Выйсцi замуж за неграАлё, народ на провадзе! Такiм вось чынам падманвалi, вiдаць, не адну мяне... Не адной, значыць, мне i помнiцца...Каляды. Студэнцкi iнтэрнат. У адным з пакояў сабралiся дзяўчаты — варожаць. Варожаць усiм, хто заходзiць. Пад дзвярыма — цэлая чарга. Галоўнае — туды ўпускаюць, а назад — ужо не. Таму — нi ў каго не спытаеш, што там i як... Прыяцелька зайшла. Зараз i мне... Дзверы адчыняю — паўзмрок ад свечкi на стале. Побач з ёй — кнiжка: вялiкая, тоўстая. Чорная ўся... Чароўная, мусiць? Кажуць, што трэба заплюшчыць вочы... Слухаюся. Нехта бярэ маю руку — левую (ад сэрца), водзiць ёю па кнiзе — старанна, доўга. Потым, гэтай жа рукою, трэба самой павадзiць па сваiх вачах, па твары, каб убачыць суджанага. Вочы — пакуль — расплюшчваць нельга. Нехта бярэ за локаць, вядзе... Мяркую — да шафы, да люстэрка. Там трэба спынiцца i ўслых папрасiць: «Суженый-ряженый, явись» i адкрыць вочы. Адкрываю... У люстэрку — негр. Не! Гэта ж я?!.. Толькi твар у сажы! I рогат... Валянцiна ГУДАЧКОВА, г. Жыткавiчы На свабоду Было гэта ў час маёй службы ў армii. Часць наша стаяла ў лесе, а ля возера, кiламетрах у сямi — бурлiла жыццё: там мясцiўся дом адпачынку, там — безлiч дзяўчат, музыка, танцы штовечар... Карацей, цягнула нас туды, ну, нiбы магнiтам. I ўсiх. А ў самаволку пайсцi — маглi толькi абраныя. Ну, па-першае, па няпiсаным законе — «дзяды», па-другое, людзi вельмi спрактыкаваныя. Мяркуйце самi: дзверы ахоўваюцца i запiраюцца, на вокнах — краты; вылезцi можна толькi праз... форткi. Як? Спачатку (i вельмi асцярожна, каб шкло не разбiць) прасоўваецца нага, потым — галава i адна рука, плячо... Потым — трэба было падцягнуцца... Да першага «паходу» мы з сябрамi рыхтавалiся загадзя. Прапаршчык купiў нам тры бутэлькi гарэлкi, у капцёрцы нагледзелi цывiльнае адзенне (навабранцы ленавалiся часам дамоў адсылаць)... Зайшлi, сталi апранацца. А сябра мой — Сяргей Кажамякiн вялiкi моднiк быў: адну сарочку апрануў, не спадабалася, скiнуў, другую апрануў, зноў скiнуў. А час жа iдзе, святло ў капцёрцы гарыць. Заўважыў яго дзяжурны афiцэр i, што называецца, застукаў — адабраў адзенне, сказаў, што ў яго дзяжурства ў самаволку яшчэ нiхто нiколi не ўцякаў i не ўцячэ... Карацей, настрой у нас быў сапсаваны. Ведалi: гэты — сваё слова стрымае: усю ноч будзе пасвiць. З гора, ды i не прападаць жа дабру, рашылi выпiць гарэлкi. Павесялелi, пасмялелi i... пахiтрэлi. Зазiрнулi да навабранцаў i траiх з iх палажылi спаць на свае ложкi (укрыцца сказалi з галовамi). Самi ж — хуценька пераапранулiся i... На волю, праз фортку. ...На танцах было цiкава i весела, спяшацца ў часць не хацелася ды i сэнсу не мела, бо субота, пакуль гулялi, лёгка стала нядзеляй, а ў выхадны — па камандзе нiхто не падымаў нас. Афiцэр жа той (хлопцы потым расказвалi) праз кожную гадзiну заходзiў, свяцiў лiхтарыкам на нашы ложкi — усё ў парадку — «спiм». Адно — пад’ём рашыў зрабiць па ўсiх правiлах. Як у будны дзень... Вось тут i высветлiлася, што насамрэч нас у часцi няма. Як мы выйшлi, калi, дзяжурны афiцэр даўмецца не мог. Але нам, калi нарэшце з’явiлiся, быў страшэнна рады. Жывыя ж, здаровыя i нiкуды не збеглi. Павел СТАНЕВIЧ, г. Орша Урок Вы заўважалi — на вяселлях, на розных бяседах людзi групуюцца па iнтарэсах: моладзь асобна, бабы асобна, старыя асобна... Адзiн раз (я сам гэта бачыў) сядзяць яны ля стала, пацiхеньку смаляць, на людзей глядзяць, гамоняць. А ля iх — падшыванец нейкi ўецца i ўсё ў iх размову — свае «пяць капеек» хоча ўставіць. I хоць бы да толку што, а то мазгоў у беднага, як у камара, а гонару — на сямёх бы хапiла... Раз яго дзяды асеклi, другi, усё роўна круцiцца, усё роўна лезе. Абрыд: адзiн са старых асадзiць рашыў. Спакойна так пагладзiў бараду, здалёк пачаў. Пытаецца: — Вось ты, брат, усё ведаеш... Хлопец (з гонарам): — Ну-у... — А скажы тады нам, каханенькi-родненькi, якi гной у зямлiцу лепей пакласцi, каб во такiя агурочкi выраслi? Разумнiк аж скрывiўся: знайшлi, маўляў, што пытаць, гэта — любы дурань ведае... — Коньскi. — А тады, мо, ты скажаш нам, як звалi бацьку Карла Маркса? Пачырванеў хлопец, пацiскае плячыма — не, не ведаю. — А хто вершык склаў пра чыжыка-пыжыка? Той яшчэ больш чырванее. — Во, — кажа дзед, — Нi ў палiтыцы, нi ў паэзii ты нi халеры не разбiраешся. Толькi — у г... Так што — няма табе чым ганарыцца. Iдзi, брат, танцуй... Пайшоў разумнiк. I добры ўрок атрымаў! Вы — можаце паўтарыць яго, калi вось такога недзе спаткаеце. Iосiф АЎТУШКА, г. Смалявiчы. На адну лiтару Бадай, самы памятны ў маiм жыццi год — 1953-i, бо ў iм я ажанiўся i (у 20 з хвосцiкам) стаў сакратаром Васiлiшкаўскага райкама камсамола. Чым ён тады займаўся? Ды, напэўна, тым жа, што i зараз — курыраваў вучобу моладзi, агранiзоўваў сацыялiстычнае спаборнiцтва i баўленне часу, займаўся падпiскай на маладзёжныя газеты i часопiсы, папаўняў свае рады... Падчас прыёму рознае здаралася. Памятаю, прымалi (ужо ад нас, у рады Кампартыi) маладога актывiста са Шчанца. Пытаюцца, цi вучыўся ён у палiтшколе? Так, кажа. А пра што гаварылi на апошнiх занятках? «Ды, — кажа, — пра тое, як Ленiн быў у Шчучыне. I там рыхтаваў рэвалюцыю». Сумелася райкамаўскае начальства. Перапытвае: «Вы хацелi сказаць «у Шушанскiм»? Кандыдат чырванее: так... I зразумець чалавека не цяжка — наступствы вайны: у многiх за плячыма было пяць класаў. Аднак, кур’ёзы здаралiся i з людзьмi адукаванымi. Аднойчы з Гродна, з абкама камсамола «ў народ» паехаў сп. Шпiлеўскi. Збiраўся ў вёску Шчанец, а прыехаў — у Шынкаўцы (а што — абедзьве на «ш»?..). Сабраў там членаў камiтэта камсамола i стаў даваць наганяй. «Заўтра ж, — кажа, каб двух-трох чалавек у Астрыну прывезлi! На прыём у камсамол...». «А чаму не ў Шчучын? — пытаюць актывiсты?» Шпiлеўскi тут жа змiкiцiў, што не ў той раён заехаў... «Добра, — кажа, — вязiце ў Шчучын». ...Той самы, дзе ўжо «быў» Ленiн i «рыхтаваў рэвалюцыю». Аляксандр ЖАЛКОЎСКI, г. Лiда.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такiм вось чынам падманвалi, вiдаць, не адну мяне... Не адной, значыць, мне i помнiцца...
|
|