Людзям гарады дарыць...Традыцыйная 12-я спецыялiзаваная выстава «Будiнвест — 2006» пройдзе з 31 студзеня па 2 лютага ў iнстытуце «Белжылпраект», якi разам з Мiнiстэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркi РБ i Беларускай акадэмiяй ЖКГ з’яўляецца адным з яе пастаянных арганiзатараў. Заяўленая мэта выставы — не проста дэманстрацыя перадавых праектаў, тэхналогiй (у тым лiку энергазберагаючых), будаўнiчых матэрыялаў, iнжынернага абсталявання i паслуг, а шырокае азнаямленне з iмi спецыялiстаў галiны. У рамках выставы пройдуць семiнары па найбольш актуальнай тэматыцы. А ўжо сёння ў фае iнстытута па вулiцы Кальварыйскай, 17А можна азнаёмiцца з лепшымi праектамi па мадэрнiзацыi жылля ў сталiцы i буйных гарадах Беларусi. Першымi яе агледзелi ўдзельнiкi прэс-канферэнцыi, якая прайшла напярэдаднi. Адразу пасля прэс-канферэнцыi дырэктар iнстытута Iван КРЫШЭНIК прыняў журналiстаў «Звязды», i мы змаглi задаць яму пытаннi, якiя падрыхтавалi яшчэ ў вераснi. Сустрэча пастаянна адкладвалася з-за занятасцi кiраўнiка творчага калектыву — УП «Белжылпраект» знаходзiцца ў эпiцэнтры аднаўлення гарадоў i пасёлкаў, якое зараз разгортваецца ў краiне, i дырэктар часцей бывае ў райцэнтрах, чым у сталiцы. Iван Iванавiч нарадзiўся ва Украiне, у Закарпаццi. Тэрмiновую ваенную службу праходзiў у Мiнску, у спартыўнай роце (радыёспорт, «паляванне на лiс», марафон). Пасля службы застаўся ў Беларусi, працаваў у будаўнiчым трэсце, потым перайшоў у домакiраўнiцтва. Прайшоў шлях ад слесара-сантэхнiка да дырэктара iнстытута «Мiнсккааппраект» сталiчнага аблспажыўсаюза. Дванаццаты год узначальвае буйны галiновы праектны iнстытут «Белжылпраект». Iван Iванавiч лiчыць, што яму ўдаецца ажыццяўляць тыя задумкi, з якiмi ён пераходзiў менавiта ў гэты калектыў. Людзi загружаны работай (было некалi 260 чалавек, зараз 428), атрымлiваюць нармальную зарплату. Ёсць калектыўная задаволенасць вынiкамi работы, але няма калектыўнай заспакоенасцi. Значыць, быць новым сучасным праектам. — Iван Iванавiч, пасля трыумфальнага правядзення рэспублiканскiх дажынак у Слуцку яго жыхары да гэтага часу добрым словам успамiнаюць праекцiроўшчыкаў i будаўнiкоў. Калектыўнымi намаганнямi вы зрабiлi з горада ляльку. — Там мы ўдзельнiчалi ў рамонце больш чым 50 аб’ектаў. Хуткiмi тэмпамi прыводзiлi горад у належны парадак — рамантавалi дамы, фасады, дахi, займалiся добраўпарадкаваннем, каб горад набыў той самы святочны выгляд, якi захоўвае i зараз. А па прыкладу Шклова i iншых нядаўнiх «iмянiннiкаў» мяркую, што будзе захоўваць яшчэ многiя i многiя гады. Наогул, мы, праекцiроўшчыкi i будаўнiкi, тым самым як бы ствараем стандарт для iншых гарадоў i пасёлкаў. Лiчу, гэта правiльны падыход з боку кiраўнiцтва дзяржавы: мы паступова прыводзiм невялiкiя гарады ў парадак, вядзём мэтанакiраваную работу па добраўпарадкаванню нават аддаленых раёнаў. Гэта мае i сваё выхаваўчае значэнне: чалавек мiжволi будзе адносiцца да жылога асяроддзя больш беражлiва. Наша спецыфiка — капiтальны рамонт, рэканструкцыя жыллёвага фонду i грамадскiх будынкаў, вельмi часта — з iстотнай мадэрнiзацыяй. З гэтай мэтай iнстытут i быў створаны больш за 30 гадоў назад. Ён прынцыпова адрознiваецца ад iншых