21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вiктар Камянкоў: «Кожны выпадак банкруцтва па-свойму унiкальны»

25.08.2009 21:32 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фiнансавае становiшча беларускай эканомiкi апошнiм часам значна палепшылася, умацавалiся яе пазiцыi на знешнiм рынку. I ўсё ж колькасць непаспяховых прадпрыемстваў у розных сферах застаецца высокай. Паводле звестак Дэпартамента па санацыi i банкруцтву Мiнiстэрства эканомiкi Рэспублiкi Беларусь, у iнфармацыйную базу даных на 1 кастрычнiка 2005 года ўключана каля 5 тысяч прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасцi, з iх каля паловы (2390 арганiзацый) неплацежаздольныя. Патэнцыяльныя банкруты складаюць 7 працэнтаў.

Пытанням аздараўлення эканомiкi дзяржава ўдзяляе павышаную ўвагу. Асобныя з iх знаходзяцца на кантролi ў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Вывядзенне прадпрыемстваў з крызiсу, умацаванне iх канкурэнтаздольнасцi мае вялiкае значэнне для паспяховага правядзення эканамiчных рэформаў, абароны нацыянальнай бяспекi дзяржавы, правоў i законных iнтарэсаў працоўных калектываў прадпрыемстваў-даўжнiкоў i крэдытораў. Улiчваючы сур’ёзнасць пытання, кiраўнiк дзяржавы, заслухоўваючы 11 студзеня гэтага года даклад прэм’ер-мiнiстра па вынiках работы эканомiкi ў 2005 годзе, даручыў ураду максiмальна знiзiць колькасць стратных прадпрыемстваў у нашай краiне. Маецца на ўвазе, што такая работа павiнна праводзiцца ўсебакова, комплексна, сумеснымi намаганнямi выканаўчай i судовай галiнамi ўлады.




Аб прычынах такой негатыўнай з’явы, як банкруцтва i аб магчымасцях сiстэмы эканамiчнага правасуддзя ў вырашэннi гэтай няпростай праблемы наш карэспандэнт гутарыць са Старшынёй Вышэйшага Гаспадарчага Суда Беларусi доктарам юрыдычных навук, прафесарам Вiктарам Камянковым.

— Сапраўды, эфектыўнасць i рэнтабельнасць работы яшчэ шмат якiх прадпрыемстваў жадае быць лепшай. Адсюль i несуцяшальны вынiк. Калi да канца мiнулага года ў вытворчасцi гаспадарчых судоў знаходзiлася 1057 спраў аб банкруцтве, то ў аналагiчны перыяд 2004 года разгледжана каля паўтысячы заяў. Адзначу, што львiную долю аўтсайдараў — амаль 92 працэнтаў — склалi арганiзацыi прыватнай формы ўласнасцi, што таксама на 7 працэнтаў вышэй за паказчыкi 2004 года.

— Вiктар Сяргеевiч, цi можна пералiчыць канкрэтныя прычыны неэфектыўнай работы прадпрыемстваў?

— Наўрад цi хто-небудзь зможа гэта зрабiць, паколькi кожны выпадак банкруцтва па-свойму унiкальны. Разам з тым судовая практыка выявiла асобныя асноватворныя фактары. Прывяду толькi некаторыя з iх.

1. Адсутнасць дакладна арганiзаванай сiстэмы прафiлактыкi фiнансавага крызiсу. Тут, верагодна, дае аб сабе знаць недастатковая работа камiсiй па папярэджанню эканамiчнай недзеяздольнасцi ўсiх узроўняў i слабая каардынацыя дзейнасцi ўпаўнаважаных органаў па падтрымцы iндывiдуальных прадпрымальнiкаў i юрыдычных асоб, якiя маюць стратэгiчнае значэнне для асобных гарадоў i рэгiёнаў. Вельмi часта работа па дасудоваму аздараўленню прадпрыемстваў розных формаў уласнасцi i рознага профiлю вытворчасцi зводзiцца да прыняцця аднолькавых мераў, да своеасаблiвай ураўнiлаўкi. Дрэнна выкарыстоўваецца шырокi комплекс магчымасцяў, прадастаўленых Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 12.11.2003 г. № 508 «Аб некаторых пытаннях эканамiчнай недзеяздольнасцi (банкруцтва)» (далей — Указ № 508).

