З Новым годам, з новай парай!
Дзмiтрый АЛЬФЕР
У Слуцку адчынiлася новая лазня. I не проста лазня, а цэлы лазнева-аздараўленчы комплекс. Да Новага года горад зрабiў сваiм жыхарам сапраўды каштоўны падарунак. Старое памяшканне лазнi, якое знаходзiлася ў горадзе на беразе ракi, прастаяла каля 130 гадоў. Новы ж будынак вырас лiтаральна за 6 месяцаў.
Жыхары горада выказваюць падзяку асабiста кiраўнiку дзяржавы, якi падтрымаў iнiцыятыву будаўнiцтва, i губернатару Мiншчыны Мiкалаю Дамашкевiчу — за дапамогу. У першы дзень работы лазнi наведвальнiкаў прыйшло так шмат, што ў гардэробе не хапiла месцаў. Паводле слоў старшынi Слуцкага райвыканкама Аляксандра Драко, на лазню зрасходавана больш за 4 мiльярды рублёў. Прыгожае сучаснае памяшканне выглядае сапраўды па-еўрапейску. У гэтым карэспандэнт «Звязды» пераканаўся асабiста. — Акрамя жаночай i дзвюх мужчынскiх залаў у лазнi ёсць руская парылка i фiнская саўна для невялiкiх кампанiй аматараў лёгкай пары, масажныя кабiнеты, душавыя кабiны, памяшканнi для прыняцця ванны, абсталяванне для сушкi валасоў, — расказаў Аляксандр Драко. — Акрамя таго, з’явiлiся дзве кабiны для iнвалiдаў. У далейшым мы плануем пабудаваць басейн, бiльярдную залу. Пасля лазнi можна будзе выйсцi на вулiцу i нырнуць у гурбу снегу — зараз мы агароджваем для гэтай мэты тэрыторыю. I сапраўды, аматары лазнi падкрэслiваюць, што ў Слуцку заўсёды была выдатная пара. Як расказалi па сакрэту супрацоўнiкi новай лазнi, у парыльных памяшканнях замест цэнтральнага ацяплення выкарыстоўваюцца дровы — згодна з усiмi правiламi. Таму i прыязджаюць у Слуцк папарыцца i з блiжэйшых раёнаў, i нават са сталiцы. З’яўленне новай лазнi — яшчэ адно сведчанне таму, што будаўнiцтва ў горадзе сацыяльных аб’ектаў працягваецца. Кошт квiткоў для наведвальнiкаў нязначны — каля двух-трох тысяч рублёў. Такiм чынам, пасля заканчэння святкавання рэспублiканскiх «Дажынак» Слуцк не збiраецца збаўляць тэмпы. — Праца над далейшым упрыгажэннем горада працягваецца. Засталося яшчэ шмат аб’ектаў, якiя патрабуюць добраўпарадкавання, — адзначае Аляксандр Драко. — Асаблiва трэба звярнуць увагу на асфальтаванне двароў i тратуараў, узвядзеннем двухсхiльных дахаў дамоў. У будучым годзе сродкамi дапаможа абласны бюджэт, але трэба разлiчваць на ўласныя магчымасцi. Горад плануе выдзелiць у 2006 годзе на рамонт аб’ектаў каля 10 мiльярдаў рублёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Слуцку адчынiлася новая лазня. I не проста лазня, а цэлы лазнева-аздараўленчы комплекс
|
|