тым, што мы бяром заказы на любую работу. Некаторыя праектныя калектывы хацелi б выконваць толькi буйнамаштабныя работы, як мiнiмум праекты квартальнай забудовы, а мы гатовы працаваць нават з асобным прыватным домам, з асобнымi кватэрамi (хоць з задавальненнем i з поспехам выконваем i буйныя праекты). Набыты намi за тры дзесяцiгоддзi вопыт як нельга лепш спатрэбiўся зараз. Вялiкi аб’ём выканалi летась не толькi ў Слуцку, але i ў Лунiнцы, там Брэстчына рыхтавалася святкаваць абласныя дажынкi. Губернатар Брэсцкай вобласцi Канстанцiн Андрэевiч Сумар асабiста кантраляваў ход работ па падрыхтоўцы горада, пастаянна цiкавiўся, унiкаў у дэталi. Гэта якраз адзiн з удалых прыкладаў узаемадзеяння з мясцовай «вертыкаллю». Асабiстую падзяку хацеў бы выказаць Канстанцiну Мiхайлавiчу Пячко, былому намеснiку старшынi аблвыканкама па будаўнiцтву, зараз ён пайшоў на заслужаны адпачынак — за яго здольнасць правiльна, эфектыўна i вельмi тактычна наладзiць работу ўсiх шматлiкiх удзельнiкаў працэсу. Мы выканалi там 26 аб’ектаў, многiя размешчаны ў самым цэнтры, i для невялiкага гарадка гэта не малая лiчба. Прыемна, што наша праца высока ацэнена гаспадарамi. У Лунiнцы гараджане нават паставiлi абелiск, на якiм напiсалi (па сутнасцi — увекавечылi) удзячныя словы i ў адрас праекцiроўшчыкаў, што бывае не часта. А ваш пакорны слуга атрымаў грамату, вось яна, на ганаровым месцы ў маiм кабiнеце. — Вы прыводзiце пераканаўчыя прыклады работы iнстытута ў раённых цэнтрах. А ў абласныя гарады вас запрашаюць? — Чаму ж не? Яшчэ ў 70-я гады iнстытут правёў вялiкую работу па ўпарадкаванню i правядзенню рэканструкцыi старой забудовы Вiцебска. У Брэсце правялi рэканструкцыю драматычнага тэатра (адчуваеце важнасць аб’екта?) i добраўпарадкаванне тэрыторыi навокал, рэканструявалi парк у Гродне i г.д. Ну а чым мы асаблiва ганарымся, то гэта Троiцкiм прадмесцем у Мiнску. Тут iнстытутам сапраўды была праведзена буйнамаштабная работа з удзелам iншых праектных калектываў, але ў асноўным рэканструкцыю праводзiў наш iнстытут. I будаўнiкi, канешне. Усе працавалi надзвычай зладжана, таму i атрымалася сапраўдная жамчужына горадабудавання. Шкада, што крыху пазней не было ўжо такой адзiнай палiтыкi, адзiнага «кулака» ў Верхнiм горадзе. Яго ў 90-я гады «разабралi» па кааператывах, па прыватных майстэрнях, i не атрымалася комплекснасцi ў падыходзе да забудовы. Час, вiдаць, быў такi, няпэўны. Хоць мы ўжо тады, у процiвагу Верхнему гораду, паказалi цалкам комплексны падыход у сваiм праекце па Залатой Горцы. У 1996 годзе наш праект быў прызнаны архiтэктурнай грамадскасцю сталiцы i ўсёй рэспублiкi лепшым праектам года. На вялiкi жаль, за дзесяць гадоў там нiчога не зроблена, праект застаўся на паперы. Цi то ў горада не было сродкаў, цi па нейкiх iншых прычынах аб’ёмы работ раздалi па фiрмах, на тым усё i закончылася. Адзiнае, што зроблена — крышку адрамантавалi жылы дом па вулiцы Луначарскага, 10. I мы ўласнымi сiламi рэканструявалi дзiцячы сад па вулiцы Смалячкова, атрымаўся цiкавы, на мой погляд, будынак. Быў комплекс урадавых будынкаў у Драздах. Быў i Шклоў, дзе пад кiраўнiцтвам першых асоб мiнiстэрства мы разам з калегамi з абласных iнстытутаў якраз i адпрацоўвалi тую