу адрывае ад каменняў ракушкi, а пры выпадку можа «ўскрыць» краба, перакусiць рыбалоўны кручок цi нават (самыя буйныя сярод скалазубаў) пазбавiць чалавека пальца — такi выпадак зафiксаваны ў Японii. Рыбы-сабакi надзвычай агрэсiўныя, у тым лiку i адна да адной.

Фугу могуць плаваць хвастом уперад, але наогул рухаюцца даволi марудна. Калi гэтую рыбу напалохаць, яна iмгненна разадзьмецца i стане падобнай на калючы шар. I гора акуле, якая не зразумее пагрозы — рыба-сабака смяротна ядавiтая. У яе мышцах i вантробах змяшчаецца тэтрадатаксiн — яд нервова-паралiтычнага дзеяння, якi ў 50 разоў больш небяспечны, чым цыянiсты калiй. Смяротная доза для чалавека складае ўсяго 1 мiлiграм тэтрадатаксiну; у адной рыбiне яду хопiць, каб забiць 30—40 чалавек. Прычым эфектыўнага процiяддзя ад атручэння фугу да гэтай пары не iснуе.

Руская рулетка для японскага гурмана

Плавала б фугу сабе ў акiянскiх водах i далей, але чалавек такая iстота, што без рызыкi жыць не можа. Вось чаму ў японскiх рэстаранах фугу лiчыцца вытанчаным далiкатэсам. Уся справа ў тым, як яе прыгатаваць: трохi задрыжыць рука, здрадзiць пачуццё — i экзатычная страва стане для вас апошняй. Але не сумуйце — адпаведна кодэксу гонару кухар, з-за якога вы трапiлi ў магiлу, зробiць сабе харакiры, так што на тым свеце вы зможаце яму ўсё выказаць.

У былыя часы ў Японii ад атручэння фугу памiралi тут i там. Але пасля таго, як у 1958 годзе памёрлi 176 чалавек, урад увёў абавязковае лiцэнзаванне повараў, якiя займаюцца смяротнай кулiнарыяй. Нягледзячы на тое, што лiцэнзiю атрымлiваюць толькi лепшыя, два-тры дзесяткi гурманаў у год памiраюць i ў наш час. У асноўным гэта мiнiстры, акцёры i буйныя бiзнэсмены, магчымасць паласавацца рыбай-сабакам (i смерць ад яе) лiчыцца доляй выбраных. Гэтаму спрыяе i кошт прыгатаванай рыбкi — ад 250 да 750 долараў за кiлаграм.

Вопытны повар ведае, колькi яду змяшчаецца ў кожнай частцы фугу (ён размяркоўваецца нераўнамерна i на розных людзей дзейнiчае па-рознаму), як трэба рыбу разбiраць, гатаваць, падаваць да стала. Вышэйшы «пiлатаж» тут — пакiнуць яду роўна столькi, каб выклiкаць у наведвальнiкаў рэстарана прыемнае адчуванне наркатычнай эйфарыi. Героi гастранамiчнага фронту расказваюць, што часам пасля дэгустацыi фугу (ну не разлiчыў повар!) наступае поўны паралiч, услед за якiм вельмi лёгка могуць наступiць спыненне дыхання, кома i смерць.

У рыбе фугу ядавiтае ўсё, ад крывi да вантробаў. Асаблiва небяспечная пячонка. А калi пры разбiраннi быў пашкоджаны жоўцевы пузыр, то смела можаце пiсаць завяшчанне.

Калi вы выйшлi з рэстарана жывым пасля знаёмства з фугу, то будзеце адчуваць незвычайную ўдзячнасць лёсу. Мабыць, у гэтым i заключаецца галоўны смак небяспечнай стравы. Ва ўсякiм разе, японская прымаўка сцвярджае: «Той, хто есць фугу, — дурань, але той, хто не есць, — таксама».

Трэба адзначыць, што пасля атручэння фугу бывае цяжка ўстанавiць, цi сапраўды чалавек памёр. Часцяком гурманы ўпадаюць у падабенства летаргiчнага сну, з якога могуць выйсцi ў моргу цi ўжо ў труне. Атручэнне тэтрадатаксiнам уводзiць чалавека ў зусiм асаблiвы стан — не сон i не няспанне. Гэты эфект i выкарыстоўваўся вуду-ведзьмакамi з вострава Гаiцi для замбiравання.