Аналiз iнфармацыi з абласных i Мiнскага гарадскога выканаўчых камiтэтаў сведчыць аб тым, што адпаведныя камiсii па папярэджанню банкруцтва i iншыя адказныя асобы наогул забылiся аб такiх мерах дасудовага аздараўлення, як:

— змяненне структуры i складу органаў упраўлення юрыдычных асоб i iншых арганiзацый;

— спагнанне дэбiторскай запазычанасцi;

— спрыянне пагадненню юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў з крэдыторамi аб рэструктурызацыi iх крэдыторскай запазычанасцi, у тым лiку i прадастаўлення неабходных гарантый;

— прыцягненне iнвестыцый, у тым лiку замежных;

— змяненне тэрмiнаў выплаты падаткаў, збораў, штрафаў i iншых абавязковых плацяжоў шляхам адтэрмiноўкi з адначасовай выплатай сумы падаткаў i iншых абавязковых плацяжоў;

— прыняцце iншых мераў, якiя не супярэчаць заканадаўству.

Аб эфектыўнасцi работы камiсiй, створаных пры гарадскiх i раённых выканкамах, гаварыць наогул дачасна. У большасцi выпадкаў нi ў гаспадарчых судоў, нi ў абласных камiсiй няма нават iнфармацыi аб пералiку пытанняў, якiя iмi разглядаюцца.

Можна гаварыць i аб адсутнасцi належнай каардынацыi ўсёй гэтай дзейнасцi на рэспублiканскiм узроўнi.

2. Нiзкi ўзровень прафесiяналiзму i недастатковы вопыт работы антыкрызiсных кіраў-нікоў.

Прычым хацелася б адзначыць, дзяржаўныя кіраўнікі часта менш квалiфiкаваныя, чым кіраўнікі «прыватнiкi». З боку першых у гаспадарчыя суды да гэтага часу прыходзiць вялiкая колькасць запытаў па прымяненню заканадаўства аб эканамiчнай недзеяздольнасцi (банкруцтве), нягледзячы на даволi працяглы перыяд яго дзеяння ў нязменнай рэдакцыi.

Павiнна быць удасканалена дзяржаўная праграма па подбору i падрыхтоўцы кіраўнікоў для працэдур банкруцтва з улiкам спецыфiкi галiн эканомiкi i асобных арганiзацый (прамысловасць, будаўнiцтва, сельская гаспадарка, горадаўтваральныя, бюджэтаўтваральныя, абаронныя прадпрыемствы i г.д.). Дарэчы, квалiфiкаваныя кіраўнікі могуць разглядацца i як эфектыўны рэзерв кадраў на пасадзе кiраўнiкоў адпаведных арганiзацый.

3. Прававы нiгiлiзм i маруднасць — такая прычына можа прагучаць i занадта гучна i не зусiм дакладна, але яна маецца. Справа ў тым, што для эфектыўнага прымянення заканадаўства аб банкруцтве неабходна добрае яго веданне i арыентацыя ў iншым заканадаўстве. А гэтага яўна не хапае многiм кiраўнiкам. Далёка не ўсе яны яшчэ правiльна ацэньваюць наяўнасць i ролю квалiфiкаванага юрыста ў якасцi свайго намеснiка або галоўнага памочнiка.

А маруднасць або раскачка характэрная не толькi для тых, хто павiнен эфектыўна прымяняць заканадаўства аб банкруцтве на самай ранняй стадыi. Трэба яшчэ iнiцыiраваць пры неабходнасцi своечасовае змяненне гэтага заканадаўства. Як нi парадаксальна, але факт: чакаць стабiльнага заканадаўства аб банкруцтве, калi вельмi хутка мяняюцца эканамiчныя ўмовы, не варта. Усiм нам трэба самiм прыладкоўвацца да гэтых аб’ектыўных працэсаў, прыводзiць у адпаведнасць з iмi заканадаўства i прымяняць яго. Неабгрунтаванае прамаруджванне тут небяспечна i рэдка прыносiць патрэбныя вынiкi.

