21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аляксандр ДАМАРАЦКI: «Я нi аб чым не шкадую...»

25.08.2009 21:22 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэту размову без лiшняй сцiпласцi можна было б ахарактарызаваць так: «И звезда с звездою говорит». Ну, першае зразумела — газета «Звязда». Наконт другога — у сваёй справе мой суразмоўца калi не зорка, то «профi» — дакладна. Нарэшце, i гутарка наша пачалася... з зорак. Бо праграма Аляксандра ДАМАРАЦКАГА «Святло далёкай зоркi» нядаўна адзначыла своеасаблiвы юбiлей — 100-ы выпуск (прысвечаны ён быў заслужанаму артысту РБ спеваку Вiктару Кiрычэнку).

Праўда, паводле слоў Аляксандра Мiкалаевiча, падобныя даты заўважае хiба што творчая група, якая працуе над праектам. Для iншых, як для гледачоў, так i для кiраўнiцтва, такiя «днi нараджэння» застаюцца па-за кадрам.

— Цi ёсць «узрост», пасля якога праграма лiчыцца доўгажыхаром?

— Цiкавае пытанне. Мне здаецца, у кожнай праграмы ёсць усе прыметы звычайнага арганiзма: нараджэнне, пiк i старэнне. «Святло далёкай зоркi» iснуе тры гады, гэта даволi дарослая праграма — у мяне нават была iдэя перад пачаткам тэлесезона абвясцiць творчы перапынак... 100 выпускаў — гэта ўжо доўгажыхар; зрэшты, апошняе слова за гледачамi.

— Многiя гледачы мяркуюць, што «Святло далёкай зоркi» вельмi нагадвае расiйскiя праграмы-ўспамiны. Як вы пазбягаеце гэтага падабенства?

— Магу сказаць абсалютна абгрунтавана, што наша праграма не падобная нi на перадачу Вульфа, нi на праект нябожчыка Фiлатава... Мы робiм уласную праграму, дзе самае галоўнае — не вядучы i не яго пункт гледжання, а людзi, чые ўспамiны з’яўляюцца фрагментамi, эпiзодамi жыцця. Нашу праграму нельга назваць нi творчым партрэтам, нi бiяграфiчным нарысам. Гэта своеасаблiвая мазаiка, агульная карцiна таго, што творчы чалавек пакiнуў пасля сябе. Родныя ўзгадваюць, якiм наш герой быў у сям’i, калегi кажуць, якiм быў у працы, знаёмыя i сябры дадаюць свае ўражаннi... Складанасць у тым, каб у 26 хвiлiн уцiснуць меркаваннi i ўспамiны мноства людзей. У вынiку ствараецца вобраз чалавека. I ведаеце, мы заўважылi: якi быў чалавек, такая атрымлiваецца i праграма. Калi жыццё было яскравым, неардынарным — праграма выходзiць шматпланавая i запамiнальная, калi спакойным i разважлiвым — цёплая, гэткая ж спакойная i роўная.

— За час iснавання праграмы цi склаўся з яе выпускаў нейкi «залаты фонд»?

— З радасцю адзначу, што ўсе выпускi ўваходзяць у фонд Белтэлерадыёкампанii, часта выкарыстоўваюцца для паказу на мiжнароднай арбiце. I дзякуючы гэтаму за мяжой могуць даведацца, што ў Беларусi жылi такiя дзiўныя, таленавiтыя i цiкавыя людзi, карыфеi мастацтва. Вельмi многiя запiсваюць праграмы для сябе, распаўсюджваюць сярод сяброў. Напрыклад, я ведаю, перадалi касету з запiсам перадачы пра акцёра Юрыя Кухаронка, чалавека трагiчнага лёсу, ягонаму сябру з Германii. Той паглядзеў i прызнаўся, што праграма атрымалася не толькi пра Юру, але i пра ўсё тагачаснае пакаленне. Такое чуць надзвычай прыемна — значыць, мы трапляем у танальнасць.

Кажуць, «Святло далёкай зоркi» вырасла з захаплення Аляксандра Дамарацкага гiсторыяй — дакладней, гiсторыямi жыцця знакамiтых людзей. Але ж гэта не адзiнае захапленне вядучага. Ён вельмi любiць жывёл. Добра малюе. З задавальненнем робiць сваiмi рукамi розныя забаўныя дэкаратыўныя рэчы, напрыклад, з марскiх ракушак... Цi варта чакаць ад яго тэлепраграм на адпаведную тэматыку — у Новым годзе цi новым тэлесезоне?

