Беларусь на шляху да новых тэхналогiй
Iгар ШЧУЧЭНКА
Меркаванне Асаблiвасць 2006 года ў тым, што ён будзе задаваць тон цэлай пяцiгодцы: прыярытэтным на гэты перыяд будзе развiццё чалавечага патэнцыялу на аснове росту грашовых даходаў, якаснае ўдасканальванне сiстэм аховы здароўя, адукацыi, культуры, фiзiчнай культуры i спорту, жыллёвае будаўнiцтва i г.д. У блiжэйшыя гады ў эканомiцы вялiкая ўвага будзе надавацца ўкараненню навейшых тэхналогiй, што дазволiць павысiць канкурэнтаздольнасць беларускiх тавараў. Што датычыцца апошняга, то гэта вельмi важна для Беларусi, лiчыць эксперт «Звязды», дэкан эканамiчнага факультэта БДУ, прафесар Мiхаiл КАВАЛЁЎ.— У гэтым сэнсе стварэнне ў краiне Парка высокiх тэхналогiй — блiскучая iдэя, — гаворыць прафесар. — Зараз неабходна, каб усе дзяржаўныя органы максiмальна дапамагалi тым энтузiястам, якiя яго ставараюць, каб не блакiравалiся, не тармазiлiся асобныя прыватныя рашэннi. Мы, беларусы, часам рэалiзацыю добрай iдэi расцягваем на гады, i ў вынiку можам прайграваць у канкурэнцыi. Паўтаруся, стварэнне парка высокiх тэхналогiй — важнае для краiны рашэнне, хоць бы з-за дэмаграфiчных прычын: у нас рэзка скарачаецца колькасць занятага эканамiчна актыўнага насельнiцтва. Таму нам ад працаёмкай эканомiкi трэба пераходзiць да эканомiкi высокатэхналагiчнай, менш працаёмкай. — I тут не перашкодзiць дапамога нашых навукоўцаў. — Прыемна, што ёсць усе прыметы таго, што навука ў рэспублiцы адраджаецца. I сведчыць аб гэтым тое, што Акадэмiяй навук кiруе вопытны эканамiст i ўпраўленец Мiхаiл Мяснiковiч: ён паварочвае ўстанову да рэальнага сектара — гэта для нас адзiны шанц на выжыванне. Другое сведчанне таму — першым намеснiкам кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта стаў блiскучы фiзiк Анатоль Рубiнаў, якi разумее праблемы i патрэбы навукi i будзе рабiць так, што iнавацыйныя фонды будуць расходавацца не на куплю «мерседэсаў» для дырэктараў заводаў i канцэрнаў, а на высокатэхналагiчнае абсталяванне, што выключна важна для Беларусi. I, безумоўна, навуку трэба фiнансаваць. — Мiхаiл Мiхайлавiч, як мяркуюць некаторыя эканамiсты, нам у рэспублiцы патрэбна адмовiцца ад iльгот, што прадастаўляюцца некаторым прадпрыемствам. Аднак цi не азначае такi падыход, што шэраг прадпрыемстваў проста спыняць сваю працу. — У першую чаргу падатковыя льготы прадпрыемствам, безумоўна, у цэлым уплываюць на эфектыўнасць размеркавання рэсурсаў i, зразумела, калi хтосьцi мае льготы, то iншы iх аплачвае. У iдэальных рынкавых умовах гэтага быць не павiнна. Аднак гэта ў iдэале. А ў практыцы пераходнага перыяду ёсць горадастваральныя прадпрыемствы, i калi iм не прадстаўляць у нейкi перыяд часу льготы, то палова насельнiцтва горада можа аказацца беспрацоўным. Ёсць прадпрыемствы стратэгiчна важныя для Беларусi: калi iм своечасова не дапамагчы, то канкурэнты выцесняць iх з раней заваяванага рынку. Просты прыклад. У Расii не аказвалi льгот сваiм трактарным заводам, а ў Беларусi нашаму трактарнаму прадастаўлялi