комплекснасць у падыходах да аб’ектаў, ва ўзаемадзеяннi праекцiроўшчыкаў i будаўнiкоў, пра якую я гаварыў вышэй. Былi iншыя гарады — Ваўкавыск (яго таксама рыхтавалi да дажынак), Полацк, пасёлак Мiр з яго магутным замкам-прыгажуном, дзе тады пачыналася рэстаўрацыя. I па маёй асабiстай прапанове Дзяржкамiтэт па прафтэхадукацыi, тады iснавала такая iнстанцыя, адкрыў у 1980 годзе прама ў будынку замка прафтэхвучылiшча, у якiм пачалi рыхтаваць рэстаўратараў. Якраз пасля гэтага i разгарнулася актыўная рэстаўрацыя. Вынiкi яе ўжо сёння наглядна бачныя, як i вынiкi калектыўных старанняў па прывядзенню ў належны стан самога пасёлка Мiр, куды едзе зараз шмат гасцей. Не магу ўтрымацца, каб не сказаць цёплае слова ў адрас калег з «Гроднажылпраекта», якiя тут узялi асноўную нагрузку на сябе i знайшлi не проста эфектыўны, а нават эфектны падыход да аднаўлення пасёлка. Работы выкананы простымi сродкамi, але акуратна i з густам. Навагрудак, Слонiм, Барысаў... У кожнага свой твар, свая гiсторыя, што заўсёды даводзiцца ўлiчваць. Уласна кажучы, як няма людзей аднолькавых, так няма аднолькавых гарадоў i нават... дамоў, якiя знаходзяцца ў розных умовах эксплуатацыi, «паводзяць» сябе па-рознаму i патрабуюць iндывiдуальнага падыходу. — Наколькi мы iнфармаваныя, вы ўжо актыўна працуеце ў Бабруйску, сталiцы наступных рэспублiканскiх дажынак. — У нас там ёсць свой фiлiял, так што з бабруйчанамi мы сябруем даўно. Праводзiлi нават свой рэспублiканскi семiнар па цеплавой рэабiлiтацыi дамоў. А зараз на горад працуе ўвесь iнстытут. Па праграме дажынак нам даверылi дзесяць жылых дамоў у цэнтры. Магчыма, пазней жыллё дабавiцца яшчэ. А вось сацыяльных аб’ектаў, прама скажам, не пашкадавалi, i мы рады гэтай абставiне: 22 аб’екты аховы здароўя, каля 12 — культуры i тры школы. Работа пайшла поўным ходам. Распрацоўку жылых дамоў мы ўжо завяршылi i ў самым пачатку лютага будзем перадаваць дакументацыю заказчыку. На аб’ектах аховы здароўя складаней, а гэта раддом, клiнiкi. Там выходзiм на ўнутраную рэканструкцыю, з заменай тэхналагiчнага абсталявання. Сёння, калi мы з вамi размаўляем, губернатар вобласці праводзiць якраз на месцы нараду, прысутнiчаюць мой намеснiк i намеснiк галоўнага iнжынера, а таксама кiраўнiк фiлiяла. — Будзем спадзявацца, што старажытны горад на Бярэзiне стане яшчэ больш прыгожым i прыдатным для пражывання. Але скажыце, Iван Iванавiч, цi ўдаецца агульнымi сiламi выконваць дзяржаўнае заданне па павелiчэнню аб’ёмаў капiтальнага рамонту жылля ў два разы? — Не скажу за ўсе праектныя iнстытуты, але мы, напрыклад, можам адчувальна павялiчыць аб’ёмы, у нас для гэтага патэнцыял i сiлы ёсць. Пытанне ў фiнансаваннi. Гэта сур’ёзная праблема: сродкаў не хапае. У мяне, напрыклад, штомесяц дэбiторская запазычанасць складае больш за 1 мiльярд рублёў. Iнстытут ператварыўся ў банкаўскую ўстанову i крэдытуе сваiх заказчыкаў без усякiх працэнтаў. А потым 2—3 месяцы чакае, пакуль тыя заплацяць за выкананую работу. Для нас гэта сапраўдны бiч, бо губляем абаротныя сродкi. Тым не менш выконваем задачы, якiя перад намi пастаўлены. За мiнулы год усе паказчыкi, якiя да нас давяло мiнiстэрства, выкананы, у вынiку ўтрымлiваем пераходны Сцяг Мiнжылкамгаса