— Я сапраўды вельмi люблю гiсторыю, гiстарычныя раманы — з задавальненнем перачытваю «Фараона» Баляслава Пруса, трылогiю Лiёна Фейхтвангера «Iудзейская вайна». Вельмi жыццёвыя, я лiчу, кнiгi. А «Святло далёкай зоркi» было задумана яшчэ ў 1996 годзе, i з’явiлася таму, што мне падалося, быццам мы крыху абдзелены ў сэнсе памяцi пра выбiтных асоб. А памятаць аб iх неабходна... Што да iншых маiх захапленняў — усё праўда. У свой час я наведваў мастацкую школу, i пасля гэта дазваляла дапамагаць дачцэ i ўнуку рабiць урокi, — але зараз тыя малюнкi падаюцца мне крыху наiўнымi. Жывёл — абажаю, доўгi час у мяне жыў сабака, пудзель Чарлi, якi стаў не проста хатнiм любiмцам, а сынам... Але ў маi яго давялося ўсыпiць, i дагэтуль сям’я не можа прывыкнуць, што яго няма. Але рабiць новыя праекты... У мяне i без таго зараз стан чалавека, прыкутага да галеры. Акрамя «Святла далёкай зоркi» ў мяне дзесяць двайных прамых эфiраў штомесяц — «Звычайны незвычайны дзень», праграма пра наша жыццё. Часам сам здзiўляюся, як усё гэта паспяваю. Мабыць таму, што маю добрую «дрэсуру» — 23 гады працы ў рэдакцыi iнфармацыi (цяпер АТН). I ўсё ж я не пакiдаю надзеi, зрабiць праграму пра жывёл. I не толькi кошачак-сабачак — а як у Драздова, калi ў студыю могуць прывесцi малпачку, кракадзiла i расказаць пра iх неверагодныя гiсторыi, каб гэта было цiкава i пазнавальна. Прызнаюся, у мяне задуманы два праекты, адзiн з якiх звязаны з людзьмi мастацтва — не свецкая хронiка, а шчырая размова пра iх шлях у прафесii; а другi вельмi святочны, дарагi i сапраўдны ва ўсiм.

— Хутка Беларускае тэлебачанне святкуе 50-годдзе. Вы працуеце на БТ практычна 2/3 гэтага тэрмiну, некалькi гадоў нават займалi пасаду гендырэктара. На ваш погляд, цi iстотна адрознiваецца тэлебачанне ўчарашняе, сённяшняе — i, магчыма, заўтрашняе?

— Мяняецца ўсё, i гэта, вiдаць, правiльна, хоць многае асабiста для мяне непрымальна. Што добрае я бачу зараз у тэлебачаннi? Яно стала больш яркiм, больш цiкавым па «карцiнцы». З’явiлася шмат новых жанраў, шмат цiкавай музыкi. Прыйшла таленавiтая моладзь — i вельмi прыемна бачыць, як яна афармляецца ў прафесiяналаў. Адзiнае — што ў нас неяк так атрымалася: адсутнiчае самае прадуктыўнае «ядро» — людзi ва ўзросце 35—45 гадоў. Старэйшых i маладзейшых хапае, а тут — правал. Яшчэ адзiн мiнус — адсутнасць у некаторых супрацоўнiкаў прафесiянальнага стаўлення, планкi. Калi я бачу неадукаванасць, элементарныя «ляпы», гляджу ў стол, бо робiцца няёмка i крыўдна. Марка i прэстыж прафесii не павiнны губляцца. Чалавек, якi працуе на тэлебачаннi, павiнен паказваць у першую чаргу не сябе i не свае амбiцыi, а свайго героя.

...Памятаю, мне пасля першых выхадаў у эфiр сказалi, што ў мяне «вяцкае вымаўленне». Я плакаў. А праз паўгода тыя ж людзi падышлi: «Забудзься на тыя заўвагi, Саша, у цябе ўсё нармальна». Мне здаецца, не варта iмкнуцца за аднадзённай славай i гуляць у «зорку». Трэба жыць паводле Талстога: «Рабi як трэба, i няхай будзе што будзе». Водгук прыйдзе. Прыгадваю гiсторыю, якая здарылася нядаўна. Да 60-годдзя Перамогi ў тэрмiновым парадку даручылi зрабiць тэматычную праграму, якую мы назвалi «У кожнага была свая вайна». Паклiкалi ленiнградскую блакаднiцу, франтавога пiсьменнiка, былога партызана... I калi бабулька-блакаднiца пры ўсiх мне пацалавала руку i падзякавала — гэта быў проста шок. Такое не забываецца. А тое, што пазнаюць на вулiцах — прыемна.

