Падтрымка з раённай «прапiскай»
Сяргей ГРЫБ
У 2006 годзе на тэрыторыi Мiншчыны плануецца стварыць прынамсi адзiн фiлiял тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, тры аддзяленнi дзённага знаходжання для дзяцей-iнвалiдаў, чатыры аддзяленнi кругласутачнага пражывання адзiнокiх пенсiянераў i iнвалiдаў, а таксама 56 дамоў сацыяльных паслуг у аддаленых вёсках — аб гэтым паведамiла намеснiк старшынi камiтэта па працы i сацыяльнай абароне Мiнскага аблвыканкама Тамара АНТАНОВIЧ.
Як зазначыла Тамара Антановiч, Мiншчына здолела захаваць другое, пасля сталiцы, месца ў краiне па ўзроўню заробкаў. За 11 месяцаў летась сярэднi паказчык аплаты працы па вобласцi склаў 450,5 тыс. рублёў, што адразу на 35 працэнтаў перавысiла адзнаку за аналагiчны перыяд 2004 года. Прычым, адзначаюць у камiтэце па працы i сацыяльнай абароне, паралельна штодзённа ацэньвалася сiтуацыя з выплатай грошай, вынiкам чаго з’явiлася адсутнасць запазычанасцi па зарплаце па арганiзацыях камунальнай i рэспублiканскай формаў уласнасцi. Не адзначалася i зрываў графiкаў выплат пенсiй. Згодна з данымi камiтэта, на тэрыторыi Мiншчыны пражывае звыш 399 тыс. атрымальнiкаў пенсiй i дапамог, што складае 27 працэнтаў ад агульнай колькасцi насельнiцтва вобласцi. На працягу мiнулага года, нагадала Тамара Антановiч, адбылося два пераразлiкi працоўных i чатыры пераразлiкi мiнiмальных сацыяльных пенсiй, а таксама надбавак i павышэнняў. Пры гэтым рост, да прыкладу, працоўных пенсiй склаў 20 працэнтаў. Мiж тым, падкрэслiла Тамара Антановiч, асноўная ўвага надавалася рабоце з людзьмi, што мелi патрэбу ў дадатковай сацыяльнай падтрымцы. У асноўным такая работа вялася праз тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, якiя працуюць ва ўсiх раёнах без выключэння. Так, за мiнулы год больш за 23,7 тыс. жыхароў вобласцi змаглi атрымаць розныя вiды псiхалагiчных, а звыш 6 тыс. — юрыдычных паслуг. Адначасова была наладжана работа «гарачых лiнiй» i «тэлефонаў даверу» — гэтай магчымасцю атрымаць кансультацыю скарысталiся каля 15 тыс. чалавек. Аднак, заўважаюць у камiтэце, апошнiм часам тэрытарыяльныя цэнтры пачынаюць займацца новымi напрамкамi дапамогi. У прыватнасцi, зараз тут працуюць 5 камп’ютарных класаў, 4 швейныя майстэрнi, а таксама 6 аддзяленняў дзённага знаходжання для дзяцей-iнвалiдаў i маладых iнвалiдаў — у Пухавiцкiм i Вiлейскiм раёнах, гарадах Салiгорск, Жодзiна, Маладзечна i Слуцк. Дарэчы, заўважыла Тамара Антановiч, надалей такiх аддзяленняў стане больш. Чакаецца, што сёлета яны з’явяцца ў Лагойскiм, Старадарожскiм раёнах i ў Заслаўi, у 2007 годзе — у Дзяржынскiм, Стаўбцоўскiм i Уздзенскiм раёнах, у 2008 годзе — у Нясвiжскiм i Чэрвеньскiм, а ў 2009 годзе — у Любанскiм i Смалявiцкiм раёнах. Адна з традыцыйна няпростых тэм — пенсiянеры цi iнвалiды, якiя не маюць дзяцей або па розных прычынах жывуць ад iх асобна. Такiх грамадзян на Мiншчыне налiчваецца звыш 130 тыс. I, як паказалi даследаваннi, прыкладна кожнаму шостаму з iх рэальна патрабуеццца дзяржаўная дапамога. Сёння паслугi на даму атрымлiваюць больш за 21,7 тыс. жыхароў вобласцi, прычым iх колькасць працягвае ўзрастаць. З аднаго боку, такое павелiчэнне тлумачыцца самай нiзкай сярод усiх рэгiёнаў Беларусi аплатай, а з iншага — «прыходам» сацыяльных работнiкаў у невялiкiя i аддаленыя вёскi. Калi ў пачатку 2004 года надомным абслугоўваннем было ахоплена 55 