Вясковыя назiральнiкi камет
Аляксандр ПУКШАНСКI
Дзiвакi Шмат, аказваецца, на Вiцебшчыне i не толькi тут, захопленых людзей, хобi якiх — назiранне за начнымi нябёсамi ў тэлескоп. Нават спецыяльную астранамiчную асацыяцыю стварылi. У Прыдзвiнскiм краi ў сельскай мясцовасцi ёсць некалькi прыватных астранамiчных абсерваторый. У гарадах, як сведчаць аматары, нiколi сапраўднага астранамiчнага назiрання не будзе, бо i гарызонту не бачна, i «агнi цывiлiзацыi» — лiхтары, святло ў вокнах i г.д. — перашкаджаюць астраномам.Пра адну з такiх абсерваторый пад Оршай мне паведамiлi мясцовыя жыхары падчас нядаўняй камандзiроўкi. Сяргей Шурпакоў валодае ўласнай абсерваторыяй «TAURUS». Новую абсерваторыю пачаў будаваць вясной пазалеташняга года, а падмурак зрабiў яшчэ раней — восенню 2003 года. З-за снежнай зiмы аснова будучай «навуковай кропкi» трохi разбурылася, таму прыйшлося фундамент узмацняць. Амаль усё рабiў сам. Сцены абсерваторыi завяршыў у жнiўнi 2004-га. I вось ужо стаiць незвычайнае для вёскi збудаванне вышынёй больш як 3 метры i дыяметрам для купала — 5 метраў. Каб стварыць апошнi, навучыўся карыстацца зварачным апаратам. «Жалезкi» шукаў па сметнiках. Восенню 2004-га зварыў купал i «абварыў» яго тонкiм жалезам... Вясной—восенню мiнулага года ўстанавiў ролiкi, каб купал рухаўся. Цяпер з невялiкiмi цяжкасцямi купал коцiцца па крузе на 180 градусаў. Сяргей карыстаецца 410-мiлiметровым тэлескопам так званай сiстэмы Ньютана. З яго дапамогай ён праводзiць вiзуальны пошук камет i назiрае за небам. Мiж iншым, яго нясучая частка выраблена са звычайнай вентыляцыйнай трубы. Ёсць у прыватнага астранома i гадзiннiкавы механiзм для здымкi неба, фотакамера i апарат, якi працуе ў тэлевiзiйным рэжыме. «Каметчыку», дарэчы, пашанцавала знайсцi 150-мiлiметровую трубу Ньютана на звычайнай будаўнiчай пляцоўцы. Сяргей шчыра дзелiцца сваёй iнфармацыяй i вынiкамi назiранняў з чытачамi спецыяльных астранамiчных выданняў, а таксама з наведвальнiкамi ўласнага сайта. Яшчэ адзiн энтузiяст сочыць за зорнымi нябёсамi ў Вiцебскiм раёне, кiламетраў за 20 ад абласнога цэнтра. Назву вёсачцы, дзе ён пабудаваў уласнаю абсерваторыю, асаблiва не афiшуе. I гэта зразумела, бо нядобрых людзей шмат, якiя могуць нешта скрасцi цi папсаваць. Вiталь Неўскi захапiўся астраномiяй яшчэ ў школе, у юнацкiм узросце. I вось ужо гадоў 16 назiрае за каметамi i г.д. Па адукацыi ён iнжынер-тэхнолаг, але ж галоўным лiчыць самаадукацыю. З дапамогай бацькi Сяргея Якаўлевiча — чалавека вельмi паважанага сярод месцiчаў пабудаваў абсерваторыю. Сам распрацаваў тэлескоп, за ўласны кошт набыў усе неабходныя аптычныя прыборы. Дзiўна, але ж факт — у нябёсах на Вiцебшчыне ён назiраў нават паўночнае ззянне! Мiжнародную вядомасць сярод астраномаў малады аматар атрымаў напрыканцы 2002 года, калi здолеў «высветлiць нюансы» вельмi рэдкай астранамiчнай з’явы: пакрыццё зоркi 9-й велiчынi ў сузор’i Цяльца спадарожнiкам Сатурна — Тэфiяй. Справа ў тым, што, нягледзячы на тое, што гэтую з’яву маглi назiраць i ў Еўропе, i ў Расii, нават у Японii, пашанцавала толькi менш чым дзесяцi чалавекам. Наш зямляк пры гэтым абмяраў максiмальны памер спадарожнiка Тэфii i даказаў, што Тэфiя ў папярочнiку значна большая, чым вядома астраномам (па яго даных — 1085 кiламетраў, што на 25 кiламетраў больш за усiм вядомую велiчыню)... Прыватныя астраномы — людзi вельмi сцiплыя, i як я зразумеў, нiчога i нiколi нi ў каго не прасiлi. Што здзiвiла — гэта адносная маладосць шукальнiкаў камет, большасцi з iх няма i 40. А я думаў, што тыя, хто «падлiчвае зоркi» — такiя непрыкметныя дзядкi. Ды i менавiта такiх паказваюць у кiнафiльмах. А, аказваецца, такое незвычайнае захапленне не залежыць ад узросту. А паколькi ўсе прыватныя абсерваторыi знаходзяцца ў сельскай мясцовасцi, мясцовыя хлопцы i дзяўчынкi змогуць навучыцца ў энтузiястаў вывучаць нябёсы. А значыць назiральнiкаў камет у будучым стане яшчэ больш!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шмат, аказваецца, на Вiцебшчыне i не толькi тут, захопленых людзей, хобi якiх — назiранне за начнымi нябёсамi ў тэлескоп
|
|