Аўтааматар
Аўтаадказчык
УДАРЫМ МАРКIРОЎКАЙ ПА КРАДЗЯЖАХ! Чуў, што нябачная няўзброеным вокам маркiроўка дэталяў аўтамабiля дапамагае вельмi хутка знайсцi ўкрадзеную машыну. Цi праўда гэта? Пётр Траяноўскi, г. Слуцк. Так, маркiроўка не толькi дапамагае хутка знайсцi ўкрадзены аўтамабiль, але i з’яўляецца своеасаблiвым пудзiлам для зладзеяў. Машыны з прамаркiраванымi дэталямi аўтазладзеяў амаль не цiкавяць. Бо незаўважна для праваахоўных органаў збыць такое аўто фактычна немагчыма. Пазначаныя дэталi i ў прамым, i ў пераносным сэнсе гэтага слова адразу ж «засвецяцца». Справа ў тым, што ўсе звесткi аб прамаркiраваных аўтамабiлях заносяцца ў адзiную базу, да якой маюць доступ праваахоўныя органы лiтаральна ўсiх постсавецкiх краiн. Так што, калi машына будзе выкрадзена, яе адразу ж выявяць па маркiроўцы. Змыць ультрафiялетавы код зладзеям не ўдасца, нават калi яны яго знойдуць на дэталях. Па сведчанню спецыялiстаў, «процiўгонная эфектыўнасць» маркiроўкi складае 99,93 працэнта. Але, на жаль, нямногiя беларускiя аўтааматары карыстаюцца такiм сродкам. Зараз у нашай краiне прамаркiравана ўсяго каля 4,5 тысячы аўтамабiляў. Магчыма, у хуткiм часе працэс пойдзе больш актыўна. Як паведамiлi ва ўпраўленнi iнфармацыi i грамадскiх сувязяў МУС, нядаўна Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi заключыла дагавор з ААТ «Тэхналiтэкс», якое аказвае паслугi фiзiчным i юрыдычным асобам па маркiроўцы маёмасцi. Паводле гэтага дакумента, памянёная камерцыйная структура ўзяла на сябе абавязкi ажыццяўляць iнфармацыйнае ўзаемадзеянне з вартавымi правапарадку i праводзiць iнструктаж з мiлiцыянерамi па пытаннях дадатковай маркiроўкi. Падраздзяленням МУС будуць перададзены прылады, здольныя «чытаць» закадзiраваную iнфармацыю, i неабходная камп’ютарная тэхнiка. Маркiровачныя пункты ААТ «Тэхналiтэкс» працуюць пры аддзяленнях Дзяржаўтаiнспекцыi. Аўтапарада РАЗБУДЗIЦЕ БАТАРЭЮ У моцныя маразы нярэдка ўзнiкаюць праблемы з запускам рухавiка аўтамабiля, нават калi акумулятарная батарэя праслужыла нядоўгi тэрмiн i яшчэ не страцiла сваю сiлу. Каб пазбегнуць такiх цяжкасцяў, варта прыслухацца да наступных рэкамендацый спецыялiстаў. 1. У мэтах эканомii сiл акумулятара на ноч пажадана адключаць «мiнусавую» клему. 2. Перад тым як павярнуць ключ замка запальвання, каб запусцiць рухавiк, на некалькi секунд уключыце святло фар i акумулятар «прачнецца». 3. Падчас пуску рухавiка нацiснiце педаль счаплення, што значна аблегчыць працу стартэра. Аўтабяспека Сумная статыстыка Летась у Беларусi з удзелам дзяцей адбылося больш як 790 дарожна-транспартных здарэнняў (ДТЗ), у вынiку якiх 73 маленькiх пасажыры i пешаходы загiнулi i 784 атрымалi раненнi. Пра гэта «Звяздзе» паведамiла старшы iнспектар спецпадраздзялення «Страла» МУС краiны Ганна Банадык. Паводле яе слоў, колькасць дзяцей, загiнуўшых i параненых на дарогах, у параўнаннi з 2004 годам адпаведна зменшылася на 14,9 i 0,6 працэнта. Увогуле ж, у мiнулым годзе адбылося 7700 ДТЗ, ахвярамi якiх сталi 1670 чалавек i яшчэ больш за 8000 атрымалi траўмы. Па вiне нецвярозых вадзiцеляў здарылася 817 аварый, у вынiку якiх загiнулi 180 чалавек i больш за 960 былi паранены. Аўтапрам Канкурэнтаздольны МАЗ Прадукцыя Мiнскага аўтазавода карыстаецца вялiкiм попытам як на ўнутраным, так i на знешнiм рынках. Паводле звестак цэнтра грамадскiх сувязяў МАЗа, у мiнулым годзе з канвеера завода сышло 20 тысяч 222 грузавiкi i 1024 аўтобусы i тралейбусы, адпаведна на 102,6 i амаль на 70 працэнтаў больш, чым у 2004 годзе. Дарэчы, сёлета мiнскiя аўтамабiлебудаўнiкi плануюць выпусцiць не менш як 1700 аўтобусаў. Аўтажарт «Новы» беларус толькi што купiў джып i, не завiтаўшы на АЗС, выехаў за горад. Раптам аўтамабiль заглох. Збянтэжаны вадзiцель не ведае, што рабiць, ходзiць вакол аўто. У гэты час ехаў па той самай дарозе яшчэ адзiн «новы» беларус. Убачыў, што «калега» ў бядзе, спынiўся, вырашыў дапамагчы: — Ну што, братан, сапсаваўся? — Дык вось, сам бачыш... Не ведаю, што магло здарыцца, машына ж зусiм новая, толькi купiў. — А ты капот адчыняў? — Безумоўна. — Па коле нагой стукнуў? — А як жа ж, стукнуў. I не адзiн раз. — Ну, тады я не ведаю, што рабiць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чуў, што нябачная няўзброеным вокам маркiроўка дэталяў аўтамабiля дапамагае вельмi хутка знайсцi ўкрадзеную машыну. Цi праўда гэта?
|
|