— Аб механiзме дасудовага аздараўлення прадпрыемства хацелася б пагаварыць больш па- драбязна, усё-такi гэтаму новаму iнструменту ва Указе № 508 адведзена галоўная роля ў сiстэме папярэджання банкруцтва суб’ектаў гаспадарання.

— Так, гэта своеасаблiвы бар’ер на шляху неапраўданага адтоку з дзелавога абароту абсалютна працаздольных прадпрыемстваў, асаблiва тых, якiя маюць вялiкае значэнне для эканомiкi краiны i сацыяльнай сферы. Калi гаспадарчы суд установiць, што па звычайнай гаспадарчай спрэчцы сума доўгу, якая спаганяецца, не дазволiць юрыдычнай асобе або iндывiдуальнаму прадпрымальнiку застацца на плаву, то ў адпаведнасцi з п. 1.10 Указа № 508 ён павiнен вынесцi ў адрас гэтага суб’екта, яго ўласнiка, рэспублiканскага органа дзяржаўнага кiравання, мясцовага выканаўчага i распарадчага органа, — словам, усiх арганiзацый, у распараджэннi або падпарадкаваннi якiх знаходзiцца даўжнiк, прыватнае вызначэнне, якое абавязвае iх ва ўстаноўлены гаспадарчым судом тэрмiн прыняць вычарпальныя меры па судоваму аздараўленню.

А дакладна праблемамi даўжнiкоў, нароўнi, канешне, з iх уласнiкамi i заснавальнiкамi, займаюцца згаданыя намi камiсii, створаныя пры выканкамах, мiнiстэрствах i канцэрнах. Iх мэты i задачы вызначаны Тыпавым палажэннем аб камiсii па папярэджанню эканамiчнай недзеяздольнасцi (банкруцтва), якое зацверджана пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 04.02.2004 г. № 126. Яны, у прыватнасцi, разам з нашымi судамi разглядаюць пытаннi мэтазгоднасцi правядзення дасудовага аздараўлення, падбору i назначэння акрэдытаваных асоб у якасцi часовых упраўляючых, а таксама правядзення экспертыз планаў санацыi крызiсных прадпрыемстваў.

Важна, што праграма дасудовага аздараўлення можа рэалiзоўвацца як да ўзбуджэння вытворчасцi па справе аб банкруцтве, так i пасля яго. Мала таго, пералiк неабходных мераў па аднаўленню плацежаздольнасцi даўжнiка ўключаецца i ў план завяршэння дасудовага аздараўлення ў абарончым перыядзе, якi па хадайнiцтву даўжнiка i яго афiцыйных «апекуноў» можа быць прадоўжаны да трох гадоў.

I хоць, як мы ўжо адзначалi, у рабоце камiсiй яшчэ шмат нявыкарыстаных рэзерваў, станоўчыя зрухi ёсць. Калi, напрыклад, на 1 снежня 2004 года ў вытворчасцi гаспадарчых судоў з агульнай колькасцi спраў знаходзiлася 14,9 працэнта спраў аб банкруцтве горадаўтваральных арганiзацый, то да канца мiнулага года iх працэнт знiзiўся амаль удвая.

— Гаспадарчыя суды ў справах аб банкруцтве ўсё часцей выступаюць у ролi своеасаблiвага пасрэднiка, дабiваючыся мiравога пагаднення памiж даўжнiком i крэдыторам. Працэс карпатлiвы, працаёмкi, часу ў суддзi (i без таго дэфiцытнага) на астатнiя справы застаецца мала. Цi варта гэта рабiць?

— Базарны або, скажам мякчэй, камерцыйны падыход да тэмы аб мiравым пагадненнi наогул не да месца. Нiякiя затраты судовай сiстэмы не iдуць у залiк, калi ўдаецца захаваць прадпрыемства ў лiку дзеючых. Так, сёння нагрузка на суддзяў зашкальвае, але i працоўнаму калектыву, чыё прадпрыемства павiсла на валаску, згадзiцеся, не лягчэй. Не трэба забывацца i аб сям’i кожнага з работнiкаў прадпрыемства-даўжнiка. Таму кожная справа аб банкруцтве набывае вялiкае не толькi эканамiчна-прававое, але i сацыяльнае значэнне.