iх. У вынiку сёння трактарныя заводы РФ «ляжаць», а палову патрэб расiйскага рынку ў трактарах задавальняе МТЗ. У пачатковы перыяд рэформаў у 90-я гады мы прыдумвалi шмат рамантычных праграм, як адным махам перайсцi да рынку, аднак мы бачым, да чаго гэта прывяло там, дзе iх рэалiзавалi. Мы бачым, што за адзiн год адбылося з Украiнай, дзе стыхiйным сiлам даюць уладарнiчаць на рынку непадрыхтаваных прадпрыемстваў i непадрыхтаванага насельнiцтва. Прадпрыемства спачатку трэба падвесцi да канкурэнтнай барацьбы, прывучыць усiх жыць па правiлах, па законах, i толькi тыды можна паступова пазбаўляцца ад iльгот. — А што датычыцца рэгулявання цэн дзяржавай, ад гэтага трэба адыходзiць? — Мне падаецца, на большасць тавараў рэгуляванне адменена. Зразумела, што дзяржава, як уласнiк дзяржпрадпрыемстваў, не яўна рэгулюе цэны: на той жа калiй, што прадаецца ўнутры краiны. Аднак афiцыйна цэны ў нас рэгулююцца на дастаткова невялiкi пералiк сацыяльна-значных тавараў. I гэтага, мабыць, нельга пазбегнуць: мы бачым, што адбылося ў Расii, калi там паспрабавалi адным махам перайсцi да манетызацыi льгот для льготных катэгорый насельнiцтва. Так i тут: можна было б скасаваць iльготы, а выйграныя сумы грошай размеркаваць на павелiчэнне пенсiй насельнiцтву, аднак я не ўпэўнены, што гэта ўдасца зрабiць хутка i эфектыўна. Прыклад Расii паказвае, што гэта не зусiм так. Па-другое, нейкае не яўнае рэгуляванне прысутнiчае ўсюды. Калi, напрыклад, у той жа аб’яднанай Еўропе стараюцца не дапусцiць на рынак танныя чылiйскiя вiны i ўстанаўлiваюць квоты. Гэта значыць, у больш мудрагелiстых формах дзяржава ўмешваецца ў цэнаўтварэнне. Гэта непазбежна, таму што акрамя iдэальных рынкавых адносiнаў, ёсць яшчэ рэалiстычныя рынкавыя адносiны. — Калi размова заходзiць аб прыватызацыi, то, на Ваш погляд, нам патрэбна масавая прыватызацыя, або перш чым прыняць рашэнне па канкрэтнаму прадпрыемству, неабходна ўлiчыць iнтарэсы тых жа працоўных? — Патрэбна ўлiчваць у цэлым iнтарэсы ўсяго грамадства i iнтарэсы эканамiчнага развiцця. I прыклад той жа Расii паказаў, што адбываецца, калi прыватызацыя праводзiцца неэфектыўна. Абвальная масавая прыватызацыя, як правiла, ажыццяўляецца неэфектыўна. Пасля гэтага краiна на 3-4 гады будзе кiнута ў перадзел уласнасцi, калi ад тых, каму яна дасталася задарма, уласнасць будзе пераходзiць да iншых — хто ўмее ёй кiраваць. Я — якраз прыхiльнiк прыватызацыi: добра падабраны прыватны ўласнiк лепш, чым дзяржава-ўласнiк. У нас маюцца добрыя прыклады прыватызацыi — той жа Мазырскi НПЗ, якi нармальна прыватызаваны i нармальна працуе. Ёсць i дрэнныя, напрыклад, прыватызацыя «Мотавелазавода». Вопыт заўсёды паказвае, што калi ўвесь працоўны калектыў прадпрыемства становiцца ўласнiкам, то нiчога асаблiва добрага з гэтага не атрымлiваецца. Прыватызацыю трэба праводзiць так, каб прадпрыемства ад гэтага выйграла, а не страцiла. Нядаўна была апублiкавана справаздача ЕБРР i Сусветнага банка, дзе прыводзiлiся аналiзы, даследаваннi, якiя паказалi, што, як