за лiдарства сярод праектных iнстытутаў галiны, iх усяго восем. Трымаем i аддаваць пакуль не збiраемся. — Адным з сур’ёзных накiрункаў вашай работы магла б стаць рэканструкцыя «хрушчовак». Наўрад цi мы зможам ад iх адмовiцца ў блiжэйшай перспектыве. Значыць, выхад адзiн — капiтальна рамантаваць, рэканструяваць. Калi меркаваць па канкрэтных прыкладах, у вас гэта атрымлiваеццца блiскуча. — Згодзен, што справа патрэбная, але яна пакуль застыла на месцы. Мы правялi шмат эксперыментальных работ, адрамантавалi некалькi «хрушчовак». Прычым, i з высяленнем жыльцоў, i без высялення. I хвалевым метадам, i асобным. Праводзiлi даследчыя работы i накапiлi адпаведны вопыт. На жаль, з-за недахопу сродкаў «хрушчоўкi» рамантуюцца слаба. Iснуе спецыяльная пастанова ўрада ад 17 студзеня 2003 года за № 45, якая нацэльвае на рэканструкцыю панельных дамоў першых масавых серый. Яна дае нам прававую аснову, грунтуючыся на якой мы можам хутка i эфектыўна такую работу праводзiць. Тут усё залежыць ад рэгiёнаў. Рэгiёны павiнны зразумець, што гэта iм эканамiчна выгадна, i знаходзiць адпаведныя сродкi. У сталiцы зараз работа па капiтальнаму рамонту жылля пастаўлена на планавую аснову, наш iнстытут распрацаваў графiкi капрамонту для ўсiх дзевяцi адмiнiстрацыйных раёнаў. Хацелася б, каб на такую планавую аснову была пастаўлена i работа па рэканструкцыi старога, але яшчэ здольнага паслужыць жылля. Калi «хрушчоўка» разлiчана на 60—80 гадоў, то пасля «лячэння», пры правiльна арганiзаваным тэхнiчным абслугоўваннi i прафiлактыцы яна прастаiць яшчэ столькi ж. Мы звычайна даём двайны тэрмiн. Са свайго боку абяцаем рэгiёнам усемагчымую дапамогу. Праекты выканаем прыгожыя, але не дарагiя. Тым больш, што цэны на нашы паслугi апошнiм часам адчувальна панiжаны: па малапавярховых будынках на 18—20 працэнтаў, па шматпавярховых на 35. Цана праектаў капрамонту зараз складае ад 3 да 4,6 працэнта кошту будмантажу. — Адзiную тэхнiчную палiтыку ў капiтальным рамонце хто вызначае? — Пакуль мы. Сёння гэта галоўная задача iнстытута. Наколькi ўдаецца — меркаваць людзям. — Вы закладваеце ў свае праекты новыя будаўнiчыя матэрыялы i тэхналогii. Гэта адчувальна павышае кошт аб’екта? — Магчыма, падаражанне будзе адчувальнае толькi на першых аб’ектах. А пасля, калi праходзiць iх «абкатка» на другiм, трэцiм, чацвертым аб’екце, адбываецца як бы выраўноўванне. Новыя будаўнiчыя матэрыялы i тэхналогii (такiя, як полiпрапiленавыя трубы — для ацяплення дамоў i для вадаправодаў, або папярэдне iзаляваныя трубы, якiя выпускаюць беларускiя прадпрыемствы, дзякуючы iм мы ўжо не грэем вулiцу; прымяненне металачарапiцы i г.д.) патрэбна закладваць i выкарыстоўваць абавязкова, таму што яны забяспечваюць даўгавечнасць аб’екта, скарачаюць час на рамонт, робяць бяспечным жыццё людзей. Праўда, не заўсёды ўдаецца «прабiць» дазвол на новыя матэрыялы нават на ўзроўнi экспертызы праекта, не кажучы пра ўсе астатнiя шматлiкiя ўзгадненнi. Канчатковае рашэнне, як правiла, прымае заказчык. Усё залежыць ад таго, што яму патрэбна i дзе размешчаны аб’ект. Калi гэта будынак у цэнтры i фармiруе аблiчча горада, неабходнасць сучасных аддзелачных матэрыялаў даказаць лягчэй. — Iван Iванавiч, давайце