А давайце выцеплiм лазню...
Былы мой знаёмы дзядуля Пётра жыў у невялiкай i глухой вёсцы. Гiбела вёска пакрысе i, напэўна, з цягам часу зусiм знiкла б, каб не два фактары, якiя паспрыялi яе своеасаблiваму адраджэнню. Вёсачка стаiць на ўзгорыстым беразе маляўнiчага возера, прыгожая тут прырода. Да таго ж побач з вёскай праклалi асфальтавую стужку дарогi. I агледзелi-такi вёсачку дачнiкi з «новых беларусаў». Паскуплялi тут участкi, знеслi пустыя хаты i набудавалi сабе палацаў.
Ды гэта звычайная сёння справа. А вось адзiн з расказаў дзядулi Пётры не зусiм звычайны. Запомнiўся. «Суседа майго, Мiкiтавiча, ты ж дачу бачыў. Ладная дача, а лазенька... Большая за маю хату, з бiльярдамi там рознымi. Ды толькi аднойчы прыйшоў да мяне i кажа: — Дзядзька, на наступныя выхадныя прыедзе да мяне патрэбны чалавек. Хоча памыцца ў лазнi па-чорнаму. — Як гэта? — пытаюся. — Ды вып’е i ўсё песню зацягвае: «Протопи ты мне баньку по-черному». Плача. I да мяне прыстае, каб арганiзаваў сапраўдную, без блефу. Гавару яму, што ў мяне таксама з комiнам. А ён, аказваецца, на беразе старую прыгледзеў, там сапраўды дым праз дзверы выпускалi. Праўда, ужо i не помню, калi ў ёй мылiся. Цяпер усе лазнi з комiнам. Але ўгаварыў Мiкiтавiч. Перад той суботай i папеклаваўся я, i наплакаўся. Ледзь распалiў тую лазню, бяроста гэта смуродзiць, дым чорны, як гудрон, стаiць. Паўзком дровы падкладаў, а ў суседнiх вёсках думалi, што ў нас пажар якi. Але наладзiў. Гарачая лазня. Вышараваў лавы. А тут i два госцi з Мiкiтавiчам, панкi гладкiя, дагледжаныя. Мiкiтавiч завёў гасцей у лазню, сказаў мне паглядаць, а сам пайшоў, вiдаць, вячэру арганiзоўваць. Ну, я i таўкуся ля лазнi. Можа ў iх там размова сакрэтная. А потым занепакоiўся: даўгавата сядзяць, у возера не скачуць. Я да акенца — чорнае, нiчога не бачна, але ж i венiкаў не чуваць. Я ў лазню. Адзiн звiўся на лаўцы, другi ля парога. Выцягнуў аднаго, другога ўжо дапамог Мiкiтавiч. Збегаў ён у сваю дачу. Цёр iм скронi, выпiць нешта даваў. Ачунялi. Я лазню праветрыў, але яны, мурзатыя, туды i не зайшлi — на дачы абмывалiся. Не вытрымалi, значыць, вясковага духу». Узгадаў гэты расказ Пётры i ўспомнiў сваё вясковае дзяцiнства. Так, тады лазнi на вёсцы цеплiлi па-чорнаму, ды i было iх не так шмат — на некалькi хат адна. Па чарзе цеплiлi, разам мылiся. Спачатку, на першую пару, iшлi мужчыны. Яны хвасталiся на лавах, мы, дзятва, сядзелi на падлозе. Але i тут гарачынi хапала. Ды i досыць чадна было: як нi выветрывай, а смурод заставаўся. Да такой лазнi патрэбна была звычка, нездарма ўчадзелi тыя Пётравы панкi. Сёння, канешне, лазня па-чорнаму — рарытэт накшталт калаўрота. Можа дзе i захавалася, але не выкарыстоўваецца. Толькi калi для экзотыкi. У нашым раённым гарадку, калi ў 50-я гады мiграцыя з вёскi стала масавай, пытанне лазнi паўстала вельмi востра. Невялiкая, над рэчкай Мядзелкай, ужо не магла абслугоўваць жадаючых. А жадаючымi былi ўсе насельнiкi — ад першай асобы раёна да самага апошняга возчыка. Пра ўласныя лазнi местачкоўцы ў тыя гады яшчэ i не думалi. Тады i была пабудавана гарадская лазня, якая выконвае свае функцыi да сённяшняга дня. Але цi то праекцiроўшчыкi не разлiчылi, цi мястэчка, ператварыўшыся ў горад, расло непрадказальна шпарка, але i новай лазнi адразу стала не хапаць. Лазня дзяцiнства местачкоўцаў майго ўзросту — гэта чэргi. Асаблiва вялiкiмi яны былi напярэдаднi святаў. Прычым паступова местачкоўцы прывучалiся лiчыць для сябе абавязковым памыцца ў лазнi не толькi перад Калядамi цi Вялiкаднем, але i перад 7 лiстапада, 1 мая. Святы гэтыя ўваходзiлi ў побыт не столькi сваёй iдэалагiчнай напоўненасцю, колькi напоўненасцю, прыкладам, шклянак. Але i ў простыя суботы чэргi на некалькi гадзiн. Прычым, гэта былi своеасаблiвыя клубы, дзе, няшчадна дымячы «Беламорам» i «Северам», людзi абмяркоўвалi праблемы, дзялiлiся чуткамi i навiнамi. Чарга ў лазню неяк яднала людзей, заахвочвала да адкрытасцi, нават фiласофствавання. А сама лазня яднала яшчэ больш: голым людзям ужо нiбыта i хаваць няма чаго адзiн ад аднаго. Чамусьцi назаўжды з тых гадоў урэзалася ў памяць такое. Пажылы грыжлiвы мужчына старанна трэ спiну вядомаму ў гарадку хiрургу. I нешта горача яму расказвае. Хiрург жа, разамлелы на лаўцы, лянiва адказвае. Магчыма, размова была аб аперацыi. Ды вось нешта запалi ў памяць гэта стараннасць дзядзькi i гэта самавiтая лянота хiрурга. Мужчынам, акрамя спакойнай i разважлiвай гаворкi ў чарзе, акрамя самога парання i мыцця, лазня давала яшчэ адну магчымасць адысцi ад будзённасцi жыцця. Тут працаваў буфет, дакладней, з сённяшняга погляду, закуток, дзе можна было на нейкi рубель, прыхаваны ад жонкi, узяць сто грамаў ды яшчэ «прычэп» — куфаль пiва. Дзецям даставалася i вельмi радавала бутэлька лiманаду. Яшчэ зусiм нядаўна вясковыя дзецюкi, нашы бацькi тады не вельмi былi прывучаныя да алкаголю — чарачку-дзве на закладных вечарынах, ды i то зрэдчас. Таму i першыя гады жыцця ў мястэчку абыходзiлiся чаркай пасля лазнi, сцiплым застоллем на свята. Гэта потым новае жыццё пачало засмоктваць сваёй самай таннай спакусай. Недзе на 70—80-я гады прыпадае ў гарадку бум будаўнiцтва ўласных лазняў. Спрацоўвала местачковая псiхалогiя: у суседа ёсць, а чаму б i мне не разжыцца? Як правiла, будавалiся яны не толькi для сваёй сям’i, але i для суседзяў, сваякоў. Так што ў гарадской лазнi практычна не стала чэргаў, ды неяк адразу стала заўважна, што яна не вызначаецца асаблiвай утульнасцю ды камфортам. I пару добрую злавiць можна толькi самым ранкам. Прыкладна ў гэты ж час рассмакавалi выгоды асобнай лазнi дзе-небудзь у зацiшным месце i мясцовыя начальнiкi. Прыкладам для iх, безумоўна, былi вайскоўцы. I лётных, i ракетных часцей у гарадку было i шмат. I кожны камандзiр, заступiўшы на сваю пасаду, абавязкова найперш цiкавiўся, цi ёсць i ў якiм стане лазня, дзе можна было б прыняць вышэйшае начальства. Лазнi i ў мясцовай элiты выштукоўвалiся адна перад адной, з’явiлася мода на басейны ды i на нешта «саладзейшае». Галоўнай тут была зацiшнасць, схаванасць ад людскiх вачэй. Некалi ў кнiзе сатырычных паэм «Правiнцыялы» я вуснамi аднаго з герояў, кiраўнiкоў сярэдняй рукi, апiсаў адну з лазневых гiсторый: Аж з Масквы гасцей прынесла — Далягляд, фасон, набой! З пыхi той нас i не трэслi, А займалiся сабой. Ды гасцiлi ж усямерна. Аддавалi, што было. Футраў iм са зверафермы, Каб куды не надуло. Развiтальную вячэру Iм сабралi. Дык жратвы Паўмашыны кватэр’еры Толькi вывезлi з Лiтвы. I свайго мясца, канешне, Тут вяндлiна, каўбаса... Пераказваць небяспечна — Захлынуся слiнай сам. Падлiчы: з Масквы чатыры, З Мiнска два i абласны, Ды з раёна нiбы ў вырай Пазляталiся чыны. Загула лясная лазня. I