працэнтаў населеных пунктаў Мiншчыны, у пачатку 2005 года — 60,8 працэнта, то зараз гэты паказчык фактычна складае 93,8 працэнта. — Намi выкарыстоўваюцца i iншыя вiды падтрымкi, — працягвае Тамара Антановiч. — Так, у Смалявiцкiм, Мiнскiм i Лагойскiм раёнах фармiруюцца мабiльныя брыгады, у Дзяржынскiм, Клецкiм i Капыльскiм раёнах працуюць сацыяльныя цырульнi, а ў тым жа Клецкiм раёне за кошт сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасцi набылi мiнi-трактар i аказваюць паслугi па апрацоўцы зямельных участкаў. Пры гэтым плануецца, што ў 2006—2007 гадах адчыняцца дзве сацыяльныя цырульнi ў Валожынскiм i Маладзечанскiм раёнах, майстэрня па рамонту абутку ў Валожынскiм раёне, дзве мiнi-пральнi ў Мядзельскiм i Маладзечанскiм раёнах. А ў 2008 годзе на Маладзечаншчыне пачне работу сацыяльная гасцiнiца. Таксама ў блiжэйшы час, паводле слоў Тамары Антановiч, будзе створана некалькi фiлiялаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Адзiн такi фiлiял з’явiцца сёлета ў Маладзечанскiм раёне, у 2007 i 2010 гадах павiнны ўзнiкнуць два фiлiялы на Случчыне, у 2008 годзе — два фiлiялы на Мядзельшчыне, у 2009 годзе — фiлiял на Чэрвеньшчыне. Апроч таго, у аддаленых ад райцэнтраў населеных пунктах працягнецца адкрыццё дамоў сацыяльных паслуг. Калi ў пачатку 2005 года працавалi 148 такiх дамоў, то зараз — ужо 203. I, як чакаецца, ужо сёлета iх колькасць павялiчыцца на 56, у 2007 годзе — на 46, у 2008 годзе — на 27, у 2009 годзе — на 15, а ў 2010 годзе — на 17 дамоў. Зараз на тэрыторыi Мiншчыны працуюць 13 стацыянарных дамоў для састарэлых i iнвалiдаў. Летась было фактычна закончана будаўнiцтва новых карпусоў Чэрвеньскага дома-iнтэрната для дзяцей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, зроблены капiтальны рамонт Ракаўскага псiханеўралагiчнага i Мiкалаеўшчынскага дамоў-iнтэрнатаў для ветэранаў вайны i працы, праведзены рамонты дахаў у Лагойскiм, Пухавiцкiм, Нясвiжскiм дамах-iнтэрнатах, а таксама ў Iвянецкiм доме-iнтэрнаце для дзяцей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця. Усё гэта, зазначаюць у абласным камiтэце па працы i сацыяльнай абароне, дазволiла палепшыць умовы пражывання ў гэтых установах i да таго ж — павялiчыць iх умяшчальнасць. Разам з тым надалей «праблему месцаў» мяркуецца вырашаць i крыху iншым шляхам. — Непасрэдна на месцах вывучана пытанне аб неабходнасцi i магчымасцi адкрыцця аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для адзiнокiх i адзiнока пражываючых пенсiянераў i iнвалiдаў у структуры самiх тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, — паведамiла Тамара Антановiч. — I канкрэтныя крокi па стварэнню кругласутачных аддзяленняў зараз па сутнасцi зроблены ў Мiнскiм, Любанскiм i Дзяржынскiм раёнах — тут, а таксама ў Чэрвеньскiм раёне, гэтыя структуры ўзнiкнуць ужо сёлета. Прычым працяг будзе. Так, у 2007 годзе падобныя аддзяленнi з’явяцца ў Барысаўскiм, Валожынскiм, Клецкiм, Мядзельскiм, Стаўбцоўскiм i Уздзенскiм раёнах, у 2008 годзе — у Лагойскiм, Маладзечанскiм, Нясвiжскiм, Пухавiцкiм, Смалявiцкiм i Салiгорскiм, а ў 2010 годзе павiнна адчынiцца кругласутачнае аддзяленне для дзяцей-iнвалiдаў i маладых iнвалiдаў у Вiлейскiм раёне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2006 годзе на тэрыторыi Мiншчыны плануецца стварыць прынамсi адзiн фiлiял тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва
|
|