Тайны гаiцянскiх ведзьмакоў

У 1982 годзе этнабатанiк У. Дэвiс наблiзiўся да разгадкi тайны замбiравання, накiраваўшыся на радзiму зомбi — востраў Гаiцi. Галоўныя кампаненты «парашку зомбi» — высушаная i сцёртая ў парашок рыба фугу, а таксама актыўныя рэчывы, якiя змяшчаюцца ў галюцынагеннай жабе Bufo marinus (жабу папярэдне вытрымлiваюць у шклянцы з марскiм чарвяком, якi яе кусае). Акрамя таго, гаiцянскiя шаманы выкарыстоўваюць жоўцевы пузыр мёртвага мула цi чалавека, раслiны, чалавечыя астанкi (лепш свежыя). Дакладнай тэхналогiяй стварэння парашку зомбi валодаюць, акрамя самiх гаiцян, толькi спецслужбы некалькiх дзяржаў. Спачатку ўзнiкае адчуванне эйфарыi, паколванне ў канечнасцях, потым наступае паралiч, дыханне спыняецца, сэрца амаль перастае бiцца, i чалавек пераходзiць у стан, падобны на смерць (тут можа быць падмануты самы вопытны ўрач). Калi доза парашку вызначана дакладна, то чалавек не памiрае, але ў яго мазгах адбываюцца незваротныя змяненнi, ён страчвае волю, розум i становiцца паслухмянай зброяй.

Такiм чынам, з’ява замбiравання — навуковы факт. А вось што наконт «чорных зомбi» — мерцвякоў, якiя падымаюцца з магiл? Вучоныя знайшлi тлумачэнне i гэтаму.

Паспрабаваўшы падсыпанага вудуiстамi замбiруючага парашку, ахвяра аказваецца ў стане несапраўднай смерцi. Яе хаваюць, але праз некалькi дзён нябожчык «ажывае» i пачынае хадзiць... Рускiя вучоныя А. Малянкоў i У. Сарбаш разгадалi сакрэт таго, як цела з практычна спыненымi сардэчнай дзейнасцю i дыханнем можа працягваць жыць. У каматозным стане, якi выклiканы парашком зомбi, роля сэрца пераходзiць да пячонкi (як вядома, пячонка акрамя ўсяго iншага з’яўляецца i магутнай крывяноснай помпай) — так званы эфект партальнага сэрца. Прычым гэта «сэрца» доўгi час можа працаваць без кiслароду. Дыхальныя рухi ў чалавека, якi трапiў у тэтрадатаксiнавую кому, заўважыць вельмi цяжка, намацаць пульс — таксама.

Праз некалькi дзён вуду-шаман раскопвае магiлу i, суправаджаючы свае дзеяннi рознымi рытуаламi, «ажыўляе», рэанiмiруе цела. Цяпер яно можа рухацца, дзейнiчаць больш цi менш свядома, але мозг замбiраванага ўжо змянiўся настолькi, што чалавекам гэтую iстоту назваць нельга. Яно будзе выконваць волю свайго «гаспадара» — ведзьмара, будзе ахоўваць сябе ад кожнай рэальнай цi ўяўнай пагрозы, знiшчаць усё жывое. Тыя, хто бачыў зомбi, на ўсё жыццё запомняць iх пустыя, мёртвыя вочы, якiя ненавiдзяць усё навокал...

Пытайце ў аптэках

Сапраўды, няма на свеце дрэнных цi добрых рэчываў — уся справа ў тым, у чые рукi яны трапляюць. Смяротная рыба фугу ў медыцыне (галоўным чынам японскай) вельмi цэнiцца — 1 грам тэтрадатаксiну каштуе 50 тысяч долараў. Правiльна дазiраваны яд скалазуба дапамагае пры захворваннях прастаты. У растворах тэтрадатаксiн служыць абязбольвальным прэпаратам (цяжкiя выпадкi праказы, ракавыя пухлiны), выкарыстоўваецца пры неўралгiях, артрыце i рэўматызме. Доктар Дж. Кеана з Арэгонскага унiверсiтэта лiчыць, што вельмi хутка ў аптэках з’явiцца прэпарат на аснове тэтрадатаксiну, якi пазбавiць людзей ад любога болю i не будзе мець нiякiх пабочных эфектаў. Што ж, пачакаем.

У Японii рыба фугу i сёння цэнiцца як лякарства. Знакамiты акцёр тэатра кабукi Мацугора Бандо Восьмы лiчыў, што менавiта рыбе-сабаку ён абавязаны сваёй нязгаснай маладосцю (пячонка фугу засцерагае ад узроставых хвароб кшталту артрыту). Праўда, у 1975 годзе артыст крыху «перабраў» i памёр. Дастойная самурайская смерць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Невялiкая рыбка — магутная сiла ў руках ведзьмароў вуду
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика