Аляксандра МАРЫНIНА: «Гэта камплiмент, калi мае кнiгi чытаюць у транспарце»Рэдкi госць У рамках XIII Мiнскай Мiжнароднай кнiжнай выставы-кiрмашу «Кнiгi Беларусi-2006» адбылася сустрэча аўтара папулярных у Расii i за яе межамi дэтэктываў Аляксандры Марынiнай з прыхiльнiкамi. Дарэчы, здымкi серыяла «Каменская» па матывах кнiг Марынiнай адбывалiся менавiта ў беларускай сталiцы.ДАВЕДКА. Аляксандра Марынiна (Марына Анатольеўна Аляксеева). Нарадзiлася ў Львове ў сям’i работнiкаў МУС. Займалася навуковай працай у Акадэмii МУС СССР, адмiнiстрацыйнай працай у Маскоўскiм юрыдычным iнстытуце МУС Расii. У лютым 1998 года пайшла ў адстаўку ў званнi падпалкоўнiка мiлiцыi. Першая кнiга пад псеўданiмам А. Марынiна напiсана ў 1991-м — «Шасцiкрылы серафiм». Наогул створана каля 30 раманаў i аповесцяў (тыраж звыш 35 мiльёнаў экзэмпляраў). Мае 30 навуковых прац. — У вашай творчасцi дамiнуюць раманы. Гэта ваш любiмы жанр? Чаму вы напiсалi толькi адзiн палiтычны дэтэктыў? — У палiтыцы я не надта разбiраюся, не сачу за ёй, таму толькi адзiн палiтычны дэтэктыў «Не перашкаджайце кату». Як жанчыне, мне цiкавей пiсаць пра каханне, сям’ю. Мой самы любiмы жанр — сямейная сага, нягледзячы на тое, што з 32 маiх твораў сага толькi адна. Гэта была адзiная кнiга, завяршыўшы якую, я сказала: «З задавальненнем напiсала б яе яшчэ раз». — Як нараджаюцца вашы сюжэты? Цi ёсць у вас любiмае «дзiця»? — Iснуе два варыянты напiсання. Першы: з’яўляецца iдэя жыццёвага, а не крымiнальнага плана. Тады я яе абдумваю, каб зразумець, цi засталася iдэя цiкавай для мяне. Другi: ёсць нейкая дэталь, падзея, жыццёвая сiтуацыя. Зноў прыслухоўваюся да сябе: калi праз два тыднi перадумала напiсаць менавiта так, то губляю цiкавасць. Скажам, «Забойца мiжволi» нарадзiлася з вобраза генерала, якi з-за асаблiвасцi сваёй бiяграфii спецыфiчна разумеў абавязак бацькi i мужа, i ў вынiку стаў ахвярай гэтага няправiльнага разумення абавязку, загiнуў. Гэта быў адзiны выпадак, калi яшчэ да таго, як я напiсала першы выраз, ужо ведала апошнiя словы: Насця стаiць на пахаваннi i думае, што нiхто нiколi не будзе ведаць праўду. Я ўсю кнiгу падцягвала да гэтых слоў... Маё любiмае «дзiця» — раман «Той, хто ведае». — Цi здаралася, што вы ставiлi апошнюю кропку, i шкадавалi: навошта было забiваць нейкага героя, i «ажыўлялi» яго? — Не, нiколi не рабiла гэтага, хоць мне заўжды цяжка забiваць персанажаў. Я нiчога не перарабляю, назад не хаджу. Iмкнуся абысцiся без смерцi, калi разумею, што гэты чалавек яшчэ сыграе сваю ролю... — У вас узнiкала сiмпатыя да злачынцаў, якiх вы як аўтар зрабiлi не толькi адмоўнымi персанажамi, але i надзялiлi iх талентам? — Я дастаткова многа паездзiла па месцах пазбаўлення волi, размаўляла з асуджанымi i рана пазбавiлася тых iлюзiй, якiя нам навязвалiся лiтаратурнымi i кiнематаграфiчнымi стэрэатыпамi. Калi прыехала ў калонiю ўпершыню, мне было 23 гады. Тады здавалася, пабачу сапраўдных злачынцаў, якiя знешне адрознiваюцца ад звычайных людзей па гэты бок кратаў. Аднак была шакiравана: пабачыла тых жа