Ад слова да слова
Калi б у кожнага з падпiсчыкаў «Звязды» спытаць: «Чаму вы выбралi менавiта гэту газету?», у адказ пачулася б многае...
I ўсё ж адна з прычын — гучала б найчасцей. Вам не трэба казаць, якая? Ну зразумела ж мова — беларуская, шматпакутная. ...Цябе i заворвалi, i закопвалi, I ўсё ж нашы продкi праз гора Данеслi да нас цябе родную, цёплую, Жывую i непаўторную. Данеслi, каб мы — МЕЛI яе, СВАЮ, адметную ад iншых, каб гаварылi на ёй, каб чыталi i пiсалi, каб слухалi i ўзбагачалi новымi словамi, каб любiлi i ганарылiся, каб перадалi нашчадкам, як самую каштоўную спадчыну, бо краiна з прыгожай назвай Беларусь гэта не толькi тэрыторыя «мiж Лiтвой i Украiнай», а найперш самабытная культура, «жаўруковая музыка» МОВЫ, якую трэба разумець i ведаць. ...Аб тым, каб на старонках «Звязды» з’явiўся невялiчкi тлумачальны слоўнiк, чытачы прасiлi даўно; не выконваць гэтыя просьбы нельга. Таму — да вашых паслуг — новая рубрыка. Сам выраз «ад слова да слова» азначае цалкам, ад пачатку да канца... Расказваць, чытаць... Мы бяромся тлумачыць новыя словы, добразабытыя старыя, замежныя... Галоўнае — не заўсёды зразумелыя Вам, нашым чытачам. Пiшыце! Векавуха — (разм.) старая дзеўка, незамужняя жанчына ў гадах. Гастарбайтэр (ням. Gastarbeiter) — iншаземны наёмны рабочы, як правiла, нiзкаквалiфiкаваны, якi не плацiць падаткаў i не мае адпаведнага дазволу на работу, таму згодны працаваць за невялiкую плату i жыць у складаных умовах. Жальнiкi (у беларускай мове вядомыя словы «жаль», «жальба», «жалоба») — могiльнiкi славян у старажытнасцi, земляныя насыпы, абкладзеныя камянямi. Жырандоль (фр. girandole) — 1) (уст.) вялiкi фiгурны падсвечнiк для некалькiх свечак; 2) фантан у некалькi струменяў. Iнтэрнiраванне (лац. internus) — затрыманне нейтральнай дзяржавай на сваёй тэрыторыi ўзброеных сiл дзяржаў, якiя знаходзяцца ў стане вайны, а таксама затрыманне ваюючай дзяржавай на сваёй тэрыторыi i пазбаўленне волi грамадзян варожай дзяржавы. Крэатыў (англ. сreative — творчы) — творчасць, арыгiнальнасць, мастацкасць (крэатыўная iдэя). Латэнтны (лац. latens, latentis) — скрыты, якi знешне не праяўляецца (латэнтны перыяд хваробы). Рэлаксацыя (у фiзiялогii) — расслабленне або рэзкае знiжэнне тонусу шкiлетнай мускулатуры аж да поўнай нерухомасцi (абезрухоўлiванне). Сiнгл (англ. single) — маленькая пласцiнка (45 абаротаў у мiнуту), якая змяшчае, як правiла, дзве песнi. Адрознiвайце: сiнгал (сiнгалец) — прадстаўнiк нацыi, якая складае асноўную частку насельнiцтва Рэспублiкi Шры-Ланка. Ягдташ (ням. Jagdtasche) — сумка паляўнiчага.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi б у кожнага з падпiсчыкаў «Звязды» спытаць: «Чаму вы выбралi менавiта гэту газету?», у адказ пачулася б многае... |
|