нi дзiўна, у пераходны перыяд, на жаль, прыватызаваныя прадпрыемствы працуюць не намнога лепш, чым дзяржаўныя. — Вяртаючыся да размовы пра льготы, якiя яны могуць быць для замежных прадпрыемстваў, або ў нас павiнны стварацца роўныя ўмовы гаспадарання для айчынных i замежных вытворцаў? Як быць з перадачай зямлi ў карыстанне? — Льготы замежным прадпрыемствам i замежным iнвестарам трэба даваць толькi ў тым выпадку, калi яны прыносяць сюды новыя тэхналогii, высокiя тэхналогii. Ва ўсiх астатнiх выпадках яны не павiнны мець нiякiх iльгот. Зразумела, што ёсць стратэгiчныя галiны, напрыклад, здабыча карысных выкапняў, часткова сельская гаспадарка, дзе для iншаземцаў павiнны быць абмежавальныя ўмовы. Так ёсць ва ўсiм свеце. I тут можна павучыцца ў Кiтая: калi нехта хоча пабудаваць там завод па вытворчасцi персанальных камп’ютараў або сучаснага тэлекамунiкацыйнага абсталявання, то ён атрымае любыя льготы. Аднак калi размова iдзе аб стварэннi проста зборачнага завода, то вам могуць даць iльготы толькi на пэўны перыяд, аж да таго, што кiтайцы могуць дазволiць стварыць СП на 30 гадоў: за 30 гадоў што вы возьмеце, тое будзе ваша, а пасля вы сваю долю губляеце. Такая вось цiкавая форма. Але тут патрэбны цвярозы разлiк i прагматызм. Няма неабходнасцi ў кожным канкрэтным выпадку прымаць рашэнне, а трэба ўсе галiны разбiць на тыя, у якiх будуць стымулюючыя ўмовы для iншаземцаў — высокатэхналагiчныя галiны, галiны, дзе будуць роўныя ўмовы, i галiны, дзе будуць абмежавальныя ўмовы для iншаземцаў. — А што датычыцца зямлi? — У Беларусi, на першы погляд, зямлi хапае, але i тут трэба больш вывучаць вопыт той жа Расii. Уласнасць на зямлю, перадача яе аграфермам часам карысная справа, а часам гэта прыводзiць да вялiкай сацыяльнай напружанасцi. Я сам бачыў у Белгародскай вобласцi, дзе ўсiх сялян фактычна сагналi з зямлi, аддалi яе аграферме па вытворчасцi цукровых буракоў, што вырошчваюць агароднiну там з дапамогай iмпартнай тэхнiкi, а ўбiраюць яе гастарбайтэры з Малдовы. Гэта стварыла вялiкую сацыяльную напружанасць. Таму ўсё трэба рабiць з розумам. — А як вы адносiцеся да таго меркавання, што краiне трэба безагаворачна, на любых умовах уступаць у Сусветную гандлёвую арганiзацыю?.. — Я думаю, што так могуць гаварыць толькi рынкавыя рамантыкi... Хто ж нас так адразу прыме? Нас, на мой погляд, чакае яшчэ мiнiмум 2-3-гадовы раунд двухбаковых перагавораў з кожнай асобна ўзятай краiнай, што ўваходзяць у СГА. Гэта чыста тэхнiчна цяжкае пытанне, i ў адзiн дзень яно не можа быць вырашана. Аднак самае галоўнае — не на любых умовах уступiць у СГА, а аказацца, як Кiтай, падрыхтаванымi да працы ва ўмовах сусветнай гандлёвай арганiзацыi, i ператварыць уступленне ў СГА сабе на карысць, а не iншым. Такi вопыт трэба вывучаць i такiм чынам дзейнiчаць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Асаблiвасць 2006 года ў тым, што ён будзе задаваць тон цэлай пяцiгодцы: прыярытэтным на гэты перыяд будзе развiццё чалавечага патэнцыялу на аснове рос
|
|