людзей, што i звонку. Яны адрознiвалiся толькi вопраткай i голенымi галовамi, а так вучылiся ў аднолькавых з намi школах, стаялi ў тых жа чэргах за хлебам, потым з-за нейкiх сiтуацый жыццё зламалася... Нiякага кляйма на чалавеку няма: калi я ствараю асобу злачынцы, то не мае рознiцы, наколькi ён злодзей. Для мяне галоўнае, як ён ставiцца да сваiх родных, жанчын, сяброў, суседзяў, як ён выхоўваўся, рос. — Як вы прыдумалi вобраз Iгара Дарошына? — Захацелася святла, радасцi, iншага героя. З узростам мяне стала непакоiць праблема сталых людзей: наколькi яны адзiнокiя i безабаронныя ў свеце, бо равеснiкi знiкаюць, а вакол застаецца новае пакаленне ўнукаў, якiя i харчуюцца па-iншаму, i iншую музыку слухаюць, i апранаюцца iнакш, iх нельга зразумець. Я вырашыла, што ўчастковы Дарошын не будзе нагадваць Каменскую: Iгар незалежны ўнутры чалавек, якi любiць людзей, а не пазбягае iх, як Насця. Каменская — тыповы прадукт майго пакалення (яна маладзей мяне толькi на тры гады), якое заўжды чакае ўдару, а Iгар не выхоўваўся пры савецкай уладзе, ён сам сабе гаспадар. Яму абыякава, што аб iм думаюць родныя, начальнiкi. Усю сваю любоў i назiранне за ўласнымi кошкамi я ўклала ў пяць катоў Iгара. Дарэчы, у апошняй кнiзе, што выйдзе ў канцы лютага, Каменская i Дарошын знаёмяцца, каб Насця сутыкнулася з яркiм адчуваннем свабоды, перагледзела сваё стаўленне да працы i крышачку расправiла плечы. — Наколькi вы як аўтар удзельнiчалi ў здымках серыяла «Каменская»? — Першыя тры «Каменскiя» здымаў Юрый Мароз, з якiм я асабiста знаёмая, таму заўжды магла спытаць, як справы. Ён паказваў сцэнарый i выслухоўваў мае пажаданнi, тлумачыў, чаму не можа зрабiць так, як я прашу. А «Каменскую-4» здымаў iншы рэжысёр, якога я не ведала, таму мае спробы нешта высветлiць упiралiся ў сцяну. Нарэшце мне дазволiлi пабачыць матэрыял, i я была ў шоку: такога не пiсала. У вынiку папрасiла, каб маё iмя знялi з цiтраў, а кожны фiльм меў сваю арыгiнальную назву. I ўсё роўна прыходзiцца апраўдвацца перад людзьмi, што не я такiх акцёраў падабрала, не мой сюжэт. Дарэчы, мая мацi пасля паказу трэцяй «Каменскай» сказала: «Маня, там нешта са сцэнарыем не так. Памятаеш, як ты стаiш на кухнi i ...». Я доўга тлумачыла, што гэта актрыса Алена Якаўлева, якая iграе Насцю Каменскую, а не я. Мацi ўсё роўна асацыiруе Насцю i мяне. Праўда, некаторыя рэчы мне вельмi падабаюцца. Напрыклад, тое, якi атрымаўся ў фiльме Мiша Дацэнка: думкамi апладзiравала рэжысёру, калi пабачыла каларытнага вялiзнага, тоўстага героя. — Магчыма, ваша мацi не памылiлася, калi праецыравала Каменскую на вас? — Калi я прыдумвала сваю гераiню, разумела, што гэта будзе жанчына, бо майго жыццёвага вопыту на той момант не хапiла б, каб перадаць менталiтэт мужчыны. Дапамагло само жыццё: змянiлася кiраўнiцтва i пачалi закрываць навуковыя падраздзяленнi МУС, у тым лiку цэнтр, дзе працавала я. Паўтара года я прасядзела на рабоце, якая мне не падабалася, пакуль зноў вярнулася ў аналiтыку. Калi ж я стварала вобраз Насцi, узгадала той выпадак i ўзнiк