пагаворым пра якасць праектавання. — Строга кажучы, любы праект iдзе на ўзроўнi вынаходнiцтва. I мы шмат робiм, каб забяспечыць яго якасныя параметры. Пачынаючы з правiльна арганiзаванага, дакладнага абследавання будынка цi комплексу будынкаў. Нават правiльна выкананыя «фармальнасцi» кшталту атрымання дазволу дэпартамента па ахове помнiкаў архiтэктуры, калi гэта патрабуецца, правiльна выкананая дыягностыка — якiя канструкцыi замянiць, якiя ўмацаваць, правядзенне фiзiка-хiмiчнага абследавання, калi неабходна, — усё гэта дапамагае пазбегнуць памылак у будучым вытворчым працэсе. Адсюль напрамую залежыць i якасць праекта. З улiкам сваёй спецыфiкi мы распрацавалi i ўкаранiлi сiстэму ўласных стандартаў на ўсе аперацыi — у адпаведнасцi з мiжнароднымi стандартамi ISO 9001, i ўжо ў гэтым годзе атрымаем сертыфiкат адпаведнасцi. Гэта значыць, распрацоўшчыкаў пазбавiць ад магчымых памылак дакладнае прытрымлiванне стандартаў на ўсiх этапах. А наяўнасць сертыфiката адчувальна дабавiць нам колькасць ачкоў пры правядзеннi тэндараў на атрыманне заказаў. Да слова будзе сказаць, па даручэнню прэзiдэнта i ўрада мы пасля карпатлiвай працы прыводзiм у парадак усю нарматыўную базу Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi РБ: перагледзелi 173 нарматыўныя дакументы, якiя дзейнiчалi апошнiя дваццаць гадоў (за што галiна падвяргалася крытыцы з боку кiраўнiка краiны). З iх 63 дакументы адмянiлi як не актуальныя, iншыя перагледзелi. Навукова-тэхнiчны цэнтр iнстытута гэтую работу працягвае i далей, але ўжо зараз галiне i нам самiм працаваць лягчэй. У тым лiку ў сэнсе якасцi. Напрамую «працуе» на якасць праведзенае намi за апошнiя два гады тэхнiчнае пераўзбраенне, у прыватнасцi камп’ютарызацыя аддзелаў i службаў, узброенасць iх сучаснымi прафесiйнымi праграмамi. Зараз архiтэктар, мастак працуюць не за кульманам, а за манiторам. I калi раней пры рэстаўрацыi iм патрэбна было, напрыклад, выканаць, грунтуючыся на дакументах Дзяржаўнага архiва, увесь дэкор па старыннаму будынку ўручную, зрабiць чарцяжы лякал, па якiх потым рабiлiся штукатурныя дэкаратыўныя элементы, то зараз на дапамогу прыйшлi электронныя машыны. А на завяршальнай стадыi работ, на выпуску выканаць дакументы на прыстойным палiграфiчным узроўнi дазваляе сучасная аргтэхнiка. I ўдасканаленне ўласнай структуры, якое адбылося крыху раней, дазволiла не толькi iстотна павялiчыць аб’ёмы выконваемых работ, бо сабрала ў «кулак» нашых спецыялiстаў (раней службы былi раз’яднаныя), але станоўча паўплывала i на якасныя параметры. Не выпадкова ад заказчыкаў усё часцей паступаюць падзякi. Асаблiва тады, калi нам даводзiцца працаваць надзвычай аператыўна, у «гарачым» рэжыме. Былi такiя падзякi ад адмiнiстрацыi Маскоўскага раёна сталiцы — за тэрмiновы рамонт школы пасля пажару. Разам з будтрэстам №4 прывялi яе ў парадак за паўтара месяца. Ад адмiнiстрацыi Заводскага раёна — разам са спецыялiстамi НIПЦIСА i брыгадамi МПОIДА аператыўна, за месяц устаранiлi наступствы ўзрыву бытавога газу на адной з вулiц у Чыжоўцы. А калi на вулiцы Янкi Купалы на адным з дамоў насупраць цырка згарэў дах, мы хутка i эфектыўна адпрацавалi з «Мiнскрэмбудам». Няхай, канешне, такiх работ будзе як мага менш, але