гула. Гула. Гула... Шчыравалi невыказна Ля дармовага стала. Але тут адзiн i кажа: «Стрэльбу нам. Страляць хачу! Не бывала, што прамажу, Колькi я нi накачу». I з раёна насядаюць: «Дагаджай! — такую маць». У машыне стрэльбу маю, Толькi як у рукi даць? Пастраляюцца п’янюгi, Рызыканты-малайцы. Гэта ж вам не бугi-вугi, I на мне ж усе канцы. Я тады шапчу шафёру: «Ты нясi, але ўвесь шрот Высыпай. Хай паляць порах, Калi гэткi вабiць спорт». Гуртам вывалiлi з лазнi. Восень. Цемра i iмгла. Не асфальт маскоўскi — гразна. Ды такая дур найшла. Разабрала яшчэ болей Тых стралкоў на халадку. Хто трымаецца за колле, Хто за ўласную руку. Ды ўключылi фары, посуд Пастаўлялi на пянькi. А калi, — гляджу я скоса, — Здагадаюцца панкi? Стрэльбу ўзяў маскоўскi гiцаль. Ледзь прыклаўся — ба-ба-бах! I прыклад няўдзячны выцяў Рызыканта па зубах. Павалiўся як снапочак, Ледзь вадою адлiлi. Ды другi пацэлiць хоча. Чорт з табою — на, палi. I другi са стрэлу ўпокат. Цягнем зноў — шафёр i я. Ды падказвае вопыт: Стралянiна не тая. «Што такое?» — Да шафёра. «Ды каб стаў паўней патрон, Я туды дабавiў порах, Вось i валiць госця ён...» Што злаваць, якая рада? Трэцi коцiцца кулём... Ледзь забраў я ў iх зарады, Адарваў: «Пайдзём, кульнём». I далей мы балявалi, Больш лiлi, а менш пiлi. ...Да палудня труднавалi — Дзе каньяк каго звалiў. Выганялi парай сала, Пудравалi сiнякi, А кухарка адмывала Нагавiцы й пiнжакi. I паехалi пад вечар: «Волгi», шык, двайны эскорт. Выйшла ўсё па-чалавечы, Каб не гэты панскi спорт. I застаўся мне за клопат — Ну куды я павязу, Бо знайшлi яго ўжо потым — Залаты маскоўскi зуб. Яшча адна адметнасць лазняў — гараць яны частавата. Як грамадскiя, так i прыватныя. Яно i зразумела. Высокая тэмпература, сухое дрэва. Ды толькi ў гiсторыi нашага гарадка было некалькi выпадкаў, калi згаралi лазнi па iншых, досыць спецыфiчных прычынах. У часы нашай маладосцi паўстала невялiкая, але ўмела выштукаваная лазня сярод векавога бору на беразе возера Сiўцы. Плотам была абнесена дыхтоўным, так што разгледзець, хто там мыўся i што рабiлася, было немагчыма. Але ад людзей не схаваешся нi ў лесе, нi за плотам. Ведалi, што лазня гэта служыць цiхiм патрэбам аднаго начальніка. А потым згарэла прыгажуня з векавых сосен. Не даў рады i вартаўнiк. I ўпарта хадзiлi ў местачковым асяроддзi чуткi, што падпалiлi яе людзi — за нешта помсцiлi. А на беразе Задзеўскага возера, у межах гарадка, склаўшыся, пабудавалi лётчыкi аднаго з авiяцыйных палкоў таксама лазеньку. Людзi маладыя, бадзёрыя, яны выскоквалi з лазнi ў ваду i летам, i зiмою (прыгнаныя салдаты высякалi шырокую палонку). Упадабалi гэту лазню летуны, часам i начавалi тут за сяброўскiм застоллем. Часта надаралiся i не проста сяброўскiя застоллi. Таму наканавана было лазнi згарэць. I згарэла неўзабаве. У некага з жанок не хапiла цярпення. Нярэдка сёння гараць лазнi i ў «новых беларусаў», часам гараць i дачы, але радзей. Вiдаць, лазеннага папярэджання многiм хапае. Ёсць на Пастаўшчыне вёска Параскi. Яе па праву можна назваць сёння самай багатай у раёне. Стаiць яна на беразе таксама адметнага возера Доўжа, працягласцi якога, больш за 7 кiламетраў. Разам з тым яно вузкае i глыбокае, з чыстай, празрыстай вадой, багатае яшчэ i сёння на рыбу. Аблюбавалi гэта возера мiнскiя жыхары з вельмi высокiм, скажам так, дастаткам. Звычайных хат