Iмкнецца любой цаной вярнуць сваё i крэдытор — яго таксама зразумець трэба. Дарэчы, тут закон на яго баку. Усiм нам трэба цвёрда i надоўга запомнiць, а дакладней, успомнiць старое правiла: што вiнен, аддаць павiнен.

Але мiравое пагадненне ў справе аб банкруцтве зусiм не дабрачынны акт. Яно магчымае толькi пасля пагашэння запазычанасцi па патрабаваннях крэдытораў першай i другой чаргi i толькi пасля гэтага можа быць заключана на любой стадыi вытворчасцi па справе аб эканамiчнай недзеяздольнасцi. Заўважце, на любой! Настолькi гэты iнструмент правасуддзя важны для эканомiкi.

Вось у неабходнасцi такога высакароднага, на першы погляд, i адначасова рацыянальнага, эканамiчна выверанага волевыяўлення на карысць не толькi даўжнiка, але i крэдытораў, кіраўнік i суддзя i павiнны пераканаць крэдытораў. I сёння колькасць «мiравых» — вельмi важны паказчык прафесiяналізму гаспадарчых судоў. Прыемна, што ён няўхiльна расце, павышаючы i квалiфiкацыю кіраўнікоў. Цiкавых прыкладаў шмат, у якасцi характэрнага спашлюся на практыку супрацоўнiцтва гаспадарчага суда горада Мiнска, УП «Кампанент» i антыкрызiснага кіраўніка ў асобе АДА «Канс’юр».

Кіраўнік прапанаваў крэдыторам план санацыi без змянення профiлю вытворчасцi, з выкарыстаннем унутраных рэзерваў i рэструктурызацыяй фiнансавых патокаў. Прадпрыемства рэзка павялiчыла аб’ём вытворчасцi за кошт пераходу асноўных участкаў на трохзменны рэжым работы, рэалiзавала каштоўныя паперы, частка нявыкарыстанага абсталявання была прададзена або здадзена ў арэнду. Усе атрыманыя сродкi пайшлi на набыццё матэрыялаў для вырабу i продажу папулярных на рынку трыкатажных вырабаў. За 18 месяцаў, як i прадугледжвалася планам санацыi, «Кампанент» змог пагасiць свае даўгi перад падатковай iнспекцыяй i галоўным крэдыторам — «Белiнвестбанкам», пасля чаго па гэтай справе аб банкруцтве сталiчны суд зацвердзiў мiравое пагадненне памiж бакамi.

— Нядаўна давялося азнаёмiцца з рашэннем уласнiка аднаго з прадпрыемстваў аб лiквiдацыi арганiзацыi i стварэннi лiквiдацыйнай камiсii. Звычайны, на першы погляд, дакумент, але дзiўна, што ў iм зусiм не матывавана канстатацыя немэтазгоднасцi правядзення мераў па дасудоваму аздараўленню. Маўляў, мы безнадзейныя банкруты i змагацца за сваё дабро не маем намеру...

— А колькi такiх рашэнняў нагледзелiся суддзi! На жаль, нiчога дзiўнага ў падобных паперах няма. Нярэдка там ёсць проста карысны разлiк. Хутчэй за ўсё, уласнiк i заснавальнiкi не хочуць несцi адказнасцi за неабгрунтаваны развал прадпрыемства або задумалi наўмысна лжывае банкруцтва — несправядлiвых варыянтаў, аж да махлярства, зараз хапае. Мiж iншым лiквiдацыйныя камiсii таксама нярэдка спяць у шапку, а пасля заканчэння законных тэрмiнаў звяртаюцца ў гаспадарчыя суды з заявай даўжнiка аб эканамiчнай недзеяздольнасцi.

Таму каб нiкога не падазраваць у злым намеры i наогул не даваць падставы лiквiдацыйным камiсiям для неабгрунтаваных зваротаў такога кшталту ў суды, Вышэйшы Гаспадарчы Суд выйшаў з iнiцыятывай урэгулявання гэтага прабелу на заканадаўчым узроўнi. Мы, у прыватнасцi, прапанавалi дапоўнiць праект Закона «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь ад 18 лiпеня 2000 года «Аб эканамiчнай недзеяздольнасцi (банкруцтве)» нормай, якая ўстанаўлiвае, што да заявы лiквiдацыйнай камiсii ў суд абавязкова прыкладаюцца дакументы, што пацвярджаюць прыняцце гэтай камiсiяй самастойных мераў па лiквiдацыi даўжнiка ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам. У якасцi такiх дакументаў могуць выступаць прамежкавы лiквiдацыйны баланс, дакументы, якiя пацвярджаюць рэалiзацыю маёмасцi, спагнанне дэбiторскай запазычанасцi, акт судовага выканаўцы аб немагчымасцi выканання i г.д.

— Вiктар Сяргеевiч, апошнiм часам прадстаўнiкi гаспадарчых судоў перасталi быць выключна кабiнетнымi работнiкамi...

— Сапраўды, на крызiсных прадпрыемствах, якiя ўзялi за аснову аздараўлення працэдуру санацыi (а менавiта ў ёй галоўны сэнс банкруцтва!), нашых суддзяў-куратараў зараз, што называецца, ведаюць у твар. Практыка паказала, што суддзя больш эфектыўна вядзе справу, калi знаёмiцца з праблемамi такога калектыву i такой вытворчасцi на месцы, кантралюе кіраўніка i, калi трэба, актыўна ўмешваецца ў становiшча спраў. Такое права яму дадзена загадам Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда ад 24 лiпеня 2003 г. № 29 «Аб арганiзацыi работы па наведванню прадпрыемстваў, якiя знаходзяцца на стадыi санацыi», пастановай Прэзiдыума Вышэйшага Гаспадарчага Суда ад 17 сакавiка 2004 г. № 7 «Аб вынiках наведвання прадпрыемстваў, якiя знаходзяцца ў працэдуры санацыi» i Парадкам наведвання прадпрыемстваў, што знаходзяцца ў працэдуры санацыi, зацверджаным пастановай Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда ад 23.12.2003 г. № 11 «Аб некаторых пытаннях практыкi прымянення заканадаўства, якое рэгулюе пытаннi эканамiчнай недзеяздольнасцi (банкруцтва)».

Гэтымi дакументамi прадугледжаны парадак наведвання санiруемых прадпрыемстваў гаспадарчымi судамi ў асобе iх кiраўнiкоў i суддзяў. Як правiла, iм папярэднiчае ўсебаковая падрыхтоўчая работа з зацiкаўленымi асобамi i арганiзацыямi, вызначэнне ключавых пытанняў, звязаных, скажам, з дадатковым фiнансаваннем аб’екта або прадастаўленнем iльгот па падатках, якiя выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты, з пераўтварэннем прадпрыемстваў або наогул з мэтазгоднасцю яго далейшай санацыi. Вельмi плённымi аказалiся паездкi нашых прадстаўнiкоў на Бярозаўскi камбiнат сiлiкатных вырабаў, Гарынскi камбiнат будаўнiчых матэрыялаў, Высакоўскi кансервавы завод, Драгiчынскi сыраробчы завод, на ААТ «Рэчыцадрэў» i шэраг iншых санiруемых прадпрыемстваў.

Не баючыся папрокаў у лiшняй фармальнасцi, вядзём i пратаколы сустрэч з кiраўнiкамi раённых i абласных адмiнiстрацый i адказнымi спецыялiстамi з мiнiстэрстваў i ведамстваў. Калi яны затым нiякай дапамогi (напрыклад, горадаўтвараючым арганiзацыям) не аказваюць або самаўхiляюцца ад вырашэння якiх-небудзь важных пытанняў эканамiчнай дзейнасцi даўжнiка, то ў суда заўсёды ёсць дакументальнае сведчанне iх абяцанняў. А слова трэба трымаць. Гэтага i дамагаемся.

Вёў гутарку Павел ЧАРАМIСIН.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фiнансавае становiшча беларускай эканомiкi апошнiм часам значна палепшылася, умацавалiся яе пазiцыi на знешнiм рынку
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика