«Алiментарны» бар’ер
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Бацькi i дзецi Асобы, якiя ўхiляюцца ад утрымання сваiх дзяцей, не змогуць свабодна выехаць за межы БеларусiДрэнная навiна для недабрасумленных «алiментшчыкаў». Ужо сёлета надыдзе канец iх вольнаму жыццю. Дакладней, у асоб гэтай катэгорыi ўзнiкнуць праблемы са свабодным перамяшчэннем за мяжу. Як паведамiў падчас учарашняй сустрэчы з журналiстамi мiнiстр юстыцыi Беларусi Вiктар Галаванаў, у Мiнюст паступае шмат скаргаў ад жанчын, вымушаных у адзiночку утрымлiваць i выхоўваць дзяцей, бо iх бацькi не жадаюць плацiць алiменты. Прымусiць такiх асоб паклапацiцца пра родных дзяцей няпроста, бо многiя з iх гойсаюць па блiзкiм i далёкiм замежжы. Таму па прапанове Мiнюста ўжо сёлета будуць унесены змены ў закон, якi рэгламентуе правiлы выезду з нашай краiны. У прыватнасцi, паводле законапраекта, «алiментшчык» зможа пакiнуць межы Беларусi толькi з пiсьмовага дазволу былой жонкi, з якой засталiся яго дзецi. Вядома ж, можа ўзнiкнуць сiтуацыя, калi былая жонка проста з жадання «насалiць» экс-мужу адмовiцца выдаць «лiцэнзiю на выезд». Аднак Вiктар Галаванаў запэўнiў, што будзе прыняты такi закон, якi дазволiць усе жыццёвыя канфлiкты падобнага кшталту вырашыць цывiлiзаваным шляхам. Мiнiстр юстыцыi таксама нагадаў, што ўжо дзейнiчае заканадаўчая норма, якая прымушае бацькоў клапацiцца i аб пакiнутых у iнтэрнатах дзецях. Такiя гора-бацькi абавязаны кампенсаваць дзяржаве ўсе выдаткi на ўтрыманне дзяцей. Паводле рашэння суда, яны павiнны ў дзесяцiдзённы тэрмiн уладкавацца на працу. У службе занятасцi для iх ужо зарэзерваваны месцы. Хто адмовiцца працаваць, будзе прыцягнуты напачатку да адмiнiстрацыйнай, а потым, калi не адумаецца, i да крымiнальнай адказнасцi. Паводле слоў Вiктара Галаванава, падобныя суровыя меры ўжо сталi «стрымлiваючым фактарам» для многiх бацькоў, якiя раней не вельмi клапацiлiся пра сваiх дзяцей. Аднак праблема пакiнутых дзяцей усё ж застаецца даволi вострай. Як паведамiў мiнiстр, штогод сiротамi пры жывых бацьках становяцца каля 1 тысячы нашых маленькiх суграмадзян. Зараз на ўтрыманнi дзяржавы амаль 30 тысяч дзяцей. Вiктар Галаванаў паведамiў, што рыхтуецца ўказ прэзiдэнта, накiраваны на вырашэнне праблемы пакiнутых дзяцей. «Рассакрэчваць» асноўныя палажэннi гэтага праекта мiнiстр не стаў. Кiраўнiк Мiнюста толькi падкрэслiў, што ў дакуменце будзе прадугледжаны цэлы комплекс прававых i арганiзацыйных мераў, якiя iстотна паўплываюць на выкараненне гэтай заганнай з’явы нашага грамадства.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Асобы, якiя ўхiляюцца ад утрымання сваiх дзяцей, не змогуць свабодна выехаць за межы Беларусi
|
|