у вёсцы сёння практычна няма — стаяць двух-трохпавярховыя гмахi. Ну i, канешне ж, лазнi. Два рады забудоў: ад вясковай вулiцы парадак шыкоўных дач, а нiжэй, над возерам, таксама парадак лазняў, якiя шмат дзе таксама ў два паверхi, пабудаваныя з не меншым шыкам. Дарэчы, у Парасках заўважная новая тэндэнцыя ў дачнай модзе, прынамсi для правiнцыi. Будынкi дач, лазняў, гаспадарчых пабудоў, платы, нават ходнiкi робяцца цяпер з дрэва. Экалагiчна чыста. Мiнулай восенню давялося пагасцяваць у Парасках, папарыцца ў лазнi, не такой, праўда, шыкоўнай, але зробленай добрым майстрам, з лёгкай, гаючай парай. Нахвастацца венiкам да таго, каб перастаць адчуваць гарачыню парылкi, потым выбегчы на бераг — i ў халодную восеньскую ваду. Невыказная асалода. Толькi на гэты раз я нечакана падумаў: а куды ж мы скачам? Туды, куды сцякае брудная вада з лазнi. Нiякiх жа ачышчальных нi ў гэтай, ды i нi ў адной з цэлага парадку лазняў няма. Так, возера пакуль што трывае. Пакуль. Хоць заканадаўча ўстаноўленая 50-метровая санiтарная зона вакол кожнага вадаёма захоўваецца. Пастаўскi раён — блакiтная старана, больш за сто азёр налiчваецца. Дзесяткi рэчак нясуць свае воды — якая ў Дзвiну, якая ў Нёман. Таму ад веку людзi сялiлiся на берагах. Беларускi навуковец Л. Дучыц знайшла рэшткi людскога паселiшча прама на гарадскiм пляжы ля возера Задзеўскае. Зразумела, што i лазнi стагоддзямi ставiлiся на берагах. Ваду насiць блiжэй, нырца з гарачынi даць. Але ж яшчэ да 50-х гадоў выкарыстоўвалi ў лазнях для мыцця попел. Нi пра якую хiмiю i гаворкi не было. Сёння ж без перабольшання можна сказаць, што кожная лазня на рачным цi азёрным беразе — гэта незагойная рана для вадаёма i яго флоры ды фауны. Некалi, яшчэ ў 80-я гады, з начальнiкам iнспекцыi па ахове прыроды Пастаўскага раёна Уладзiмiрам Магiльнiцкiм мы прайшлi па берагах Мядзелкi ў межах Пастаў. Нехта прыкопваў трубу са сваёй лазнi ў рэчку, нехта спускаў ваду не хаваючыся. Але ў той час можна было прымусiць людзей перастаць забруджваць рэчку, аштрафаваць, у рэшце рэшт. Сёння Уладзiмiр Яраслававiч на пенсii. Думаю, стамiўся ў барацьбе з новымi гаспадарамi. У тых жа Парасках не ўдалося яму дабiцца выканання заканадаўства па ахове прыроды, а там жа не толькi лазнi паўсталi — там i пясок на бераг навозяць i цэлыя докi для лодак будуюць. Але што новым уласнiкам дач тыя ж штрафы? Калi толькi за ўчастак з выхадам да возера плацiлi яны, па меркаванню людзей дасведчаных, па 20 тысяч гэтых самых умоўных адзiнак. Ды хапае ў вадаёмаў сёння большых праблем, чым лазнi на iх берагах. Так што закончым весялей. Не за гарамi Каляды. Абавязкова напярэдаднi выцеплiм лазню. Няма сваёй — напрасiцеся да суседа. (Венiкi, я думаю, яшчэ да Пятра навязалi.) I калi нахвошчашся ад душы — бягом у палонку, няма яе — на снег, раскiнуўшы рукi. Я разумею жыхароў сталiцы, ёсць i ў Мiнску неблагiя лазнi, асаблiва цяпер. Праўда, цэны там «кусаюцца». Але нiякая, нават самая шыкоўная саўна, не заменiць аматару простай лазнi, дзе i дымком пацягне, але дзе ўсё прадумана, утульна, функцыянальна. Ну, не камбiнат жа грамадскага мыцця, а лазня! Алесь КАСЦЕНЬ, Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Былы мой знаёмы дзядуля Пётра жыў у невялiкай i глухой вёсцы. Гiбела вёска пакрысе i, напэўна, з цягам часу зусiм знiкла б, каб не два фактары, якiя п
|
|