ў экстрэмальных сiтуацыях правяраецца ўменне калектыву дзейнiчаць зладжана i эфектыўна. — Вы можаце сказаць, што ў вашых праектаў — свой, пазнаваемы «твар» i што ў iнстытута iснуе свая архiтэктурная школа? — Магу са шчырым сумленнем. У «Белжылпраекта» ёсць свая дастаткова выразная архiтэктурная стылiстыка i нават свая школа, у нас працуе шмат вопытных архiтэктараў. Тое, што нашы праекты адрознiваюцца ад праектаў iншых iнстытутаў, можна ўбачыць на свае вочы. Многiя былi ў Троiцкiм прадмесцi, многiя — у тым жа Слуцку, нехта — у Драздах, успомнiце абрысы будынкаў, «застыўшую ў каменi музыку» (так iншы раз называюць архiтэктуру) i мяркуйце самi. — А цi ўдаецца нарошчваць аб’ёмы работ, і калi так, то за кошт чаго? — Аб’ёмы работ, дзякаваць Богу, растуць, i прадукцыйнасць працы — таксама. Перш за ўсё за кошт укаранення новай тэхналогii i новай тэхнiкi, як я ўжо казаў. I за кошт таго, што больш прафесiйным стаў сам калектыў, за кошт росту прафесiяналiзму выканаўцаў. Крышку больш грошай з’явiлася ў заказчыка. Ужо зараз мы не баiмся за сваё iснаванне, як гэта было дзесяць гадоў назад. Ведаеце, як з намi тады разлiчвалiся за выкананую работу? Мясакамбiнат — каўбасамi, iншыя прадпрыемствы — iншай сваёй прадукцыяй. Адзiн час мы нават трымалi ўласны магазiн, у якiм рэалiзоўвалi гэты «канфiскат», каб атрымаць грошы на зарплату. I чыста фармальная прычына: у гады савецкай улады было разгорнута вялiкае жыллёвае будаўнiцтва. А праз 20, максiмум праз 30 гадоў пасля здачы дома цi квартальнай забудовы ў эксплуатацыю iх патрэбна капiтальна рамантаваць. Гарады пачынаюць адшукваць на гэта сродкi. — Добраўпарадкаванне — гэта асобная тэма, цi вы разглядаеце яго толькi ў цеснай сувязi з аднаўленнем жылля, сацыяльных i гiстарычных аб’ектаў? — Гэта магла б быць асобная тэма. У нашага i iншых праектных iнстытутаў ёсць усе магчымасцi i навыкi, каб, вобразна кажучы, добраўпарадкаваць усю рэспублiку. Яна таго заслугоўвае. Я днямi вярнуўся з Закарпацця, там мясцовае насельнiцтва надзвычай высока адзываецца аб тым шляху, якiм зараз iдзе наша рэспублiка. Мы больш прывязаны да жылля, да мiкрараёнаў, таму часцей выконваем работы па добраўпарадкаванню жылых кварталаў, двароў, у прыватнасцi ў Мiнску. Звярнiце ўвагу, якiя прыгожыя зараз дворыкi ў цэнтры сталiцы. Ландшафтная архiтэктура не менш выразная, чым архiтэктура будынкаў. I агульны ўзровень культуры ў Беларусi, умацаванне яе эканомiкi даюць падставу лiчыць, што ў хуткiм часе будзем актыўна займацца навядзеннем парадку, прыгажосцi не толькi ў жылых кварталах. — Геаграфiчна вы працуеце толькi ў Беларусi? — Зараз паступiлi цiкавыя прапановы папрацаваць на забудовах Бранска (а мы маем вопыт праектавання i новага будаўнiцтва) i Масквы, па Маскве нават тры прапановы. Адпаведную лiцэнзiю на права работы за межамi Беларусi мы атрымалi. Калi выйграем тэндары — будзем узводзiць новыя дамы «белакаменнай». Матэрыялы падрыхтавалi Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ, Веранiка АРЛОЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Традыцыйная 12-я спецыялiзаваная выстава «Будiнвест — 2006» пройдзе з 31 студзеня па 2 лютага ў iнстытуце «Белжылпраект», якi разам з Мiнiстэрствам жы |
|