чалавек, якi не падрыхтаваны фiзiчна да раскрыцця злачынстваў, але ўмее працаваць з фактамi. Каменскую я часткова надзялiла сваёй бiяграфiяй i некаторымi рысамi характару: мы скончылi юрфак унiверсiтэта, але яна вучылася ў фiзiка-матэматычнай школе, а я ў музычнай, з паглыбленым вывучэннем толькi адной англiйскай мовы (Насця ў веданнi моў мяне пераўзыходзiць). Я ўзяла шлюб рана, у 19 гадоў, а яна ў 35. Мы розныя знешне, але па фiзiялогii i менталiтэту супадаем. Мы абiбокi ва ўсiм, што датычыцца руху, працуем толькi розумам, калi сядзiм на адным месцы. — Iншыя вашы персанажы маюць сваiх прататыпаў? Цi не пужаюцца вашы знаёмыя, што вы з iх можаце спiсаць характар? — У маiх кнiгах няма герояў, створаных цалкам з аднаго рэальнага чалавека: у кагосьцi бяру знешнасць, у iншага — элементы бiяграфii, магчыма, звычкi, асаблiвасцi мовы, жыццёвы модуль, што дыктуе дзеяннi... Я сутыкнулася з тым, што людзi ў маiх кнiгах сябе не пазнаюць. Спачатку не разумела, чаму так адбываецца. Высветлiлася: калi чалавек робiць нейкiя рэчы пад уплывам сваёй сiтуацыi, а потым даведваецца аб гэтым жа ў рамане, дзеяннi герояў прачытваюцца iм iнакш, бо я намалявала сiтуацыю сваiмi вачамi, не ведаючы матываў таго чалавека. Вось ён i не iдэнтыфiкуе сябе з героем. Непрыемнасцяў з-за гэтага амаль не было. Толькi адзiн непрыемны момант быў: чалавек сябе не пазнаў, але ўсё ўцямiў яго намеснiк, якi, нiбы я, глядзiць на сiтуацыю збоку, i прынёс кнiгу з закладкамi начальнiку: «Паглядзi, што яна напiсала пра цябе!». Аднак усё скончылася добра: начальнiк быў разумны чалавек. — Вы дазваляеце камусьцi чытаць свае дэтэктывы да iх завяршэння? — Муж звычайна чытае, калi кнiга напiсана цалкам, але ёсць людзi, якiя дапамагаюць мне сваiмi парадамi яшчэ ў працэсе стварэння сюжэта. Напрыклад, я адсылаю пяцьдзесят старонак сяброўцы. Яна чытае. Потым я цiкаўлюся, што ёй зразумела. Калi прадказвае маю задуму, то пытаюся, у якiм месцы здагадалася i мяняю нешта, каб была iнтрыга... — Некаторыя чытачы адносяць жаночую лiтаратуру да другасортнай... — Мне часта задаюць пытанне, у асноўным мужчыны, цi не крыўдна, што мае кнiгi чытаюць у электрычках, аўтобусах. Я ў такiх выпадках здзiўляюся: для мяне гонар, калi так, бо гэта значыць, што чалавек пачаў чытаць дома, зацiкавiўся сюжэтам, а ранiцай ехаць на працу, вось i ўзяў дэтэктыў з сабой, каб хоць бы за 5—20 хвiлiн у транспарце прасачыць за працягам гiсторыi. Для мяне гэта — вялiкi камплiмент. — Падзялiцеся сваiмi творчымi планамi? — Праз тры тыднi выйдзе ў свет кнiга «Гарадскi тарыф», аб Насцi Каменскай i крышачку з Iгарам Дарошыным. А зараз працую над новым творам. Пэўна, сямейнай сагай. Там будзе расследаванне забойства, крымiнальная iнтрыга, але да яе прывядзе доўгая, гадоў на сорак, сямейная гiсторыя. Праўда я яшчэ не вырашыла, якой будзе структура. Запiсала Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рамках XIII Мiнскай Мiжнароднай кнiжнай выставы-кiрмашу «Кнiгi Беларусi-2006» адбылася сустрэча аўтара папулярных у Расii i за яе межамi дэтэктываў
|
|