— Калi не памыляюся, ваш творчы стаж на тэлебачаннi — 33 гады. Па чалавечых мерках, узрост Хрыста, пiк фiзiчнай i разумовай формы. А ў плане прафесiяналiзму — вяршыня, цi толькi чарговая прыступка?

— Прызнаюся, не хочацца паўтараць заезджаную фразу, што вучыцца можна ўсё жыццё. Але гэта сапраўды так. Я не лiчу, што дасягнуў супервышынь, мне смешна, калi мяне называюць «жывым класiкам». Заўжды можна знайсцi куды рухацца. Галоўнае — памятаць, што калi справа табе па-сапраўднаму цiкавая, яна будзе цiкавая i гледачам. Але мне часам здаецца, што калi нават давялося б пайсцi з тэлебачання, я рэалiзаваў бы сябе ў чымсьцi iншым. Вопыт стасункаў з iншымi людзьмi дазволiў бы гэта зрабiць.

— Займацца чымсьцi iншым — гэта, напрыклад, на правах прафесiянала заснаваць тэлеакадэмiю?

— Гэта залежыць не ад мяне. Аднак калi б знайшлiся людзi, якiя жадаюць вучыцца менавiта ў мяне, я знайшоў бы час i з задавальненнем падзялiўся б вопытам i ведамi, якiя маю. Я i зараз, у прынцыпе, шмат кантактую з моладдзю. Але толькi з той, якой цiкава нешта пераняць, нечаму навучыцца. Бывае, прыходзяць людзi далёкiя ад тэлебачання, iх прыцягвае мiшура, хочацца проста «блiснуць» на экране. З такiмi кантакта не атрымлiваецца — я стараюся карэктна адысцi ад стасункаў з iмi.

— Сярод шматлiкiх прэтэнзiй гледачоў да сучаснага тэлебачання ёсць i такая: калi першыя вядучыя былi пiянерамi, то цяперашнiя — «паўфабрыкаты», якiя не гатовы да сур’ёзнай работы, але прагнуць славы, грошай i ўсяго-ўсяго...

— Абсалютна дакладна. Сапраўды ёсць небяспека, што такiя вядучыя запоўняць экраны. Гэта як «Фабрыка зорак»: нельга штампаваць таленты. Усё зробленае рукамi каштуе больш, чым механiчна размножаны тавар. Тое, што вы адзначылi — спажывецкае стаўленне да тэлебачання, калi яно не мэта, а толькi сродак — гэта несапраўднае тэлебачанне. Спадзяюся, гэта другаснае не стане першасным. Для таго, каб стаць першым i заставацца лепшым, трэба бясконца працаваць.

— Неяк мы з вамi схiлiлiся да сумнай тэмы. А iнтэрв’ю перадсвяточнае ва ўсiх сэнсах. Можа, як кажуць, «карыстаючыся выпадкам», павiншуеце калег-тэлевiзiйнiкаў? Што б вы хацелi пажадаць тэлебачанню, гледачам i сабе самому?

— Тэлебачанню i ўсiм, хто тут працуе, — веры ў сябе. Умення пранiкнуць у чалавечыя душы. Гледачам — каб яны глядзелi беларускае тэлебачанне з увагай i цiкавасцю, каб ганарылiся iм. А гэта ў сваю чаргу залежыць ад нас. Што ж да самога сябе... За апошнiя гады я прыйшоў да высновы, што не шкадую нi аб чым у сваiм жыццi. I ў наступным годзе хачу не пашкадаваць пра падзеi, якiя ў iм адбудуцца. Увогуле, хачу пажадаць усiм, хто прачытае вашу газету i дойдзе да гэтых слоў: заўжды заставайцеся людзьмi i верце ў свае сiлы.

— Дзякуй за размову. Шчасця вам у новым годзе — i новага, i старога!

Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэту размову без лiшняй сцiпласцi можна было б ахарактарызаваць так: «И звезда с звездою говорит»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика